Вы тут

21 верасня пройдзе пад эгідай Адзінага дня бяспекі


Па традыцыі ў чацвёрты чацвер верасня супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях сумесна з прадстаўнікамі іншых ведамстваў праінфармуюць аб надзвычайных сітуацыях, правапарушэннях і злачынствах, якія часцей за ўсё фіксуюцца ў грамадстве. Як паводзіць сябе пры пажары, папярэдзіць любую іншую надзвычайную сітуацыю і не стаць ахвярай злачынцаў, раскажуць спецыялісты.


Мерапрыемствы Адзінага дня бяспекі перш за ўсё накіраваны на фарміраванне ў грамадства культуры бяспекі жыццядзейнасці, навучанне насельніцтва правілам паводзін ва ўмовах розных надзвычайных сітуацый, а таксама адпрацоўку планаў эвакуацыі пры пажары. У гэты дзень супрацоўнікі МНС наведаюць прадпрыемствы, дзе правядуць трэніровачныя заняткі па эвакуацыі людзей з будынкаў падчас пажару.

Ва ўзаемадзеянні з Міністэрствам унутраных спраў, Міністэрствам аховы здароўя і Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа ў месцах масавага знаходжання людзей ратавальнікі арганізуюць тэматычныя інтэрактыўныя навучальныя пляцоўкі для насельніцтва.

Аб месцах іх размяшчэння можна даведацца на сайце МНС — супрацоўнікі ведамства падрыхтавалі інтэрактыўную карту, а таксама спецыялізаваны раздзел з аўдыё- і відэанаглядна-выяўленчай прадукцыяй у дапамогу кіраўнікам і супрацоўнікам арганізацый.

— Асноўная мэта Адзінага дня бяспекі — прафілактыка надзвычайных сітуацый, — адзначае афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Яўген БАРАНОЎСКІ. — Акцэнт робіцца на адпрацоўцы эвакуацыі пры пажарах, бо гэта самая распаўсюджаная надзвычайная сітуацыя ў нашай краіне. Самае правільнае і галоўнае рашэнне пры ўзгаранні для любога грамадзяніна — пакінуць зону небяспекі: эвакуіравацца з памяшкання, дзе б ён ні быў. Будзе адпрацавана ўменне выкарыстоўваць першасныя сродкі пажаратушэння, супрацоўнікаў прадпрыемстваў, выкладчыкаў і навучэнцаў устаноў адукацыі, спецыялістаў аховы здароўя навучаць правільна карыстацца планамі эвакуацыі, аказанню першай медыцынскай дапамогі.

«Не рызыкуйце здароўем і жыццём»

Вядома, ратавальнікі заўсёды паспяхова і аператыўна спраўляюцца з вогненнай стыхіяй, але, разлічваючы на прафесіяналаў, нельга забываць і аб тым, што да прыбыцця ратавальнікаў можаш зрабіць ты. У першую чаргу дзеля таго, каб захаваць здароўе і жыццё сабе і сваім блізкім.

Практычна штодзень у асенне-зімовы перыяд фіксуюцца пажары, якія адбываюцца ў выніку няспраўных або няправільна эксплуатаваных печаў. У жылым фондзе асноўная колькасць узгаранняў, як правіла, прыпадае на ацяпляльны сезон. Гісторыі, калі гаспадары тапілі печ і ў выніку сталі ахвярамі агню, — на жаль, не рэдкасць.

Асноўныя патрабаванні пажарнай бяспекі, якія неабходна выконваць грамадзянам для выключэння пажару пры эксплуатацыі печаў, рэгламентаваныя правіламі пажарнай бяспекі.

Па-першае, катэгарычна забараняецца эксплуатаваць няспраўную печ. Яна павінна быць правільна складзеная і спраўная.

Па-другое, дымавую трубу печы перыядычна неабходна чысціць ад сажы: зыходзячы з умоў эксплуатацыі, але не радзей ад аднаго разу ў год. Ачыстка можа ажыццяўляцца як самастойна ўласнікам жылога дома, дзе размешчана печ, так і з прыцягненнем спецыялізаваных арганізацый.

Што рабіць, калі пажар адбыўся ў вас у кватэры ці ў прыватным доме? Калі вы бачыце, што самастойна з агнём не справіцеся, патэлефануйце ратавальнікам па тэлефоне 101 ці 112. Назавіце дыспетчару адрас, месца пажару, паведаміце аб наяўнасці ў будынку людзей, пагрозы найбліжэйшым будынкам. Рэальныя сітуацыі паказваюць, што нярэдка людзі, якія звяртаюцца ў службу ратавання, указваюць няправільны адрас. Часта блытаюць яго з уласным адрасам, выклікаючы падраздзяленні МНС бацькам. Таму будзьце ўважлівымі!

