У 2024 г. споўніцца 100 гадоў з дня нараджэння Аркадзя Іосіфавіча Жураўскага (1924–2009) члена-карэспандэнта АН БССР, доктара філалагічных навук, прафесара. Менавіта гэтаму чалавеку належыць ініцыятыва стварэння «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» — фундаментальнага лексікаграфічнага даведніка. Слоўнік уяўляе сабой збор размешчаных у алфавітным парадку слоў, дзе раскрываецца значэнне, уласцівае ім у пэўны храналагічны перыяд. З 1982 г. па 2017 г. пабачыла свет 37 выпускаў слоўніка. Аркадзь Жураўскі быў яго галоўным рэдактарам на працягу 14 выпускаў, у далейшым слоўнік выходзіў пад рэдактарствам Аляксандра Булыкі.
«Гістарычны слоўнік беларускай мовы» падрыхтаваны на падставе «Інструкцыі па падрыхтоўцы картатэкі слоўніка старабеларускай мовы ХІV—XVIIІ стст.», распрацаванай Аркадзем Іосіфавічам у далёкім 1965 г. З назвы інструкцыі вынікае, што крыніцамі фактычнага матэрыялу сталі помнікі старажытнай беларускай пісьменнасці XIV — першай паловы XVIIІ ст. Лексікаграфічную апрацоўку ў слоўніку атрымалі каля 75 тысяч слоў, выпісаных з летапісаў, хронік, грамат, статутаў, публіцыстычных твораў і іншых крыніц.
Актуальнасць і важнасць праведзенай навуковай працы па выданні «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» не выклікае сумневу. Больш за тое, адразу прыгадваюцца словы журналістаў «Звязды», якія выхад слоўніка назвалі «праектам стагоддзя для беларускай гуманітарыстыкі». Сапраўды, без дыяхранічных звестак вельмі складана асвятліць гісторыю некаторых слоў і беларускай мовы ў цэлым.
Сфера выкарыстання «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» разнастайная і надзвычай шырокая. Старажытныя пісьмовыя тэксты з’яўляюцца першакрыніцай пазнання гісторыі народа і яго мовы. Да іх звяртаюцца не толькі моваведы і літаратуразнаўцы, але і гісторыкі, археолагі, фалькларысты, прававеды, мастацтвазнаўцы, наогул самыя шырокія слаі грамадскасці.
Слоўнікавыя артыкулы, змешчаныя ў «Гістарычным слоўніку беларускай мовы», пацвярджаюць невычэрпнае багацце беларускай мовы, яе лексіка вызначаецца разнастайнасцю тэматычных пластоў, а таксама шырокімі сувязямі з лексікай многіх роднасных і няроднасных моў.
На падставе матэрыялаў «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» рыхтуюцца навуковыя працы, абараняюцца дысертацыі, ствараюцца іншыя слоўнікі. Вельмі карысны гэты слоўнік для гісторыкаў, якія займаюцца даследваннем гісторыі Беларусі XIV–XVIII стст., бо ён з’яўляецца вельмі каштоўнай крыніцай інфармацыі па гісторыі штодзённасці беларусаў. Зараз ён выкарыстоўваецца падчас напісання тэкстаў у рамках выканання падпраграмы «Гісторыя» дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў на 2021–2025 гг. «Грамадства і гуманітарная бяспека беларускай дзяржавы».
Аляксандр БАРАНОЎСКІ, кандыдат гістарычных навук
Лета 2023-га ўстанавіла рэкорд за апошнія дзесяць гадоў па актыўнасці рынку нерухомасці.
У барацьбе са снегам былі задзейнічаны больш за 350 чалавек і 110 адзінак тэхнікі.