Вы тут

Артэзіянская вада, ЖКГ, метро і рэканструкцыя стадыёна — як зараз жыве сталіца


Напярэдадні Дня горада старшыня Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Уладзімір Кухараў сустрэўся з журналістамі рэспубліканскіх СМІ і падрабязна адказаў на іх шматлікія пытанні.


Разам з расійскімі рэгіёнамі

Адказваючы на пытанне аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве з рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі, старшыня Мінгарвыканкама адзначыў, што адміністрацыі раёнаў Мінска замацаваны за суб'ектамі Расійскай Федэрацыі.

— Гэта наш партнёр, з якім сёлета было дасягнута шмат чаго па розных напрамках дзейнасці, — падкрэсліў мэр горада. — Напрыклад, у сферы прамысловасці ўпор быў зроблены на адкрыццё сумеснай вытворчасці. Гэта дало магчымасць пашырыць кааперацыю і вырашаць самыя розныя пытанні ў кантэксце развіцця.

Ён нагадаў, што ў Расіі цяпер працуе вялікая колькасць самай разнастайнай тэхнікі, вырабленай у Мінску. Яна задзейнічана і ў камунальнай сферы, і ў сельскай гаспадарцы, і ў перавозках пасажыраў. А адкрыццё сэрвісных цэнтраў у Расіі дазволіць яшчэ больш нарасціць пастаўкі тэхнікі ў яе рэгіёны.

Ён таксама расказаў аб перспектывах супрацоўніцтва з рэгіёнамі ўсходняй суседкі ў пытаннях адукацыі і аховы здароўя. У прыватнасці, ёсць патэнцыял для сумеснай вытворчасці медыцынскіх прэпаратаў, абсталявання, а таксама ўкаранення новых тэхналогій.

З падземных крыніц

Па словах Уладзіміра Кухарава, штосутачнае спажыванне вады ў сталіцы дасягае адзнакі ў 450—470 тысяч кубаметраў. Каб яе пастаўляць у горад цалкам з падземных крыніц, не хапае каля 120—130 тысяч кубаметраў. Але ў крокавай даступнасці ад Мінска водазабораў, якія змаглі б даць такі аб'ём вады, няма. Таму быў распрацаваны маштабны для горада праект па задзейнічанні водазабораў, якія знаходзяцца на адлегласці 30 з лішнім кіламетраў ад горада. Гэта Феліцыянава, Віцкаўшчына і Востравы.

Каб атрымаць адтуль артэзіянскую ваду, неабходна зрабіць каля 90 свідравін. Але ваду мала атрымаць — яе яшчэ трэба даставіць. Для гэтага неабходна дадаткова пракласці каля ста кіламетраў трубаправодаў буйнога дыяметра — да 1 метра 20 сантыметраў.

— Каля 40 % патрабаванай даўжыні труб ужо выкладзена. У прыватнасці, гэтыя работы ўздоўж МКАД плануем завяршыць да канца года, — адзначыў Уладзімір Кухараў. — Акрамя таго, у раёне вуліцы Курчатава будуецца станцыя другога ўздыму. У цэлым будаўнічыя работы плануецца завяршыць да ліпеня 2024 года. Потым пачнецца працэс наладкі. Плануем, што сістэма падачы вады на захад горада з артэзіянскіх крыніц будзе наладжана да канца наступнага года.

На апярэджанне

— Большасць зваротаў грамадзян тычацца дзейнасці жыллёва-камунальных арганізацый сталіцы, — паведаміў старшыня гарвыканкама. — Мы імкнёмся прагназаваць сітуацыю, а таму вялікую ўвагу ўдзяляем аналізу, які забяспечвае служба «115». Стараемся працаваць на апярэджанне. Адсочваем сітуацыю літаральна па кожным жылым доме, і калі дзесьці азначыліся якія-небудзь праблемы, напрыклад, у плане электразабеспячэння, ацяплення і г. д., імкнёмся аператыўна вырашаць.

Напрыклад, мы ўважліва вывучылі звароты па рабоце сістэм ацяплення ў папярэднім годзе, каб устараніць парушэнні да пачатку новага ацяпляльнага сезона. Падобныя меры дазваляюць знізіць колькасць зваротаў, забяспечыць стабільную работу арганізацый ЖКГ і сэканоміць пэўныя сродкі.

