Вы тут

Турызм, АПК, развіццё тэрыторый...


Сустрэча насіла фармат з'езда і праводзілася другі раз. Першы з'езд адбыўся летась у гарадку Вача Ніжагародскай вобласці, гэтым разам гасцей прымала Зэльва. За некалькі дзён прадстаўнікі расійскай дэлегацыі праехалі па некалькіх маршрутах, пабывалі на прадпрыемствах, у навучальных, культурных установах. Вынікам з'езда стала падпісанне шасці пагадненняў аб далейшым супрацоўніцтве паміж раёнамі Гродзенскай і Ніжагародскай абласцей.


Падобны форум праходзіць у нашай краіне ўпершыню. З беларускага боку яго арганізатарам выступіў партнёрскі альянс раёнаў Гродзенскай вобласці па ўстойлівым развіцці. Створаны ён усяго два гады таму для супрацоўніцтва з Расіяй, у прыватнасці Ніжагародскай вобласцю, якая ўяўляе для гродзенцаў шырокі інтарэс.

Як было заяўлена падчас форуму, развіццё малых гарадоў — стратэгічная задача, якой удзяляецца асаблівая ўвага як у Беларусі, так і Расіі. У кожнага боку — свае ўнікальныя напрацоўкі, якімі можна абменьвацца. Менавіта на гэта і скіраваны такія з'езды. А сустрэчы дазваляюць знаходзіць шмат новых кантактаў для далейшага ўзаемадзеяння.

Старт, узяты ў мінулым годзе на расійскай зямлі, аказаўся даволі ўдалы. Адразу была выпрацавана праграма асноўных кірункаў сумеснай дзейнасці, наладжаны кантакт з суб'ектамі гаспадарання. Практыка паказала перспектыўнасць альянсу малых гарадоў Гродзеншчыны і расійскага рэгіёна. Таму новая сустрэча на беларускай зямлі значна пашырыла рамкі ўзаемадзеяння. Бакі засяродзілі ўвагу на чатырох тэмах: гэта работа з моладдзю, развіццё АПК, турызм і дзейнасць органаў мясцовага самакіравання.

Кожны трэці трактар — беларускі

Па словах першага намесніка старшыні Заканадаўчага сходу Ніжагародскай вобласці Вольгі Шчацінінай, сёння важна ўдзяляць увагу патрыятычнаму выхаванню дзяцей і моладзі. Госці сустракаліся з беларускімі вучнямі, студэнтамі, маладымі спецыялістамі. Яны бачылі, як беларуская моладзь ставіцца да развіцця сваёй малой радзімы, паважае яе традыцыі.

— Мы бачым цікавы вопыт двухпалатнага маладзёжнага парламента. Ён новы для нас, і мы будзем яго пераймаць, у сваю чаргу, беларускіх парламентарыяў зацікавіў вопыт надання маладзёжнаму парламенту Ніжагародскай вобласці права заканадаўчай ініцыятывы, — расказала Вольга Шчацініна.

Стратэгічным кірункам можа стаць супрацоўніцтва ў сферы АПК. У прыватнасці, будаўніцтва малочнатаварных комплексаў, кормавытворчасць, а таксама племянная і селекцыйная работа.

— Нас заўсёды прыцягваў вопыт работы беларускіх аграрыяў. І тут ёсць чаму павучыцца, — зазначыла Вольга Шчацініна. — На будучыню мы вызначылі супрацоўніцтва па ўкараненні ў нас селекцыйных дасягненняў Беларусі, у тым ліку вырошчвання пладова-ягадных культур. Таксама абмеркавалі стварэнне ў расійскім рэгіёне цэнтраў па капітальным рамонце сельгастэхнікі. Кожны трэці трактар, які працуе на тэрыторыі Ніжагародскай вобласці, — гэта трактар беларускай вытворчасці. Нам цікава пашыраць супрацоўніцтва і з будаўнічымі кампаніямі Гродзенскай вобласці, сумесна будаваць сацыяльныя аб'екты, абменьвацца вопытам паміж прадпрыемствамі харчовай і перапрацоўчай галіны.

Ад хахламы да пустых будынкаў

Што датычыцца культурнай сферы, ёсць намер у будучыні правесці фестываль тэатраў малых гарадоў з выдзяленнем расійскага гранта. Не застанецца па-за ўвагай і рамесніцкая дзейнасць. Па словах гасцей, Ніжагародская вобласць — сталіца народных промыслаў Расійскай Федэрацыі: тут і хахлама, і казлоўская філігрань. На Гродзеншчыне брэндам стала саломапляценне, кераміка. Гэта дадатковы стымул для развіцця рэгіёнаў.

Расіяне зацікавіліся санаторна-курортным турызмам на Гродзеншчыне, а таксама падзяліліся сваім вопытам турыстычнай дзейнасці, якая можа стаць цікавай для беларусаў.

Расійскія парламентарыі звярнулі ўвагу і на работу мясцовай улады з безгаспадарчымі, пустымі дамамі. Па словах гасцей, у гродзенцаў добраўпарадкаваны тэрыторыі. У сувязі з гэтым яны выказалі інтарэс да нарматыўных актаў, якія дазваляюць дабівацца такога парадку населеных пунктаў.

У гэтым плане даволі паказальным з'яўляецца Зэльва. Невялікі гарадскі пасёлак можна назваць прыкладам таго, як можна захоўваць традыцыі і не забываць аб перспектывах развіцця. У раёне праводзяцца розныя мерапрыемствы па добраўпарадкаванні тэрыторыі. Да рэалізацыі ініцыятыў падключаюцца і жыхары раёна.

