Вы тут

Восень — работ восем. На палях краіны працягваецца масавая ўборка ўраджаю


Падыходзіць да завяршэння жніво. Як адзначаюць у Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання, намалочана збожжа, уключаючы рапс, звыш 7,1 мільёна тон, з іх 6,1 млн тон збожжавых і зернебабовых культур (з кукурузай) і каля мільёна тон рапсу.


У прэс-службе Мінсельгасхарча адзначылі, што ўборка кукурузы на зерне вядзецца ў чатырох абласцях краіны: Брэсцкай, Гродзенскай, Мінскай і Гомельскай. Уборка кукурузы ў гэтых рэгіёнах вядзецца досыць актыўна, бо ўжо ўбрана 3,17 тысячы гектараў, намалочана 23,1 тысячы тон, пры сярэдняй ураджайнасці 72,9 цэнтнера з гектара. Характэрна, што адначасова вядзецца ўборка культуры на сілас. Ужо сабрана зялёнай масы кукурузы каля 6 мільёнаў. Працягваецца ўборка крупяных культур. Грэчкі намалочана 26,2 тысячы тон. Нядрэнныя паказчыкі складваюцца па просе, якога намалочана 13,8 тысячы тон. Гаспадаркі масава капаюць бульбу — сабрана 146,5 тысячы тон. Працягваецца ўборка цукровых буракоў, якіх накапана ўжо 347,3 тысячы тон.

Сезон нарыхтоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі ў насельніцтва ў поўным разгары. Пачалася масавая закупка яблыкаў.

Дарэчы, па дзяржаўнай праграме «Аграрны бізнес» штогод у краіне будуць закладваць не менш за 500 гектараў інтэнсіўных садоў. Гэта дасць магчымасць да 2025-га стварыць дадаткова больш за 2 тысячы гектараў. Усё гэта павялічыць долю айчынных яблыкаў на рынку.

Сяргей КУРКАЧ

Аб тым, як ідзе ўборачная ў рэгіёнах, — у матэрыялах нашых уласных карэспандэнтаў.


Стаўка на кукурузу

На Магілёўшчыне поўнай хадой ідзе ўборка кукурузы і сяўба азімых

Паназіраць за ходам работ карэспандэнт «Звязды» адправілася ў калгас ААТ «Палыкавічы». На жаль, з-за засухі праблема са збожжавымі існуе па ўсім Магілёўскім раёне (і гэта гаспадарка не выключэнне), але кукуруза сёлета ўрадзіла. Едзем з галоўным аграномам Віктарам Лукашэвічам і яго памочніцай аграномам Ірынай Маскалёвай назіраць за ўборкай.

Работа на полі кіпіць.

— Плошчы ў нас вялікія, знаходзяцца на тэрыторыі трох сельсаветаў — Пашкаўскага, Палыкавіцкага і Мастоцкага: калі з аднаго канца ў другі ехаць, 40 кіламетраў атрымаецца, — кажа Віктар Лукашэвіч. — Найбольшы ўраджай апошнія пяць гадоў даюць азімыя. І акцэнт робіцца на іх. А вось яравыя пацярпелі ад засухі. Два месяцы дажджу не было. Я тут працую больш чым 20 гадоў, і такое засушлівае лета здарылася ўпершыню. Прычым спякота прыйшлася на май і чэрвень — месяцы, калі каласы павінны былі налівацца. Яны ж, наадварот, пагарэлі.

З яравых культур тут вырошчваюць ячмень, авёс, гарох палявы і кармавы, другі год запар эксперыментуюць з грэчкай. Яна, дарэчы, яшчэ не адцвіла. З азімых найлепшы ўраджай даюць пшаніца і ячмень. Мінулы год наогул быў цудоўны, а сёлета нават азімыя не парадавалі. Яны, канешне, захаваліся лепш, чым яравыя, але ўсё ж такі не так добра, як таго б хацелася.

Па дарозе аглядаем рапс «Северын». Галоўны аграном задаволены вынікам.

— Гэта культура, якая ідзе на тэхнічны алей і шрот на корм жывёле, — каментуе ён.

