У Міністэрстве адукацыі адбылася нарада ў пашыраным складзе па пытаннях удасканалення арганізацыі выніковай атэстацыі выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і ўступнай кампаніі ва ўстановы вышэйшай адукацыі.
У ёй прынялі ўдзел намеснік кіраўніка адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Луцкі, намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка, старшыня камісіі па культуры, адукацыі і навуцы Савета Рэспублікі Ірына Старавойтава, старшыня ЦВК Ігар Карпенка, намеснікі кіраўнікоў аблвыканкамаў, кіраўнікі рэгіянальных упраўленняў адукацыі, рэктары ўстаноў вышэйшай адукацыі, прадстаўнікі педагагічнай грамадскасці.
Па даручэнні кіраўніка дзяржавы быў прааналізаваны ход выпускных экзаменаў і ўступнай кампаніі. Ставілася задача ўбачыць абітурыента, аб’ектыўна і празрыста ацаніць яго веды.
Міністр адукацыі Андрэй Іванец падрабязна спыніўся на выкананні даручэнняў кіраўніка дзяржавы: што было зроблена і як справіліся з пастаўленай задачай.
Асаблівая ўвага была ўдзелена выяўленню адораных і матываваных абітурыентаў, прадастаўлення ім дадатковых магчымасцей для паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі.
Больш за 4 тысячы выпускнікоў школ і каледжаў паступілі сёлета ў ВНУ без уступных іспытаў. Каля 13 тысяч матываваных абітурыентаў-мэтавікоў і выпускнікоў каледжаў паступілі на выбраныя спецыяльнасці. Прадметным камісіям удалося «ўбачыць» каля 17 тысяч абітурыентаў, якія сталі студэнтамі па выніках унутраных экзаменаў.
Навацыі сёлетняй уступнай кампаніі пачаліся з правядзення ўніверсітэцкіх алімпіяд. У лютым — сакавіку прайшлі ўніверсітэцкія і рэспубліканскія этапы прадметных алімпіяд, пераможцы якіх атрымалі права на залічэнне ў ВНУ без уступных выпрабаванняў.
Упершыню ў краіне праводзіліся цэнтралізаваныя экзамены для выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Пасля падвядзення вынікаў выпускных экзаменаў, абмеркавання іх з педагагічнай і бацькоўскай грамадскасцю адзначаны ў цэлым станоўчы фармат ЦЭ і скарэктаваныя даты іх правядзення ў 2024 годзе. Прапануецца правесці цэнтралізаваныя экзамены ў панядзелак 27 мая па прадмеце на выбар і ў чацвер 30 мая — па рускай ці беларускай мове.
Залічэнне на мэтавую форму падрыхтоўкі таксама прайшло ў новым фармаце. Для «мэтавых» абітурыентаў быў распрацаваны асаблівы парадак прыёму. Замест ЦТ яны здавалі толькі адзін іспыт па профільным прадмеце ў вуснай форме прыёмнай камісіі, створанай у ВНУ. Змяніліся і тэрміны падачы дакументаў: мэтавікі рабілі гэта раней за ўсіх, і здавалі ўступныя іспыты таксама раней. Этапы ўступнай кампаніі былі спланаваныя так, што тыя маладыя людзі, якія не прайшлі на мэтавыя месцы, змаглі ўдзельнічаць у агульным конкурсе, паступіўшы на бюджэтную ці платную форму навучання. Такім чынам шанцы на паступленне можна было павялічыць удвая.
Фармат арганізацыі мэтавага набору ў 2024 годзе плануецца захаваць без змяненняў: будзе праводзіцца ўнутраны ўступны іспыт у ВНУ, а ў склад прадметных камісій будуць уключацца педагагічныя работнікі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
На нарадзе таксама ўсебакова абмеркавалі і іншыя пытанні падагульняючай атэстацыі школьнікаў, уступнай кампаніі ў ВНУ і вызначылі напрамкі іх удасканалення ў наступным годзе.
Надзея НІКАЛАЕВА
Фота аўтара
Лета 2023-га ўстанавіла рэкорд за апошнія дзесяць гадоў па актыўнасці рынку нерухомасці.
У барацьбе са снегам былі задзейнічаны больш за 350 чалавек і 110 адзінак тэхнікі.