Абласны цэнтр задавальняе попыт на заняткі спортам. Нядаўна тут упершыню ўстаноўлены тры варкаўтныя пляцоўкі ў сярэдніх школах, а былы футбольны стадыён прамысловага прадпрыемства поўнасцю абнавіўся. Усё гэта прызвана задаволіць запыт займацца спортам як дзяцей, так і дарослых.
У СШ № 5 ідзе ўстаноўка абсталявання для варкаўту. За працэсам сочыць дырэктар школы Таццяна Дрозд, якая не хавае сваёй радасці з нагоды з'яўлення новага спартыўнага аб'екта. Яно і зразумела. Школа — адна з найстарэйшых у горадзе: сёлета ёй споўнілася 65 гадоў, як і спартыўнаму стадыёну. Нядаўна ўся ўстанова была адноўлена, але вулічных трэнажораў тут не было. Між тым, школа папаўняецца. Дырэктар згадвае, што, калі яна прыйшла сюды шэсць гадоў таму, тут быў толькі адзін першы клас, сёлета ўжо тры. Прырост за гэты перыяд склаў больш за 200 чалавек, і цяпер тут вучыцца 550 школьнікаў.
— Наш мікрараён амалоджваецца, хоць і знаходзіцца ў старой частцы горада, далучаюцца новыя кварталы, неабходнасць такой пляцоўкі была відавочная, мы доўга чакалі падобны аб'ект, бо ён робіць нашу школу больш сучаснай, — упэўненая Таццяна Дрозд.
Пакуль варкаўты ўстаноўлены ў трох школах, паведаміў начальнік аддзела адукацыі Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Сяманчык. Ён адзначыў, што СШ № 5 выбралі невыпадкова. Тут нядаўна зроблены рамонт школьнага стадыёна, абноўлена футбольнае поле, яго засеялі спартыўнай травой, бегавыя дарожкі прыведзены ў належны стан, валейбольная і баскетбольная пляцоўкі таксама адпавядаюць нормам. Наогул спальныя мікрараёны пакуль не маюць адпаведных спартыўных пляцовак, куды змогуць прыходзіць і мясцовыя жыхары.
— Сёлета паступіла прапанова ад Прэзідэнцкага спартыўнага клуба аб устаноўцы вулічных варкаўтных пляцовак у Гродне. І мы сумесна з аддзелам спорту і турызму Гродзенскага гарвыканкама выйшлі з такой прапановай да гарадскіх уладаў, каб такія пляцоўкі зрабіць ва ўстановах адукацыі. За лета былі падрыхтаваны ўсе неабходныя тэхнічныя даныя, пакладзена зялёнае штучнае пакрыццё для таго, каб мінімізаваць траўмы і наогул для эстэтыкі і зручнасці заняткаў. Гэтая паслуга для жыхароў мікрараёна бясплатная, трэнажоры ў свабодным доступе да 10 гадзін вечара, тут разам са школьнікамі могуць займацца і дарослыя. — заўважыў Андрэй Сяманчык.
Такія вулічныя спартыўныя пляцоўкі з'яўляюцца першымі ў горадзе, хоць упраўленне капітальнага будаўніцтва горада ўжо займаецца ўстаноўкай «варкаўтаў» у новых мікрараёнах. Аднак школьныя пляцоўкі маюць адрозненне — яны сертыфікаваныя, шматфункцыянальныя, антывандальныя. У цэлым на стадыёне можна займацца як сілавымі трэніроўкамі, так і гуляць у вулічны баскетбол, валейбол, у тым ліку пляжны. Аб'ект будзе працаваць увесь дзень, выкарыстоўвацца для актыўнага сямейнага адпачынку. Плануецца, што супрацоўніцтва з Прэзідэнцкім спартыўным клубам працягнецца і налета. Гэта значыць, кола аматараў варкаўту пашырыцца.
Яшчэ адным значным аб'ектам стаў абноўлены футбольны стадыён. Раней ён належаў аднаму з будаўнічых прадпрыемстваў горада, а некалькі гадоў таму быў перададзены гродзенскаму футбольнаму клубу «Нёман». Перад вачыма паўстаў аб'ект, што называецца, як на карцінцы.
— Вы не бычылі, што тут было раней, — заўважыў начальнік аддзела спорту і турызму Гродзенскага гарвыканкама Сяргей Кулакоў. — Цяпер мы бачым сучасны стадыён з футбольным пакрыццём, які будзе выкарыстоўвацца для патрэб футбалістаў спартыўных школ, а таксама жыхароў найбліжэйшых мікрараёнаў. Стадыён з самым сучасным абсталяваннем, газонам, вельмі прыгожы. З пакрыццём дапамагла Беларуская федэрацыя футбола, усе работы выкананыя за кошт сродкаў футбольнага клуба «Неман» пры падтрымцы абласнога і гарадскога бюджэтаў.
Рэканструкцыя працягвалася больш за год. Сёння ступень гатоўнасці — амаль 90 працэнтаў. Засталося завяршыць асобныя работы. Напрыклад, абсталяваць відэакантроль і давесці да ладу адміністрацыйны будынак, дзе размешчаныя раздзявальні і душавыя, а таксама будзе захоўвацца спартыўны інвентар.
Само поле гатовае да прыёму спартсменаў і аматараў спорту. Тут можна праводзіць як трэніроўкі, так і матчы — для гэтага створаны ўсе ўмовы. Поле таксама можна здаваць у арэнду для правядзення спартыўных гульняў. Такі фармат, па словах спецыяліста, карыстаецца попытам у насельніцтва.
Сяргей Кулакоў адзначыў, што дзіцячая спартыўная школа ФК «Нёман» актыўна стварае філіялы футбольнай школы ў мікрараёнах горада. Яны будуць знаходзіцца ў крокавай даступнасці для вучняў школ, жыхароў мікрараёна. Месца таксама выбрана невыпадкова — стадыён знаходзіцца паблізу жылога мікрараёна побач з агульаадукацыйнай школай. Гэта, у сваю чаргу, дазволіць адабраць таленавітых дзяцей у спартыўныя клубы і будзе садзейнічаць удасканаленню іх спартыўных дасягненняў.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Фота аўтара
Лета 2023-га ўстанавіла рэкорд за апошнія дзесяць гадоў па актыўнасці рынку нерухомасці.
У барацьбе са снегам былі задзейнічаны больш за 350 чалавек і 110 адзінак тэхнікі.