У дзесяці паэтычных зборніках Таццяны Яцук зіхаціць зоркамі жыццёвай мудрасці космас шчырай, адкрытай людзям жаночай душы. Пра паэзію, працу, сям’ю і захапленні гутарым з паэткай, настаўніцай, маці двух сыноў. Жанчынай, якая знайшла сваю шчаслівую жыццёвую сцяжыну.
— З чаго пачалося Ваша захапленне паэзіяй?
— Нарадзілася я ў невялікай вёсцы Радагошча, што на Навагрудчыне. Шмат дапамагала бацькам па гаспадарцы, а падчас працы любіла напяваць — і аднойчы заўважыла, што спяваю ў рыфму. Запісала — атрымаўся верш. Настаўнікі ў школе звярталі ўвагу на мае здольнасці да мовы, літаратуры. Я шмат чытала, выпісвала газету «Піянер Беларусі». Аднойчы рэдакцыя аб’явіла конкурс да 60-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі, я даслала свой верш і аказалася сярод пераможцаў. Атрымала ад рэдакцыі грамату і бібліятэчку кніг беларускіх пісьменнікаў. Гэта мяне вельмі натхніла.
— Ці паўплывала перамога ў конкурсе на выбар Вамі прафесіі?
— Я пачала яшчэ больш цікавіцца літаратурай, а сшытак і ручка былі са мной заўсёды. Друкавалася ў «Піянеры Беларусі», «Чырвонай змене», раённай газеце. Калі прыйшоў час выбіраць, на які факультэт БДУ паступаць, мела добры стос публікацый і вагалася паміж філалагічным і журналістыкай. У рэшце рэшт філалогія пераважыла. Уступны экзамен у мяне прымала Таццяна Шамякіна, я атрымала «выдатна».
— На філфаку Вы былі членам літаб’яднання «Узлёт», якім кіраваў Алег Лойка, доктар навук, вядомы купалазнаўца, член-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа. Што запомнілася з тых часоў?
— Гэта быў незабыўны час. Многія з таленавітых студэнтаў, якія шчыравалі ў літаб’яднанні пад кіраўніцтвам паважанага Алега Антонавіча, пазней сталі вядомымі паэтамі, празаікамі, навукоўцамі. На літстаронцы «Ружовы ранак» газеты «Беларускі ўніверсітэт» часта з’яўляліся вершы «ўзлётаўцаў», у тым ліку і Таццяны Марчык (маё дзявочае прозвішча). Штогод ладзілі свята беларускай паэзіі ля помніка Янку Купалу ў Вязынцы. Напрыканцы свайго навучання, у 1985 годзе, выдалі зборнік «Вусны». Сярод маіх педагогаў былі Таццяна Шамякіна, Ніл Гілевіч, Любоў Тарасюк, Вячаслаў Рагойша. Лёс мяне песціў, даючы магчымасць вучыцца ў такіх людзей.
— Цяпер Вы самі кіруеце літаб’яднаннем «Купальскія зоры» ў горадзе Баранавічы, дзе жывяце.
— У раённых цэнтрах шмат таленавітых людзей, і трэба даць ім магчымасць раскрыцца. Якраз з гэтай мэтай створана літаб’яднанне «Купальскія зоры» пры цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя В. Таўлая. Сёння яго наведваюць людзі сталага ўзросту — настаўнікі, работнікі культуры, пенсіянеры, якія любяць літаратуру і пішуць самі. Бярэм удзел у мерапрыемствах у Баранавіцкім рэгіёне і за яго межамі. Выступалі ў бібліятэках Мінска, выязджалі ў Брэст, Гродна, Навагрудак, Лунінец, іншыя гарады. Выпусцілі калектыўны зборнік «Купальскія зоры». Разам з бібліятэкай арганізавалі конкурс, прысвечаны гораду Баранавічы, — дарэчы, самымі актыўнымі аказаліся школьнікі.
— Літаб’яднанне хутка папоўніцца маладымі талентамі?
— Спадзяюся. Я задумала аб’яднаць пры «Купальскіх зорах» моладзь, якая цікавіцца прыгожым пісьменствам.
— У 2022 годзе Вы сталі лаўрэатам прэстыжнага літаратурнага спаборніцтва Гродзеншчыны — IV абласнога конкурсу рукапісаў імя Цёткі ў намінацыі «Паэзія» за кнігу «Зоркі ў прыполе». Чаму так назвалі свой дзясяты паэтычны зборнік?
— У аснову вершаў гэтай кнігі ляглі філасофскія высновы, своеасаблівыя «мудрынкі», якія пакрысе збірала на цярністай жыццёвай дарозе. Гэтыя «жыццёвінкі» я і параўноўваю з зоркамі. А вобраз прыполу сімвалізуе аб’яднанасць у адной кнізе тых «зорачак».
