Вы тут

Захапленне краінай на розных мовах


Напярэдадні Дня народнага адзінства Палац Незалежнасці па традыцыі гасцінна расчыніў дзверы для наведвальнікаў. Гонар наведаць сімвал беларускай дзяржаўнасці выпаў прадстаўнікам нацыянальных абшчын, якія прыйшлі з нагоды маючага адбыцца свята ў нацыянальных касцюмах.


Так ярка і шыкоўна ў Палацы, здаецца, дагэтуль не было. І адначасова так прыгожа — разам з нацыянальнымі аб'яднаннямі на экскурсіі пабывалі прадстаўніцы Беларускага саюза жанчын з усіх рэгіёнаў краіны. Больш за тое, многія з іх былі аўтарамі карцін, выстаўка якіх адкрылася ў Палацы Незалежнасці. А вось сюрпрызам ад Палаца стаў новы ўнікальны экспанат — шкатулка 1939 года, падарунак Уладзіміра Пуціна Прэзідэнту Беларусі падчас наведвання музея ваенна-марской славы ў Кранштаце, які раней не выстаўляўся. У хуткім часе ён таксама зойме сваё месца ў музеі ўстановы.

Ідэю прадстаўнікоў грамадскіх аб'яднанняў (азербайджанцаў, армян, афганцаў, башкіраў, грузін, дагестанцаў, яўрэяў, казахаў, карэйцаў, малдаван, немцаў, палякаў, рускіх, татараў, туркменаў, украінцаў, цыган, чувашоў, эстонцаў) наведаць Палац Незалежнасці падтрымаў Кансультатыўны міжэтнічны савет пры Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. Прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў дзяліліся ўражаннямі ад пачутага і ўбачанага, шмат фатаграфаваліся і нават чыталі вершы па-беларуску. І сыходзіліся на адным: у Беларусі яны жывуць у міры і згодзе дзякуючы міралюбнай палітыцы нашай дзяржавы, а таксама гасціннасці і адкрытасці беларусаў.

Хізры Асадулаеў, кіраўнік Міжнароднага грамадскага аб'яднання «Горо» (Дагестан) адзначыў, што Палац Незалежнасці — сэрца краіны, і пабываць у такім знакавым месцы — вялікі гонар.

— Беларусь — гэта райскі куток. Таму я заўсёды называю яе тэрыторыяй міру і любові. А людзі тут добразычлівыя, гасцінныя і спагадлівыя. Беларусы ўмеюць сябраваць, а для горца гэта вельмі каштоўна, — адзначыў Хізры Асадулаеў.

Аляксандр Сонгін, старшыня Саюза палякаў на Беларусі, член Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў, адзначыў, што ў Беларусі любы чалавек можа свабодна жыць і працаваць, і беларускія палякі лічаць сябе найперш грамадзянамі Беларусі.

— З пачуццём глыбокай павагі прысутнічаем тут, і мы, беларускія палякі, заўсёды лічым сябе найперш грамадзянамі Беларусі. Заўсёды прытрымліваліся і будзем прытрымлівацца гэтай пазіцыі.

Уладзіслаў Кадзіра, старшыня Беларускага грамадскага аб'ядання ўкраінцаў «Ватра», жыве ў нашай краіне 22 гады. І ўпэўнены, што ў Беларусі створаны ўсе ўмовы для камфортнага жыцця:

— У Беларусі жывуць прадстаўнікі больш як 156 нацыянальнасцяў, і нягледзячы на тое што мы розныя па менталітэце, мы адзіныя. Бо Беларусь — краіна, якая дае ўсе ўмовы для камфортнага жыцця. Дзяржаўная палітыка накіраваная на тое, каб дапамагчы ўсім прыезджым, хто хоча прысвяціць сваё жыццё Беларусі.

Прадстаўніцы Беларускага саюза жанчын прыехалі ў сталіцу з розных куткоў Беларусі. Гэта жанчыны самых розных прафесій — ад настаўнікаў і ўрачоў да работніц гаспадарак і прадпрыемстваў. Той факт, што іх аматарскія карціны выстаўленыя ў будынку, які з'яўляецца сімвалам нашай дзяржаўнасці, выклікаў у іх самыя розныя праявы яркіх эмоцый — ад воклічаў захаплення да слёз.

Вольга Шпілеўская, старшыня Беларускага саюза жанчын расказала, што праект «Яе рук справа», які распачаўся год таму, 17 верасня 2022-га, завяршаецца адкрыццём выстаўкі ў Палацы Незалежнасці. Тут прадстаўленыя работы з усёй краіны, а іх аўтаркі — не прафесійныя мастачкі, а аматаркі. Усе ўдзельніцы падарылі свае карціны, і пасля заканчэння выстаўкі тыя будуць прададзеныя на аўкцыёне. Прычым жанчыны самі вырашаць, на якую дабрачынную справу будуць накіраваны выручаныя сродкі.

— Мне здаецца, у гэтым і ёсць адзінства нашых жанчын, нашых душ, сэрцаў, і для кожнай з іх вельмі важна ўбачыць сваю работу ў Палацы Незалежнасці. Яны малявалі іх дома, і ніхто не ўяўляў, што ў іх будзе такая выстаўка, — падзялілася Вольга Шпілеўская.

Валянціна Заяц, пенсіянерка з Барысава, вышывала сваю карціну восем месяцаў:

— Калі ўбачыла сваю работу на такой выстаўцы, у мяне на вачах з'явіліся слёзы. Гэта ўзровень і, напэўна, прызнанне, бо звычайна я рабіла нешта для сябе і блізкіх, — расказала жанчына.

Вікторыя Новікава, педагог дадатковай адукацыі цэнтра творчасці дзяцей і моладзі з Хойнікаў сваю работу выканала з дапамогай кавы:

— Такую тэхніку, а карціна робіцца з выкарыстаннем кавы і драўняных апілак, я прыдумала нядаўна. У мяне неверагодныя адчуванні наконт таго, што яна аказалася ў Палацы Незалежнасці. Гэта касмічна, і я атрымала натхненне для сваіх будучых карцін.

Алена КРАВЕЦ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.