Паўднёвы курорт, мора і сонца... Калі выпадае беларусам убачыць тыя глянцавана-рэкламныя пейзажы, то праз наш характар, зануранасць ва ўласныя рэфлексіі атрымаць асалоду ад душэўнай і цялеснай разгрузкі рэдка атрымліваецца напоўніцу. Згадаем хаця б аповесць «І сніўся сон...» Алеся Жука, герой якой на курорце аддаецца ўспамінам аб прамінулым каханні.
У гэтым сэнсе гераіня апавядання Наталлі Ніканчук нетыповая беларуска, бо выдатна ўмее атрымліваць асалоду тут і цяпер. У тым ліку — ад мужчынскай увагі. Чытанне для адпачынку, якое дадасць крыху сонца ў чаканыя восеньскія халады. Настальгічна ўспамінаць уласныя курортныя прыгоды не забараняецца.
Наталля Ніканчук — аўтар зборніка вершаў «Любоў — крылатая істота», дэтэктыўнага рамана «Иоланта», кнігі прозы «...Кранаючы неба рукамі». Лаўрэат абласных і рэспубліканскіх літаратурных конкурсаў. Жыве і працуе ў горадзе Горкі Магілёўскай вобласці.
Алена БРАВА
Вось чаму так адбываецца? Жывеш сабе, жывеш, удзень ходзіш на працу, увечары мыеш посуд, прасуеш бялізну, робіш нейкія нарыхтоўкі на зіму і ўвесь час марыш пра тое, каб да цябе нарэшце даляцела хоць адна невялічкая страла Амура. А бывае наадварот: нічога такога нават у думках не трымаеш, а тут — бац, трапляеш пад сапраўдны амурны абстрэл. Магчыма, гэта выпадковасць, збег абставін. А можа, і не...
Здарылася гэта падчас майго адпачынку ў Турцыі. На дзявятага верасня, нядзелю, было запланавана марское падарожжа на вялікім катамаране. Да порта Кемера дабіраліся аўтобусам хвілін сорак. Адразу ў вочы кінулася вялікая колькасць караблёў, што стаялі каля прыстані. Тут былі традыцыйныя турэцкія гулеты — двухмачтавыя парусныя судны, аздобленыя на сучасны лад, шыкоўныя трохмачтавыя паруснікі, яхты і лодкі розных памераў. Паруснікі ўпрыгожвала спецыфічная сімволіка ? у асноўным, выявы герояў кінафільма «Піраты Карыбскага мора», асабліва часта выкарыстоўваўся вобраз знакамітага Дэйві Джонса — капітана «Лятучага Галандца». То тут, то там мільгалі выявы Джэка Вераб'я ў самых розных інтэрпрэтацыях.
Вялікі катамаран каля прыстані быў пазбаўлены такіх экзатычных упрыгожванняў і нагадваў хутчэй велічэзны плавальны сродак часоў Савецкага Саюза, чым пірацкае судна. Быў ён няўклюдны, крыху пашарпаны. Мы дачакаліся сваёй чаргі выхаду з порта і, зрабіўшы некалькі моцных гудкоў, катамаран адправіўся ў падарожжа.
У пачатку верасня, як правіла, на турэцкім узбярэжжы добрае надвор'е. Прагрэтае сонцам паветра і такое ж цёплае Міжземнае мора прывабліваюць турыстаў з усяго свету. Сюды едуць з суседніх краін Бліжняга Усходу, з Еўропы і, канешне ж, з Расіі. Я разлічвала, што падчас падарожжа буду загараць на верхняй палубе і адначасова любавацца цудоўнымі марскімі пейзажамі. Але праз хвілін дваццаць пасля таго, як мы пакінулі порт, надвор'е сапсавалася. Пайшоў дробны дожджык. Далей стала яшчэ горш, пачалі бліскаць маланкі. Не надта моцна, але пагрымвала. Прыйшлося мяняць свае планы і тэрмінова спускацца на другую палубу, дзе мела адбыцца пенная вечарына.
Мне падавалася, што гэтая забава толькі для дзяцей. Але праз некаторы час меркаванне змянілася. Адзін даволі прыемны цёмнавалосы чалавек запрасіў мяне патанцаваць, і паступова я ўвайшла ў смак.
