Летась на адрас Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» прыляцеў ліст ад пляменніцы малодшага лейтэнанта Фёдара Кавыршына, які быў штурманам лётнага экіпажа Пе-2. У 1944 годзе самалёт быў збіты падчас бою ў Чавускім раёне. Жанчына прасіла дапамагчы знайсці месца пахавання яе сваяка. Пошукавікі пачалі расследаванне і даведаліся, што ў той жа дзень у адным і тым жа баі былі збітыя аж чатыры савецкія бамбардзіроўшчыкі. Месца падзення баявой машыны, якая пацярпела крушэнне амаль 80 гадоў таму, знайсці практычна немагчыма. Але «віккруўцы» не з тых, хто пасуе перад цяжкасцямі. Тым больш што вопыт работы па пошуку і ўзняцці лётных машын у іх ёсць. Яны не толькі працавалі з новай інфармацыяй, але стварылі асобную групу — «Крылы Перамогі».
У савецкі час часта круцілі фільмы пра вайну. І пра лётчыкаў таксама. Дагэтуль у памяці назвы «У бой ідуць адны старыя», «Хроніка пікіруючага бамбардзіроўшчыка», «Нябесны ціхаход». І — песні з іх. «Туман, туман, слепая пелена / и всего в двух шагах за туманами война / и гремят бои без нас, но за нами нет вины, мы к земле прикованы туманом, / воздушные рабочие войны...» — гэтыя кранальныя радкі з «Хронікі пікіруючага бамбардзіроўшчыка» часта спявалі каля вогнішча ў турпаходах. Аляксандр Клёмін, браты Міхаіл і Андрэй Нялюбіны, Алена Шутава — касцяк «крылатай» групы — якраз выхаваныя на савецкіх каштоўнасцях. Алена — ваенная пенсіянерка, жыве ў Падмаскоўі, усе астатнія — магіляўчане, людзі працоўныя. Нягледзячы на гэта, Аляксандр і Міхаіл хутка прыйшлі на сустрэчу.
Камандзір групы — Аляксандр Клёмін — выпускнік легендарнай магілёўскай школы № 11, той самай, дзе ў 1941-м размяшчаўся штаб 172-й стралковай дывізіі, якая абараняла Магілёў. Аляксандру пашчасціла захапіцца пошукавай дзейнасцю з дзяцінства, у ваенную гісторыю ён паглыбляўся ў якасці «чырвонага следапыта» пад кіраўніцтвам заслужанай настаўніцы, магілёўскай падпольшчыцы Марыі Базылевай. Аляксандр з усмешкай успамінае, што нават у «Віккру» трапіў на свой дзень нараджэння. Ехаў міма вёскі Гаі, дзе ў 1941-м трымаў абарону гераічны батальён міліцыі, убачыў пошукавікоў, выйшаў і папрасіў даць яму рыдлёўку. Ён жа ўнук былога франтавіка! Яго дзед — Іван Цыплакоў — праз усю вайну праехаў на баявым грузавіку. Зімой па лёдзе Ладажскага возера вазіў прадукты і боепрыпасы ў блакадны Ленінград. Аднойчы з таго пекла вывез сям'ю, якая была на грані смерці.
Міхаіл Нялюбін у клубе адносна нядаўна, але тое, чым займаюцца «віккруўцы», яму таксама вельмі блізка. Яго дзядзька быў партызанам, служыў у НКУС, пасля вайны займаўся ліквідацыяй банд на Палессі. А самалёты наогул для абодвух асобная тэма. У Міхаіла дзед быў лётчыкам, Аляксандр на спартыўных «Яках» у аэраклубе лятаў, служыў у дэсантных войсках. Таму, калі ў клубе паўстала пытанне, каму заняцца самалётамі, шукаць кандыдатаў доўга не прыйшлося.
Памяць — вялікая справа. Дзякуючы пляменніцы Фёдара Кавыршына, якой не даваў супакою лёс яе дзядзькі, выйшлі з небыцця яшчэ некалькі экіпажаў. Пошукавікі паднялі архівы, палкавыя данясенні, дзе пахвілінна апісана, як усё было, дзе які самалёт упаў. Неаднойчы выязджалі на месца, апытвалі мясцовых жыхароў. І мазаіка паціху складваецца. На жаль, не так хутка, як таго хацелася б.
