Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергеенка правёў сустрэчу з актывам БРСМ. Для ўдзелу ў размове былі запрошаны кіраўнікі структурных падраздзяленняў БРСМ з розных рэгіёнаў краіны, а таксама прадстаўнікі ячэек ВНУ.
«Відавочна, што БРСМ расце, прырастае, у тым ліку і добрымі справамі, расце аўтарытэт арганізацыі, пазнавальнасць», — сказаў Ігар Сергеенка. Але разам з тым ён звярнуў увагу і на існаванне недахопаў у рабоце, адзначыўшы, што пры той падтрымцы, якую аказвае дзяржава, і наяўных рэсурсах аддача павінна быць вышэйшай.
У час сустрэчы кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта абазначыў асобныя недахопы ў рабоце БРСМ, прапанаваў абмеркаваць, што перашкаджае, дзе трэба актывізавацца, аказаць дадатковую падтрымку, паведамляе БелТА.
Ён указаў на неабходнасць правядзення больш актыўнай дзейнасці па навучанні кадраў. Пакуль прыкладаў правядзення навучальных семінараў сярод актыву БРСМ — адзінкі. «Сістэму навучання кадраў усіх узроўняў трэба больш дакладна выбудаваць, сістэматызаваць», — упэўнены Ігар Сергеенка.
Асобную ўвагу ён удзяліў пытанню падрыхтоўкі лідараў з маладзёжнага асяроддзя для іх наступнай работы ў сістэме ідэалагічнай вертыкалі і на дзяржаўнай службе, на прадпрыемствах, у іншых структурах. Паводле яго слоў, апошнім часам намецілася станоўчая тэндэнцыя ў гэтай сферы — на работу толькі ў бягучым годзе ў сістэму ідэалагічнай вертыкалі гор- і райвыканкамаў прынята 15 работнікаў БРСМ.
У цэлым наладжана ўзаемадзеянне паміж БРСМ і мясцовымі органамі ўлады ў рэалізацыі маладзёжнай палітыкі, зазначалася на сустрэчы. «Цікавасць з боку ўлады відавочная, але толькі ў тым выпадку, калі вы прыходзіце з канкрэтнымі прапановамі, праектамі. Упэўнены, што вы заўсёды будзеце пачуты», — заявіў Ігар Сергеенка.
Размова на сустрэчы ішла, безумоўна, і аб праектнай дзейнасці БРСМ. «Так, у вас наладжана гэта работа, — сказаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. — Ёсць удалыя прыклады, іміджавыя, якія сталі брэндавымі ў краіне: „100 ідэй для Беларусі“, студатрадаўскі рух, „Каралева Вясна“, „Добрае сэрца“, „Зарніца“ і інш. Папулярнасць атрымаў праект „Сіла закона“ па абмеркаванні законапраектаў. Менавіта рэалізацыя такіх праектаў з’яўляецца асноўнай дзейнасцю для БРСМ, таму што гэта спрыяе пазнавальнасці, выхаванню моладзі, прыцягненню ў шэрагі арганізацыі. Але назіраецца паступальнае зніжэнне рэйтынгу раней папулярных праектаў, напрыклад, „Уладар вёскі“, хаця альтэрнатыўных ініцыятыў па рабоце з сельскай моладдзю няма. Чаму праблемы?» Пытанні арганізацыі гэтага конкурсу і спосабы адрадзіць яго папулярнасць падрабязна абмяркоўваліся на сустрэчы, былі выпрацаваны сумесныя рашэнні па трансфармацыі спаборніцтва, у тым ліку па пашырэнні кола ўдзельнікаў конкурсу за кошт жыхароў пасёлкаў гарадскога тыпу.
Прагучалі некаторыя заўвагі ў частцы арганізацыі інфармацыйнай працы ў БРСМ. «У інфармацыйнай прасторы ў якасці лідараў меркаванняў у асноўным выступаюць кіраўнікі ЦК БРСМ. А патэнцыял кіраўнікоў і работнікаў тэрытарыяльных, абласных, раённых? Трэба такіх людзей бачыць, запрашаць, каб яны выступалі, інфармавалі грамадства не толькі ў сваіх студыях на раённым, рэгіянальным узроўні, але і на рэспубліканскім», — перакананы Ігар Сергеенка.
Па ўсіх абазначаных пытаннях і выказаных заўвагах адбылося падрабязнае абмеркаванне, дыскусія з удзелам адказных асоб актыву БРСМ, у тым ліку прадстаўнікоў розных рэгіёнаў.
Былі прааналізаваны прычыны і намечаны спосабы вырашэння праблем. Асаблівую ўвагу Ігар Сергеенка даручыў звярнуць на актывізацыю дзейнасці актыву БРСМ у гарадах з колькасцю насельніцтва ад 80 тысяч чалавек, у тым ліку ў Пінску, Полацку, Лідзе, Маладзечне.
«Будзем лічыць, што першае знаёмства ў такім фармаце адбылося», — сказаў, падводзячы вынікі, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта і прапанаваў працягнуць правядзенне такіх сустрэч на рэгулярнай аснове.
У сваю чаргу намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Луцкі прапанаваў да канца бягучага года арганізаваць мерапрыемства на адным з прадпрыемстваў, дзе работа з БРСМ прадстаўлена на самым высокім узроўні. На яго думку, работа з моладдзю ў працоўных калектывах пакуль арганізавана на недастатковым узроўні і правядзенне сустрэчы ў такім фармаце дасць магчымасць намеціць шляхі для выпраўлення сітуацыі.
Фота: БелТА
Лета 2023-га ўстанавіла рэкорд за апошнія дзесяць гадоў па актыўнасці рынку нерухомасці.
У барацьбе са снегам былі задзейнічаны больш за 350 чалавек і 110 адзінак тэхнікі.