Вы тут

Беларусы Ілья Салаўёў і Ягор Шаранговіч прынеслі «Калгары» перамогу ў перадсезонным матчы НХЛ


Беларускія гульцы «Калгары Флэймз» Ілья Салаўёў і Ягор Шаранговіч дапамаглі сваёй камандзе атрымаць перамогу ў перадсезонным матчы нацыянальнай хакейнай лігі, паведамляе БелТА.


Ранняй раніцай аўторка па мінскім часе адбыўся паядынак «Калгары» і «Сіэтла». Беларускі абаронца «агеньчыкаў» Ілья Салаўёў паўдзельнічаў у першай жа галявой атацы сваёй каманды, аддаўшы дзейсную перадачу, а затым і закінуў сам. Першай зоркай сустрэчы быў прызнаны нападаючы Ягор Шаранговіч, які выйшаў на матч у статусе асістэнта капітана «Флэймз» і стаў аўтарам пераможнага кідка ў серыі булітаў.

Паядынак скончыўся з лікам 3:2 на карысць «Калгары». Ілья Салаўёў правёў на лёдзе 20 з паловай хвілін, нанёс шэсць кідкоў па варотах, ужыў тры сілавыя прыёмы і скончыў матч з паказчыкам карыснасці «+1». Ягор Шаранговіч адыграў на пляцоўцы практычна 20 хвілін, аднойчы перахапіў шайбу і таксама зарабіў «+1» у графу карыснасці.

Рэгулярны чэмпіянат Нацыянальнай хакейнай лігі стартуе 11 кастрычніка.

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі