Вы тут

Гарадскі пікнік, лепка з гліны і казачны свет мультфільмаў Disney


Канцэрт-караоке, гарадскі пікнік Vulitsa Ezha, майстар-клас па лепцы з гліны, гісторыя піваварства на Гродзеншчыне, фестываль «Ars Magna Organi» і казачны свет мультфільмаў Disney у Брэсцкай філармоніі — штотыднёвая афіша «Звязды».


«Запіскі юнага лекара»

Дзе: Мінск, Беларускі дзяржаўны тэатр лялек (вул. Энгельса, 20) 

Калі: 20 верасня 

Колькі: 17 рублёў

Праз год пасля прэм’еры спектакль па матывах творчасці Міхаіла Булгакава горш не стаў. Круцейшы беларускі рэжысёр Яўген Карняг удыхнуў у «Запіскі юнага лекара» новае жыццё, праўда, усё роўна даволі змрочнае. 

Малады доктар, учорашні студэнт, адпраўляецца ў правінцыйную глыбінку, каб стаць галоўным і адзіным лекарам. Суровая вясковая рэчаіснасць дзень за днём падае яму новыя выпрабаванні. Пераадольваючы страх і сумневы, ён дапамагае іншым, але не ў сілах уціхамірыць свой асабісты боль і дакучлівыя ўспаміны. Юны лекар трапляе ў марфінавы палон — свет ілюзій, які ўтойвае толькі часовае заспакаенне.

Людзям нават ад самай жахлівай хваробы, якая пагражае непапраўнымі наступствамі, падавай кроплі ў горла, а лячыцца правільна і сістэматычна яны не хочуць. Усё гэта адбываецца сто гадоў таму, але вельмі ўжо нагадвае дзень сённяшні.

У аснове пастаноўкі — цыкл ранніх апавяданняў Міхаіла Булгакава «Запіскі юнага лекара», фрагменты з медычнай практыкі самога Булгакава. Апавяданне «Морфій», якое стаіць асабняком, дапоўніць мазаіку гісторыі балючай любові, людскіх страхаў і слабасцяў, станаўлення і немінучага разбурэння асобы.

Гарадскі пікнік Vulitsa Ezha

Дзе: Мінск, Цэнтральны батанічны сад (вул. Сурганава, 2В)

Калі: 16-17 верасня 

Колькі: 17 рублёў

Такоякі і бабл ці, вэнджаныя вушы, хот-дог з ірванай ялавічынай — што нельга не паспрабаваць на фінальным пікніку Vulitsa Ezha?

Фінальны гарадскі пікнік Vulitsa Ezha ужо не за гарамі. Праводзіць цёплае і ўтульнае лета трэба ў Батанічным садзе 16-17 верасня гучна і, вядома, вельмі смачна: каля 40 удзельнікаў фуд-корта з рознымі кухнямі ўжо нарыхтоўваюць, марынуюць, вэндзяць і прагнуць накарміць арыгінальнасцямі тысячы гасцей. 

Вялікі гарадскі пікнік Vulitsa Ezha у верасні стане 23-ім па ліку і завершыць восьмы фестывальны сезон. Традыцыйна госці фестывалю змогуць адзначыць упадабаны гастрапраект шляхам галасавання ў рамках прэміі Ezha Awards праз спецыяльны чат-бот у Viber.

Што ж сапраўды трэба паспець паспрабаваць перад «зімовымі канікуламі»?

  • Хот-дог з ірванай ялавічынай ад Smoky.Brozzers
  • Вэнджаныя вушы ад «Шалёны кныр»
  • Мега-дранік ад «Пільна-Вільна»
  • Польская запяканка ад Pierogarnia
  • Такоякі з крэветкай і Бабл ці ад Sushi House
  • Schwarzwald, Linzer, Canestrelli, Pepparkakor і многія іншыя прысмакі ў «Лавки печенья»
  • Бульба па-бельгійску з катлетай Цэзар ад BulbaFrites трак
  • Піца неапалітана ад Pizzatruck Napoli

Майстар-клас па лепцы з гліны

Дзе: Гомель, філіял Веткаўскага музея (пл. Леніна, 4а)

Калі: 16 верасня 

Колькі: 20 рублёў

У філіяле Веткаўскага музея працягваюць серыю майстар-класаў па лепцы з гліны. На бліжэйшы, дзе будуць майстраваць свістулькі, запрашаюць удзельнікаў ад 12 гадоў. Справа не хуткая, таму па часе гэта зойме больш за дзве гадзіны. А лепш прыйсці ў музей крыху раней, каб яшчэ паспець паглядзець новую выставу «Арнаменты Падняпроўя. Кручча». Выстава знаёміць з традыцыйным тэкстылем рэгіёна Падняпроўя.

Пажадана ўзяць з сабой спецыяльны фартух або зменную вопратку (якую нястрашна запэцкаць), і заколку, каб прыбраць доўгія валасы. Усе матэрыялы прадастаўляюцца музеем.

Пры жаданні, свой выраб можна абпаліць у спецыяльнай печы (+5 BYN — аплачваецца наяўнымі майстру).

Спектакль «Змешаныя пачуцці»

Дзе: Гомель, Маладзёжны тэатр (пр-т Леніна, 10)

Калі: 20 верасня 

Колькі: ад 12 рублёў

Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр рыхтуе прэм’еру лірычнай камедыі «Змешаныя пачуцці» па п’есе амерыканскага сцэнарыста і драматурга Рычарда Баэра (пераклад з англійскай мовы — Сяргей Таск).

Ёсць ён — смешны і недарэчны. І ёсць яна — адзінокая і верная. Яны абодва немаладыя, абодва ведаюць, што такое страты, абодва вельмі адчуваюць патрэбу ў каханні. І вось ён прыходзіць да яе, каб зрабіць ёй... прапанову рукі і сэрца. Для гэтага ў яго ёсць як мінімум чатыры прычыны...

Дзядуля і бабуля Рычарда Баэра па матчынай лініі эмігравалі ў ЗША ў 1900 годзе з вёскі Узляны пад Мінскам. Да 1993 года ён быў вядомы ў асноўным як аўтар папулярных тэлесерыялаў — такіх, як «МЭШ», «Зачараваны» і «Усё ў сям’і». Тэатральны поспех яму прынесла п’еса «Змешаныя пачуцці». Акрамя ЗША (брадвейскі «Golden Theatre» і многія рэгіянальныя тэатры), яна атрымала прызнанне ў Канадзе, Аўстрыі, Германіі, Бельгіі, Аўстраліі, Расіі, цяпер і ў нас.

Сам аўтар аб гэтай п’есе казаў так: «Хочацца думаць, што гэтая гісторыя апынецца блізкай і зразумелай любому гледачу (...). Спадзяюся, мая п’еса ўдыхне надзею ў тых, хто імкнецца захаваць стан закаханасці і веры, якое так трэба ў любым узросце».

Новая гісторыя старога дома

Дзе: Гродна, Бібліятэка імя Я. Ф. Карскага (вул. Карбышава 17)

Калі: да 20 верасня 

Колькі: 2 рублі

Што агульнага ў банка і кніг? Праўда, і тое, і другое — гэта сховішчы, толькі ў адным выпадку для грошай, а ў іншым — для вялікіх думак і эмоцый.

А ведаеце, дзе злучаюцца абодва гэтыя бакі? У галоўным корпусе Гродзенскай абласной бібліятэкі!

Доўгі час будынак па адрасе: вул. Карбышава, 17 быў ёмішчам для валюты і каштоўных папер, але цяпер гэта самы сапраўдны кніжны дом. І сакрэты свае ён захоўвае ў прамым сэнсе за сямю замкамі — у цёмных банкаўскіх лабірынтах і за вар’яцкі тоўстымі дзвярыма сейфаў.

Вас запрашаюць прагуляцца па ўзрушаючым будынку 1930-х гадоў, у якім захаваўся ўвесь антураж: ад мармуровых сцен да ўнутранага строя. Вы зможаце пабываць ва ўнікальным сховішчы рэдкіх кніг, схаваным за масіўнымі дзвярыма вялізнага старадаўняга сейфа, прагуляцца па падвалах і прасторных калідорах, якія захаваліся яшчэ з часоў пабудовы.

Ад класікі да крафта: гісторыя піваварства на Гродзеншчыне

Дзе: Гродна, Бібліятэка імя Я. Ф. Карскага (вул. Карбышава 17)

Калі: 21 верасня 

Колькі: 10 рублёў

Прагулка «Ад класікі да крафта» ад бібліятэкі імя Я. Ф. Карскага . Вы пазнаёміцеся з біяграфіяй самага пеннага напою і даведаецеся, дзе, калі, хто і як варыў піва ў Гродне, што такое пралетарскія гатункі і які інгрэдыент галоўны ў напоі.

Маршрут праходзіць па гістарычным цэнтры горада, вас пазнаёмяць з асаблівасцямі Гродзенскага піваварства ад самых вытокаў да сённяшніх дзён.

Пахавайце мяне за плінтусам

Дзе: Віцебск, Драматычны тэатр ім. Я. Коласа (вул. Замкавая, 2)

Калі: 19 верасня 

Колькі: ад 14 рублёў

Аповесць Паўла Санаева «Пахавайце мяне за плінтусам» ад самага першага яе выдання ўвайшла ў спіс найвыбітнейшых расійскіх бестсэлераў. У сваёй кнізе аўтар стварыў неверагодна жывыя, шчымлівыя вобразы, якія нікога не пакідаюць абыякавымі.

Гэта аповесць, у якой неверагодна смешна і вытанчана злосна ўзнікае пародыя на саму ідэю шчаслівага маленства, тэма сталення нібыта пераварочваецца з ног на галаву і набывае абрысы сюррэалістычнага гумару. Кніга ўзарвала расійскі рынак і набыла не проста культавы, а легендарны статус. Яе тыраж склаў больш за паўмільёна экземпляраў, і сёння Павел Санаеў уваходзіць у першую дзясятку самых папулярных сучасных пісьменнікаў Расіі. У 2005 годзе ён атрымаў прэмію «Тэфі». У 2009-м — на экраны выйшаў мастацкі фільм «Пахавайце мяне за плінтусам» (рэжысёр Сяргей Снежкін), дзе ролю жорсткай бабулі сыграла Святлана Кручкова.

Сцэна для спектакля паводле сучаснага матэрыялу — гэта люстра ці павелічальнае шкло нашай паўсядзённасці, што дапамагае паставіцца да, здаецца, звычайных праяваў жыцця, больш уважліва і аналітычна.

Інсцэніроўка і пастаноўка заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Валерыя Анісенкі.

«З глыбінь клічу...» Малітва ў графіцы Марка Шагала

Дзе: Віцебск, вул. Савецкая, 25

Калі: да 10 снежня

Выстава афортаў і літаграфій Марка Шагала з музейнага збору прысвечана тэме малітвы і пакаяння ў творчасці мастака і носіць назву «З глыбінь клічу...» Гэта першы верш 129 (130) псалма Давіда, які лічыцца адным з пакаяльных псалмоў. Надзеяй на міласэрднасць і адкупленне прасякнуты яго радкі; яны таксама ўтрымліваюць спасылкі на іншыя тэксты Старога Запавета, што раскрываюцца ў графіцы Шагала: Зыход, лямант Ераміі, прароцтва Ісаі, кніга шматпакутнага Ёва і іншых. 

Малітвы і давер да Бога, прарокаў, цароў і патрыярхаў Ізраіля паўстаюць у графічных работах Марка Шагала, якія належаць да розных серый і этапаў жыцця мастака: ад 1930-х да 1980-х гадоў. Асобнае месца займаюць творы, якія ўхваляюць хараство і гармонію светабудовы.