Кукуруза сёлета таксама вельмі прыгожая. Вырошчваем сорт «Палескі 212» на корм жывёле. У нас на ўтрыманні больш чым 5 тысяч галоў. Кукурузай засеялі каля 1150 гектараў. Улічваючы, што мы і шматгадовых траў недаатрымалі, гэтыя недахопы спаўна папаўняюцца сіласам.

Кукурузу ў гаспадарцы пачалі ўбіраць з 26 жніўня. Апрацавана яшчэ толькі трэцяя частка плошчаў, нарыхтавана больш чым 7 тысяч тон зялёнай масы.

Насустрач па кукурузным полі рухаецца кормаўборачны камбайн у пары з трактарам. Памочніца агранома Ірына Маскалёва расказвае пра свае галоўныя абавязкі. Адзін з іх — адсочваць якасць уборкі:

— Трэба, каб кукуруза, якую ўбірае кормаўборачны камбайн, грузілася ў кузаў і не сыпалася на зямлю. Каб не прастойвала тэхніка і быў пастаянны адвоз. Усё павінна працаваць зладжана.

Механізатар Сяргей Шуцкі на некалькі хвілін прыпыняе работу, каб пагутарыць з карэспандэнтам. Расказвае, што яго працоўны дзень у полі пачынаецца а сёмай гадзіне раніцы. Але на нагах ён ужо ў пяць. Ён жыве ў Новым Пашкаве ў прыватным доме, мае вялікую гаспадарку. Трэба сваю карову вывесці на пашу, астатнюю жывёлу даглядзець. А потым бегчы на работу, каб да сямі падрыхтаваць свой кормаўборачны камбайн «Палессе».

— КВК-800 мне падабаецца, раней на КЗР працаваў, таксама кормаўборачны камбайн, але ён меншы, — дзеліцца асаблівасцямі работы суразмоўнік. — На гэтым трэці сезон працую і вельмі задаволены. Тут і кандыцыянер ёсць, і халадзільнік. Усё цудоўна. Абеды па распарадку прывозяць. Кошт для нас мінімальны. Задавальненне атрымліваю і ад таго, што кукуруза сёлета вельмі добрая, высокая. Летась была горшая.

Механізатар Віктар Гайкоў задзейнічаны на адвозцы зялёнай масы. Прызнаецца, што для яго гэта звыклая справа. Уся яго працоўная дзейнасць звязаная з калгасам. Толькі раней працаваў у другой гаспадарцы — калгасе імя Валадарскага, які базіраваўся ў Пашкаве. Яго далучылі да ААТ «Палыкавічы». Трактар «Беларус-1221», на якім ён адвозіць сілас, падабаецца. Добрая тэхніка, кажа механізатар. А ён у гэтым пытанні спецыяліст. У розны час працаваў на машыне, аўтакране, цяпер вось — на трактары.

У гэтай мадэлі, праўда, кандыцыянера няма, ад спёкі ратаваўся з дапамогай замацаванага на працоўнай панэлі вентылятара. Гаспадарка паклапацілася. У спякотным маі-чэрвені работы шмат было. І культывавалі расліны, і арганіку ўносілі, і закрыццё вільгаці рабілі. Прыемна, што старанні не прайшлі дарэмна і кукуруза ўрадзіла. У полі, дарэчы, даводзіцца працаваць ад сямі да сямі. Пакуль не да адпачынку. Трактарыст кажа, што ў рабоце трэба быць уважлівым і спрактыкаваным. Вось ён працуе ў пары з камбайнерам, і трэба глядзець, каб зялёная маса сыпалася непасрэдна ў кузаў. Гэтаму можна навучыцца, калі працуеш старанна і сумленна. Моладзь і тая хутка прыстасоўваецца. Калі трэба, вопытны трактарыст заўсёды падкажа. «Галоўнае, каб была цяга да тэхнікі і жаданне працаваць», — лічыць суразмоўнік.

— Чым больш мы кармоў нарыхтуем, тым большай будзе прадукцыйнасць і, адпаведна, зарплата, — адзначае ён. — Своечасова ўбяром і грошы ў тэрмін атрымаем. Як працуеш, так і зарабляеш.