— Космас у прыполе — падобны вобраз мог належаць толькі пяру жанчыны…
— Сапраўды, вершы кнігі выяўляюць мой погляд на свет — погляд жанчыны, маці, паэткі. Пры тым кампазіцыя кнігі выбудавана такім чынам, што вершы аб’яднаныя ў раздзелы не па тэматыцы, а па жанрах: санеты, «белыя» вершы, сілаба-танічныя і чатырохрадкоўі-катрэны. Тэмы розныя: Радзіма, гістарычнае мінулае, мацярынства, прырода, каханне.
— Вы шмат увагі надаяце форме вершаў.
— Аднойчы праніклася жаданнем асвоіць розныя формы, пачала эксперыментаваць і адчула: варта працягваць. У маёй кнізе «Алфавітная музыка слоў» радкі кожнага верша пачынаюцца з адной літары. Пішу дзеяслоўныя, назоўнікавыя вершы, а таксама таўтаграммы, дзе ўсе словы пачынаюцца з адной літары. Кніга «Споведзь чыстаму лісту» змяшчае 150 трыялетаў. Канешне, гульні з формай не павінны шкодзіць зместу.
— Які час сутак ці стан душы найбольш спрыяе натхненню?
— Часам вершы прыходзяць уначы, я толькі паспяваю запісваць. Калі душа смуткуе, верш плача, а калі яна радуецца, верш пяе. У маім зборніку «Бліскавіцы над Свіцяззю» ёсць раздзел «Маналогі ў вечнасць» — тыя шчымлівыя радкі напісаны з нагоды сыходу ў іншы свет маіх дзвюх сясцёр, іх памяці прысвечаны зборнік. Багата вершаў створаны ў хвіліны шчасця. Увогуле, чым дыхаю, што адчуваю — тое і перадаю на паперы.
— Не так даўно выйшлі Вашы кнігі для дзяцей: вершаваная казка «Прыгоды лесавічка Імшарыка і яго сяброў», зборнік «З паклонам да сонейка». Што падштурхнула «паэтку для дарослых» пісаць для дзяцей?
— Сам лёс так наканаваў, бо ў мяне — трое ўнукаў. Старэйшай будзе 5 гадоў, а малодшаму годзік. Мяне натхнілі іх паводзіны, непасрэднасць дзіцячых выказванняў. Дарэчы, кніжка вершаў «З паклонам да сонейка» прызначана для самых маленькіх. А казка «Прыгоды лесавічка Імшарыка і яго сяброў» будзе мець працяг.
— Які з Вашых зборнікаў найбольш для Вас дарагі?
— У мяне дзесяць зборнікаў паэзіі, з іх дзевяць на беларускай мове. Кожны як уласнае дзіця, вынашаны і створаны з любоўю.
— «Мой загадкавы рай, я вярнулася зноў да цябе» — напісалі Вы ў вершы пра сваю малую радзіму. Ці натхняе яна і цяпер?
— Безумоўна. Натхняюся ў родных мясцінах. Бываю там часта: у Радагошчы жыве мая маці, ёй 83 гады. Вёска, дзе я нарадзілася, — унікальны куточак, а яе назва азначае, што тут заўсёды рады госцю. Зусім блізка ад яе, у Чамброве, калісьці быў маёнтак, дзе жыла хросная маці Адама Міцкевіча, ён часта там бываў. За вёскай Радагошча было старажытнае паселішча; падчас маёй маладосці на Купалле там збіралася моладзь, палілі вогнішчы, танцавалі, спявалі. За рэчкай мы пасвілі кароў, збіралі грыбы, суніцы. Пазней я гуляла там з нататнікам — і заўсёды вярталася дадому з новым вершам. Калі сабраць усе мае вершы, прысвечаныя малой радзіме, Навагрудчыне, атрымаўся б ладны зборнік.
— Літаратурная Навагрудчына добра даследаваная — пра пісьменнікаў, паэтаў, якія мелі да яе дачыненне, расказана ў кнізе Алеся Карлюкевіча «Навагрудчына. Літаратурнае гняздо Беларусі», што выйшла ў ВД «Звязда». Хто з творцаў, звязаных з гэтым краем, найбольш паўплываў на Вас?
— Як настаўнік адзначу надзённасць і неабходнасць згаданай кнігі Алеся Карлюкевіча: па ёй вельмі зручна знаёміць вучняў з постацямі вядомых папярэднікаў і сучаснікаў.
