Больш чым трыццаць журналістаў і актыўных прадстаўнікоў беларускай інтэрнэт-супольнасці пазнаёміліся з прамысловым і культурным патэнцыялам Гомельшчыны. Карэспандэнты і блогеры з усіх куткоў Беларусі сталі ўдзельнікамі рэспубліканскага прэс-тура «СЕМ-Я. Гомельшчына гасцінная».
Запрашэнне ад кіраўніцтва Гомельскай вобласці — гэта магчымасць расказаць шырокаму колу інтэрнэт-фаловераў, падпісчыкаў сацыяльных сетак, чытачоў традыцыйных СМІ аб эканамічным і турыстычным патэнцыяле паўднёва-ўсходняга рэгіёна краіны. У гэтым пераканаліся госці рэспубліканскага прэс-тура.
Пачаўся ён з наведвання знакавага месца вобласці — Гомельскага палаца-паркавага ансамбля. Тут журналісты і блогеры сустрэліся з кіраўніцтвам аблвыканкама.
— Прэс-тур адкрывае цыкл мерапрыемстваў да Дня народнага адзінства, — вітаў удзельнікаў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзяніс Язерскі. — Прафесійныя журналісты — шчаслівыя людзі, таму што іх жыццё кожны дзень насычана яркімі ўражаннямі. Вы не проста павінны ўбачыць падзею, а яшчэ праз артыкул, газету і экран тэлевізара перадаць свае эмоцыі і ўражанні. Таму прыемна, што такія туры сталі традыцыяй.
Многія з гасцей Гомельшчыны — маладыя спецыялісты, якія толькі пачалі работу ў сваіх выданнях. У іх кар'еры гэта першы такі вопыт і першае знаёмства з Гомельскім рэгіёнам.
— Як рэгіянальныя СМІ можам абмяняцца вопытам, таму прэс-туры вельмі патрэбныя, — перакананы супрацоўнік газеты «Нясвіжскія навіны» Уладзіслаў Некраш, які ўпершыню наведаў Гомельшчыну.
Пазнаёміць праз цікавыя і насычаныя фота і відэа з паўднёва-ўсходнім рэгіёнам як мага больш людзей марыць блогер Павел Дзмітрыеў.
— Гэты прэс-тур — класная ідэя. Бо важна паказаць наш прамысловы, турыстычны патэнцыял, культурную спадчыну. Трэба, каб мы прыязджалі адзін да аднаго, здымалі відэа і размяшчалі ў сваіх акаўнтах. Тым самым мы пакажам нашым людзям, у першую чаргу моладзі, што ў нас ёсць, чым ганарыцца, — падзяліўся інжынер-сістэматэхнік Кобрынскага хлебазавода, які актыўна вядзе акаўнт у TіkTok, Павел Дзмітрыеў.
Адным з першых выязных заданняў ад рэдакцыі абласной газеты «Витебские вести» стаў удзел у прэс-туры для карэспандэнта Сафіі Барысенка.
— Гомельская вобласць — радзіма маёй бабулі, але ў самім Гомелі я ніколі не была. Уся праграма, якую прапанавалі для наведвання арганізатары, вельмі цікавая. У рэгіёне ёсць прадпрыемствы, пабачыць вытворчасць якіх на свае вочы — мара. Гэтым можна зацікаўліваць і замежную аўдыторыю, турыстаў з іншых краін.
— Мы з сям'ёй часта падарожнічаем па Беларусі. Вельмі цікава наведаць Гомель. Для мяне прэс-тур — адпачынак, які дае магчымасць атрымаць асалоду ад знаёмстваў, — прызналася Алёна Кухарава, карэспандэнт газеты «Веснік Магілёва».
Вандроўнікі наведалі Гомельскую спецыялізаваную дзіцяча-юнацкую школу алімпійскага рэзерву № 4, дзе назіралі за трэніровачным працэсам знакамітых трэнераў і іх выхаванцаў
у мастацкай, спартыўнай гімнастыцы, акрабатыцы.
«Гомсельмаш», «Спартак», «Інстытут лесу НАН Беларусі», «Беларускі металургічны завод», «Рагачоўскі малочнакансервавы завод» — вытворчасці-брэнды Гомельшчыны, якія наведалі ўдзельнікі прэс-тура.
— Мой раён сельскагаспадарчы, таму вельмі цікава наведаць «Гомсельмаш». Гэту тэхніку я бачу на полі, на ёй працуюць камбайнеры, пра якіх пішу, таму мае да яе асаблівы інтарэс, — адзначыла карэспандэнт газеты «Дняпроўская праўда» з горада Дуброўна Віцебскай вобласці Юлія Сахарава.
Акрамя зборачнага канвеера, маладыя журналісты і блогеры ўбачылі выпрабаванне камбайна, які толькі сышоў з лініі. Даведаліся і аб унікальнай сацыяльнай сферы, якую забяспечвае «Гомсельмаш». Холдынг — адзін з найбуйнейшых вытворцаў сельгастэхнікі, прамысловы гігант абласнога цэнтра. На прадпрыемстве сёння працуе
15 тысяч работнікаў. Калі ідзеш па карпусах, нельга не дзівіцца маштабам вытворчасці, кажа Ліза Кавецкая — фотакарэспандэнт выдавецкага дома «Беларусь сегодня».
Прадпрымальнікі і блогеры Руслан Керымаў, Аляксей Назаранка, Андрэй Грыбаў падзякавалі за магчымасць ацаніць вытворчасць прадпрыемстваў-флагманаў вобласці. Цяпер яны могуць расказаць пра «кухню» вытворчых працэсаў простым людзям, жыхарам розных населеных пунктаў.
На тэрыторыі ваенна-гістарычнага комплексу «Партызанская крыніца» маладыя людзі прынялі ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных 82-й гадавіне з дня ўтварэння Гомельскага партызанскага атрада «Бальшавік». У гонар знамянальнай даты каля мемарыяльнага комплексу прайшоў урачысты мітынг. Удзельнікі прэс-тура цяпер ведаюць, як былі ўладкаваны зямлянкі партызанскага лагера — штабная, медыцынская, зброевая, прадуктовая і для асабовага складу.
На мемарыяльным комплексе прайшла таксама рэканструкцыя эпізодаў партызанскай барацьбы на Гомельшчыне ў перыяд акупацыі. У ёй прынялі ўдзел прадстаўнікі розных ваенна-гістарычных клубаў Рэспублікі Беларусь і вучні патрыятычных класаў. Былі задзейнічаны дзеючыя ўзоры ваеннай аўта-, мота-, рэтратэхнікі і ўзбраення, выкарыстаны піратэхнічныя спецэфекты.
У маршруце другога дня — БМЗ, Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат, сядзіба Козел-Паклеўскіх у аграгарадку Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна і Музей хлеба ў аграгарадку Батвінава Чачэрскага раёна.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота аўтара
«Мадэлі жыцця грамадства мы павінны вызначаць самі ў рамках нашай духоўнай славянскай традыцыі».
Высветлілі карэспандэнты «МС».