Вы тут

Рэктар БДУ Андрэй Кароль лічыць важным навык рэагавання на нестандартныя сітуацыі


Жыццё — гэта антышаблон, пастаянны экзамен рознай значнасці. Такую думку агучыў рэктар БДУ Андрэй Кароль падчас размовы са студэнтамі хімфака. Двухгадзінная сустрэча прайшла з удзелам першакурснікаў, актыву і кіраўніцтва факультэта, прарэктара па выхаваўчай рабоце і сацыяльных пытаннях БДУ Ганны Бакун.


Мерапрыемства адкрыла новы сезон сустрэч рэктара з універсітэцкай моладдзю. Яго візіт у пачатку навучальнага года на хімфак дэкан факультэта Аляксандр Зураеў назваў сімвалічным. Ён лічыць вельмі важным той факт, што першакурнсікі змаглі атрымаць адказы на хвалюючыя і актуальныя пытанні сучаснасці так бы мовіць з першых рук, адчуць карпаратыўнасць, бліжэй пазнаёміцца з традыцыямі БДУ і зняць унутраныя бар’еры ў зносінах з адміністрацыяй факультэта і ВНУ.

Дыскусійны фармат мерапрыемства дазволіў моладзі задаваць самыя розныя пытанні. Так, напрыклад, студэнтаў цікавіў сучасны грамадска-палітычны парадак дня, маючая адбыцца выбарчая кампанія, уплыў лічбавых тэхналогій і інфармацыі на грамадства. Рэктар падкрэсліў, што сёння для развіцця ўніверсітэта і краіны вельмі важная ўцягнутасць і неабыякавасць моладзі, яе актыўная пазіцыя ва ўсіх дзяржаўных рашэннях і кампаніях.

Як адзначыў другакурснік Яраслаў Ланько, танальнасць гутаркі задаў сам рэктар: «Намер падзяліцца сваім поглядам, растлумачыць некаторыя незразумелыя нам, маладым, кіраўніцкія працэсы, праінфармаваць нас адразу знізіў градус хвалявання. Каштоўнымі сталі светапоглядныя ўстаноўкі рэктара. Многае тлумачылася нам праз запамінальныя параўнанні. Напрыклад, пра ролю студэнцкага самакіравання ва ўніверсітэце рэктар расказаў на прыкладзе функцыянавання „жывой клеткі“ ў арганізме чалавека. Асабіста мяне вельмі здзівіў Андрэй Кароль сваімі біялагічнымі ведамі».

Закранаючы тэму ролі ведаў у жыцці чалавека, рэктар адзначыў важнасць унутранага патэнцыялу чалавека: «Нельга спыняцца ў сваім развіцці, паколькі гэта цягне ў далейшым вялікія рызыкі згубіцца ў гэтым свеце і трапіць пад уплыў сучасных інфармацыйных тэхналогій». Па яго перакананні, галоўнай задачай любой вучэбнай дысцыпліны з’яўляецца фарміраванне ў студэнта навыку рэагавання на нестандартныя сітуацыі, бо ўсё наша жыццё — нестандартнае. Рэктар расказаў таксама аб значнасці інавацыйных адукацыйных методык для якаснага навучання і іх уплыву на развіццё асобы, аб карысці і наступствах інфармацыйных тэхналогій, падзяліўся сваім бачаннем неабходных якасцей для лідара і кіраўніка.

Цікавіла студэнтаў і матэрыяльна-тэхнічнае развіццё ВНУ, у прыватнасці, фонду хімічнага факультэта. Андрэй Кароль патлумачыў, што БДУ — мегакарпарацыя, тэхнічнае абнаўленне якой мае сваё планаванне і сістэмнасць. Ён нагадаў пра маштабныя рамонты ва ўніверсітэце за апошнія пяць гадоў і падзяліўся планамі на будучыню. Так, у планах на сёлетні навучальны год — будаўніцтва лабараторнага корпуса біялагічнага факультэта і аздараўленчага комплексу на вуліцы Курчатава, пачатак будаўніцтва трэцяй і чацвёртай чэргаў Галоўнага корпуса.

Завяршылася сустрэча бліц-апытаннем. Андрэй Кароль адказаў маладым людзям, якія прыйшлі на сустрэчу з ім, якім ён бачыць свой ідэальны выхадны дзень, з якім настроем прыходзіць на працу і як развіць харызму.

Як было анансавана раней, сустрэчы рэктара са студэнтамі працягнуцца на іншых факультэтах у бліжэйшы час.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота прэс-службы БДУ

Выбар рэдакцыі

Жыллё

У сталіцы любяць аднапакаёўкі. А Брэст, Гомель і Гродна аддаюць перавагу двухпакаёваму жыллю

У сталіцы любяць аднапакаёўкі. А Брэст, Гомель і Гродна аддаюць перавагу двухпакаёваму жыллю

Лета 2023-га ўстанавіла рэкорд за апошнія дзесяць гадоў па актыўнасці рынку нерухомасці.

Рэгіёны

Як жыхары і службы Віцебска змагаюцца са снежнай стыхіяй

Як жыхары і службы Віцебска змагаюцца са снежнай стыхіяй

У барацьбе са снегам былі задзейнічаны больш за 350 чалавек і 110 адзінак тэхнікі.