«Не ўсё могуць князі...»
Гэтая песня — настолькі папулярная, што ў многіх на слыху: «Всё могут короли, всё могут короли, и судьбы всей земли вершат они порой, но что ни говори, жениться по любви не может ни один, ни один король». Ды, калі падумаць, у многім праўдзівая. Асабліва, калі кінуць позірк у гісторыю. Не толькі каралі, а і іншыя, хто ўладу меў, заводзячы сем’і, менш за ўсё пра каханне думалі. Калі ж хто-небудзь і асмельваўся парушыць гэтую няпісаную традыцыю, то яго намер своечасова спынялі. Але ж сапраўднаму каханню не скажаш «не». Так, як і ў гэтай гісторыі…Сярод плямёнаў, якія ў даўнія часы насялялі тэрыторыю Беларусі, былі і драўляне. Жылі яны ў басейне Дняпра, на правым беразе Прыпяці, па цячэнні рэк Убарць, Сцвіга, Цераў і іншых. Вакол — векавыя непраходныя лясы, у іх шмат драўніны. Адсюль і найменне. Міналі стагоддзі, а месца свайго традыцыйнага рассялення яны не пакідалі. Нават трапіўшы ў залежнасць ад Кіева. Даніну выплачвалі своечасова, таму па-ранейшаму на сваёй зямлі заставаліся гаспадарамі. Так працягвалася, пакуль пасад не перайшоў да Ігара.
У драўлян тады правіў Мал. Пасля смерці жонкі ён выхоўваў сына Дабрыню і дачку Малушу. Яе вельмі любіў, таму і назвалі ў яго гонар. Ласкава-памяншальна клікалі Малкай. Бесклапотнае маленства Дабрыні і Малушы працягвалася б і далей, калі б не прагнасць Ігара. Яму падалося, што драўляне плацяць мала даніны. Пабор павялічылі. Ды прагнасць межаў не мае. У 945 годзе яму і гэтага падалося мала. З паўдарогі павярнуў назад, каб здзейсніць яшчэ адзін пабор. Абураныя драўляне забілі яго.
Мал разумеў, што Вольга адпомсціць за гібель свайго мужа. Аднак супрацьстаяць яе войску не мог. Сіла была не на яго баку. Выйсце ўбачыў у тым, каб ажаніцца з ёю. Пасля гэтага хацеў прыбраць да сваіх рук Кіеў і вярнуць заваяваныя землі. Толькі Вольга аказалася хітрэйшай. Яна забіла прысланых сватоў. Смерць напаткала і самога князя Мала. А драўлянская сталіца — горад Іскарасцень — была спалена.
Дабрыню ж і Малушу Вольга пашкадавала. Прыгадала, што зусім нядаўна ў чымсьці гэтакім жа бездапаможным выглядаў і яе сын Святаслаў, хоць і быў ужо кіеўскім князем. Успомніла, як павёў сябе перад тым, як кіяўляне напалі на драўлян. Старэйшыны тады сказалі ёй:
— Іскарасцень будзе пераможаны пры адной умове…
— Што яшчэ за ўмова?
— Сам князь павінен даць знак пачынаць бітву.
Наўрад ці здагадваўся Святаслаў, якая адказная місія ўскладаецца на яго. Усміхнуўся, калі яго пасадзілі на каня і далі кап’ё. Усміхаўся і ледзь трымаючы яго ў сваіх кволых руках. Не ведаў, што рабіць з ім.
— Кідай наперад, — падказала яму Вольга.
З цяжкасцю прыўзняў зброю. Вострым канцом кап’ё ледзь не лягло на галаву каня паміж яго вушэй.
— Вышэй падымай, княжа! — пачуліся галасы.
— Маладзец! — пахваліў яго ваявода Свенельд.
Ад пахвалы твар Святаслава расплыўся ў шырокай усмешцы. Ён з усёй сілы шпурнуў кап’ё. Але штуршок атрымаўся слабым. Кап’ё, праляцеўшы паміж вушэй каня, ударыла яго па назе. Толькі на гэта ніхто не звярнуў асаблівай увагі.
Свенельд гучна крыкнуў:
— Князь пачаў свой бой! Ударым жа, ваяры, услед за ім!
Рука ў Святаслава сапраўды аказалася лёгкай. Іскарасцень быў пераможаны. Потым спалены дашчэнту. Пра няўдалае кіданне кап’я хутка ўсе забыліся. Галоўнае было тое, што перамаглі драўлян. Адна Вольга не забылася. Разумела, што, каб адчуваць сябе ўпэўнена ў абыходжанні са зброяй, сыну трэба яшчэ нямала расці.