— З дапамогай расійскіх пошукавікоў атрымалася даведацца пра канкрэтныя палкі, — расказваюць суразмоўцы. — З чатырох самалётаў два былі 779-га авіяцыйнага бамбардзіровачнага палка, яшчэ два — 54-га, таго, дзе на Пе-2 ваяваў штурманам малодшы лейтэнант Кавыршын. Збіты Пе-2 упаў на тэрыторыю, дзе знаходзіліся чырвонаармейцы. Кавыршын і камандзір экіпажа малодшы лейтэнант Мяфодзій Ермалаевіч Міжэеў загінулі, а вось стралок-радзіст сяржант Жураўлёў выжыў. Ён вярнуўся ў свой полк, але ў красавіку 1945-га загінуў падчас паветранага бою на тэрыторыі Германіі.
Другі бамбардзіроўшчык гэтага ж 54-га палка, які атрымалася ўстанавіць дзякуючы знойдзенай нумарной дэталі, упаў за 10 кіламетраў ад першага — на той час на акупаваную немцамі тэрыторыю. Пошукавікі цалкам устанавілі яго экіпаж. Гэта камандзір малодшы лейтэнант Ігар Ханжын, штурман малодшы лейтэнант Аляксандр Дрэсвянікаў і радыст-стралок Павел Джэвадаў.
— На сёння мы дакладна ведаем склад экіпажаў чатырох бамбардзіроўшчыкаў і месцы, дзе яны разбіліся, — працягваюць аповед пошукавікі. — А вось прывязаць экіпажы да самалётаў атрымалася толькі па адным з іх. Па трох пакуль невядома, хто дзе сядзеў. Гэта магла б падказаць нумарная дэталь, але яе яшчэ трэба знайсці. Выязджаем у вольны ад работы час, шукаем. Працуем выключна на энтузіязме: скінуліся, заправіліся, паехалі. Работа вельмі працаёмкая, шмат зямлі трэба перавярнуць, каб нешта знайсці. Уяўляеце, што гэта такое, калі «Пешку» (самалёт Пе-2. — Аўт.) вагой шэсць тон раскідала на дробныя кавалачкі? У радыусе да паўкіламетра, куды ні датыкніся рыдлёўкай, паўсюды метал. Спецпрыборы тут не памочнікі. Трэба разлічваць толькі на свае рукі і чуццё. Для неазнаёмленых мы дзівакі. З боку здаецца, што ідуць мужыкі па закінутым полі і бульбу капаюць.
На раскопкі месца, дзе скончыўся баявы шлях экіпажа Ханжына, можна было б ехаць хоць сёння. Але ёсць алгарытм, па якім трэба дзейнічаць. Спачатку падаць заяўку ў выканкам, потым чакаць, калі батальён Мінабароны яе апрацуе і назначыць дату. Карацей кажучы, экіпаж Ханжына вернецца не раней, чым налета. Аляксандр і Міхаіл між тым працягваюць разведкі.
Міхаіл адказны за тэхнічную частку справы. Капаць, не ведаючы што — не эфектыўна, таму пошукавік пералапачвае горы інфармацыі, каб даведацца, дзе якая дэталь у баявых самалётах стаяла. Да таго ж трэба ўлічваць, што яна за той час, што ў зямлі ляжала, магла істотна змяніць выгляд. Было такое, што знайшлі нейкі металічны клубок і не маглі зразумець, што гэта такое і дзе знаходзілася. Міхаіл усё ж такі разгадаў рэбус. Аказалася, што гэта кулямётны станок, які ад удару моцна дэфармаваўся. Пошукавік смяецца, што за апошні час столькі рознай інфармацыі пра савецкія бамбардзіроўшчыкі даведаўся, што мог бы адкрыць сваё канструктарскае бюро. Калі сур'ёзна, то без ведання начынкі самалёта пошукі не мелі б сэнсу.
— Кожны асколак нешта раскажа, напрыклад, пра таўшчыню крыла, — тлумачыць Аляксандр. — Тут і металургам трэба быць у нейкай ступені. Бо самалёты розныя, сплавы таксама. Часам знаходзім спецыфічныя рэчы. На першы погляд, груда металалому. Адкрываем інтэрнэт і пачынаем шукаць. Сплюшчаны кавалачак металу трэба кудысьці падвязаць. Спачатку знаходзім дэталь, потым — месца, дзе яна стаяла ў самалёце, высвятляем, які корпус у фюзеляжа быў — і карцінка паціху складваецца.
Нельга спісваць з рахунку спадарожныя рэчы. Нават гільза, знойдзеная на месцы падзення самалёта, можа падказаць як мінімум год, калі ён быў збіты. А гэта ўжо лакалізуе кола пошукаў.
Прыйшлося паламаць галаву над адной дзіўнай, на першы погляд, знаходкай. У рукі Міхаіла трапіла адна палова полага чыгуннага шара вагой да 3 кілаграмаў, а Аляксандр знайшоў другую.