Тут трэба патлумачыць, што я вельмі люблю танцаваць. Калі чую добрую музыку, ногі самі пускаюцца ў скокі. Так мы і бавілі час: танчылі, потым на нас паляцелі шматкі лёгкіх белых бурбалак, і амаль усе прысутныя пакрыліся пенай. Памятаю, з усіх бакоў мігцелі ліхтарыкі працуючых камер — мяне фатаграфавалі, але гэта не замінала. Я адчувала сябе свабоднай і шчаслівай.
Мой партнёр па танцах, як высветлілася, быў з Ірака. Звалі яго Ахмет. Гэта ўсё, аб чым я змагла даведацца напачатку, бо ні ён, ні я не размаўлялі на міжнароднай мове зносін, то-бок па-англійску. Яго электронны перакладчык чамусьці ўвесь час даваў збоі, а я нават і не намагалася нешта перакладаць на сваім старым мабільным тэлефоне. Ён быў у марской вандроўцы са сваімі сябрамі-іракцамі, і калі мяне прадстаўляў ім, то сказаў проста: «My frіend». Потым усе, хто адпачываў на судне, пайшлі купацца, для гэтага быў зроблены прыпынак, і нам выдалі спецыяльныя плавальныя сродкі — кругі, зробленыя са шчыльнага пенапласту.
Мы з Ахметам купаліся разам у цёплай цёмна-сіняй вадзе. Звычайна празрыстая альбо светла-бірузовая вада Міжземнага мора ў гэтым месцы была як быццам пафарбавана сінькай. Размаўляла я са сваім залётнікам на мове жэстаў і мімікі. Так і даведалася, што ў яго на радзіме ёсць жонка і дзве дачкі, а тут ён адпачывае з сябрамі ў Анталіі. Калі марская вандроўка закончылася і я сышла на бераг, чамусьці не заўважыла Ахмета ў натоўпе.
Зваротны шлях прынёс новыя сюрпрызы. Да мяне пад'ехаў шыкоўны белы аўтамабіль. Даволі салідны мужчына з сівымі вусамі прапанаваў падвезці да гатэля. «А чаму б і не? Невядома, калі яшчэ будзе той запланаваны аўтобус», — падумала я.
Арыкан, так ён прадставіўся, ехаў павольна, нават вельмі павольна — відавочна, каб расцягнуць час нашага сумеснага знаходжання ў аўто. Але гэтыя хітрыкі не надта дапамаглі яму ў амурных справах. Арыкан крыху размаўляў па-руску, і я зразумела, што ён пастаянна жыве тут, у Турцыі, і прыблізна аднаго ўзросту са мной — каля пяцідзесяці.
Гэта толькі маладым здаецца, што ў пяцьдзясят жыццё заканчваецца. Скажу вам па сакрэце: у пяцьдзясят яно ніколькі не горшае, чым у сорак альбо ў трыццаць. Менавіта ў гэтым залатым узросце пачынаеш цаніць шчырасць пачуццяў, цяпло чалавечай душы.
Увесь той прамежак часу, пакуль мы ехалі з Кемера да мястэчка Бельдзібі, дзе я адпачывала, Арыкан жаліўся на свой няўдалы лёс і навешваў мне на вушы іншую «локшыну». Гаварыў, як яму дрэнна жывецца, такому адзінокаму, хоць і забяспечанаму чалавеку. Закончылася яго палымяная прамова прапановай застацца тут, у Турцыі, назаўжды. «І мы будзем жыць разам, удваіх, у прыгожым доме на беразе мора».
Я не была гатова да такіх радыкальных змен у сваім жыцці, таму другая страла Амура таксама праляцела міма майго сэрца. Наадварот, я папрасіла свайго спадарожніка спыніць аўто і пайшла далей па вуліцы пешшу, тым больш што да майго гатэля было ўжо рукой падаць. Ішла паволі, разглядваючы вітрыны з жаночым адзеннем і ўпрыгожваннямі. І раптам мой позірк упаў на ланцужок у выглядзе залатой і сярэбранай пляскатай коскі. Пра такое ўпрыгожванне я марыла даўно, спадзявалася калі-небудзь яго набыць.