Позірк Вольгі нечакана сустрэўся з позіркам Дабрыні. Ён глядзеў на яе прама, не адводзячы вачэй. Позірк як бы працінаў наскрозь. Нібыта кап’ё, кінутае некалі Святаславам. У іншым выпадку абурылася б. Не пашкадавала б таго, хто ў такім малым узросце праяўляе да яе лютую нянавісць. Але менавіта такі чалавек, як гэты Дабрыня, і патрэбны быў ёй. Калі падрасце, не забудзе, хто захаваў яму жыццё. Стане служыць верай і праўдай. Лепшага воіна ў княжацкай дружыне не знойдзеш. Аднак што рабіць з ягонай сястрой?
Забіць дачку Мала рука ў яе таксама не паднялася. Калі ўбачыла, як Малка, зусім малая яшчэ, заліваецца слязьмі, камяк падступіў да горла. Паспела нямала смярцей пабачыць. Аднак захацелася, каб гэтая дзяўчынка засталася жыць. Памкнулася нават пагладзіць яе па галоўцы. Але своечасова спахапілася. Разумела, што гэтага якраз і не трэба рабіць. Акружэнне падобны ўчынак успрыме як праяўленне слабасці. Ёй жа хацелася выглядаць моцнай, валявой.
— Пакіньце дзяцей жывымі! Паедуць са мной у Кіеў! — загадала.
З цягам часу Малуша на многае забылася. Бо нямала вады і ў Прыпяці, і ў Дняпры сплыло з таго моманту, калі Вольга так жорстка расправілася з непакорнымі драўлянамі. Таму і забылася, што ўсё ж ставіліся да яе няблага. Дый і да Дабрыні. Выхоўвалі іх разам са Святаславам. Асабліва зблізіўся з ім Дабрыня. Хоць яго памяць захавала многае. Быў жа старэйшы, калі загінуў бацька. Памятаў і тое, як быў спалены Іскарасцень. Аднак глыбока ў душы ўсё ж хаваў непрыязь да княгіні Вольгі. Але чым больш сталеў, тым часцей лавіў сябе на думцы, што жывецца яму не так і кепска. Упэўненасці пабольшала, калі заўважыў, што Святаслаў неабыякавы да яго сястры. Неаднойчы лавіў сябе на думцы: як бы было добра, калі б Малуша стала жонкай князя.
Упэўненасці пабольшала, калі Малуша стала ключніцай. Як тады казалі — аканомкай. Гэта была вельмі адказная пасада. Той, каго прызначалі на яе, карыстаўся асаблівым даверам. З павагай ставілася да ключніцы і княжацкае акружэнне.
Аднойчы Дабрыня параіў сястры:
— Смялей паводзь сябе са Святаславам.
— Жартаваць вырашыў? — сумелася, чырванеючы.
— Якія жарты? Ён мне казаў, што вы сустракаецеся.
— Ён князь, — уздыхнула Малуша, — а я хто?
— Колькі табе напамінаць! — павысіў голас Дабрыня. — Наш бацька таксама князем быў. Па-ранейшаму не верыш?
— Не веру!
Дабрыня ўжо не ведаў, што і адказаць. Сабраўся ісці, але Малуша спыніла яго:
— Не спяшайся…
— Ты нешта хочаш сказаць? — здзівіўся ён.
— У тое, што я княжацкая дачка, паверу тады толькі...
— Калі? — загарэўся нецярпеннем Дабрыня.
— Як пачую гэта ад аднаго чалавека.
— Нарэшце! — узрадаваўся Дабрыня. — І хто ён, гэты чалавек?
— Князь! —вырвалася ў Малушы.
— Святаслаў даўно ведае, хто быў наш бацька! — ад радасці Дабрыня абняў сястру. — Я папрашу яго, і ён пацвердзіць тое, што я неаднойчы казаў табе.
— Гэтага якраз і не трэба! — зазлавала Малуша.
— Чаго не трэба? — не разумеў Дабрыня.
— Тваёй дапамогі!
— Нічога не разумею.
Дабрыня і на самай справе нічога не разумеў.
— Зразумець нескладана, — голас Малушы крыху памякчэў.
— То адкрый сакрэт, — не цярпелася Дабрыню.
— Дай мне слова, што зробіш так, як я хачу.
— Богам Перуном клянуся, — паспяшаўся запэўніць яе. — Богам Вялесам — таксама. Ніколі не пайду насуперак твайму жаданню!
— Паверу ў тое, што я — княжацкая дачка, — выпаліла Малуша, — толькі тады, калі гэта скажа сам Святаслаў. Без чыйго-небудзь напамінку…
Дабрыню давялося стрымаць слова. Баяўся, што калі пойдзе насуперак волі сястры, то будзе пакараны і Перуном, і Вялесам. Разумеў таксама, што калі прагаворыцца, то і іншыя багі наўрад ці будуць пасля гэтага спагадлівыя да яго. Не любяць яны, калі чалавек пустазвонствам займаецца. Аднак і неабходнасці напамінаць Святаславу аб размове, што адбылася ў яго з сястрой, не было ніякай. Усё часцей Дабрыню даводзілася бачыць іх з Малушай разам. Значыць, Святаслаў сам і скажа, як да яе адносіцца.