— Шукалі адказ нядоўга, але папацець прыйшлося, — кажуць пошукавікі. — Пра гранаты чулі? Уяўляеце, на самалётах іх таксама выкарыстоўвалі. Калі прачыталі, што гэта граната, нават разгубіліся. Але хутка ўсё стала на свае месцы. Гранаты АГ-2 выкарыстоўваліся на бамбардзіроўшчыках, каб адпужваць нямецкія знішчальнікі. У хвасце самалёта ўстанаўліваліся дзве пускавыя трубы, па якіх яны скідваліся, калі варожы знішчальнік прыстройваўся ў хвост. Граната мела парашут, які даваў ёй магчымасць затрымацца ў паветры на некалькі секунд. За гэты час самалёт паспяваў адляцець ад яе на бяспечную адлегласць. А яна ўзрывалася. Нямецкія знішчальнікі трымаліся ад такіх самалётаў на адлегласці як мінімум 700—800 метраў. Бамбардзіроўшчыкам, дзе такога не было, шчасціла менш. Ёсць кінахроніка, дзе відаць, як нямецкі знішчальнік набліжаецца да 20 метраў да савецкага бамбардзіроўшчыка і расстрэльвае яго.
— На самалёце Ханжына такое прыстасаванне дакладна было, — удакладняе Аляксандр. — Мы даведаліся пра гэта з журнала баявых дзеянняў, дзе было пазначана, колькі гранат загружалася. І не толькі гранат. Пасля 1943 года такія журналы вялі вельмі добра. У іх апісана ўсё, што перадавалася на борт, да апошняга патрона. А яшчэ пазначалася, колькі чаго заставалася пасля вяртання з палёту — боепрыпасаў, паліва. Улік быў выразны. Што не скажаш пра першыя гады вайны. Па 1941 годзе зусім мала інфармацыі. Самалёт знаходзіш, а хто лятаў, калі і дзе — невядома. Нават па нумары рухавіка праблемна ўстанавіць экіпаж.
Калі Міхаіл ас па тэхнічнай частцы, то Аляксандр болей спецыялізуецца на пошуках архіўных звестак і родных лётчыкаў. Вельмі часта нашчадкі тых, хто не вярнуўся з вайны, працягваюць шукаць іх, нягледзячы на тое, што прайшло ўжо шмат гадоў. На жаль, бывае інакш. Магчыма, род скончыў сваё існаванне і байцу некуды вяртацца. Але ён у любым выпадку будзе перапахаваны з усімі ўшанаваннямі.
— Шукаў родных Ігара Ханжына і Аляксандра Дрэсвяннікава ў сацсетках, пакуль нічога не атрымалася, — уздыхае Аляксандр. — Будзем прасіць нашу памочніцу Алену Шутаву з Падмаскоўя, каб размясціла інфармацыю на сваім сайце. Яна былая ваеннаслужачая, мае доступ да расійскіх архіваў. І людзі ёй шмат пішуць.
Было б цудоўна, калі б адгукнуліся родныя лётчыкаў яшчэ двух устаноўленых групай экіпажаў — 779-га авіяцыйнага бамбардзіровачнага палка. Гэта камандзір малодшы лейтэнант Аляксандр Чарамісінаў, штурман малодшы лейтэнант Барыс Сасуноў, стралок-радыст Іван Калюжны, а таксама экіпаж у складзе камандзіра малодшага лейтэнанта Івана Галкіна, штурмана малодшага лейтэнанта Івана Фаміна і стралка-радыста Васіля Салоцкага.
Між тым група «Крылы Перамогі» працягвае працаваць яшчэ па сямі самалётах, якія, па інфармацыі мясцовых жыхароў, пацярпелі крушэнне на Магілёўшчыне падчас вайны.
Мікалай Барысенка, кіраўнік Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру»:
— У нас даўно наспела неабходнасць стварэння групы, якая займалася б асобна самалётамі. За 29 гадоў існавання клуба мы паднялі пяць самалётаў і ўстанавілі іх экіпажы. Раней кожны з нас патроху самалётамі займаўся, але гэта непрафесійны падыход. Летась, калі мы наткнуліся на вялікую колькасць самалётаў, вырашылі: групе быць. У нас толькі вакол Магілёва з паўсотні самалётаў упала падчас вайны. І ўсе экіпажы — прапаўшыя без вестак. Наш доўг — даць магчымасць ім вярнуцца.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара і з архіва групы «Крылы Перамогі»
Лета 2023-га ўстанавіла рэкорд за апошнія дзесяць гадоў па актыўнасці рынку нерухомасці.
У барацьбе са снегам былі задзейнічаны больш за 350 чалавек і 110 адзінак тэхнікі.