— У нас істотны вопыт удзелу ў рознай праектнай дзейнасці, — расказаў старшыня Сынкавіцкага сельвыканкама Зэльвенскага раёна Пётр Талай. — Напрыклад, у рамках праграмы ЕС ПРААН была рэалізавана мясцовая ініцыятыва па паляпшэнні інфраструктуры ў Сынкавічах, што садзейнічала турыстычнай прывабнасці вёскі, знакамітасць якой стварае старажытны храм — крэпасць ХV стагоддзя.

Таксама ў Зэльвенскім раёне падтрымліваюць і ініцыіруюць стварэнне невялікіх прадпрыемстваў, якія дазваляюць забяспечыць насельніцтва працоўнымі месцамі, ствараюць умовы для работы моладзі на сваёй зямлі. Галоўная задача малых населеных пунктаў — развівацца такім чынам, каб захаваць і ўзровень насельніцтва, і вытворчасць. І тут важным стымулам якраз і павінна стаць узаемнае супрацоўніцтва з расійскім рэгіёнам. Дарэчы, у Зэльвенскім раёне работа ў гэтым кірунку вядзецца даволі актыўна. На з'ездзе было заключана пагадненне з ніжагародскім гарадком Вача. Па словах старшыні Зэльвенскага райвыканкама Дзяніса Альшэўскага, чакаецца супрацоўніцтва ў розных кірунках.

— Мы крыху ацанілі патэнцыял нашых будучых партнёраў. Гэта таксама раён невялікі, асаблівай прамысловасці няма, будзем напрацоўваць сувязі, магчыма, у сельскай гаспадарцы, перапрацоўцы. Таксама ў нас падпісаны дагаворы з Зеленаградскам Калінінградскай вобласці, горадам Ельскам, што на Браншчыне. Але з Ніжагародскай вобласцю супрацоўніцтва ідзе больш актыўна. Магчыма, таму, што ў Беларусі ёсць прадстаўніцтва расійскага рэгіёна, — акцэнтаваў сваю думку кіраўнік Зэльвенскага раёна.

Трэба сінхранізаваць заканадаўства

Па словах старшыні Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алены Пасюты, гродзенцаў парадаваў інтарэс расіян да мясцовых прадпрыемстваў, у тым ліку да рэзідэнтаў СЭЗ «Гроднаінвест». Падпісанне пагадненняў павінна садзейнаць эканамічнаму вектару развіцця прамысловасці, перапрацоўкі. З прыцэлам на перспектыву адбылося наведванне прадпрыемства «Малочны Свет» у Гродне, «Праймілк» у Шчучыне, Слонімскага мясакамбіната.

Каб працаваць плённа, трэба мець яшчэ і сумесна напрацаваную заканадаўчую базу. Ці ўсе нарматывы ў гэтым сэнсе адпавядаюць міжнароднаму ўзаемадзеянню паміж двума рэгіёнамі? Як зазначыў старшыня Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў, старшыня Савета партнёрскага альянсу раёнаў Валянцін Семяняка, пры наладжванні кантактаў узнікаюць некаторыя недакладнасці ў заканадаўствах абодвух бакоў. У такім выпадку ўзнікае патрэба ў сінхранізацыі гэтых нарматыўных актаў альбо на ўзроўні парламента, альбо Савета Міністраў. Некаторыя аспекты прапісаны і ў новым Законе аб мясцовым самакіраванні.

— У гэтым і ёсць задача нашага каардынацыйнага савета — вызначаць вузкія месцы і ініцыіраваць іх рашэнне, — падкрэсліў парламентарый. — Акрамя гэтага, ёсць неабходнасць на заканадаўчым узроўні ўзаконіць парадак і архітэктуру такіх сувязяў, бо практыку маем, а заканадаўчага афармлення няма. Першая спроба была зроблена парламентам у чэрвені гэтага года, калі ў законе аб мясцовым самакіраванні мы прапісалі, што міжнароднае супрацоўніцтва ўваходзіць у кампетэнцыю Саветаў — абласнога і базавага ўзроўняў. Раней было прапісана, што мясцовыя органы могуць займацца гэтай дзейнасцю, а механізму нарматыўнага не было. Мы стварылі прававую аснову для гэтай дзейнасці, але трэба ісці далей. Трэба ўзаконьваць тую архітэктуру, якая склалася: форум рэгіёнаў, пагадненні, прамыя кантакты — усё гэта павінна атрымаць заканадаўчае афармленне.

У цэлым супрацоўніцтву Ніжагародскай вобласці з Беларуссю не адзін дзясятак гадоў. За пяць гадоў падвоіўся тавараабарот. Разам з тым патэнцыял вялікі. Асабліва на ўзроўні муніцыпалітэтаў, раёнаў, асобных прадпрыемстваў і арганізацый.

Мяркуецца, што наступны
ІІІ з'езд малых гарадоў Гродзенскай і Ніжагародскай абласцей пройдзе ў 2024 годзе ў расійскім Сямёнаўску. А потым зноў сустрэча на гродзенскай зямлі.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Жыллё

У сталіцы любяць аднапакаёўкі. А Брэст, Гомель і Гродна аддаюць перавагу двухпакаёваму жыллю

У сталіцы любяць аднапакаёўкі. А Брэст, Гомель і Гродна аддаюць перавагу двухпакаёваму жыллю

Лета 2023-га ўстанавіла рэкорд за апошнія дзесяць гадоў па актыўнасці рынку нерухомасці.

Рэгіёны

Як жыхары і службы Віцебска змагаюцца са снежнай стыхіяй

Як жыхары і службы Віцебска змагаюцца са снежнай стыхіяй

У барацьбе са снегам былі задзейнічаны больш за 350 чалавек і 110 адзінак тэхнікі.