Віктар Гайкоў радуецца, што ў такой паважанай газеце, як «Звязда», да юбілею будзе яго фота. Сваё 60-годдзе ён адзначыць у пятніцу.

Наступны наш прыпынак — сіласныя ямы. Гаспадарка іх нарыхтавала ўжо болей чым дзясятак. Пакуль едзем, галоўны аграном расказвае, што ў найбліжэйшых планах.

— Пасеялі 450 гектараў азімага рапсу, сеем 500 гектараў азімай пшаніцы, 400 гектараў азімага ячменю, 200 гектараў азімага жыта, у апошнюю чаргу прыступім да пасеву 700 гектараў азімага трыцікале, — пералічвае ён. — У панядзелак ішло актыўнае ўзворванне пад пасеў, уносіліся ўгнаенні, працавала сеялка «Беразіна 9600», якая захоплівае адразу 9,6 метра. Два трактары падрыхтоўвалі глебу да сяўбы. Тэхніка выключна беларуская, тэхналагічная. А вось надвор'е і цяпер не для кожнага віду работ спрыяльнае. Для ўборкі кукурузы добрае, а вось для пасеву — не. Суха, няма вільгаці.

Паралельна вядзецца ўборка саломы з палёў. У рабоце задзейнічаны два прэсы. Непадалёк ад адной з ферм назіраем за закладкай кармоў. Сіласныя ямы зроблены паўсюль, дзе ёсць фермы, у тым ліку ў Мастку, Пашкаве, Калінавай.

Механізатар Дзмітрый Селяванаў працуе на пагрузчыку «Амкадор», трамбуе сілас. Ён таксама хваліць кукурузу, адзначае, што сёлета пачалі яе прыбіраць нават раней. Работа звыклая, нічога складанага, асабліва для сельскага чалавека. Дома ў Дзмітрыя свая гаспадарка. Прызнаецца, што сёлета трыцікале і ячмень нават на яго дамашніх сотках не так добра ўрадзілі, як летась. Засуха не дала наліцца коласу.

— Праца цяжкая, маіх аднагрупнікаў па Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі з тых, хто застаўся ў прафесіі, можна на пальцах адной рукі пералічыць, — расказвае галоўны аграном. — Трэба любіць сваю прафесію. Яна нялёгкая, вынікі шмат ад чаго залежаць. Клімат мяняецца, але не так істотна, каб нешта кардынальна прыйшлося мяняць у рабоце. Але з культурамі крыху трэба эксперыментаваць. Сланечнікі ў суседняй гаспадарцы спрабавалі вырошчваць, але вынік не парадаваў. У Кіраўскім раёне вырошчваюць, але па пагодных умовах з Магілёвам у іх амаль тыдзень разбежка ў работах. Там сеюць, а тут яшчэ, умоўна кажучы, снег ляжыць. Цукровыя буракі (200 гектараў) вырошчваем і здаём на перапрацоўку.

Ну а першарадная наша задача — накарміць жывёлу. Каб былі канцэнтраваныя і травяністыя кармы, кукурузны сілас. Рапс прадалі, шрот купілі. Гэта бялок для дойнага статка. А значыць, малака будзе больш, і, адпаведна, грошай у гаспадаркі.

Дырэктар ААТ «Палыкавічы» Аляксей Шуплякоў:

— На жаль, тое, што планавалася сабраць, сёлета не атрымалі. Збожжа сабралі прыблізна 80 працэнтаў ад планаванага. Засуха паўплывала, якая прыйшлася на май і чэрвень. Пасеялі аднагадовыя культуры (пайзу, рэдзьку), каб дазбіраць кармы. Кукуруза сёлета нядрэнная, ужо закладзена звыш 6 тысяч тон сіласу. Да 1 кастрычніка і сяўбу азімых, і ўборку кукурузы павінны закончыць.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Магілёўскі раён.


