Вы тут

Настаўнік з Гомельшчыны перамог у конкурсе прафмайстэрства «Настаўнік года — 2023»


Прозвішча Шамінскі ў раскладзе Доўскай сярэдняй школы Рагачоўскага раёна стаіць насупраць чатырох прадметаў: сусветная мастацкая культура, чарчэнне, маляванне, тэхнічная праца. А яшчэ за настаўнікам — любімае школьнікамі аб’яднанне па інтарэсах «Юны мастак» і персанальныя заняткі з вучнем, які мае асаблівасці псіхафізічнага развіцця. Сем гадзін тэхнічнай працы ў базавай Серабранскай школе за некалькі кіламетраў ад Доўска — таксама яго абавязак.


Усё гэта шчасце на педагога звалілася не адразу — нагрузку ў гадзінах і прадметах дадавалі паступова. Такім чынам, за 33 гады работы ў адной установе адукацыі настаўнік Сяргей Шамінскі стаў не толькі майстрам на ўсе рукі, але сёння яшчэ і прэтэндуе ад Гомельшчыны на галоўную ўзнагароду педагогаў краіны ў конкурсе прафесійнага майстэрства «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2023» у намінацыі «Музыка, выяўленчае мастацтва, мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура), працоўнае навучанне, фізічная культура і здароўе, дапрызыўная падрыхтоўка».

Пінгвіны і дэмбельскія альбомы

Доўск, дзе нарадзіўся і жыве педагог, сёння не вельмі вялікі населены пункт, хоць і носіць званне аграгарадка. Чарнобыль зрабіў сваю чорную справу — частка людзей з’ехала з гэтых мясцін на чысцейшыя тэрыторыі. Доўск знаходзіцца на скрыжаванні міжнародных аўтамагістраляў, і адсюль наўпрост зручна дабірацца да Гомеля, Мінска, Магілёва і Масквы. Ва ўжо далёкім 1983 годзе адсюль выпускнік мясцовай школы Сяргей Шамінскі, які не меў ніякай пачатковай мастацкай адукацыі, з’ехаў вучыцца ў Віцебск. У сына даяркі і будаўніка было вострае жаданне стаць мастаком. Сёння ён з пяшчотай успамінае, што матуля захавала ўсе яго дзіцячыя малюнкі з пінгвінамі, а тата, які працаваў прарабам, ведаў на памяць шмат вершаў, разбіраўся ў класічнай музыцы і вывучаў гісторыю. Кажа, усе таленты, якія не раскрыліся ў яго бацьках з-за складаных абставін пасляваеннага дзяцінства, рэалізоўваў ён.

— Мае бацькі жартавалі, што я нарадзіўся з алоўкам у руцэ. Да таго як паступіў на мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Кірава, у Доўску разам з настаўніцай гісторыі мы стварылі музей баявой і гістарычнай славы нашага населенага пункта. Яшчэ тады навучыўся рабіць стэнды, распісваць сцены, ствараць макеты. У інстытуце пачынаў з падрыхтоўчых курсаў. Засваенне на іх акадэмічнага малюнка дапамагло мне паступіць у ВНУ.

Студэнтаў дзённых факультэтаў тады, у сярэдзіне 1980-х, сталі забіраць у армію. Шамінскі ўвільваць не стаў. Сёння ўспамінае службу ў Маскоўскай ваеннай акрузе, у войсках ППА як добрую школу жыцця. Ну і дэмбельскія альбомы, вядома, рабіў. Іх яму сябры замаўлялі.

— Афармляў альбомы для ўсіх таварышаў па службе: з пацешнымі малюнкамі, фатаграфіямі, абгорнутыя ў сукно з салдацкага шыняля. Сабе вось толькі не паспеў зрабіць. Усё, што нагадвае пра армію, сістэматызаваў у каталог ужо праз дзясятак гадоў. Там армейскія замалёўкі, лісты бацькоў і свае. Пасля арміі вярнуўся ў інстытут і зноў паглыбіўся ў студэнцкае жыццё.

За сям’ёй як за сцяной

Прызнаецца, калі паступаў і вучыўся — не думаў, што стане вясковым настаўнікам. Галоўным было атрымаць мастацкую адукацыю. Аднак, калі дыплом быў на руках, вярнуўся ў родны Рагачоўскі раён.

