«Мода — гэта не толькі пра вопратку, але яшчэ пра час і грамадства, у якіх мы жывём». У гэтым упэўнена магістр мастацтвазнаўства, старшы выкладчык кафедры дызайну моды факультэта сацыякультурных камунікацый БДУ Марына Машэда.
— Марына, ці складаным аказаўся Ваш пошук свайго прызвання? Вы свядома выбралі прафесію, звязаную з модай, ці гэта справа Яго Вялікасці Выпадку?
— З дзяцінства я вызначалася актыўнасцю і дапытлівасцю, увесь час чымсьці захаплялася. Займалася ў тэатральным кружку, маляваннем, танцамі, мне падабалася шыць, вязаць, вышываць. Бацькі падтрымлівалі і заахвочвалі ўсе мае інтарэсы, за што я ім вельмі ўдзячная. У 9-м класе (а я вучылася ў мінскай гімназіі № 56, у нас быў эканамічны профіль) пачалося актыўнае абмеркаванне, хто і куды збіраецца паступаць. Выдатна памятаю свае думкі: «Трэба выбраць такую спецыяльнасць, каб не сядзець у офісе, не мець справу з паперамі і лічбамі». Думала аб тэатральным вучылішчы. Але мая мама з’ездзіла туды на разведку, і, вярнуўшыся, катэгарычна сказала: не, табе туды не варта ісці.
— Мусіць, знерваваліся?
— Не вельмі. Падрыхтавалася і паступіла ў Мінскую дзяржаўную гімназію-каледж мастацтваў. Вучыцца там было сапраўды цікава. Але напярэдадні атрымання дыплома зноў адчула разгубленасць. Усе мае аднакласнікі ўжо цвёрда ведалі, дзе будуць атрымліваць вышэйшую адукацыю, я ж ніяк не магла вызначыцца. Мастаком, архітэктарам, дызайнерам інтэр’ераў сябе не бачыла. І тут выкладчык Марына Аляксандраўна Ячменькова спытала: «А што ты любіш, апроч малявання?» Я пачала пералічваць: вязаць, шыць, вышываць, вырабляць батык. Выслухаўшы, яна спытала: «Можа, табе паспрабаваць паступіць на дызайнера адзення?» — «А ў нас іх рыхтуюць?» — шчыра здзівілася я. Нават не падазравала тады аб гэтым. У 2009 годзе я стала студэнткай Інстытута сучасных ведаў імя А. М. Шырокава.
— Атрыманыя там веды спатрэбіліся вам у будучыні?
— Вельмі. Я вучылася ў людзей, якія ведалі аб прафесіі не толькі па кнігах. У поўнай меры ацаніла, наколькі мне пашанцавала з адукацыяй і настаўнікамі, калі сама стала выкладаць у БДУ.
— Да гэтага часу вы таксама паспелі ўжо прымяніць атрыманыя веды на практыцы?
— Яшчэ будучы студэнткай, марыла папрацаваць на вытворчасці. ААТ «Элема» аказалася надзвычай карысным месцам для майго прафесійнага і асабістага росту. Там я выразна зразумела, што такое канкрэтныя задачы, як трэба ўзаемадзейнічаць з вялікім калектывам, убачыла рэальныя вынікі сваёй работы. На «Элеме» я пазбавілася ад ілюзій, цвяроза ацаніла сваю прафесію.
— І пасля гэтага захацелася дзяліцца ведамі, навучаць іншых?
— Выкладаць у БДУ я пачала як сумяшчальнік, яшчэ працуючы на «Элеме». Вялікіх чаканняў спачатку ў мяне не было. Але ў нейкі момант (магчыма, адбілася спадчыннасць: мая мама — настаўнік-дэфектолаг), злавіла сябе на тым, што мне падабаецца дзяліцца ведамі. Сумяшчаць вытворчасць і выкладанне не атрымлівалася. Зразумела, наколькі гэта адказна — навучаць прафесіі, даваць веды, якія дапамогуць іншым знайсці сябе ў індустрыі моды. І свядома зрабіла выбар на карысць БДУ.
— Што адрознівае, на ваш погляд, сучасных студэнтаў? З якімі з іх вам цікава працаваць?
— Усе студэнты розныя, з рознымі запытамі і амбіцыямі. Мне па душы мэтанакіраваныя юнакі і дзяўчаты, тыя, у каго гараць вочы.
— Ваша магістарская дысертацыя была прысвечана модным тэндэнцыям у Беларусі. На вашу думку, айчынныя тэндэнцыі супадаюць з сусветнымі?
— На беларускую моду ўплываюць як сусветныя тэндэнцыі, так і нацыянальныя асаблівасці. Некаторая прадукцыя нашай лёгкай прамысловасці (напрыклад, льняное адзенне) цэніцца за мяжой. І хоць айчынная мода пакуль, безумоўна, не атрымала маштабнага прызнання, але яна развіваецца, адчувае на сабе як заходні, так і ўсходні ўплыў. Еўрапейскія куцюр’е таксама ствараюць свае калекцыі пад уплывам іншых культур, прадстаўнікі якіх прыкметна «разводзяць» карэннае насельніцтва кантынента.
— Чаму прысвечана ваша кандыдацкая дысертацыя? Якія праблемы збіраецеся закранаць у ёй?
— Мне цікава даследаваць, як мастацтва ўплывае на сучасную моду.
Сёння ўсё больш людзей цікавіцца мастацтвам, яно па-ранейшаму натхняе. І праз адзенне — як неабходны элемент нашага паўсядзённага жыцця — можна далучаць да вялікіх дасягненняў чалавечага генія. Не выпадкова такую папулярнасць сёння атрымалі творчыя калабарацыі мастакоў і дызайнераў адзення.