Яблычны сезон

У сельгаспрадпрыемствах і фермерскіх гаспадарках Брэстчыны збіраюць садавіну

Сады цяпер сустракаюць не толькі хараством сакавітых пладоў, але і трывалым яблычным водарам. Прыйшла пара ўборкі ўраджаю. У Брэсцкай вобласці, якая дае больш за палову валавога збору яблыкаў у краіне, і гаспадаркі, і фермеры прыступілі да збору вітаміннай прадукцыі.

Начальнік саду ААТ «Ружаны-Агра» Пружанскага раёна Вольга Гайдук сказала, што прамысловы сад у іх гаспадарцы займае 134 гектары, ён цалкам ахоплены сістэмай кропельнага паліву. Паводле слоў начальніцы саду, вырошчваюць у гаспадарцы толькі перспектыўныя, апрабаваныя сарты. Цяпер тут занятыя больш за два дзясяткі чалавек. Поўным ходам ідзе ўборка ранніх сартоў. Ураджай вязуць на закладку ў фруктасховішча. Частка яго адразу адгружаецца на рэалізацыю. Вольга Леанідаўна адзначае, што сёлета попыт на яблыкі вялікі, бо на прысядзібных участках, у адрозненне ад леташняга, яблыкаў няшмат.

У іншай гаспадарцы гэтага раёна — ААТ «Жураўлінае» — у фруктовым садзе збіраць ураджай пачалі перад выхаднымі. Самыя раннія сарты «каваленкаўскі», «аўксіс», «беларускі салодкі» ўжо ўбралі і вывезлі ў фруктасховішча. Масавая ўборка разгорнецца на гэтым тыдні. Садаводы здымуць з галін раннюю зімовую «фрыду», за ёй настане чарга позніх сартоў «імант», «алеся» і іншых.

У сельгаспрадпрыемстве плануюць сабраць звыш тысячы тон яблыкаў. Цяперашняе надвор'е спрыяе якаснай уборцы. Адначасова са зборам ураджаю сельгаспрадпрыемства ладзіць гандаль вітаміннай прадукцыяй. Смачныя яблыкі прадаюцца ў фірменных магазінах «Жураўлінага», адпускаюць іх пакупнікам побач з фруктасховішчам.

І яшчэ, як заўсёды, на гарачую пару ўборкі кіраўнікі сада «Жураўлінае» запрашаюць землякоў дапамагчы ў абмен на заробак і «жывыя вітаміны». Многія адклікаюцца.

Праблему рабочых рук на сезон уборкі ў садзе ААТ «Астрамечава» Брэсцкага раёна вырашаюць запрашэннем студэнтаў Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна. У гэтыя дні там працуюць дзве брыгады студэнтаў гістарычнага факультэта.

— Для асенніх студатрадаўцаў гэта добрая нагода зарабіць грошай і крыху прадоўжыць летнія канікулы, — расказаў кіраўнік саду Віктар Пастухоў. — Даўняя практыка нашай гаспадаркі — запрашаць студэнтаў на час уборкі садавіны — сябе апраўдвае. Партнёрскія адносіны гаспадаркі з навучальнай установай працягваюцца шмат гадоў. Сёння штораніцы заступае на работу дзве брыгады па дзесяць чалавек. Студэнты забяспечваюцца гарачымі абедамі. Зарплатай яны, як правіла, застаюцца задаволеныя, працуюць добра. А ўсяго ў садзе кожны дзень працуе да сарака чалавек. Сабрана ўжо звыш 320 тон яблыкаў. І з кожным днём уборка набірае размах.

Сад у Астрамечаве займае 150 гектараў, правільней сказаць, тая яго частка, якая пладаносіць. Яшчэ на дзясятку гектараў падрастае малады сад. Сёлета раннія сарты пачалі ўбіраць яшчэ ў канцы жніўня. Усяго плануецца сабраць за сезон каля 2700 тон яблыкаў. Уборка будзе ісці да лістапада.

У астрамечаўскім садзе вырошчваецца паўтара дзясятка сартоў яблыкаў беларускай і замежнай селекцый. Найлепшыя плады закладваюцца ў сховішчы, ідуць на продаж, іншыя накіроўваюцца на прамысловую перапрацоўку. «Астрамечава» традыцыйна адгружае вітамінную прадукцыю школам, садкам, частка пастаўляецца на экспарт.

