Вы тут

Дзве дачкі — дзве крывінкі. Згадваем лёс дзяцей Рагнеды і Уладзіміра


Пра Рагнеду і яе мужа Уладзіміра Святаславіча ведае кожны, хто цікавіцца нацыянальнай гісторыяй. Таму не буду апавядаць пра яе. Лепш раскажу пра дачок, якіх яна нарадзіла ад яго. На жаль, пра жанчын, якія жылі ў даўнія часы, вядома няшмат. Вінаваты ў гэтым старажытныя летапісы. У іх называюцца князі, іншыя правіцелі. Часам упамінаюцца і іх жонкі, але мімаходзь. У гэтым няма нічога асаблівага. Жанчыны звычайна знаходзіліся як бы ў цяні. Нічым асаблівым не вызначаліся. Выключэнне — тыя, якія чым-небудзь праявілі сябе. Яскравы прыклад — Ефрасіння Полацкая. Аднак і старэйшая дачка Рагнеды і Уладзіміра ўспамінаецца даволі часта.


Прадслава. Фота з сайта dzen.ru

Прадслава  з Прадславіна

У «Аповесці мінулых часоў» яна згадваецца тройчы. Знайсці яе імя можна і ў такіх пісьмовых крыніцах, як «Хроніка Цітмара Мерзебургскага»,  «Жыціе прападобнага Майсея Угрына» і іншых. Аднак у Радзівілаўскім летапісе, калі агульныя сыны Рагнеды і Уладзіміра Святаславіча называюцца па імёнах, пра іх дачок толькі такое сведчанне: «2 дщери».

Малодшай жа пашанцавала менш. Няма нават ніякай пэўнасці наконт яе імені. У «Аповесці мінулых гадоў» яна называецца Праміславай. А ў польскіх пісьмовых помніках гэтае імя гучыць па-рознаму. У адных праходзіць як Мсціслава, у другіх — Мечыслава.

Прадслава нарадзіліся каля 983 года, пасля таго як Уладзімір Святаславіч са згоды жонкі пасяліў яе на беразе рэчкі з дзіўнай назвай Лебедзь. Так назвалі яе, магчыма, з-за таго, што ў гэтым месцы яна выгіналася, а выгін нагадваў сабой лебядзіную шыю. Рэчка працякала непадалёку ад Кіева. Краявіды Рагнедзе вельмі спадабаліся, таму яна ахвотна згадзілася жыць у гэтай мясціне. З нараджэннем дачкі тым больш не хацела нікуды з’язджаць.

Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што Прадславай яе назваў сам бацька. Магчыма, і так, бо адразу палюбіў яе. Дагэтуль у іх з Рагнедай былі сыны. Першынцам, як вядома, стаў Ізяслаў. Таму безназоўнае паселішча, дзе з’явілася на свет Прадслава, з лёгкай рукі вялікага князя стала называцца Прадславіна.

Хоць канчаткова не скажаш, ці адпавядае гэта ісціне. Магло быць і так, што назва Прадславіна існавала раней. Справа, аднак, не ў тым, любіў ці не любіў ён сваю дачку. Відаць, усё ж вельмі любіў. Аднак паселішча і дагэтуль магло называцца Прадславіна. А дачушцы даў імя, сугучнае гэтай мясціне.

Як праходзіла яе маленства, сказаць цяжка. Ніякіх сведчанняў наконт гэтага не захавалася. Застаецца толькі ўяўляць. Безумоўна, Уладзімір Святаславіч, паколькі вельмі любіў дачку, стараўся часцей наведвацца ў Прадславіна. Але гэта ўдавалася яму далёка не заўсёды. Ставала і іншых клопатаў. Больш выхаваннем Прадславы займалася Рагнеда. Не магла не расказваць ёй пра гісторыю Полацкай зямлі. Апавядала не толькі тое, пра што мы ведаем. Знаёміла і з некаторымі падзеямі, якія з-за сваёй невялікай значнасці да нас не дайшлі. Яны дзяўчынцы былі цікавыя, бо адкрывалі ёй вочы на свет і людзей.

