Нягледзячы на эфектыўнасць намаганняў Міністэрства ўнутраных спраў па папярэджанні злачынстваў супраць жыцця і здароўя грамадзян, гэтая праблема застаеццца актуальнай. Пасля ўжывання алкаголю людзі высвятляюць паміж сабой адносіны, канфліктуюць, у выніку чаго нярэдка не абыходзіцца без ахвяр. Асаблівую заклапочанасць супрацоўнікаў міліцыі выклікаюць выпадкі, калі ад рук блізкіх церпяць жанчыны, дзеці, пажылыя людзі.
Тыя грамадзяне, якія злоўжываюць алкаголем, у першую чаргу беспрацоўныя, знаходзяцца на прафілактычным уліку ў органах унутраных спраў. Нешчаслівыя сем’і, дзе выхоўваюцца непаўналетнія або пражываюць пажылыя людзі, — на асаблівым кантролі міліцыянераў. У полі зроку людзей у пагонах — і асобы, на якіх сістэматычна скардзяцца суседзі.
На што супрацоўнікі органаў унутраных спраў звяртаюць увагу падчас наведвання падуліковых, якую работу з імі праводзяць, а самае галоўнае, ці ёсць у прафілактычных мерапрыемствах эфект, на прыкладзе аднаго тэрытарыяльнага ўчастка высвятлялі карэспандэнты «Звязды».
Участковы інспектар Савецкага РУУС г. Мінска Андрэй Пікта заступае на службу ў 15.00. Перш-наперш — інструктаж у будынку раённага ўпраўлення. Міліцыянеры ўзбройваюцца, атрымліваюць устаноўкі на будучую змену, заслухоўваюць аператыўную абстаноўку, знаёмяцца з матэрыяламі, на якіх патрэбна сканцэнтраваць увагу. Яны добра ведаюць, хто на цяперашні момант знаходзіцца ў вышуку. Атрымаўшы задачы, участковыя інспектары накіроўваюцца ў апорныя пункты аховы правапарадку — менавіта там іх працоўныя месцы. Аднак у кабінетах міліцыянеры не затрымліваюцца. «Узброіўшыся» патрэбнай інфармацыяй і дакументацыяй, накіроўваюцца па пэўных адрасах, якія патрабуюць праверкі або рэагавання.
Па маршруце разам з Андрэем Піктам адпраўляемся і мы. У планах на сёння — наведаць кватэры, гаспадары якіх стаяць на прафілактычным уліку ў органах унутраных спраў. На кантролі міліцыянераў грамадзяне знаходзяцца па прычыне злоўжывання алкагольнымі напоямі, а адпаведна — вядзення асацыяльнага ладу жыцця.
Адна з падапечных участковага інспектара міліцыі жыве на завулку Горным. Андрэй Пікта набірае нумар кватэры на дамафоне — на тым канцы сувязі не адказваюць. Міліцыянер праяўляе настойлівасць, але безвынікова.
— Калі грамадзяне не адчыняюць нам дзверы, маем права патэлефанаваць суседзям, — тлумачыць участковы. Там адказваюць — і мы бесперашкодна трапляем у пад’езд.
Пакуль падымаемся на паверх, супрацоўнік расказвае, што гаспадыня жылля пражывае адна. Яна на пенсіі, злоўжывае алкаголем. Аб гэтым стала вядома, калі суседзі паскардзіліся на жанчыну ў органы ўнутраных спраў: яны былі занепакоены тым, што з кватэры сыходзяць падазроныя гукі, пахі, нярэдка туды прыходзяць асобы, якія не выклікаюць даверу.
Участковы цісне на кнопку званка — адчыняць дзверы нам ніхто не збіраецца. Бесперапынна брэша сабака. Іншых гукаў за дзвярыма не чуваць — або гаспадыні ў кватэры няма, або яна наўмысна не адчыняе. Андрэй Валер’евіч націскае кнопку званка суседзяў. «Трэба даведацца, можа, з падапечнай нешта здарылася, можа, яна ў бальніцы», — тлумачыць ён.
У гэтым выпадку чакаць не давялося. У парозе з’яўляецца жанчына пенсіённага ўзросту.
— Добры дзень! Калі вы бачылі вашу суседку апошні раз? — пытаецца міліцыянер.
