Вы тут

Як беларускія літаратары адгукнуліся на 17 верасня 1939 года на старонках друку


Дзень, калі Заходняя Беларусь нарэшце злучылася з Усходняй, беларусы чакалі па абодва бакі мяжы. Зразумела, пісьменнікі і паэты адразу адгукнуліся на гэтую доўгачаканую падзею. Яшчэ ў 1936 годзе Янка Купала ў вершы «Якубу Коласу» піша:

«Ды веру: хутка, незадоўга,

У непрымушанай ахвоце,

З табой нябеснаю дарогай

Мы паляцім на самалёце.

Мы паляцім над Нёман сіні,

Над бор, ад князя ўжо свабодны,

Заглянем, хто жыве ў хаціне,

Дзе жыў ты, брат, з жыццём нязгодны».


Родныя мясціны Якуба Коласа апынуліся па той бок мяжы, у панскай Польшчы, там засталіся і многія яго сваякі. У 1919 г. Колас пісаў:

«Благаславёны час той будзе,

Калі я ў родным сваім людзе

Куточак бацькаў прывітаю

І радасць жыцця там пазнаю».

Той час прыйшоў праз дзесяцігоддзі... Не дзіва, што Колас адным з першых вітаў Дзень яднання, і рабіў ён гэта на першай паласе газеты «Звязда» ад 19 верасня 1939 года: «Браты Заходняй Беларусі! Я хачу, каб вы пачулі мой голас і словы мае, што ідуць ад шчырага сэрца. Больш дваццаці гадоў нас разлучала граніца, рассекшы на дзве часткі жывое цела народа, яго зямлю... З акна вагона бачыў я тыя мясціны, па якіх ужо даўно тысячы разоў хадзілі мае ногі. Пачуццё горычы сціскала мне сэрца, калі пазіраў я на вузенькія палоскі, на ўбогія хаты, на прыбітыя горам невясёлыя постаці маіх братоў. Нярадасныя, даўно забытыя перажыванні паўставалі зноў. Я напісаў тады вам прысвячэнне «З дарогі», якое быць можа да вас і не дайшло.

Па сходзе многіх дзён

Я зноў зірнуў у вочы родным долам —

Зняменне, ціш і сон,

Убожства і прыгон.

За крыжам крыж, астрогі ды касцёлы...

Дзе ж посулы паноў,

Іх лёкаяў аб роўнасці, аб волі?

У дзвэнканні званоў,

У звоне кайданоў,

У свісце бізуноў,

У голадзе, асадніцтве, падполлі.

Браты! Адбыўся суд гісторыі. Жудасным акордам трывогі, слёз, пакуты, знішчэння і смерці канчаецца панскае панаванне».

Але «Звязда», хоць і не было тады такіх аператыўных сродкаў сувязі, як сёння, яшчэ і ў папярэднім нумары, за 18 верасня 1939 года, адгукнулася на гарачыя падзеі. Нумар выйшаў пад лозунгам «Ніякія межы, ніякія пагранічныя слупы больш не падзеляць, не пасякуць на часці нашу родную зямельку-Беларусь». На першай паласе — верш Петруся Броўкі «Заходнім беларусам»:

«Палілі вас агнём, знішчалі вас мячом,

Не смелі гаварыць вы моваю сваёй,

Вы плакалі крывёй пад панскім бізуном,

За вас хварэлі мы і сэрцам і душой».

«Аж дваццаць год рыдала горка маці»

Але самым насычаным творамі пісьменнікаў і паэтаў стаў тэматычны нумар «Звязды» за 19 верасня. Акрамя Якуба Коласа, на тэму з'яднання Беларусі выказаліся іншыя вядомыя дзеячы культуры. Пятро Глебка друкуе верш «Родным братам»:

«Родны брат мой, таварыш гаротны,

Сонца праўды і волю вітай,

Станавіся ў шарэнгі свабодных

Будаваць свой разбураны край!»

Верш Анатоля Астрэйкі называецца «Сустрэча», ён апісвае, як пасля вызвалення Заходняй Беларусі сустрэліся маці і сын, якія апынуліся па розныя бакі мяжы:

«Аж дваццаць год не бачыўся Васіль,

Аж дваццаць год рыдала горка маці.