Ёсць, зразумела, звароты па рабоце ўстаноў аховы здароўя, адукацыі, органаў сацыяльнай абароны, будаўнічай галіны. Усе яны грунтоўна разбіраюцца. Наша мэта — максімальнае зніжэнне зваротаў грамадзян і мінімізацыя наступстваў узніклых праблем.

На трэцяй лініі

Па словах мэра, работы па пракладцы тунэляў трэцяй чаргі Зеленалужскай лініі метро будуць весціся ад плошчы Бангалор у напрамку вуліцы Мельнікайтэ. Цяпер у раёне плошчы Бангалор перакладаюць сеткі і рыхтуюць тэрыторыю для таго, каб у катлаван можна было апусціць тунэлепраходчы комплекс, які будзе рухацца да станцыі метро «Юбілейная плошча».

Чакаецца, што неабходны пасажырапаток на новым участку падземкі з'явіцца адразу пасля яе запуску. Кварталы, якія размешчаны непасрэдна каля будучых станцый, густа населены, крыху далей растуць новабудоўлі. Непадалёк размешчаны і буйны жылы масіў у раёне вуліцы Гая. Акрамя таго, трэцяя лінія будзе арыентавана і на жыхароў новага мікрараёна «Паўночны Бераг».

Для падвозу жыхароў да метро будзе выкарыстоўвацца электратранспарт, у тым ліку з выкарыстаннем выдзеленых палос. Найбольш прыдатным відам транспарту тут выглядае электробус.

У той жа час старшыня нагадаў, што будаўніцтва другой чаргі трэцяй лініі метро плануецца завяршыць у канцы 2024 года. Яе складуць тры станцыі — «Аэрадромная», «Немаршанскі сад» і «Слуцкі гасцінец», а таксама электрадэпо.

Усё для моладзі, усё для спорту

Працягваецца ўзвядзенне Нацыянальнага футбольнага стадыёна і басейна міжнароднага стандарту. Па словах Уладзіміра Кухарава, будаўніцтва ідзе даволі інтэнсіўна. Практычна ўсе работы па ўстаноўцы металічных канструкцый завершаны. Цяпер стаіць задача да зімовага перыяду закрыць контур, каб была магчымасць працаваць па аздабленні, камунікацыях і гэтак далей. Стадыён і басейн стануць значнымі для горада аб'ектамі міжнароднага ўзроўню, дзе можна будзе праводзіць любыя спаборніцтвы.

— У верасні пачынаецца рэканструкцыя стадыёна «Трактар» — аднаго з найстарэйшых стадыёнаў у Мінску. Прынялі рашэнне зрабіць там яшчэ некалькі пляцовак, футбольных палёў для трэніровак моладзі, — адзначыў Уладзімір Кухараў.

Паводле яго слоў, аб'ект стане маладзёжнай будоўляй. У выніку гэта будзе месца прыцягнення не толькі ў плане заняткаў спортам, але і для правядзення розных творчых мерапрыемстваў. Акрамя таго, завяршаецца рэканструкцыя гімнастычнага комплексу. Чакаецца, што ў кастрычніку яго ўвядуць у эксплуатацыю.

Горад усмешлівых людзей

— Да нас на Дзень горада традыцыйна прыязджае вялікая колькасць замежных дэлегацый. І мы хацелі б скарыстацца гэтай магчымасцю для развіцця эканамічнага супрацоўніцтва, — паведаміў Уладзімір Кухараў. — Наша задача — даць пляцоўкі для сустрэчы прадстаўнікоў бізнесу, каб яны маглі абмеркаваць перспектыўныя праекты і дамовіцца. Такое завязванне кантактаў у далейшым перарастае ў кантракты.

У суботу, 9 верасня, жыхароў і гасцей сталіцы чакаюць не толькі на агульнагарадскіх, але і на раённых пляцоўках, дзе запланавана вялікая колькасць самых розных мерапрыемстваў.

— Мінск сустракае свой чарговы дзень нараджэння прыгожым, чыстым і бяспечным горадам усмешлівых людзей, — падкрэсліў старшыня гарвыканкама ў завяршэнні размовы.

Сяргей РУЧАНАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дзмітрый Мезенцаў пра стаўленне да санкцый і знешняга ціску, філасофію расійска-беларускіх адносін і якасць беларускіх тавараў

Дзмітрый Мезенцаў пра стаўленне да санкцый і знешняга ціску, філасофію расійска-беларускіх адносін і якасць беларускіх тавараў

«Мадэлі жыцця грамадства мы павінны вызначаць самі ў рамках нашай духоўнай славянскай традыцыі».