— Не так даўно, — адказвае яна і ўдакладняе дэталі: — Яе сабака нагадзіў, я зрабіла заўвагу і папрасіла прыбраць, на што суседка пачала са мной сварыцца і катэгарычна адмовілася навесці парадак за сваім гадаванцам.
А яшчэ яна па-ранейшаму злоўжывае спіртным.
Супрацоўнік міліцыі абавязкова знойдзе падуліковую.
«Асноўная небяспека такіх кватэр у тым, што іх гаспадары водзяць туды іншых людзей, з якімі разам распіваюць алкаголь, нярэдка на фоне ап’янення здараюцца канфлікты і даходзіць да злачынства. Наша задача — папярэдзіць развіццё падобнай падзеі, прадухіліць трагедыю, — тлумачыць асноўную мэту прафілактычнай работы Андрэй Валер’евіч. — Як правіла, прафілактычны ўлік спрыяльна ўплывае на людзей. Яны не парушаюць заканадаўства, спраўна выконваюць рэкамендацыі міліцыянераў. Калі чалавек выпраўляецца, яго здымаюць з уліку. Калі не — ёсць падстава для накіравання такога грамадзяніна ў лячэбна-працоўны прафілакторый».
Пакуль далей ідзём па маршруце, заўважаем, што, перш чым пазваніць у папярэднюю кватэру, міліцыянер уключыў відэарэгістратар. Гэты атрыбут з’яўляецца неад’емнай часткай сучаснай экіпіроўкі супрацоўніка органаў унутраных спраў. Участковым увогуле без іх не абысціся. Не ўсе падуліковыя паводзяць сябе адэкватна, нярэдка ўступаюць з міліцыянерам у канфлікт.
«Калі канфліктная сітуацыя здараецца, праглядаем відэарэгістратар і разбіраемся, як усё было на самай справе. Акрамя таго, гэтае ўстройства выконвае функцыю дакументавання правапарушэнняў, злачынстваў, што з’яўляецца важкім аргументам у судзе. Адным словам, відэарэгістратар — гэта наш памочнік, сведка», — удакладняе ўчастковы інспектар.
Тым часам падыходзім да дома па вуліцы Гікалы. У кватэры, у якую тэлефануе ўчастковы, жыве мужчына са сваёй сужыцелькай. Яны выпіваюць. Сігнал у міліцыю паступіў таксама ад суседзяў.
Дзверы адчыняюцца. У парозе стаіць жанчына сярэдніх гадоў.
— Уладзімір Барысавіч дома? — пытаецца лейтэнант міліцыі.
— Дома, — адказвае тая і дазваляе прайсці ў памяшканне. Там знаходзіцца і гаспадар.
— Вось ужо трэці месяц на бальнічным, — скардзіцца мужчына і паказвае на загіпсаваную нагу.
Участковы аглядае жылое памяшканне на прадмет прысутнасці старонніх грамадзян, пэўных падазроных прадметаў, звяртае ўвагу на антысанітарны стан жылля. Міліцыянер удакладняе ў мужчыны, ці ўжывае ён апошнім часам алкаголь, пытаецца, калі нарэшце навядзе ў кватэры парадак, — жыллё даўно патрабуе прыборкі, пра рамонт нават не ідзе размовы. Гаспадар запэўнівае, што на выпіўку няма ні грошай, ні здароўя. Каментуючы беспарадак у жыллі, абяцае ўсё выправіць, як толькі паправіцца. Андрэй Пікта праводзіць гутарку аб супрацьзаконных дзеяннях, абяцае, што прыйдзе ў наступным месяцы, — парадак да гэтага часу павінен быць наведзены.
«У выпадку парушэння санітарнага стану ў жылых і дапаможных памяшканнях, невыканання патрабаванняў заканадаўства мы збіраем матэрыялы і накіроўваем іх у адміністрацыю Савецкага раёна для правядзення праверкі», — заўважае ўчастковы інспектар.
Выйшаўшы з пад’езда, назіраем на лаўцы жанчыну. Участковы яе добра ведае: вітаецца і нават называе па імені, імені па бацьку. Карыстаючыся момантам, удакладняе, як характарызуецца мужчына, якога мы толькі што наведалі. «Магчыма, і выпівае, але ціха, не скандаліць — адным словам, скаргаў у яго адрас няма», — кажа пенсіянерка.