Ведала Прадслава і пра свайго дзеда, а яе бацьку — князя Рагвалода. Зразумела, пра падрабязнасці таго, што адбылося, калі да яе сватаўся Уладзімір Святаславіч, маці не гаварыла. Не хацела раніць юнае сэрца. Але шмат чаго пра яго княжна пачула.

У летапісах можна прачытаць, што яна была прыгожая. І да навукі здатная. Ведала некалькі моў, у тым ліку латынь і грэчаскую мову, што для жанчын таго часу — рэдкасць.

Калі падрасла, бацьку, відаць, стала не да яе. Іначай не растлумачыш, чаму доўга не клапаціўся, каб знайсці Прадславе годнага мужа. Да трыццаці набліжалася, а яна заставалася незамужняй.

Моцна перажывала смерць маці, а прыкладна праз 15 гадоў, 15 ліпеня 1015 года, не стала і бацькі.

Бойся, брат, брата

Пасля смерці Уладзіміра Святаславіча паміж яго сынамі пачалася барацьба за прастол. Найбольш актыўна дзейнічаў старэйшы — Святаполк. Ён падаслаў забойцаў да свайго брата Барыса. Загінуў не толькі Барыс, а і амаль увесь яго атрад.

Брат Прадславы Яраслаў, той, які ўвайшоў у гісторыю як Яраслаў Мудры, у гэты час правіў у Ноўгарадзе. Калі яна даведалася, як люта паводзіць сябе Святаполк, вырашыла яго папярэдзіць. У Ноўгарад накіравала свайго ганца. Той перадаў яму запіску. У ёй гаварылася: «Отец ти умер, а Святополк седити Кыевъ, убив Бориса, а на Глеба посла, а блюдися его повелику».

Пра тое, што Барыс забіты, Прадслава даведалася ад Майсея Угрына. Аднаго з нямногіх, хто ўцалеў з атрада. Ён адразу накіраваўся ў Кіеў, дзе яна тады жыла. Значыць, давяраў ёй. Давярала яму і Прадслава. Іначай так не апекавалася б. Разумеючы, якая небяспека вісіць над ім, хавала яго ў Прадславіне. Як і іншых, хто быў супраць таго, каб на велікакняжацкім прастоле знаходзіўся Святаполк. Увогуле, яна не заставалася ўбаку ад падзей, што пачалі разгортвацца пасля смерці бацькі. Гэта сведчыць, што была сумленнай. Не цярпела насілля і несправядлівасці.

Атрыманая вестка для Яраслава была вельмі важнай. Сястра своечасова папярэдзіла, якая небяспека можа навіснуць і над ім, калі не прыме ніякіх мер.

Воўчы хвост накруціў праціўніку... хвост

Неўзабаве да Яраслава Уладзіміравіча прыйшла яшчэ адна трагічная вестка: загінуў брат Глеб. Гэта надало яму большай рашучасці. Сабраў велізарнае для свайго часу войска. Яно складалася з трох тысяч ноўгарадцаў і адной тысячы варагаў. Святаполк пачаў спешна збіраць воінаў з тых зямель, што належалі яму. Таксама не адмовіўся ад дапамогі наёмнікаў. Імі сталі печанегі.

Позняй восенню 1016 года браты размясціліся са сваімі войскамі на супрацьлеглых берагах Дняпра каля горада Любеча. Ніхто з іх не адважваўся першым пачаць пераправу. Так прайшоў дзень, другі. Міналіся тыдні, але ні Яраславу, ні Святаполку не ставала рашучасці аддаць доўгачаканы загад аб наступленні.

Першым, у каго не вытрымалі нервы, стаў ваявода Воўчы Хвост. Праўда, ён загаду не аддаваў. Ён зрабіў тое, што прымусіла ноўгарадцаў і без яго пачаць пераправу.

Воўчы Хвост пад’ехаў на кані да самага берага, на другім баку якога знаходзіліся ноўгарадцы. Абразліва закрычаў:

— Вы — не воіны, а цесляры. Таму прымусім вас будаваць для нас харомы.