Увесь сад гаспадаркі займае больш за дзве сотні гектараў. Акрамя яблыкаў тут вырошчваюць чарэшні, слівы, абрыкосы, алычу, вінаград. Кажуць, што хутка будзе вінаград. Яго пачнуць збіраць у верасні. Астрамечава мае сваю вытворчасць, тут выпускаюць не толькі яблычны, але і яблычна-вінаградны сок.

Самыя буйныя яблычныя плантацыі ў Брэсцкім раёне мае гаспадарка з адпаведнай назвай — ААТ «Аграсад «Світанне». Тут штогод збіраюць больш за чатыры тысячы тон пладоў. З кожнага гектара атрымліваюць звыш 300 тон яблыкаў. У стабілізацыйны фонд вобласці названае сельгаспрадпрыемства закладвае найбольшую колькасць пладоў. Аграсад прадае прадукцыю на асенніх кірмашах, пастаўляе ў розныя гандлёвыя арганізацыі.

Сад пастаянна абнаўляецца, старыя дрэвы выкарчоўваюць, вясной садзяць маладыя яблыні. Раней вырошчвалі некалькі дзясяткаў сартоў, цяпер спыніліся на некалькіх, што карыстаюцца найбольшым попытам у спажыўцоў. З беларускіх найбольш ахвотна ў вытворцаў купляюць «дарунак», «імант», «поспех», іх і вырошчваюць. Уборка нарошчвае тэмпы. Першыя партыі яблыкаў адгружаныя гандлёвым арганізацыям.

Як паведамілі ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама, у 2022 годзе сельгасарганізацыямі і фермерскімі гаспадаркамі краіны атрымана 216,2 тысячы тон яблыкаў. З іх 122,8 тысячы тон (на 17,7 працэнта больш за ўзровень 2021 года) — на рахунку Брэсцкай вобласці.

У рэгіёне пад пладова-ягаднымі культурамі ў сельгасарганізацыях і фермерскіх гаспадарках занята 8029 гектараў. З іх 3762 гектары, альбо 47 працэнтаў, — у сельгасарганізацыях. У названыя плошчы, акрамя семечкавых культур, уваходзяць125 гектараў костачкавых культур і 2936 гектараў ягаднікаў.

Валавы збор пладоў і ягад у вобласці склаў летась 128,3 тысячы тон, што на 17,4 працэнта перавысіла ўзровень папярэдняга года. Сёлета плануеццца сабраць не менш за мінулагодні ўзровень.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара і з адкрытых крыніц.


У бульбяным краі

Гаспадаркі Віцебшчыны актыўна ўбіраюць другі хлеб

На ўчарашнюю раніцу беларускія аграрыі паклалі ў сховішчы больш за 145 тысяч тон бульбы пры сярэдняй ураджайнасці 358,1 цэнтнера з гектара. Адным з першых у паўночным рэгіёне да ўборкі прыступіў Віцебскі занальны інстытут сельскай гаспадаркі (ВЗІСГ) НАН Беларусі, у якім вырошчваюць 11 сартоў бульбы беларускай селекцыі ў сямі рэпрадукцыях.

ВЗІСГ на Віцебшчыне з'яўляецца адзінай установай, дзе бульбу з высокімі якасцямі смаку размнажаюць мікракланальна на аснове найноўшых дасягненняў біятэхналогіі. Гэта па-навуковаму, простымі словамі — бульбу спецыялісты вырошчваюць у прабірках, што мінімізуе заражэнне караняплодаў вірусамі, а потым пераносяць чыстыя клубні на палі.

