• Намеснік Старшыні Савета Рэспублікі, Нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэт устойлівага развіцця Валерый Бельскі і старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Рачкоў прынялі ўдзел у Саміце па Мэтах устойлівага развіцця, які адбыўся ў Нью-Ёрку. На палях Саміта беларускія парламентарыі правялі шэраг сустрэч. У прыватнасці, падчас сустрэчы з памочнікам Генеральнага сакратара ААН па каардынацыі развіцця Оскарам Фернандэсам-Таранко былі абмеркаваны пытанні эскалацыі напружанасці ў рэгіёне Усходняй Еўропы і пагрозы Рэспубліцы Беларусь у сувязі з падтрымкай Польшчай і Літвой тэрарыстычных арганізацый. Сенатары прадставілі факты незаконнай дзейнасці, якая падтрымліваецца дзяржаўнымі структурамі недружалюбных краін. Была засяроджана ўвага на неабходнасці міжнароднай ацэнкі і супрацьдзеяння такім тэндэнцыям. Беларуская парламенцкая дэлегацыя праінфармавала аб разбуральным характары палітычных і эканамічных санкцый у дачыненні да нашай краіны. Па словах Валерыя Бельскага, спыненне дзеяння дагавораў аб прававой дапамозе негатыўна адбіваецца не толькі на забеспячэнні бяспекі, але і на пытаннях супрацьстаяння адмыванню сродкаў, атрыманых незаконнымі спосабамі, у тым ліку шляхам махлярства з выкарыстаннем камп'ютарных тэхналогій, а таксама дзейнасці трансгранічных наркатычных карцеляў.
• Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Таццяна Рунец правяла асабісты прыём грамадзян. Парламентарый разгледзела звароты па пытаннях дзеючай сістэмы рэгулявання цэн, паляпшэння жыллёвых умоў для шматдзетных сямей, сацыяльнай падтрымкі маці, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, і шэраг іншых.
• Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Сяргей Сівец у рамках адзінага дня інфармавання сустрэўся са студэнтамі і выкладчыкамі Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Асноўная тэма сустрэчы — «Адзінства беларускага народа — асноўны фактар захавання і ўмацавання суверэнітэту і незалежнасці краіны». Парламентарый падрабязна расказаў пра гісторыю дзяржаўнага свята 17 верасня — Дня народнага адзінства. Сенатар падкрэсліў важнасць адзінства нацыі ў сучасных умовах, асабліва ў кантэксце выклікаў і пагроз, якія стаяць перад краінай, і выказаў упэўненасць у тым, што дзякуючы сумесным намаганням усіх слаёў насельніцтва Беларусь зможа паспяхова супрацьстаяць знешнім і ўнутраным выклікам, захоўваючы сваю незалежнасць і суверэнітэт. «Мінулае дало беларусам нямала суровых урокаў, — заўважыў Сяргей Сівец. — Галоўны вынік пражытага і перажытага намі ў тым, што незалежную Рэспубліку Беларусь мы будуем разам, у народным адзінстве».
• Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Ірына Старавойтава прыняла ўдзел у сустрэчы з удзельнікамі Форуму беларускіх і кубінскіх рэктараў — дэпутатамі Нацыянальнай асамблеі народнай улады Рэспублікі Куба. На форуме, які адбыўся ў межах візіту ў Беларусь дэлегацыі Міністэрства вышэйшай адукацыі Рэспублікі Куба на чале з намеснікам міністра вышэйшай адукацыі Кубы Рэйнальда Веласкесам Зальдзіварам, выступілі рэктары вядучых універсітэтаў Беларусі і Кубы. Яны расказалі аб магчымых напрамках двухбаковага супрацоўніцтва ў навуцы, адукацыі і маладзёжнай палітыцы. Па выніках мерапрыемства было падпісана больш чым дзясятак дагавораў двухбаковага супрацоўніцтва паміж універсітэтамі. У ходзе сустрэчы беларускіх парламентарыяў з кубінскімі дэпутатамі абмеркаваны пытанні пашырэння беларуска-кубінскага міжпарламенцкага ўзаемадзеяння і развіцця двухбаковага супрацоўніцтва ў сферы адукацыі. Ірына Старавойтава выказала ўпэўненасць у тым, што праведзеныя ў ходзе візіту сустрэчы, І Форум беларускіх і кубінскіх рэктараў і важкі пакет падпісаных пагадненняў унясуць істотны ўклад у развіццё сумесных форм супрацоўніцтва, абмен перадавым вопытам у сферы адукацыі.
Вераніка КАНЮТА
Прэв’ю: БелТА
Лета 2023-га ўстанавіла рэкорд за апошнія дзесяць гадоў па актыўнасці рынку нерухомасці.
У барацьбе са снегам былі задзейнічаны больш за 350 чалавек і 110 адзінак тэхнікі.