Ад пачутага ноўгарадцы не знаходзілі сабе месца. Кінуліся да Яраслава Уладзіміравіча, гатовыя тут жа перапраўляцца праз Дняпро. Такімі рашучымі ён ніколі іх не бачыў.

— Княжа, — заявілі яны, — калі хто не пойдзе з намі, таго заб’ём!

Яраслаў Уладзіміравіч зразумеў, што пярэчыць ім нельга. Падтрымаў, аднак папрасіў добра падрыхтавацца да пераправы. Паслухалі яго, а раку пераадолелі назаўтра вечарам.

Было холадна, і на вадзе з’явіўся першы лёд. Святаполк не разлічваў, што ў гэты час Яраслаў аддасць загад перапраўляцца. Ды яшчэ на схіле дня. Таму бавіў час за чаркай. Ахова ж не праявіла пільнасці. Гэта было ноўгарадцам на руку.

Асноўнае войска Святаполка ў гэты час размяшчалася паміж двух азёр. Печанегі ж стаялі на супрацьлеглым беразе аднаго з іх. Ноўгарадцы прысціснулі князя з дружынай да возера. У адчаі некаторыя яго дружыннікі кінуліся на лёд. Ён не вытрымаў, і яны загінулі. Святаполк, аднак, уратаваўся. Уцёк у Польшчу да свайго цесця караля Баля-
слава Храбрага.

Яраслаў Уладзіміравіч пераможцам увайшоў у Кіеў. Шчодра абдарыў сваіх воінаў, якія прынеслі яму перамогу. Невядома, ці аддзячыў сястры. Калі б Прадслава своечасова не паведаміла яму аб небяспецы, хто ведае, як склалася б усё. Ды ў летапісах аб гэтым ні слова.

Не кожны вопыт  варты пераймання

Толькі Яраслаў Уладзіміравіч рана радаваўся. Баляслаў Храбры не пакінуў зяця ў бядзе. Для паходу таксама сабраў немалое войска. Запрасіў для сумеснага паходу і венграў, немцаў, печанегаў.

22 ліпеня 1018 года варожыя бакі сустрэліся на прыгранічнай рацэ Заходні Буг. Сітуацыя склалася тая ж, што і два гады назад ля Любеча. Праціўнікі таксама застылі ў нерашучасці. Хто ведае, колькі б гэта працягвалася, калі б вопыт ваяводы Воўчы Хвост не пераняў яшчэ адзін з атачэння Яраслава Уладзіміравіча — ваявода Буда. Ён закрычаў Баляславу Храбраму:

— Пачакай, таўстун, мы праткнём кап’ём тваё пуза!

Пасля гэтага кароль праявіў нечаканы спрыт. З дзіўнай лёгкасцю ён ускочыў на свайго каня.

— Адпомсцім, або я загіну! — ён на кані вярхом паімчаўся ў ваду.

Следам за ім рушылі паплечнікі. Гэты жарт дорага абышоўся князю Яраславу. Ад нечаканага наступлення яго войска не змагло даць належны адпор і было разбіта. Некаторыя ратаваліся ўцёкамі. Сам Яраслаў Уладзіміравіч толькі цудам застаўся жывым. Пры ім — усяго чатыры найбольш надзейныя воіны. Уратаванне яны знайшлі за ноўгарадскімі сценамі.

Князь быў так напалоханы, што збіраўся ўцякаць за мора, каб перачакаць ліхую гадзіну ў варагаў. Але ноўгарадцы пасеклі ладдзі, якія ён падрыхтаваў для ўцёкаў. Заявілі, што могуць яшчэ змагацца з Баляславам Храбрым.

Яраслаў Уладзіміравіч запярэчыў:

— А дзе грошы для найму воінаў?

У адказ пачулася:

— Княжа, бяры ўсё, што мы маем.

Ноўгарадцаў падтрымалі і жыхары Ноўгарадскай зямлі. На сабраныя грошы нанялі варагаў. Стварылі і народнае апалчэнне.

У гэты час Яраславу Уладзіміравічу стала не да яго сясцёр. А яны трапілі ў палон. Пры жаданні князь мог іх вызваліць. Раней захапіў у палон жонку Святаполка, а дачку Баляслава Храбрага. Кароль, непакоячыся за яе лёс, прапанаваў абмяняць на сясцёр князя. Але той на такую прапанову не зрэагаваў.

