16 верасня ў Гаранях (Мінскі раён) адбыўся II Рэспубліканскі турыстычны злёт Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, які сабраў каля пяці тысяч супрацоўнікаў і членаў іх сем’яў з усіх рэгіёнаў краіны.
Мерапрыемства пачалося з 78-кіламетровага велапрабегу з удзелам кіраўніцтва міністэрства, які завяршыўся ў Цэнтры падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў МУС.
На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця міністр унутраных спраў Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнант міліцыі Іван Кубракоў адзначыў: «Рады вітаць усіх на рэспубліканскім турыстычным злёце МУС, які ўжо стаў традыцыйным. Здаровы лад жыцця — адзін з нашых прыярытэтаў. Акрамя таго, спорт — гэта згуртаванасць, а нам без яе ніяк нельга. Мы не раз паказалі, што з’яднаныя ва ўсім — і ў працы, і на спартыўных пляцоўках. Што б не адбывалася, мы застаемся адной камандай, якая выконвае пастаўленыя задачы».
Удзельнікі спаборніцтваў змагаліся ў перацягванні каната, пляжным валейболе, пераадоленні паласы перашкод «Bison Race».
У перацягванні каната перамагла каманда Гродзеншыны, другое месца ў каманды ўнутраных войскаў, каманда ГУУС Мінгарвыканкама — на трэцім месцы.
У пляжным валейболе лепшай была каманда Дэпартамента аховы, серабро і бронзу заваявалі гродзенцы і брастчане.
На паласе перашкод не было роўных камандзе з Віцебска, другое і трэцяе месцы — у каманд Мінскай вобласці і цэнтральнага апарата МУС.
Чэмпіёнскі кубак у агульнакамандным заліку заслужана быў уручаны прадстаўнікам УУС Гродзенскага аблвыканкама, сярэбраныя медалі ў каманды цэнтральнага апарата МУС, бронзавыя — у брастчан.
— Другі Рэспубліканскі турыстычны злёт МУС прайшоў паспяхова, — падвёў вынікі намеснік міністра ўнутраных спраў генерал-маёр міліцыі Дзмітрый Карзюк. — Міністэрства ўнутраных спраў набірае абароты ў гэтай дзейнасці. Гаворка ідзе пра клопат пра супрацоўнікаў, іх сем’і, падрастаючае пакаленне. Сённяшні дзень паказаў, што мы можам арганізаваць любое мерапрыемства. Калі мы разам — мы моцныя! Напярэдадні дзяржаўнага свята Дня народнага адзінства жадаю ўсім здароўя і дабра. Няхай над нашай краінай заўсёды будзе мірнае неба, а людзі жывуць шчасліва і бяспечна!
Віктар ІВАНЧЫКАЎ
Фота аўтара
Лета 2023-га ўстанавіла рэкорд за апошнія дзесяць гадоў па актыўнасці рынку нерухомасці.
У барацьбе са снегам былі задзейнічаны больш за 350 чалавек і 110 адзінак тэхнікі.