Вы тут

Пяру падуладна ўсё. Новая мастакоўская маладосць пісьменніка Васіля Шырко


Звычайна, адзначаючы юбілей таго ці іншага пісьменніка, хочацца прасачыць яго творчасць ад першых апублікаваных ім твораў да цяперашніх. З’яўляецца магчымасць зразумець, як адбывалася сталенне таленту. Так спачатку і я хацеў зрабіць, аналізуючы набыткі Васіля Шырко — лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі «Лепшы твор прозы», Літаратурнай прэміі «Залаты Купідон», удастоенага Падзякі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Аднак, разважыўшы, перадумаў. З узростам у некаторых пісьменнікаў, нават і тых, хто па-ранейшаму актыўна працуе, часам адбываецца як бы пэўны збой. Новае, што з’яўляецца з-пад пяра, не сказаць, каб дасягала ранейшага для іх узроўню. А ў Васіля Аляксандравіча нібы вярнулася мастакоўская маладосць.


Мілава — тое ж Чурылава

Па-ранейшаму піша так ярка, захапляльна, што яму могуць пазайздросціць многія творчыя маладзёны. Так, лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі стаў за кнігу прозы «Нязваны госць», напісанай за год да 70-годдзя. Раман жа «Плытагоны» з’явіўся яшчэ пазней. Але якая гэта проза! Часам зніму кнігі са сваёй паліцы, перагарну старонку-другую… Не, не знаёмыя сюжэты хачу ажывіць у памяці. Персанажы, напісаныя таленавітым аўтарам, так запалі ў маю памяць, што ўжо ведаю іх як рэальных людзей. Упэўнены, што так і для ўсіх, хто пазнаёміўся з імі.

Асалоду атрымліваю ад іншага, не менш важнага. Ад той мовы, якой напісаны кнігі. У Васіля Шырко яна такая сакавіта-індывідуальная — у лірычных апісаннях, у характарыстыцы персанажаў, у побыце іх, — што няма сумнення: многія з іх нарадзіліся ў вёсцы Чурылава Уздзенскага раёна, адкуль родам аўтар твораў. Дарэчы, гэтая вёска дала беларускай літаратуры двух лаўрэатаў Дзяржаўнай прэміі Беларусі — аднаго з пачынальнікаў дзіцячай літаратуры Алеся Якімовіча і годнага прадаўжальніка яго традыцый Васіля Шырко. Таму многія персанажы таксама лёгка пазнаюцца сваёй гаворкай. Іх ніколі не пераблытаеш. «Блізнюкоў» сярод іх няма і быць не можа. Бо Васіль Аляксандравіч добра ведае іх прататыпаў.

Асабліва гэта адчувальна ў рамане «Прынёманскія плытагоны». Да ажыццяўлення задумы яго пісьменнік падступаўся доўга, гадоў дваццаць. Ішоў не толькі ад згадак блізкіх яму людзей — плытагонам у свой час былі яго дзядзька Павел, родны бацька. Асэнсаваў нямала матэрыялаў, у тым ліку і архіўных. Шлях плытагонаў з Уздзеншчыны ўбіраў у сябе не адну сотню кіламетраў. Па рацэ Уздзянцы яны некалі плылі ў Вусу, потым у Нёман, а па ім дабіраліся да Балтыйскага мора. Яны — жыхары вёскі Мілава, у якой пазнаецца Чурылава. Твор атрымаўся вострасюжэтны, ахоплівае шырокі часавы матэрыял: даваеннае жыццё, вайна з белафінамі, Вялікая Айчынная вайна… 

У Гвінеі як… дома

А ў кнізе «Нязнаны госць» — сем аповесцей, таксама вострасюжэтных. Каторую ні возьмеш — тая літаратура, якая псіхалагічна дасканала адлюстроўвае жыццё ў самых складаных яго варунках. Да ўсяго такіх нечаканых, што немагчыма паверыць, калі б гэта не адбывалася ў сапраўднасці, як, напрыклад, у аповесці «Lepra». Інакш кажучы — праказа. Інфекцыйная хвароба, распаўсюджаная ў шмат якіх паўднёвых краінах. З ёю і сутыкаюцца беларускія ўрачы муж і жонка Шэметы, працуючы ў Гвінеі.