Усё часцей сустракаеш на футболках, світшотах, джэмперах, сукенках выявы вядомых літаратурных персанажаў, фрагменты вялікіх палотнаў, партрэты знакамітасцяў са свету мастацтваў. Часам дызайнеры ствараюць свае мадэлі, натхнёныя ўбачаным у тэатры, на выставах, канцэртных залах. Тыя ж балеткі з’явіліся як паўсядзённы аналаг пуантаў, у якіх танцуюць балярыны. Часам здараецца наадварот: дызайнерскія калекцыі выклікаюць жаданне пісаць вершы, складаць музыку.
— Вы самі — практыкуючы дызайнер, распрацоўваеце розныя праекты і мадэлі, выконваеце замовы. Ці ёсць у вас узор для пераймання ў прафесійным асяроддзі?
— Не. Мне падаецца, людзей нашай прафесіі можа натхніць усё, што заўгодна. Для дызайнера такія паняцці як «кумір», «эталон» могуць нават несці небяспеку. Па сабе ведаю: калі нешта вельмі падабаецца, мімаволі пачынаеш гэта «эксплуатаваць», паўтараць.
— Марына, на ваш погляд, навошта наогул патрэбна мода? Якое яе прызначэнне ў сучасным свеце?
— Думаю, сёння мода патрэбна, перш за ўсё, для ўзаемаабмену паміж рознымі пластамі насельніцтва. З яе дапамогай прасцей пераадолець існуючыя бар’еры, неразуменне, лягчэй устанавіць згоду. Калі прынцэса Дзіяна з’яўлялася на публіцы, то дзякуючы СМІ мільёны людзей бачылі: яна ідзе на заняткі фітнесам у веласіпедках, красоўках і світшоце. І ў іх узнікала жаданне капіраваць яе, тым самым адчуць сябе такімі ж прадстаўнікамі эліты. Не вырашылася б сказаць, што мода — самае неабходнае для чалавека. Але без яе, на мой погляд, было б сумна. Яна ўносіць разнастайнасць у будні, дае імпульс да развіцця і ўдасканалення. Мода — гэта не толькі пра вопратку, але і пра час і грамадства, у якіх мы жывём.
— Многія, жадаючы знайсці свой стыль, вобраз, звяртаюцца да стылістаў і іміджмэйкераў. А калі не можаш сабе гэтага дазволіць, з чаго пачаць пошук аўтфіту?
— Добра было б пазнаёміцца з сабой, сваёй асобай, насыціць будні нечым стваральным, цікавым, зрабіць жыццё больш яркім, асэнсаваным. Наўрад ці можна выглядаць стыльна, модна, арыгінальна, калі не наведваць тэатры, канцэрты, выставы, нічога не чытаць, не пашыраць свой далягляд. Я бачу: у жанчын і мужчын, якія адбыліся, звычайна сфарміраваны ўласны стыль у адзенні, яны выразна разумеюць, што ім трэба, а што — не.
— Столькі гадоў, займаючыся модай, ці заўважаеце вы за сабой нейкія прафесійныя дэфармацыі? У чым яны заключаюцца?
— Род дзейнасці, вядома, адбіваецца на асобе. Я надаю вялікае значэнне ўласнаму вонкаваму выгляду. Быў перыяд, калі лічыла сваім правілам пераапранацца некалькі разоў на працягу дня. Цяпер лад жыцця змяніўся, такая магчымасць выпадае прыкметна радзей. У маладосці, калі шукала сябе, увесь час хацелася чагосьці новага. Чым старэйшай станаўлюся, тым спакайней да гэтага стаўлюся. Зразумела, па-ранейшаму сачу за тым, што адбываецца ў модзе, за яе тэндэнцыямі, але перастала гнацца за імі. Пры гэтым не магу сказаць аб сабе, што прытрымваюся нейкага аднаго стылю. Мне па-ранейшаму падабаецца быць рознай.
— Які прадмет жаночага гардэроба — ваша персанальная слабасць?
— У мяне шмат сукенак — самых розных прызначэнняў: дзелавых, вячэрніх, спартыўных, пляжных. Люблю прыгожы абутак, кайстры. Дарэчы, шмат маіх рэчаў — беларускай вытворчасці.
— Вы ставіцеся да той катэгорыі жанчын, для якіх найлепшыя лекі ад маркоты — прыгожая сукенка?
— Яшчэ нядаўна магла б менавіта так сказаць пра сябе. Калі здаралася нейкая непрыемнасць, адольвала сум, шыла ці купляла сабе нешта новае. Шопінг лічыла аддушынай, найлепшай магчымасцю падзарадзіцца. Нават сам працэс выбару, прымерак быў своеасаблівай псіхатэрапіяй. Сёння па-ранейшаму часам звяртаюся да гэтага, калі жадаю сябе парадаваць. Але цяпер больш актыўна чэрпаю энергію са зносін, мастацтва, пазнання. Мяне вельмі цікавіць сувязь паміж нашым настроем і тым, як мы апранаемся. Магу дастаткова дакладна па гардэробе вызначыць душэўны, эмацыйны стан чалавека. Зразумела, што знешні выгляд — гэта не ўсё, звяртаеш увагу і на тое, як і пра што людзі размаўляюць, як рухаюцца, паводзяць сябе.
Вольга ПАКЛОНСКАЯ
Фота з архіву Марыны МАШЭДЫ
Лета 2023-га ўстанавіла рэкорд за апошнія дзесяць гадоў па актыўнасці рынку нерухомасці.
У барацьбе са снегам былі задзейнічаны больш за 350 чалавек і 110 адзінак тэхнікі.