У Гродне тэму абмеркавалі ўдзельнікі выязнога пасяджэння Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага кіравання і самакіравання пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі з удзелам Наталлі Качанавай.
Старшыня Савета Рэспублікі акрэсліла тэматыку выязнога пасяджэння як надзвычай актуальную. Захаванне гістарычнай памяці як асновы духоўнага і маральнага выхавання падрастаючага пакалення — гэта тое, што сёння хвалюе грамадства.
— Захаванне нашай гісторыі базіруецца, у першую чаргу, на праўдзе. Сіла — у праўдзе. Наша краіна мае глыбокія карані дзяржаўнасці. І гэта трэба данесці не толькі да нашага, але і сусветнага грамадства. Мы шмат увагі надаем гістарычнай праўдзе аб трагічных падзеях, якія адбываліся на нашай зямлі, і мы удзячныя тым, хто сёння займаецца гэтай працай. Сёння з’яўляюцца новыя факты генацыду беларускага народа, якія адбываліся на нашай зямлі. Таму мы павінны зрабіць усё, каб захаваць гэту памяць, данесці яе да тых, хто ідзе за намі, — зазначыла Наталля Качанава.
Аб тым, якая работа вядзецца ў Гродне для захавання духоўных і культурных традыцый, удзельнікі пасяджэння даведаліся пры наведванні некаторых аб’ектаў. Адным з іх стала гімназія № 10, якой летась прысвоена імя Мітрапаліта Філарэта. Працягам духоўных традыцый стала стварэнне тут рэсурснага цэнтра «Беларусь. Лёс. Айчына». Дырэктар гімназіі Алена Зінчук бачыць галоўнай мэтай сваёй установы развіццё духоўнасці і патрыятызму маладога пакалення. Гэтаму спрые і шэраг праектаў, які рэалізуюцца у гімназіі, у першую чаргу, медыяцэнтр, які стаў платформай для адукацыйных і духоўных сайтаў.
Спікер верхняй палаты парламента высока ацаніла дзейнасць патрыятычнага клуба і запрасіла яго ўдзельнікаў наведаць Савет Рэспублікі. У якасці падарунка гімназіі быў уручаны сертыфікат на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы.
Таксама ўдзельнікі пасяджэння наведалі Цэнтр рамёстваў «Спадчына» Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры. Аб захаванні народных традыцый сведчаць выставачныя экспазіцыі. Парламентарыі змаглі пазнаёміцца з традыцыйнымі народнымі промысламі, многія з якіх уваходзяць у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Для ўдзельнікаў пасяджэння быў арганізаваны майстар клас па пляценню гродзенскай вярбы, стварэнні выцінанкі, фарбаванні сапоцкінскіх пасхальных пісанак. Многіх уразіла жаночае адзенне, аздобленае саламянымі ўзорамі. Тонкая работа выклікала шмат эмоцый, у тым ліку, з боку Наталлі Качанавай. На думку старшыні Савета Рэспублікі, такія унікальныя традыцыі варта прадстаўляць як мага шырэй, у тым ліку, на значных рэспубліканскіх і міжнародных форумах. Наогул, як мага больш прапагандзіраваць культурныя здабыткі.
—Трэба больш звяртаць увагі на нашы гістарычныя карані, нашу духоўнасць, каб у моладзі быў гонар за нашу краіну. А нам ёсць чым ганарыцца, — падкрэсліла Наталля Качанава падчас пасяджэння Савета.
На яе думку, вучні павінны ведаць гісторыю не толькі па падручніках. Варта арганізоўваць паездкі па знакавых месцах Беларусі, дзе захаваліся гістарычныя аб’екты, месцы, якія звязаны з важнымі гістарычнымі падзеямі. Такая работа павінна насіць сістэмны характар. Таксама спікер верхняй палаты станоўча ацаніла ўвядзенне новага прадмета для старшакласнікаў «Гісторыя Беларусі ў кантэксце Сусветнай гісторыі», якая ініцыіравана Міністэрствам адукацыі. А для 1-4 класаў падрыхтаваны падручнік «Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны», які з’явіцца ў школах у кастрычніку гэтага года. «Педагогі павінны выконваць яшчэ і выхаваўчую функцыю, — лічыць Наталля Качанава, — каб чалавек быў не толькі адукаваным, але і патрыётам сваёй краіны».
Больш падрабязна аб рабоце выязнога пасяджэння Савета — у наступным выпуску «Мясцовага самакіравання».
Маргарыта УШКЕВІЧ
Фота: БелТА
Лета 2023-га ўстанавіла рэкорд за апошнія дзесяць гадоў па актыўнасці рынку нерухомасці.
У барацьбе са снегам былі задзейнічаны больш за 350 чалавек і 110 адзінак тэхнікі.