І ў сэрцы не хапала болей сіл,

І слоў было ёй мала для прыняцця;

Мяжа, несправядлівая мяжа

На часткі дзве разрэзала краіну.

Вунь там палі шырокія ляжаць

Радзімы нашай, дарагой, адзінай.

А ў месца роднае не пойдзеш ты,

На ўзмежку пан пракляты круціць вусы.

Калючым дротам сплецены кусты

І ланцугамі скуты рукі беларуса».

У «Звяздзе» за 21 верасня 1939 года зноў выступае Пятрусь Броўка з вершам «Кліч народа»:

«Беларусь, сястра з заходу,

Чуцен кліч твайго народу,

Ты паўстала для расплаты,

З крывасмокамі — панамі,

Ліхвярамі,

Махлярамі.

...Б'еш касой, сякерай вострай,

Каб жылі бацькі і сёстры,

Каб пазбавіцца навечна

Долі горкае лапцюжнай,

Б'еш ты дружна,

Б'еш ты мужна!»

У «Звяздзе» за 22 верасня Якуб Колас друкуе свежы, напісаны 21 верасня, верш «Свайму народу»:

«На прастор, на шырокі разлог

Выхадзі, мой народ, грамадою:

Сотні новых і ясных дарог

Рассцілае жыццё прад табою».

У тым жа нумары Змітрок Бядуля піша пра росквіт беларускай савецкай мастацкай літаратуры, «у той час як за апошнія два дзясяткі год у Заходняй Беларусі было цалкам задушана роднае слова, калі там зачыняліся беларускія школы, і нашы родныя браты былі кінуты ў жудасную цемру».

26 верасня ў «Звяздзе» выступае Эдзі Агняцвет з вершам «Вітанне сёстрам і братам»:

«На шэрым, спрытным скакуне

Памчаўся любы мой.

Ляці, ляці на радасць мне

Дарогаю прамой.

Нясі з Палесся пах травы

І гуд дняпровых вод.

Даць волю родным па крыві

Цябе паслаў народ.

Ці пры святле зялёных зор,

Ці ў чысты дзень, як май,

Сустрэнь братоў маіх, сясцёр

І руку ім падай!»

У гэтым жа нумары друкуецца шмат матэрыялаў пра вызваленую Заходнюю Беларусь: здымкі з Крычава, як мясцовыя жыхары сустракаюць Чырвоную Армію, просьба калектыву Яўрэйскага дзяржаўнага тэатра аб накіраванні для абслугоўвання працоўных Заходняй Беларусі, вяртанне ў Мінск брыгады кінааператараў Саюзкінахронікі на чале з Вайняровічам, якія здымалі падзеі вызвалення.

У нумары «Звязды» за 29 верасня тэма яднання народа працягваецца. Сярод іншага — верш Анатоля Астрэйкі «Дружба», на гэты раз — пра закаханых Ігната і Галю:

«Ад той пары мінула дваццаць год.

Калі іх сэрцы сілай разлучылі

І над паловай вёскі панскі зброд

Свае павесіў пеўнявыя крыллі.

Яна жыла к рацэ —

Пад Замаргі,

А ён крыху наводдаль, з краю вёскі.

Яны ўдваіх хадзілі на лугі

Пад вечар слухаць

Нёмна шумны плёскат...

...Але спаткаў каханых чорны лёс.

І шчасце растапталі злыя людзі.

Паляк надзеі маладых атрос,

Як з дрэў апошні ліст халодны студзень.

Лягла мяжа праз вёску папярок

І мары маладых былі разбіты.

Ён трапіў за мяжу,

На польскі бок,

Яна — у край,

Кастрычнікам здабыты».

Верш заканчваецца сумна... Галя ў Савецкай Беларусі стала лётчыцай і праз дваццаць гадоў прыляцела вызваляць родныя мясціны. А Ігнат далучыўся да падпольнага змагання, трапіў у турму. І калі Галя прыляцела ў родную вёску, суседзі паведамілі, што ўчора яе каханага расстралялі.