Не быў я тады ўпэўнены, што застануся ў школе надоўга. Аднак мяне так зацягнула, што нікуды я ні з Доўска, ні са сваёй школы не збіраюся з’язджаць. Як навагодняя ёлка цацкамі, абрастаеш рознымі прыхільнасцямі і абавязкамі перад людзьмі. Гэта тыя ніткі, якія немагчыма абарваць. Тым больш тут з часам сям’я ўтварылася. Цяпер мая жонка працуе ўрачом-лабарантам у Доўскай бальніцы. У нас дзве дачкі. Святлана ўжо скончыла ўніверсітэт у Мінску і працуе камп’ютарным дызайнерам. Лізавета вучыцца ў 10 класе. Жонка — мой натхняльнік, шмат разоў мяне выратоўвала, у тым ліку ў прамым сэнсе — у ковідныя часіны. Гэта мая апора, і я вельмі ёй удзячны за ўсё. Цяпер, калі я цалкам паглыблены ў падрыхтоўку да конкурсу, на Таццяне вялікая частка побытавых клопатаў.

Школьная эквілібрыстыка

Сяргей увесь час жартуе з сябе. Зрэшты, гумар — гэта яго фірмовы стыль і на ўроках. Яшчэ адзін плюсік, за што яго любяць вучні. Хоць, прызнаецца, момантаў расчаравання ён не пазбег.

— І ўсё ж неяк утрымаўся ў школе. Паступова прыходзіў прафесіяналізм, а вось стаўленне да вучняў, да працы засталося тое ж, што і 33 гады назад. Я не страціў цікавасці да таго, чым столькі гадоў займаюся. Прадметы, якія вяду, не з’яўляюцца асноўнымі. Іх лёгка можна «пасунуць». Хоць, калі дзесьці школу трэба пазіцыянаваць, то менавіта гэтыя прадметы дапамагаюць прадставіць установу максімальна ярка — на конкурсах, фестывалях ці алімпіядах.

Сельскі настаўнік — гэта эквілібрыст і жанглёр адначасова. Трэба ўмець захоўваць раўнавагу і маніпуляваць у вызначаным рытме, калі ў цябе чатыры розныя прадметы ў раскладзе і ўсе паралелі адначасова — ад першага да 10 класаў. А яшчэ «любімая» ўсімі педагогамі дакументацыя.

— Я толькі ў адзінаццатым класе не працую. Даводзіцца хутка пераключацца. Першы ўрок — маляванне ў другім класе, другі — чарчэнне ў дзясятым. Трэці — сусветная мастацкая культура ў сёмым класе, чацвёрты — тэхнічная праца ў пятым... Розныя не толькі прадметы, але і ўзрост дзяцей. Розныя асаблівасці псіхафізіялагічнага развіцця вучняў, розная інфармацыя, методыка, тэрміналогія, даты, лічбы... Пры тым, што вучэбная нагрузка, мабыць, традыцыйная для педагога — 30 гадзін у тыдзень.

Але, прызнаецца, ёсць і кампенсацыя за напружанне: дзеці ставяцца з любоўю і павагай. Напрыклад, калі ідзе па калідоры ў працоўным халаце трудавіка, за крысо чапляюцца хлапчукі і дзяўчынкі з малодшых класаў, у якіх ён вядзе маляванне.

— Гэта міла і смешна адначасова, — згадвае Сяргей Міхайлавіч. — Такая непасрэдная праява дзіцячых пачуццяў акрыляе. Малыя з пачатковых класаў да мяне на пераменах прыбягаюць у майстэрню, разглядаюць вырабы, зробленыя рукамі старэйшых вучняў. Адзін хлопчык доўга хадзіў як зачараваны, а потым кажа: «Я тут жыў бы».

Разважай як мастак

Са сваіх вучняў Шамінскі вырасціў паслядоўнікаў. Але, кажа, іх не так многа, паколькі прафарыентацыяй разам з настаўнікамі займаюцца бацькі. Іх прыярытэты, зразумела, моцна ўплываюць на выбар падлеткаў.

— Не сакрэт, што бацькі думаюць пра тое, колькі іх нашчадак будзе зарабляць. І ўсё ж ёсць тыя, хто звязваюць жыццё з тымі кірункамі, якія атрымалі на маіх уроках. Хтосьці паступіў на архітэктуру, хтосьці — у тэхнічныя ВНУ, дзе вельмі запатрабавана чарчэнне. Праз 10 гадоў сустракаю аднаго з вучняў, ён прызнаецца: «Сяргей Міхайлавіч, дзякуючы вам я ў інстытуце яшчэ і падзарабляў — чарцяжы рабіў аднакурснікам». Адна мая вучаніца стала стылістам прычосак. Прыходзіла да мяне на кансультацыі, калі выконвала мастацкія заданні. Чарчэнне ў школе вывучаюць толькі адзін год — у дзясятым класе. 

А аб’ём праграмы прыкладна той жа, які і быў, калі прадмет вывучалі два гады. Сёння ў Беларусі ствараецца новы падручнік па чарчэнні, і мяне запрасілі стаць адным з яго рэцэнзентаў. Гэта вельмі працаёмкая, але важная работа, бо прадмет спрыяе развіццю прасторавага і вобразнага мыслення ў дзяцей.