На маю паэзію паўплывалі розныя творцы. Перш за ўсё гэта Адам Міцкевіч. Я працую ў школе № 4, дзе ёсць музей Валянціна Таўлая, — з яго творчасцю я добра знаёмая. Захапляюся прозай Янкі Брыля. Вядомы літаратуразнаўца Уладзімір Калеснік, мой настаўнік з Валеўскай сярэдняй школы Уладзімір Урбановіч, паэтка Данута Бічэль-Загнетава... Немагчыма пералічыць усіх.
— Вы выкладаеце беларускую мову і літаратуру не адно дзесяцігоддзе. Як сёння, у час гаджэтаў, абудзіць у дзецях цікавасць да роднага слова?
— Настаўнікам працую 38 гадоў, 33 з іх — у школе № 4 горада Баранавічы. Сёння дзеці і падлеткі цікаўныя і развітыя, сярод маіх вучняў многія перамагаюць у розных конкурсах, удзельнічаюць у навукова-практычных канферэнцыях, займаюць прызавыя месцы на алімпіядах. Канешне, турбуе, што дзіця зашмат часу праводзіць з гаджэтамі. І мабільнікі, і камп’ютары патрэбныя, але задача настаўніка і бацькоў — дасягнуць у гэтым разумнага балансу. Стараюся рабіць урокі захапляльнымі, абудзіць у вучнях жаданне больш чытаць. Калі літаб’яднаннем мы ладзім вечарыны, у зале заўсёды бачу зацікаўленыя вочы хлопцаў і дзяўчат. Лічу, што творцаў трэба часцей запрашаць на розныя мерапрыемствы, каб дзеці як мага часцей чулі мілагучнае беларускае мастацкае слова.
— Ці вялікая ў Вас сям’я? Хто чакае Вас дома?
— Сям’я — мой прыстанак, дзе я знаходжу сваё жаночае шчасце, супакаенне і падтрымку. Разам з мужам Анатолем пабудавалі дом, вырасцілі двух сыноў і пасадзілі нямала дрэў. Цяпер засталіся ў гэтым вялікім доме ўдваіх — сыны выраслі, удала ажаніліся і жывуць асобна. Абодва, Яўген і Арцём, знайшлі сябе і ў прафесійным жыцці. Я ўдзячная нявесткам і сынам за ўнукаў. Па святах мы збіраемся ўсёй сям’ёй у нашым доме, тут усім хапае месца. Дарэчы, муж падтрымлівае мяне і ў творчых справах, прысутнічае на маіх выступленнях, ён — мой першы крытык.
— Чым захапляецеся, акрамя паэзіі?
— Усё раблю з любоўю. З задавальненнем вырошчваю кветкі, гародніну і садавіну. Проста фанатычна люблю «ціхае паляванне»: ходзім з мужам у грыбы, баравікі — мая фірменная страва. У лесе заўсёды адчуваю душэўнае супакаенне, аднаўляю запасы ўнутранай энергіі. Вельмі люблю кухарыць і сустракаць гасцей. Жартую, што ў мінулым жыцці была поварам, бо гатую вельмі смачна. Часам люблю проста пасядзець у двары, паназіраць за прыродай, месяцам, зоркамі.
А яшчэ з ахвотай падарожнічаю. Раблю гэта звычайна са сваім калектывам, бо каля трыццаці гадоў з’яўляюся бяссменным старшынёй прафкама школы. З калегамі аб’ездзілі нямала цікавых месц Беларусі, і за яе межамі бывалі.
— Сёлета Вы адзначылі юбілей. Ці адчуваеце сябе шчаслівым чалавекам?
— Так. Шчаслівы той, хто з радасцю ідзе на працу і з радасцю вяртаецца дамоў. Формула, якая некаму можа падацца надта простай, але гэта акурат пра мяне. Ні на адну хвіліну не расчаравалася ў сваім выбары прафесіі. Мне падабаюцца мая школа, калектыў, вучні. Люблю сваю сям’ю, сыноў, унукаў, і яны ставяцца да мяне са шчырасцю.
— Мы жывем, пакуль ставім мэты і дасягаем іх. Які Вашы творчыя планы? Над чым цяпер працуеце?
— Да выдання гатовыя зборнік паэзіі «Мудрасць вечара» і кніга для дзяцей «Воблачка спагады». Напісана другая частка казкі «Прыгоды лесавічка Імшарыка і яго сяброў». Планую паўдзельнічаць у цікавым літаратурным конкурсе, у Дні беларускага пісьменства ў Гарадку. І, канешне, пішуцца вершы.
Алена БРАВА
Фота з асабістага архіва суразмоўніцы
«Мадэлі жыцця грамадства мы павінны вызначаць самі ў рамках нашай духоўнай славянскай традыцыі».
Высветлілі карэспандэнты «МС».