«Схіліла Галя ў долу галаву.

На ўсходзе сонца ясна палыхала.

Сляза, што ўпала ў росную траву,

Вяскоўцам юнасць Галі прыгадала».

«Дух захватвае ад радасці»

Зразумела, на вызваленне Заходняй Беларусі літаратары адгукаліся не толькі ў «Звяздзе». 21 верасня 1939 года выйшаў нумар органа праўлення Саюза савецкіх пісьменнікаў БССР і ўпраўлення па справах мастацтваў пры СНК БССР «Літаратура і мастацтва». Там перадрукоўваюцца ліст Якуба Коласа, вершы Пятра Глебкі «Родным братам» і Андрэя Ушакова «Заходнім беларусам», што выйшлі ў «Звяздзе» 19 верасня. Верш Алеся Жаўрука «Брату-беларусу» пачынаецца так:

«Сухімі прагнымі вачамі

Ў злавесна-мёртвай цішыні

Ты з тога берага начамі

Глядзеў на нашыя агні».

Нарыс Змітрака Бядулі «Нупрэйка» распавядае пра хлопчыка, які жыў у заходнебеларускай вёсцы каля мяжы. Калі ён спрабуе пераплысці на той бераг, яго забівае камянямі пан. Калгаснікі з савецкага берага робяцца сведкамі злачынства, і дзед Нупрэйкі, які жыве ў калгасе «Чырвоная варта», гнеўна крычыць пану:

«— Мы яшчэ прыдзем да вас і заплацім панам за ўсе крыўды!

Стары Пранук дажыў да гэтага шчаслівага часу».

3 кастрычніка ў «ЛіМе» перадрукоўваецца верш Якуба Коласа «Свайму народу», а таксама змешчаны ліст Кандрата Крапівы з Ліды з загалоўкам «Дух захватвае ад радасці»: «Сяляне і рабочыя Заходняй Беларусі вельмі рады нашаму прыходу. Яны нам актыўна дапамагаюць і ахвотна расказваюць, дзе хаваюцца польскія банды. Затое панам, фабрыкантам, польскім афіцэрам наш прыход вельмі не да смаку».

У тым жа нумары віталі з'яднанне прадстаўнікі заходнебеларускай літаратуры: «Голас ваш у нашыя падзямеллі не даходзіў, і мы былі кінуты на волю лёсу. Але мы не палі і вобмацкам ішлі наперад у барацьбе за жыццё і навуку. Мы не кончылі ніводнае школы, мы не мелі права друкавацца. Мы былі прыдушаны». Паэтычна падмацоўвае зварот верш Анатоля Іверса «Вітаем музыку волі». Там жа змешчаны і самадзейны твор сялянкі з вёскі Жукавы Барок Стаўбцоўскага павета Ніны Крамко, у якім гаворыцца, як «за родную мову жандары збівалі». А яшчэ у артыкуле «Вызваленае слова» Яфіма Садоўскага распавядаецца, як аўтару паказалі ў Слоніме камеру катаванняў дэфензівы, якую «не абмінуў ні адзін з працоўных беларусаў, калі ён любіў свой народ, яго культуру і яго мову і гаварыў на гэтай мове... Калі паліцыя даведвалася, што ў пэўнай вёсцы нехта пачаў пісаць на беларускай мове і нават адважыўся прачытаць свае вершы сярод сваіх таварышаў, над «вінаватым» навісала пагроза кары, турмы, ссылкі. Яго на дзень ці на два запрашалі ў камеры катавання «пагутарыць». Гэта было законам».

У «ЛіМе» ад 3 кастрычніка 1939 года можна пачытаць верш Анатоля Астрэйкі «Прымі вітанне!» і верш Пімена Панчанкі «Парабак»:

«Ён верыў — прыдуць на падмогу

З савецкае зямлі браты,

Каб радасную перамогу

Сустрэць пад сонцам залатым».

Падзеям 17 верасня былі прысвечаны і вершы яўрэйскага паэта Зямы Цялесіна ў перакладзе Антона Бялевіча:

«Ні хлеба, ні солі,

ні к страве закрас, —

Да ніткі апошняй

разграбілі вас...

