Навукова даказана, фізіяпрацэдуры не толькі дапамагаюць прадухіліць развіццё многіх захворванняў, але і выдатна аднаўляюць арганізм пасля перанесеных хвароб. Да іх адносіцца і электрасон. Што ўяўляе з сябе такая працэдура і каму яна паказаная? Пра гэта расказвае ўрач-рэабілітолаг, загадчык аддзялення медыцынскай рэабілітацыі 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Мінска Любоў Лонская.
Як гэта працуе?
— Электрасонтэрапія — метад лячэбнага ўздзеяння на структуры мозгу імпульсным токам пераважна прамавугольнай формы, нізкай частаты (1 — 160 Гц), малой сілы (да 10 мА). У аснове механізма дзеяння электрасну ляжаць нервова-рэфлекторны і непасрэдны, прамы ўплыў току на ўтварэнні мозгу. Пранікаючы праз адтуліны вачніц і распаўсюджваючыся па сасудах, ток дасягае падкоркавых утварэнняў і іншых структур галаўнога мозгу, — тлумачыць урач.
Падчас змушанага адпачынку ў нашым галаўным мозгу актывізуюцца аднаўленчыя працэсы, што дабратворна адбіваецца на ўсіх сістэмах арганізма. Пры гэтым у нервовых клетках узмацняецца выпрацоўка эндарфінаў — гармонаў шчасця, якія паляпшаюць настрой і аказваюць абязбольвальнае дзеянне.
Працэдуру праводзяць у асобным кабінеце, які добра праветрываецца, у абсалютнай цішыні або ў суправаджэнні спакойнай музыкі. Пацыента просяць зняць шчыльнае адзенне, легчы на кушэтку і абгарнуцца коўдрай.
Для падвядзення току выкарыстоўваецца спецыяльная маска, на якой размешчаны чатыры металічныя кубачкі. Два з іх пры дапамозе правадоў злучаныя з катодам генератара, іншыя два — з анодам. Маску накладваюць на вочы пацыента. Кубачкі пры гэтым размяшчаюць на вачніцах і на скронях. Пры дапамозе рамянёў канструкцыю замацоўваюць на патыліцы. Пад кубачкі падкладаюць ватныя тампоны, змочаныя цёплай вадой. Медработнік выстаўляе патрэбную частату імпульсаў і ўключае апарат. Сіла току дазіруецца індывідуальна па адчуваннях пацыента. Павольна паварочваючы ручку генератара, спецыяліст паступова павялічвае значэнне параметра датуль, пакуль пацыент не адчуе ў зоне вачэй слабую вібрацыю.
У электрасонтэрапіі ўмоўна вылучаюць дзве фазы. Першая — так званы перыяд тармажэння, які праяўляецца падчас правядзення працэдуры. У гэтым стане пацыент упадае ў дрымоту. Прычым рэакцыя на працэдуру ва ўсіх людзей розная.
— Некаторыя спяць на працягу ўсяго часу сеанса, іншыя засынаюць адразу пасля яго заканчэння, трэція палову працэдуры электрасну не спяць, а другую палову дрэмлюць. У перыяд тармажэння ў пацыента памяншаецца частата скарачэнняў сэрца, дыханне становіцца больш рэдкім і глыбокім, зніжаецца артэрыяльны ціск, — расказвае ўрач.
Другая фаза — перыяд актывацыі, у большасці пацыентаў надыходзіць праз паўгадзіны або гадзіну пасля заканчэння працэдуры і характарызуецца павышэннем працаздольнасці, зніжэннем стамляльнасці, паляпшэннем настрою.
Да лячэбных эфектаў электрасну, акрамя павелічэння фізічнай і разумовай працаздольнасці, адносяцца аслабленне сімптомаў неўралагічных захворванняў, памяншэнне болевага сіндрому, нармалізацыя працэсаў кровазвароту і ўзроўню артэрыяльнага ціску, паляпшэнне абмену рэчываў, павелічэнне рэзервовых магчымасцяў арганізма, паляпшэнне функцыі эндакрынных органаў.
Паказаннямі да лячэння электрасном з'яўляюцца неўрозы, вегетатыўная дыстанія, наступствы запаленчых захворванняў мозгу, чэрапна-мазгавая траўма, артэрыяльная гіпертэнзія 1 і 2 ст., першасная артэрыяльная гіпатанія, бранхіяльная астма, язвавая хвароба страўніка і дванаццаціперснай кішкі, пашкоджанні скуры (псарыяз, нейрадэрміт, экзэма), энурэз, заіканне, ішэмічная хвароба сэрца 1 і 2 функцыянальнага класа, у тым ліку перыяд рэабілітацыі пасля інфаркту міякарда, гарманальныя парушэнні, розныя болевыя сіндромы, таксікоз другой паловы цяжарнасці.
Электрасонтэрапія паказаная практычна пры ўсіх захворваннях, бо любая хвароба або паталагічны працэс у арганізме парушаюць функцыянальны стан цэнтральнай нервовай сістэмы, адаптацыйна-прыстасавальныя механізмы, корціка-вісцэральныя ўзаемаадносіны.
Працэдуры электрасну прызначаюцца штодня, або праз дзень, на курс 10-15 уздзеянняў. Працягласць першых сеансаў можа складаць 15-20 хвілін. Паступова час уздзеяння павялічваюць да 30-40-60 і нават 90 хвілін, у залежнасці ад асаблівасцяў нервовай сістэмы хворага і характару паталагічнага працэсу. Гэтым жа вызначаецца і падбор частаты імпульсаў.
У дзяцей электрасон звычайна ўжываюць з 3-гадовага ўзросту, праводзяць яго пры нізкіх частотах, меншай сіле току, меншай працягласці.
Пры неабходнасці электрасон прызначаюць паўторна не раней, чым праз 2-3 месяцы.
Працэдуры электрасну сумяшчальныя ў адзін дзень са шматлікімі фізіятэрапеўтычнымі ўздзеяннямі, не сумяшчальныя з тэрапіяй іншымі імпульснымі токамі (ДДТ, СМТ і іншыя), лекавым электрафарэзам і гальванізацыяй, некаторымі ваннамі.
Працэдура проціпаказаная пры індывідуальнай непераноснасці току, запаленчых захворваннях вачэй, высокай ступені блізарукасці, адслойванні сятчаткі, няспелай катаракце, экзэме і дэрматыце на скуры твару, істэрычным неўрозе, эпілепсіі, наяўнасці металічных прадметаў у тканках мозгу, вочнага яблыка, поласці сярэдняга вуха, а таксама пры агульных супрацьпаказаннях да фізіятэрапіі.
Алена КРАВЕЦ
Лета 2023-га ўстанавіла рэкорд за апошнія дзесяць гадоў па актыўнасці рынку нерухомасці.
У барацьбе са снегам былі задзейнічаны больш за 350 чалавек і 110 адзінак тэхнікі.