Да Васіля Шырко ніхто з беларускіх пісьменнікаў у Гвінею не зазіраў. Ды гэта не экзотыка дзеля экзотыкі. У асноўным дзеянне звязана з працай Шэметаў, а значыць, і з тым, як і чым жыве гэтая краіна. Спакою ж у Гвінеі няма. Адбываецца чарговы дзяржаўны пераварот. Апавядаецца настолькі праўдзіва, быццам сам аўтар там пабываў. Трэба не толькі ўмела пісаць, але і ўважліва выслухаць суразмоўніка, якога бярэш для твора прататыпам. Праўдзіва паказаны жыццё і дзейнасць Шэметаў і па вяртанні на радзіму.

З гэтакай неаслабнай цікавасцю чытаецца і аповесць, што дала назву кнігі. У аснову таксама пакладзены выпадак неардынарны. Гэтым разам звязаны з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Галоўныя героі твора — рэальныя людзі — маршал Савецкага Саюза Васіль Чуйкоў і Герой Савецкага Саюза палкоўнік Кучук. Імі яны сталі ў пасляваенны ўжо час. Сустрэліся выпадкова, калі маршал прыехаў інспектаваць Беларускую ваенную акругу. А маглі б і не сустрэцца. Тады, пад Сталінградам, лёс Кучука, правільней, яго жыццё, залежаў ад Чуйкова.

Ёсць у кнізе і аповесці «Танга на мыліцах», «Незвычайны дыямант», прысвечаныя сучаснасці. А «Бойся данайцаў» і «Святаяннік» — гэта ўжо ваенна-прыгодніцкі жанр, у якім Васіль Шырко таксама адчувае сябе ўпэўнена. Толькі не забывае: прыгоды прыгодамі, а патрабавальнага чытача на мякіне псеўдалітаратуры не правядзеш, таму і тут для яго галоўнае — пісаць псіхалагічна праўдзіва, з глыбокім заглыбленнем у характары.

Талент — ва ўсім талент

Пазнаёміўшыся з набыткамі Васіля Аляксандравіча апошніх гадоў, час азірнуцца і назад. Пісаць жа пачынаў з вершаў. Палюбіў іх дзякуючы свайму бацьку. Ён быў выдатным цесляром, але вельмі любіў і літаратуру. Захапіўся ёю яшчэ перад вайной. Вольны час бавіў за кнігай. Сёе-тое завучваў і з патэфонных пласцінак, бо радыё яшчэ не было. Прынамсі, неяк трапілася адна з запісам «Энеіды» Івана Катлярэўскага. Хоць тэкст быў у арыгінале, з другога разу ведаў яго назубок. Наколькі гэта быў таленавіты чалавек, сведчыць тое, што мог прачытаць па памяць «Новую зямлю» Якуба Коласа. Усяго завучыў 20 паэм і каля 200 вершаў. Ды яшчэ да шаснаццаці гадоў. Чытаў іх саслужыўцам у акопах Вялікай Айчыннай вайны. Выдатную памяць меў і дзед Васіля Шырко. Лёгка завучыў вядомага «Канька-Гарбунка» Пятра Яршова. І сам у спадчыну неблагую памяць атрымаў. Можа дэкламаваць, не задумваючыся, творы каля ста беларускіх паэтаў.

У 1966 годзе Васіль паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. А праз год дэбютаваў у «Чырвонцы» вершамі «Дзеду, мілы мой, дзеду…» і «Каб раней мог адчуць…». У тым жа 1967 годзе змешчаны яшчэ два яго вершы — «Самае важнае» і «Песня». У 1968-м — «Пісьмо шукала адрасата…», «Вясну люблю…» і «Вір». Пакарыў і часопіс «Маладосць» (№ 8). Творы ўражвалі паэтычнай свежасцю, шчырасцю. Здавалася б, што яшчэ трэба.