У аб’яднанні па інтарэсах «Юны мастак» ідзе не толькі класічная акадэмічная работа з пастаноўкай рукі, уменнем бачыць святлацені і адлюстроўваць перспектыву. Шамінскі займаецца з вучнямі тым, што яму самому цікава на гэтым адрэзку жыцця. Напрыклад, гэта можа быць размалёўка камянёў, яйкаў — драўляных і курыных, птушыных пёраў ці лямпачак.

— З лямпачак ствараем арт-аб’екты. Мы не паўтараем нечыя работы з інтэрнэту. Задача — стварыць нешта новае. У нас прадстаўлены розныя віды мастацтва. За некалькі дзён да занятку ў аб’яднанні па інтарэсах я ноччу на кухні прыдумваю заданне, цікавае для вучняў. Выконваю сам узор, затым для кожнага дзіцяці рыхтую матэрыялы, інструменты. А яшчэ распрацоўваю паслядоўнасць выканання задання.

Вынікам становяцца выставы ў калідоры школы. Для педагога важна не проста прыляпіць малюнкі на сцяну. Кожную работу ён афармляе ў пашпарт, прыдумвае назву. Атрымліваецца цэласная прадуманая кампазіцыя. Прыгожая афіша да яе — абавязковая ўмова.

Тэмперамент вавёркі

Калі гутарка заходзіць пра ўласную творчасць, Сяргей Шамінскі ўспамінае пра сваю дзіцячую любоў. Кажа, у трэцім класе заразіўся індзейскай тэматыкай — дзякуючы папулярнай у 70–80-я гады мінулага стагоддзя серыі фільмаў з Гойка Міцічам у галоўнай ролі. Сербскі акцёр стаў знакаміты, выконваючы ролі індзейцаў у нямецкіх фільмах. У познім Савецкім Саюзе амаль усе хлопчыкі атаясамлівалі сябе з Чынгачгукам — Вялікім Змеем, але Сяргей Шамінскі захаваў адданасць да гэтага часу:

— Больш чым 50 гадоў я гэтай тэматыкай займаюся. У Харватыі, на месцах здымак фільмаў, прысвечаных індзейскай тэматыцы, праходзяць тэматычныя кінафестывалі. Некалькі гадоў я рабіў для іх афішы, якія з’яўляліся візітнай карткай фестывалю. У мяне не было магчымасці самому пабываць там, а вось мае знаёмыя сустрэліся з Гойка Міцічам, распавялі яму пра мяне, і ён даў асабістыя аўтографы: «Сяргею — усяго добрага. Міціч Гойка». Калі казаць пра маю творчасць, то цяпер я асвойваю скульптуру з дрэва, афармляю паштоўкі, вокладкі пласцінак і кніг. Усім гэтым займаюся па начах, паколькі ў маім вясковым жыцці важнымі застаюцца агарод і дом. Калі зняць на відэа вавёрку ў коле, што круціцца, яе не будзе бачна з-за хуткасці. Гэта пра мяне.

Паміж агародам, школай, удзелам у выстаўках малюнкаў, міжшкольных спартыўных, музычных і тэатральных спаборніцтвах, а таксама рыхтуючыся да фіналу ў конкурсе прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2023», Сяргей Міхайлавіч нагадвае: нам важна ўмець шанаваць простыя рэчы:

— У чалавека павінны быць уяўленні пра прыгажосць у гэтым свеце, у паўсядзённым жыцці, якія важна перадаваць сваім дзецям. Гэта тое, чаго не заменіш ніякай тэхнікай і развіццём сучасных тэхналогій. Самае галоўнае — заставацца шчырым. Настаўнік — вельмі высокае званне, і яно абавязвае нас да таго, каб у любой жыццёвай сітуацыі заставацца чалавекам.

Вольга АЎРАМЕНКА

Выбар рэдакцыі

Жыллё

У сталіцы любяць аднапакаёўкі. А Брэст, Гомель і Гродна аддаюць перавагу двухпакаёваму жыллю

У сталіцы любяць аднапакаёўкі. А Брэст, Гомель і Гродна аддаюць перавагу двухпакаёваму жыллю

Лета 2023-га ўстанавіла рэкорд за апошнія дзесяць гадоў па актыўнасці рынку нерухомасці.

Рэгіёны

Як жыхары і службы Віцебска змагаюцца са снежнай стыхіяй

Як жыхары і службы Віцебска змагаюцца са снежнай стыхіяй

У барацьбе са снегам былі задзейнічаны больш за 350 чалавек і 110 адзінак тэхнікі.