Сёлета віцебскіх аграрыяў асабліва радуе ўраджайнасцю ружовы «маніфест», з гектара атрымліваюць па 30 тон караняплодаў. Гэты сорт выгадна паказаў сябе сёлета ў экстрэмальных умовах надвор'я, не паўплывала на вынік засуха. Сталовы сорт «маніфест» добра падыходзіць для смажання і варэння, даволі доўга не губляе свой унутраны крэмавы колер. Запатрабаваны на айчынным рынку і насенны матэрыял сартоў «брыз» і «скарб», усяго занальны інстытут штогод рэалізоўвае насельніцтву каля 300 тон бульбы. Астатні ўраджай накіроўваецца ў сельскагаспадарчыя прадпрыемствы паўночнага рэгіёна краіны, у гандлёвыя сеткі, установы адукацыі. Актыўна рэалізоўвае гародніну і фірменная крама інстытута «Аграрны», якая знаходзіцца ў аграгарадку Тулава Віцебскага раёна.

Пасля бульбакапальнага камбайна клубні перамяшчаюць у бульбасховішча. Там караняплоды праходзяць першую ачыстку, а пасля застаюцца на адаптацыю і ахаладжэнне на 14—20 дзён. Сарціроўка бульбы пачынаецца пасля таго, як лупіна памацнее.

Пад другі хлеб у Віцебскім занальным інстытуце сельскай гаспадаркі ў бягучым сезоне адведзена 42 гектары, уборку аграрыі ажыццяўляюць сваімі сіламі. Установа вядзе падтрымальную селекцыю і адначасова вучоныя шукаюць новыя сарты, якія падыходзяць пад кліматычныя ўмовы вобласці і спрыяюць павышэнню ўраджайнасці ў гаспадарках на 20—25 працэнтаў. У сваёй дзейнасці спецыялісты робяць акцэнт не на вялікім танажы, а на атрыманні якаснай насенняводчай фракцыі. Захаванне тэхналогій на кожным этапе палявых работ — прыярытэтны напрамак дзейнасці навуковай арганізацыі, якая нясе адказнасць за якасны пасадачны матэрыял не толькі для віцебскіх гаспадарак, але і для ўсёй краіны. Вось і цяпер да рэалізацыі рыхтуюцца тры навінкі. Новыя сарты «умка» і «гарантыя» пакуль знаходзяцца ў цяпліцах, а ў гадавальніку папярэдняга размнажэння знаходзіцца «мастак», над якім віцебскія вучоныя працуюць ужо не першы год. Менавіта ВЗІСГ адным з першых на айчынным рынку пачне рэалізоўваць дадзены сярэдняранні сталовы сорт — ужо налета. А восенню інстытут прапануе насельніцтву сярэдняспелы «лель» — ён найбольш падыходзіць да перапрацоўкі на хрусткую бульбу, па-простаму — на бульбу фры. Дарэчы, на Талачынскім кансервавым заводзе ўжо актыўна працуе такая лінія вытворчасці, таму патрэба ў замежных аналагах фры ўжо не настолькі вялікая.

Як расказаў вучоны сакратар Віцебскага занальнага інстытута Алег Раўбіс, эксперыменты працягваюцца. Цяпер вучоныя працуюць над двума сартамі фіялетавай бульбы, якія аптымальна падыходзяць для лячэбнага дыетычнага харчавання.

Бульба — не адзіная культура, на якой спецыялізуецца аграрная ўстанова. Хлебаробам яшчэ трэба пасеяць каля 400 гектараў азімых пшаніцы, ячменю, жыта і трыцікале. Сваёй чаргі на ўборку чакае грэчка, яе тэрмін — канец верасня — пачатак кастрычніка.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота «Витьбичи»

Выбар рэдакцыі

Жыллё

У сталіцы любяць аднапакаёўкі. А Брэст, Гомель і Гродна аддаюць перавагу двухпакаёваму жыллю

У сталіцы любяць аднапакаёўкі. А Брэст, Гомель і Гродна аддаюць перавагу двухпакаёваму жыллю

Лета 2023-га ўстанавіла рэкорд за апошнія дзесяць гадоў па актыўнасці рынку нерухомасці.

Рэгіёны

Як жыхары і службы Віцебска змагаюцца са снежнай стыхіяй

Як жыхары і службы Віцебска змагаюцца са снежнай стыхіяй

У барацьбе са снегам былі задзейнічаны больш за 350 чалавек і 110 адзінак тэхнікі.