Аднак за два месяцы да абароны дыплома забралі ў войска. У Маскву трапіў, у адзін з будаўнічых батальёнаў пад Хімкамі. Успомніўшы пра тое, чаму вучыўся, два нарысы паслаў у армейскую газету «На стройке». Рэдакцыі яны спадабаліся, іх апублікавалі. Праз некалькі дзён у распалажэнні будаўнічага батальёна з’явілася чорная «Волга». Па Васіля Шырко прыехала. Прапанавалі працаваць у газеце. Як было адмовіцца? Друкаваўся шмат, матэрыялы часта адзначалі на рэдакцыйных планёрках. Прапанавалі заставацца ў войску. Ды «воздух Родины, он особенный».

Звольніўшыся з войска і абараніўшы дыплом, пяць гадоў працаваў у «Сельской газете». Аб’ездзіў ці не ўсе раёны Беларусі, у многіх з іх пабываў двойчы. Адзін недахоп — усё ж знаходзіўся далекавата ад сапраўднай літаратуры. Гэта «кампенсавалася», калі працаваў у літаратурна-драматычнай рэдакцыі Беларускага тэлебачання. Быў старшым рэдактарам, загадваў аддзелам літаратуры і культуры. Вёў перадачу «Ліра», у якой адбываліся сустрэчы з вядомымі пісьменнікамі. Пазней загадваў аддзелам нарыса часопіса «Полымя», а потым былі газеты «Дзеці і мы», «Наша доля», часопіс Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Беларуская думка». З’яўляўся галоўным рэдактарам часопіса «Белая вежа» — органа Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.

Пабрацім Іона Друцэ

На сёння Васіль Шырко — адзін з найбольш вядомых празаікаў, нарысістаў, публіцыстаў. Надзіва плённа працуе і ў галіне дзіцячай літаратуры. Яго кніга «Дзед Манюкін не салжэ», маючы наклад 52 тысячы асобнікаў, была раскуплена за тры дні. Свайго роду працягам яе стала «Дзед Манюкін і ўнукі», якая вытрымала два выданні. Надта ж прывабны, непаўторны яе галоўны герой. Як любіць казаць крытыка, па-сапраўднаму народны характар. Дзе знойдзеш старога, гісторыі якога і дарослым слухаць, — адно задавальненне. Дзяцей ад казак Васіля Шырко за вушы не адцягнеш. Надта ж цікава ім даведацца, як дзед Манюкін змагаўся з нячыстай сілай. Як ратаваўся ад ваўкоў і мядзведзяў. Дый шмат пра што іншае прачытаць. Але не пра аднаго Манюкіна расказвае пісьменнік. Зразумела, і пра тых, з кім яму даводзіцца сутыкацца. Яны ж часцей таксама з тых, пра каго ў народзе кажуць: не сунь яму палец у рот.

Празаічныя творы Васіля Аляксандравіча — глыбока праўдзівыя, надзённыя па сваім гучанні, а тое, пра што гаворыцца ў іх, псіхалагічна выверана. Найперш гэта кнігі, у якіх ён расказвае пра сваіх землякоў. Дарэчы, адна з іх так і называецца — «Дарагія мае землякі», а яшчэ гэта «Зямлі бацькоўскай прыцягненне», «Сцяжына да людзей»… І, канечне ж, «Вунь чурылавец пайшоў», у якой столькі досціпу, што нельга не параўнаць яе са знакамітымі «Ніжнімі Байдунамі» Янкі Брыля, а калі сягаць далей, то з выдатным раманам малдаўскага пісьменніка Іона Друцэ «Цяжар нашай дабрыні». У Васіля Шырко — гэткі ж паглыблены псіхалагізм, мяккі лірызм, а галоўнае ў тым, што яны прасякнуты нацыянальным каларытам. Чытаеш іх і далучаешся да стыхіі народнага жыцця, дыхаеш яго паветрам.

Што яшчэ было, а што будзе

Паспяхова абжывае ён і прыгодніцкі жанр, аб чым засведчылі аповесці «Брыльянтавая брошка», «Зелле ад скрухі», «Воўчыя грыбы». У апошняй паказаны сапраўдны твар фашысцкіх недабіткаў і іх памагатых, якія ў пасляваенны час змагаліся з савецкай уладай і якіх сёння сёй-той гатовы называць барацьбітамі за незалежнасць Беларусі, а на самай справе гэта адшчапенцы, якія змагаліся са сваім народам.