«Ars Magna Organi 2023»

Дзе: Пінск, Пінскі кафедральны касцёл 

Калі: 17 верасня 

Колькі: бясплатна

Фестываль «Ars Magna Organi» упершыню прайшоў у 2019 годзе дзякуючы падтрымцы Юрыя Зісера, першага спонсара фестывалю. Дакрануцца да прыгожага, адчуць яднанне з вялікім мастацтвам, атрымаць асалоду ад прыгажосці гучання музычных інструментаў, каралём якіх па праве прызнаны орган, можа кожны. Фестываль арганнай музыкі завершыцца канцэртам у Пінску. Прагучаць творы Баха. Спецыяльны госць — народны артыст Расіі Уладзімір Хамякоў. Уваход вольны.

Казачны свет мультфільмаў Disney ў Брэсцкай філармоніі

Дзе: Брэст, Брэсцкая абласная філармонія (вул. Арджанікідзэ, 14)

Калі: 21 верасня 

Колькі: 20 рублёў

У зале Брэсцкай філармоніі вас чакае поўнае паглыбленне ў казачную атмасферу мультфільмаў Кінастудыі Уолта Дыснея! Вы пачуеце неверагодна прыгожую фартэпіянную музыку, а паказ на вялікім экране любімых кадраў з дзяцінства перанясуць вас у казачны і чароўны свет! Знакамітыя саўндтрэкі выканае піяніст Аляксей Цімонін
На канцэрце прагучаць саўндтрэкі з мультфільмаў:

  • «Прыгажуня і Пачвара»
  • «Халоднае сэрца»
  • «Аладзін»
  • «Папялушка»
  • «Кароль Леў»
  • «Мулан»
  • «Рапунцэль» ... і іншых.

Правядзіце гэты незабыўны вечар з любімымі мультфільмамі Disney!

Фестываль Pro Coffee

Дзе: Магілёў

Калі: да 24 верасня 

Колькі: 10 рублёў

Pro Coffee — гэта кававы фестываль, які прыйдзецца да спадобы ўсім аматарам якасных кававых напояў. У рамках фестывалю ўстановы распрацавалі аўтарскія сэты: кававы напой + дэсерт па фіксаванай цане. Нацешыўшыся 10 сэтамі і атрымаўшы 10 унікальных пячатак, можна прыняць удзел у розыгрышы мноства прызоў ад партнёраў фестывалю.

У Магілёве ў фестывалі прымаюць удзел:

  • Рэстаран «Sprut»
  • «Рэстаран 101»
  • Кавярня «Заўжды цікава»
  • Рэста-бар «Colette»
  • Сушы-бар «Инари»
  • Кафэ-кандытарская «Баноффи»
  • Кафэ «Станъ»
  • Выпечка і хлеб «Пекарня»
  • Кафэ «Тандыр»
  • Рэстаран «Санта Мария»

Канцэрт-караоке «Песні, якія нас яднаюць»

Дзе: Магілёў, Гарадскі цэнтр культуры

Калі: 20 верасня 

Колькі: 12 рублёў

20 верасня ў 18:30 ва УК «Магілёўскі гарадскі цэнтр культуры і вольнага часу» пройдзе канцэрт-караоке «Песні, якія нас яднаюць», прысвечаны Дню народнага адзінства, з удзелам артыстаў Магілёўскай абласной філармоніі.

У праграме канцэрта прагучаць песні культавых вакальна-інструментальных ансамбляў «Песняры» і «Верасы», а таксама вядомых савецкіх выканаўцаў Віктара Вуячыча, Яраслава Еўдакімава і іншых.


Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Жыллё

У сталіцы любяць аднапакаёўкі. А Брэст, Гомель і Гродна аддаюць перавагу двухпакаёваму жыллю

У сталіцы любяць аднапакаёўкі. А Брэст, Гомель і Гродна аддаюць перавагу двухпакаёваму жыллю

Лета 2023-га ўстанавіла рэкорд за апошнія дзесяць гадоў па актыўнасці рынку нерухомасці.

Рэгіёны

Як жыхары і службы Віцебска змагаюцца са снежнай стыхіяй

Як жыхары і службы Віцебска змагаюцца са снежнай стыхіяй

У барацьбе са снегам былі задзейнічаны больш за 350 чалавек і 110 адзінак тэхнікі.