А хлеба і солі і мірны спакой,

Чырвонае войска

прынесла з сабой».

Тэма працягваецца і ў наступным нумары, які выйшаў 13 кастрычніка. Там друкуецца верш Пімена Панчанкі «Вызваленаму брату»:

«Вольны брат, засявай палі,

Насыпай буйным зернем засек,

Мы прагналі з тваёй зямлі

Каўтуновае гора навек!»

«Увесь час мы вучыліся на польскай мове»

Вераснёўскі нумар 1939 года дзіцячага часопіса «Іскры Ільіча» выходзіць з вокладкай, на якой намаляваная радасная сустрэча Чырвонай Арміі з вызваленымі заходнебеларускімі сялянамі. У цэнтры кампазіцыі савецкі танкіст, такім чынам малюнак чымсці нагадвае знакамітую карціну Волкава, прысвечаную вызваленню Мінска. Друкуецца «Прывітанне вызваленым братам». А ў кастрычніцкім нумары — верш Янкі Купалы «Слава табе, армія!»

«За лясы шумлівыя,

За лугі зялёныя

Слава табе, армія,

Армія Чырвоная!

З-пад няволі панскае

Беларусь Заходнюю

Вывела ты, армія,

На шляхі свабодныя».

Школьнікі з Заходняй Беларусі, вучні 4 класа Раёўскай школы, пішуць мінскім школьнікам:

«Увесь час мы вучыліся на польскай мове, таму пісаць па-беларуску не можам... Нас вельмі радуе, што не будзем больш вывучаць гісторыю польскіх каралёў. Нам хочацца хутчэй валодаць сваёй роднай мовай. Але бяда ў тым, што ў нас яшчэ няма падручнікаў на беларускай і рускай мовах».

Тут жа надрукаваны і адказ вучняў 25-й школы г. Мінска, якія гатовыя дапамагчы з навучальнымі дапаможнікамі: «Цяпер вы будзеце жыць таксама шчасліва, як жывём мы — дзеці Савецкай краіны».

Друкуецца ў перакладзе апавяданне рускага пісьменніка Мікалая Вірты «Іншакраінка» пра дзяўчынку Асю з Заходняй Беларусі, якая калісьці перайшла праз мяжу, каб паглядзець на савецкі трактар, была аблашчаная, пабывала ў савецкім дзіцячым садку, але небараку адправілі дадому. Пасля вызвалення Ася дзівіцца — як гэта можна пераходзіць праз ручай, дзе праходзіла мяжа? Апавяданне заканваецца тым, што Ася сустракаецца з сябрамі з савецкага боку і радасна кажа: «Я цяпер не іншакраінка».

Далучыўся да святкавання Дня яднання і часопіс «Работніца і калгасніца». Сярод іншага ў кастрычніцкім нумары друкуецца «Палкае прывітанне жанчынам вызваленай зямлі», рэпартаж Яфіма Садоўскага пра жыццё жанчын у Заходняй Беларусі да вызвалення.

Шматлікасць твораў на тэму з'яднання не дзівіць — падзеі 17 верасня закранулі ўсіх. Ужо 4 кастрычніка 1939 г. у друкарню была здадзена кніга «Вызваленым братам» — яе склалі творы 23 аўтараў. І няма сумневу, што тэма гэтая будзе асэнсоўвацца ў мастацкіх творах яшчэ доўга.

Падрыхтавала Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Жыллё

У сталіцы любяць аднапакаёўкі. А Брэст, Гомель і Гродна аддаюць перавагу двухпакаёваму жыллю

У сталіцы любяць аднапакаёўкі. А Брэст, Гомель і Гродна аддаюць перавагу двухпакаёваму жыллю

Лета 2023-га ўстанавіла рэкорд за апошнія дзесяць гадоў па актыўнасці рынку нерухомасці.

Рэгіёны

Як жыхары і службы Віцебска змагаюцца са снежнай стыхіяй

Як жыхары і службы Віцебска змагаюцца са снежнай стыхіяй

У барацьбе са снегам былі задзейнічаны больш за 350 чалавек і 110 адзінак тэхнікі.