Без віны вінаваты  Святаполк

Баляслаў Храбры быў задаволены перамогай. Меркаваў, што Яраслаў пасля ўсяго не збярэцца з сіламі. Таму адпусціў дамоў наёмнікаў. Адправіў і частку пастаяннага войска. А Святаполк стаў вялікім князем кіеўскім. Разумеючы, што ў гэтым вялікая заслуга цесця, згадзіўся, каб яго войска было накіравана ў розныя гарады. Там яно знаходзілася, як тады казалі, на кармленні.

Ды палякі пачалі паводзіць сябе нахабна. Гэта выклікала ў насельніцтва незадавальненне. Дайшло да сутычак. Многія палякі былі забіты. Сітуацыя ўскладнілася. Баляслаў Храбры вырашыў пакінуць зямлю зяця. З сабой забраў і сясцёр Яраслава Уладзіміравіча.

У Прадславу быў закаханы яшчэ пры жывым яе бацьку. Хацеў ажаніцца з ёй. Але яна адмовіла. Нібыта з-за таго, што тоўсты і схільны да блудніцтва. Цяпер ні ў кога не трэба было пытаць дазволу. Аднак Прадслава стала не жонкай, а наложніцай. А Праміслава выйшла замуж за венгерскага правіцеля Ласла Лысага. Баляслаў Храбры пазнаёміў іх у час паходу на Кіеў.

Яраслаў Уладзіміравіч усё ж канчаткова разграміў Святаполка. Адбылося гэта ў 1019 годзе на беразе ракі Альты. Бітва працягвалася з ранку да позняга вечара. Тры разы сыходзіліся варожыя бакі. Дагэтуль такой сечы на Русі не было. Ад частага ўжывання коп’і ў воінаў затупіліся. Утварыліся ручаі з людской крыві. Яна сцякала з узгоркаў у нізіны.

Зразумеўшы, што разгромлены, Святаполк кінуўся ўцякаць. Яго стан летапіс характарызуе так: «ослабели все члены и кости». Страх настолькі авалодаў ім, што ён, відаць, страціў розум. Уцякаў і ўвесь час крычаў:

— Бяжыце, бяжыце, даганяюць нас!

Памёр Святаполк недзе на мяжы Польшчы і Чэхіі. Яраслаў Уладзіміравіч канчаткова заняў велікакняжацкі прастол. Пасля гэтага яму стала не да сясцёр.

Праміслава, праўда, зрэдку падавала аб сабе весткі. Успомніць ён пра яе і тады, калі яго старэйшая дачка адправіцца з мужам у Венгрыю. Папрасіў завітаць да яго сястры. У наложніцы гэткай магчымасці не было.

За такое стаўленне да сясцёр Яраслава Мудрага, канешне, можна асуджаць. Але гэта з пазіцыі сённяшняга дня, калі так востра стаіць пытанне чалавечай маральнасці. На той жа час да ўсяго ставіліся інакш. Таму так няпроста разабрацца ў тагачасных падзеях. Нават рускі паэт Канстанцін Бальмонт кінуў папрок не Яраславу Уладзіміравічу, а Святаполку:

Его ничей не тронул стон,

И крулю Польши, Болеславу,

Сестру родную отдал он

На посрамленье и забаву.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Жыллё

У сталіцы любяць аднапакаёўкі. А Брэст, Гомель і Гродна аддаюць перавагу двухпакаёваму жыллю

У сталіцы любяць аднапакаёўкі. А Брэст, Гомель і Гродна аддаюць перавагу двухпакаёваму жыллю

Лета 2023-га ўстанавіла рэкорд за апошнія дзесяць гадоў па актыўнасці рынку нерухомасці.

Рэгіёны

Як жыхары і службы Віцебска змагаюцца са снежнай стыхіяй

Як жыхары і службы Віцебска змагаюцца са снежнай стыхіяй

У барацьбе са снегам былі задзейнічаны больш за 350 чалавек і 110 адзінак тэхнікі.