Я зайшла ў ювелірную краму. О Божа, гэта было менавіта тое, што я шукала! І грошай у мяне якраз хапала. Я набыла цудоўную рэч і... атрымала спробу пазнаёміцца ад прадаўца ўпрыгожванняў. Дарэчы, яго звалі Арзу, што ў перакладзе на беларускую мову азначае «жаданне». Вось і мая даўняя мара здзейснілася дзякуючы Арзу. Я шчыра ўсміхнулася яму на развітанне і пайшла далей.
Але гэты дзень яшчэ не скончыўся. Дзякуючы сэрвісу «ўсё ўключана», які дзейнічаў у нашым гатэлі, я пазнаёмілася з чацвёртым прэтэндэнтам на маё сэрца. Як высветлілася потым, Арслан працаваў кальяншчыкам у Latte Beach Hotel, дзе я адпачывала. Пазнаёміліся мы такім чынам. Калі я вярнулася з вандроўкі, то адчула смагу і зайшла па бясплатныя напоі, якія нам штодня прапаноўвалі ў сталоўцы і буфеце. Пакуль я напаўняла пляшку пітной вадой, да мяне падышоў знаёмы афіцыянт і перадаў невялікую скамечаную цыдулку. Там было надрапана друкаванымі рускімі літарамі, што са мной хоча пазнаёміцца кальяншчык, якога завуць Арслан. «У перакладзе з турэцкай гэта азначае «леў», — дадаў ад сябе афіцыянт.
Арслан зусім не быў падобны на драпежнага звера. Звычайны хударлявы цёмнавалосы мужчына з добразычлівай усмешкай. Арслан быў на дзіва сарамлівы, ён нават баяўся глядзець мне ў твар падчас нашай размовы і адводзіў позірк убок, як быццам яго вочы натыкаліся на асляпляльнае святло. Гэта было па-дзіцячы наіўна і міла. Але страла Амура і на гэты раз мяне абмінула.
Перад вячэрай я вырашыла пайсці на мора, балазе пляж знаходзіўся метраў за трыста ад гатэля. Мора ў нашым курортным пасёлку было зусім іншым, не такім сінім, як у бухце, куды заходзіў прагулачны катамаран з Кемера. У Бельдзібі яно было амаль што белым, вельмі салёным. Ад гэтага, як мне здаецца, яшчэ больш карысным і нават лячэбным. У такім «белым» моры было прыемна плаваць, шчыльная вада трымала цела на паверхні.
Менавіта тут, на прыбярэжнай паласе Міжземнага мора, дзе велізарная гара Тахталы, як адказны вартавы, упарта ўглядалася ў даль, а сонца ўжо кацілася да захаду, я і сустрэла яго... Талай-хан — тутэйшы бог вады і акіяна — калыхаў нас на вялікіх пругкіх хвалях, як быццам падштурхоўваючы да знаёмства. Не памятаю, хто першым пачаў гутарку. Я на грэбяні сённяшняй сваёй неверагоднай папулярнасці ў мужчын ці ён. Хутчэй за ўсё першымі загаварылі нашы вочы і вусны, бо мы адразу ўсміхнуліся адно аднаму. А потым ужо прамовілі словы прывітання.
Яго звалі Армаган — «асаблівы падарунак», калі па-турэцку. І гэта быў сапраўдны падарунак лёсу. Бо мужчына быў падобны на маладога бога кахання Амура. Бездакорны профіль, цёмныя валасы, загарэлая скура. Ён быў амаль удвая маладзейшы, але праяўляў жывую цікаўнасць да мяне. Мы разам плавалі, ныралі, і часам нашы рукі сутыкаліся пад вадой. І тады яго пальцы цвёрда і настойліва сціскалі маю далонь, як быццам патрабавалі большай, сапраўднай жаночай ласкі. Але я не здавалася так лёгка. Быццам дураслівая котка, прымала сваю далонь і зноў плыла кудысьці ў глыбіню, каб там, нібыта ненаўмысна, зноў сустрэць яго рукі...
