У Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адкрылася выстава «Шлях», прымеркаваная да 60-годдзя члена Беларускага саюза мастакоў, лаўрэата прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва — Сяргея Гумілеўскага.
На выставачнай экспазіцыі прадстаўлены скульптурныя работы, якія адлюстроўваюць творчы шлях вядомага беларускага мастака, а таксама работы яго бацькі — народнага мастака Беларусі Льва Гумілеўскага.
«Сёння асабліва прыемна адкрываць гэтую выставу, таму што не толькі творчасць Сяргея Львовіча, але і яго жыццёвы шлях цесна звязаны з нашай галерэяй. Гэтак жа сёння мы ўрачыста адкрываем яе напярэдадні вялікага свята — Дня народнага адзінства, а прадстаўленая вам творчасць двух мастакоў — гэта якраз такі яркі прыклад духоўнага адзінства, культуры, традыцыі і гісторыі — распавядае дырэктар Музея гісторыі Мінска Галіна Ладзісава. — Калі мы звернем увагу на залу, то заўважым, што тут абсалютна ўсё дыхае вобразамі выдатных дзеячаў культуры і мастацтва».
Доўгі час Сяргей Гумілеўскі працаваў у творчым тандэме са сваім бацькам. Важна, што яны з’яўляліся аднадумцамі ў многіх пытаннях, а агульным для іх творчасці з’яўлялася рамантычнае і паэтычнае стаўленне да свету, радзіме і людзям.
Манументальныя і станковыя работы, створаныя мастакамі сумесна, праслаўляюць дзеячаў гісторыі і культуры не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і за яе межамі.
«Зусім не дзіўна, што на выставе, якая прысвечана 60-годдзю Сяргея Гумілеўскага, выстаўлены і работы яго бацькі, таму што гэта сапраўдны і яркі творчы тандэм. На самай справе вельмі выдатна, што цяпер утварылася мноства творчых дынастый, але гэта дынастыі, а перад намі — менавіта творчы тандэм, які склаўся яшчэ шмат гадоў таму ў 90-я, калі два вялікіх мастака сталі працаваць разам. Прадстаўленыя сёння работы прымушаюць задумацца, у іх можна разгледзець вельмі шмат эмоцый», — адзначае першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч.
На выставе прадстаўлена больш за 70 работ з калекцыі аўтара. Галоўнай асаблівасцю творчасці мастака з’яўляецца адлюстраванне вобразаў і духоўнай спадчыны выдатных дзеячаў беларускай культуры. Сярод іх — пісьменнікі, паэты, драматургі, кампазітары, мастакі і асветнікі. Так, выставачныя экспанаты ўяўляюць сабой скульптурныя партрэты Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і многіх іншых.
Важнае месца ў творчасці Сяргея Гумілеўскага займаюць увасоблены ў скульптуры стан чалавечай душы ці паняцці, якія натхняюць і ўспрымаюцца кожным чалавекам.
Вераніка КУХАРЧЫК, студэнтка факультэта журналістыкі БДУ
Фота аўтара
«Мадэлі жыцця грамадства мы павінны вызначаць самі ў рамках нашай духоўнай славянскай традыцыі».
Высветлілі карэспандэнты «МС».