Напісаў Васіль Аляксандравіч некалькі п’ес. Ён і аўтар інсцэніровак па творах беларускіх пісьменнікаў. Стварыў тры тэленарысы пра жыццё і творчасць народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы, якія, паказаныя па тэлебачанні, выклікалі вялікую зацікаўленасць у гледачоў.

Сапраўдны пісьменнік ніколі не можа без творчай працы. Таму і Васілю Шырко не сядзіцца дома. У асэнсаванні сучаснай Беларусі сёння сярод літаратараў яму няма роўных. Робіць гэта праз лёсы тых, хто сваім прыкладам паказвае, як трэба жыць і працаваць, каб можна было з гонарам сказаць, што ў нашай хаце парадак ёсць. Калі сабраць гэтыя выданні, цэлая бібліятэчка атрымаецца. У ёй больш чым дзясятак кніг. Яна папаўняецца з зайздросным пастаянствам. Апошнія «Стрыгаўскія гарызонт» і «Кудзінаўскія світанні». Яны пра вядомых на ўсю краіну брэсцкіх хлебаробаў.

Не зважаючы на ўзрост, Васіль Аляксандравіч працягвае працаваць творча актыўна. У яго планах, прынамсі, кніга пра тых, каму, кажучы яго словамі, ён «у сваім жыцці паціскаў руку». Героямі яе стануць Рыгор Барадулін, Янка Брыль, Ніл Гілевіч, Сяргей Грахоўскі, Кандрат Крапіва, Яраслаў Пархута, Алесь Якімовіч і іншыя. Ды і якія б творы ён ні пісаў — мастацкія ці мастацка-дакументальныя, «дарослыя» ці для дзяцей, —сумнення няма: усё гэта будзе дасканала, на высокім узроўні. А яшчэ, як сам любіць казаць, з досціпам, жывінкай.

Важна і тое, што абавязкова бачыць перад сабой воблікі прататыпаў. Уяўляе людзей, якія яму нечым запомніліся. Нават казачныя персанажы часам як бы спісваюцца з тых, хто быў у сапраўднасці. Яскравы прыклад таму — той жа дзед Манюкін. Хоць прататыпы герояў мастацкіх твораў Васіля Шырко — неабавязкова чурылаўцы. Ды, несумненна, у іх абавязкова будзе штосьці ад яго землякоў. Малая радзіма яго — гэта частка і вялікай Радзімы, такой блізкай і дарагой усім, хто не ўяўляе сябе без яе жыцця. Як і без роднай мовы.


Пагаварыў, паразважаў я з Васілём Аляксандравічам. Кнігі яго ўспомнілі, сумесныя дарогі. Бачу, задумаўся, а пасля на твары з’явілася прыязная ўсмешка. Няйначай хоча яшчэ штосьці сказаць. У сваім прадчуванні не памыліўся.

— Адзін з маіх вершаў…

— Нядаўна напісаны?

— Ды не, «суровые годы к прозе клонят». Даўно, яшчэ тады, калі ўвесь свет суцэльнай паэзіяй падаваўся:

 

І цяпер са мною ты бясконца —

Слова падуладнае пяру,

Добрае, як ласкавае сонца,

Гнеўнае, як вогненны пярун.

 

Клён, мой клён, прыціхні, калі ласка,

Не шуміце, мудрыя бары.

Слухаю маленства майго казку.

Гавары, зямляча, гавары.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дзмітрый Мезенцаў пра стаўленне да санкцый і знешняга ціску, філасофію расійска-беларускіх адносін і якасць беларускіх тавараў

Дзмітрый Мезенцаў пра стаўленне да санкцый і знешняга ціску, філасофію расійска-беларускіх адносін і якасць беларускіх тавараў

«Мадэлі жыцця грамадства мы павінны вызначаць самі ў рамках нашай духоўнай славянскай традыцыі».