Так мы даволі доўга гарэзавалі, а потым, стаміўшыся, выйшлі на бераг. Ён нешта казаў па-турэцку, але я нічога не разумела. Адно мне было ясна: ён назначаў мне спатканне тут, на пляжы, сёння ўвечары.
Магчыма, шчыльнасць стрэлаў Амура зашкальвала ў той дзень, і таму здарылася неверагоднае: лежачы тут, на амаль пустым турэцкім пляжы, я неяк не заўважыла яе — пятую стралу Амура — і выпадкова прапусціла ў сваё
сэрца.
Божа, навошта я гэта зрабіла! Я пайшла ў гатэль, а страла рэзала і назаляла. Я не магла забыцца, як мы разам плавалі, трымаючыся за рукі, як гарэлі яго вочы, якім прыгожым і шчырым быў яго смех. Мне здавалася, што я трапіла ў нейкае іншае вымярэнне... «У яго былі такія далікатныя і патрабавальныя пальцы, яго позірк быў такім ласкавы і хвалюючы, нязвыклы тэмбр яго голасу прыемна казытаў нутро».
Мы дамовіліся сустрэцца ў дзевяць гадзін вечара. Я хуценька пабегла ў гатэль, каб пераапрануцца і павячэраць. Але трэба ж было такому здарыцца, што менавіта ў гэты дзень, тут, у Турцыі, я ўбачыла сваю добрую знаёмую, якая ішла мне насустрач! «Таша, як я рада цябе бачыць! Даўно адпачываеш? А я вось толькі з аэрапорта. Як добра, што цябе сустрэла, — тараторыла безупынку знаёмая. — А ў мяне сёння юбілей, ты памятаеш? Я хацела адсвяткаваць яго менавіта тут, у Бельдзібі».
Я нацягнута ўсміхалася, ківала галавой, нешта адказвала неўпапад, а сама ўсё яшчэ была на іншай хвалі, у іншым космасе. «Ды што з табою, сяброўка? Ты зусім мяне не слухаеш. Не закахалася ты тут часам?» — здзіўлена запыталася юбілярка. Менавіта гэтае пытанне ацверазіла мяне. «Так, я закахалася, — падумала я, — але ж трэба неяк з гэтым спраўляцца. Проста трэба перажыць гэты дзень!..»
Потым мы святкавалі дзень нараджэння маёй прыяцелькі: курылі кальян, прыгатаваны ўсё тым жа закаханым у мяне Арсланам, пілі віно, танчылі, нас запрашалі ў свой круг Айкут, Адэм і Атмаджа, і зноў нешта пілі і елі... Я разумела, што ўсё скончана, што прайшло вельмі шмат часу. Што Армаган, напэўна, ужо даўно пайшоў і мне няма на што спадзявацца.
Позна вечарам вялікай гаманлівай кампаніяй мы пайшлі прагуляцца па набярэжнай, і раптам я заўважыла адзінокую мужчынскую постаць на пляжы, на тым самым месцы, дзе мы дамаўляліся сустрэцца. Гэта быў ён — Армаган, ён чакаў мяне ўвесь гэты час... Але ў мяне не хапіла смеласці па-
дысці.
На наступны дзень я вярталася ў Беларусь. Самалёт прабег па ўзлётнай паласе, адарваўся ад зямлі і пачаў набіраць вышыню. І тады вяліія горы Усходні Таўр пачалі ўвачавідкі памяншацца ў памерах, пакуль не сталі маленькімі, пакатымі ўзгоркамі. А велічэзнае Міжземнае мора з вышыні палёту паветранага лайнера падалося невялікай блакітнай лужынай на бязмежнай прасторы Зямлі.
Мой першы адпачынак у Турцыі скончыўся. Усё было добра, але тая пятая страла Амура, якую я прапусціла ў сваё сэрца там, у Бельдзібі, назаляе мне да гэтага часу.
Лета 2023-га ўстанавіла рэкорд за апошнія дзесяць гадоў па актыўнасці рынку нерухомасці.
У барацьбе са снегам былі задзейнічаны больш за 350 чалавек і 110 адзінак тэхнікі.