Пакуль ідзём па наступным адрасе, супрацоўнік органаў унутраных спраў дзеліцца сваімі назіраннямі. Па яго словах, асацыяльны лад жыцця, як правіла, вядуць беспрацоўныя грамадзяне. Прычым любой узроставай катэгорыі. Ёсць нават маладыя людзі, якія па пэўнай прычыне не працаўладкаваны, ужываюць працяглы час спіртныя напоі. Не сочаць ні за сабой, ні за жылым памяшканнем. Нярэдка ў іх утвараюцца вялікія запазычанасці за камунальныя паслугі. Такія грамадзяне часта парушаюць грамадскі парадак. Кожны ўчастковы ведае жыхароў свайго ўчастка, а таму трымае гэтую катэгорыю ў полі зроку.
«Цяпер мы наведаем кватэру, якая стаіць на ўліку ў органах унутраных спраў з-за захламлення, — расказвае пра асаблівасці наступнага адраса ўчастковы інспектар. — Там жыве пенсіянер, у якога дыягнаставана псіхічнае расстройства. Ён заставіў жыллё кнігамі, якія стаяць стосамі ад падлогі да столі. Іх так шмат, што жыць у памяшканні немагчыма. Акрамя таго, нямала там і іншых рэчаў, якія мужчына цягне са сметніц».
На званок у дзверы падуліковы не адказвае. Міліцыянер мяркуе, што той можа знаходзіцца ў бальніцы, куды яго рэгулярна адпраўляюць сваякі на лячэнне. Удакладніць інфармацыю вырашае ў суседзяў.
— Даўно бачылі Уладзіслава Пятровіча? — пытаецца ў жанчыны, якая адчыніла дзверы.
— Не чуваць, не відаць, можа, з тыдзень, — кажа яна.
— Падазроныя гукі з кватэры не сыходзяць? Можа, хтосьці сюды наведваецца? — удакладняе супрацоўнік.
— Не, ніхто туды не ходзіць — цішыня.
Падзякаваўшы за размову, Андрэй Пікта выходзіць з пад’езда. Следам за ім — і мы. «Будзем удакладняць месцазнаходжанне мужчыны, у найбліжэйшы час звяжамся з яго сваякамі», — расказвае ён пра далейшыя дзеянні.
Заўважаем на лавачцы дзядулю: ці то спіць, ці то яму дрэнна — яго стан і ў міліцыянера, і ў журналістаў выклікае сумненне. Андрэй Валер’евіч падыходзіць да пенсіянера, пытаецца, як ён сябе адчувае. Дзядуля не дачувае, перапытвае, узнімаецца, спрабуе некуды ісці, зноў вяртаецца да нас — па ўсім відаць, згубіўся. Участковы ўдакладняе, як яго завуць, па якім адрасе пражывае. Неабходную інфармацыю ўдаецца даведацца толькі з пятай ці шостай спробы. У выніку Андрэй Пікта прымае рашэнне суправадзіць дзядулю дадому, мы падключаемся. Убачыўшы знаёмы двор, свой пад’езд, пенсіянер дзякуе міліцыянеру за дапамогу і жадае добрай службы.
Працоўны дзень у інспектара не завяршаецца. А служба ўвогуле не мае часавых абмежаванняў. Аднак менавіта аб такой прафесіі Андрэй Пікта і марыў. У міліцыю прыйшоў адразу пасля заканчэння ВНУ. Спачатку служыў у Дэпартаменце аховы, але імкнуўся быць участковым інспектарам — у гэтай дзейнасці, па яго словах, больш зносін з людзьмі. Менавіта такога Андрэй і хацеў. А яшчэ ён марыць атрымаць юрыдычную адукацыю — невыпадкова сумяшчае службу з навучаннем у Акадэміі МУС. Жадаем супрацоўніку міліцыі дасягнення пастаўленых мэт і павышэння па службе. Днямі, дарэчы, стала вядома, што Андрэю Пікту прысвоена чарговае званне — старшага лейтэнанта міліцыі. З чым і віншуем!
Вераніка КАНЮТА
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА
Па этычных перакананнях імёны герояў публікацыі (акрамя супрацоўніка міліцыі) зменены.
Лета 2023-га ўстанавіла рэкорд за апошнія дзесяць гадоў па актыўнасці рынку нерухомасці.
У барацьбе са снегам былі задзейнічаны больш за 350 чалавек і 110 адзінак тэхнікі.