— Пры ўзнікненні пажару неадкладна пакіньце кватэру (хату), па магчымасці абясточце яе, адключыце газ, — рэкамендуе афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Анастасія ШВАЙБОВІЧ. — Шчыльна зачыніце дзверы ў памяшканні, якое гарыць, — гэта не дасць агню распаўсюдзіцца. Паведаміце аб пажары суседзям. Дапамажыце эвакуіравацца састарэлым і дзецям. Сустрэньце падраздзяленні МНС. Паведаміце, ці засталіся ў будынку людзі, удакладніце, што і дзе гарыць. Памятайце, што нельга вяртацца ў кватэру або хату, у якой пажар, па каштоўныя рэчы, дакументы. Не рызыкуйце вашым здароўем і жыццём!

Без панікі і мітусні

Небяспека можа чакаць чалавека і па-за ўласным жыллём. Рынак, гандлёвы цэнтр, рэстаран — месцы патэнцыяльнай небяспекі. Ратавальнікі рэкамендуюць выпрацаваць у сабе добрую звычку — вывучыць план эвакуацыі ў месцах з масавым знаходжаннем людзей, пракруціць у галаве алгарытм дзеянняў падчас пакідання будынка.

— Уваходзячы ў любое памяшканне з масавым зборам людзей, заўсёды запамінайце свой маршрут перамяшчэння на той выпадак, калі раптам паўстане неабходнасць хутка пакінуць будынак, — раіць старшы інспектар сектара прапаганды Маскоўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях г. Мінска Таццяна ГАЛУШКА. — Звяртайце ўвагу на эвакуацыйныя знакі і прытрымлівайцеся іх у выпадку надзвычайнай сітуацыі. Хутка вызначыць сваё месцазнаходжанне дапамогуць і такія арыенціры, як яркія шыльды, рэкламныя расцяжкі, крамы. Пагаварыце з дзецьмі аб тым, што ў выпадку надзвычайнай сітуацыі ні ў якім разе нельга хавацца.

Пах дыму або актывацыя сістэмы пажарнай сігналізацыі — сігнал, што трэба дзейнічаць. Не чакаць развіцця падзей, не спрабаваць упэўніцца, а неадкладна пакідаць будынак! Ратавальнікі не рэкамендуюць падымацца на верхнія паверхі і карыстацца ў час узгарання ліфтам: у любы момант можа адбыцца адключэнне электраэнергіі, і вы апыняцеся ў пастцы, з якой сапраўды будзе цяжка выбрацца. Рухайцеся да выхаду хутка, але без мітусні, інакш пачнецца цісканіна. Арыентуйцеся на таблічкі, якія мігцяць, — яны пакажуць шлях эвакуацыі. Пры дрэннай бачнасці трымайцеся за сцены або поручні.

Пры пажары вельмі важна засцерагчы органы дыхання: таксічныя прадукты гарэння і вуглякіслы газ складаюць не меншую небяспеку, чым агонь. Прыкрыйце рот і нос рукавом адзення або любой вільготнай тканінай (можна намачыць вадой шалік, насоўку), прыгніцеся, бо ўнізе канцэнтрацыя дыму меншая. Ні ў якім разе не спрабуйце забраць пакінутыя ў камеры захоўвання рэчы: у такіх сітуацыях вы страціце час, а гэта можа каштаваць жыцця. Апынуўшыся ў натоўпе, не штурхайцеся, сагніце рукі ў локцях і прыцісніце іх да бакоў, сцісніце кулакі — такім чынам, вы зможаце прадухіліць здушванне грудной клеткі. Імкніцеся не спатыкнуцца, каб не зваліцца на падлогу, бо падняцца на ногі ў такой сітуацыі будзе вельмі праблематычна. Калі з вамі дзіця — трымайце яго моцна за руку.

У любой сітуацыі ратавальнікі рэкамендуюць не панікаваць і захоўваць спакой — паніка і мітусня заўсёды прыводзяць да неабдуманых учынкаў і пагаршаюць сітуацыю. Цвяроза ацэньваючы свае сілы, дапамагайце тым, хто побач, не перашкаджайце ратавальнікам выконваць сваю работу.


Калі вы пачулі гук пажарнай сігналізацыі:

— не панікуйце;

— пакіньце памяшканне па эвакуацыйных знаках;

— патэлефануйце па тэлефоне 112;

— выбірайце эвакуацыйныя выхады, якія знаходзяцца ў процілеглым баку ад дыму, ідзіце, прыгнуўшыся да падлогі і прыкрыўшы органы дыхання.

Калі пачаўся пажар на працоўным месцы:

— не панікуйце, патэлефануйце па тэлефоне 112;

— адключыце электрапрыборы;

— апавясціце аб пажары калег;

— па магчымасці скарыстайцеся вогнетушыцелем;

— пакіньце памяшканне.

Вераніка КАНЮТА

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дзмітрый Мезенцаў пра стаўленне да санкцый і знешняга ціску, філасофію расійска-беларускіх адносін і якасць беларускіх тавараў

Дзмітрый Мезенцаў пра стаўленне да санкцый і знешняга ціску, філасофію расійска-беларускіх адносін і якасць беларускіх тавараў

«Мадэлі жыцця грамадства мы павінны вызначаць самі ў рамках нашай духоўнай славянскай традыцыі».