Так і адбылося. Неяк раніцой Малуша па-змоўніцку падміргнула яму.
— Штосьці, Малка, ты вельмі вясёлая? — запытаўся Дабрыня.
— Твая праўда, — адказала Малуша.
Ён адразу зразумеў, што мае на ўвазе.
— А ты яшчэ сумнявалася.
— Прабач, брацік, што не верыла табе, — на твары Малушы свяцілася шчасце. — Абяцаў у жонкі ўзяць.
Толькі рана радавалася Малуша. Калі гэтыя чуткі дайшлі да княгіні, яна месца сабе не знаходзіла. Нарэшце вырашыла пра ўсё даведацца ў самога Святаслава.
— Гэта праўда? — спытала строга.
Святаслаў нават не палічыў патрэбным пацікавіцца, што маці мае на ўвазе.
— Праўда, — адказаў так спакойна, быццам пра гэта казаў ужо неаднойчы.
— У цябе ёсць галава? — Вольга з цяжкасцю стрымлівала сябе, каб не закрычаць.
— Я кахаю яе...
— Каго?! — княгіня перайшла на крык. — Маю ключніцу!
— Княжацкую дачку! — павысіў голас і Святаслаў.
— Якога яшчэ князя?!
— Князя Мала!
Княгіня Вольга нечакана расплакалася:
— Сыночак, я ж падшукала табе дастойную жонку.
Думала, што запытаецца, хто яна. Не запытаўся. Ніяк не зрэагаваў на гэта. Быццам сказанае яго зусім не тычылася.
Зразумела Вольга, што на сына можна паўздзейнічаць, толькі праявіўшы характар. Настойлівасць паказаўшы. Таму лёгка прыйшла ў сябе. Нібы і не плакала. Вочы, у якіх яшчэ праступалі слёзы, нечакана сталі злымі і жорсткімі:
— Запомні: тваёй жонкай будзе Ільдзіка. Дачка венгерскага князя Такшоня.
— Маёй жонкай будзе Малка! — не менш цвёрда адказаў Святаслаў.
Жонкай яго ўсё ж стала Ільдзіка. Вольга ад свайго намеру не адступілася. Дый мяняць рашэнне, па сутнасці, было позна. З венгерскім дваром ужо вяліся перамовы наконт таго, каб парадніцца. Была атрымана згода, што Ільдзіка выйдзе замуж за Святаслава. Аднак ён, нават ажаніўшыся, не пераставаў сустракацца з Малушай. Гэта скончылася тым, што ў яго нарадзіўся пазашлюбны сын. Яму далі імя Уладзімір.
У Святаслава ўжо былі два законныя спадчыннікі трона — Яраполк і Алег. Але ад Уладзіміра ён не толькі не адмовіўся, а і прызнаў яго афіцыйна. Выхавацелем прызначыў Малушынага брата, а Уладзіміравага дзядзьку Дабрыню. Яму гэта толькі і патрэбна было. Даўно марыў аб вяртанні драўлянскіх зямель, якія належалі яму па праве спадчынніка. З нараджэннем Уладзіміра яго даўняя мара набыла пад сабой аснову. Калі не сам ён, дык яго пляменнік абавязкова павінен стаць валадаром зямель, якія некалі належалі князю Малу.
Святаслаў ужо дзейнічаў самастойна. Небходнасць прыслухоўвацца да голасу маці адпала. Гэта Дабрыню было на руку. Карыстаючыся ў Святаслава вялікім даверам, ён прапанаваў яму будаваць горад Оўруч, у якім бы княжыў Уладзімір. Святаслаў быў не супраць. Несумненна, так бы і адбылося, калі б не ноўгарадцы. Яны былі вольныя самі выбіраць сабе ўладароў. Палічылі, што лепшага князя, чым сын Святаслава і Малушы, не знайсці. Уладзімір пачаў княжыць у Ноўгарадзе.
У 972 годзе князь Святаслаў загінуў каля дняпроўскіх парогаў у баі з печанегамі. Адбылося гэта пасля яго вяртання з Візантыі, дзе заключыў мір з імператарам Іаанам Цымісхіем. Кіеўскі пасад заняў Яраполк Святаславіч. Дзеля дасягнення сваёй мэты забіў роднага брата Алега.
Дабрыня ж бачыў кіеўскім князем толькі свайго пляменніка. Але ні княгіня Вольга, ні Малуша пра гэта ўжо не маглі даведацца. На той час іх не было ў жывых. Вольга яшчэ паспела выслаць Малушу з Кіева. Тая апошнія свае дні дажывала ў сяле Будуцін, што на рацэ Рось.
Дарэчы, паводле адной з версій яна з’яўлялася зусім не дачкой драўлянскага князя Мала. Яе бацькам нібыта быў нейкі Малка Любчанін. Але гэта малаверагодна. Не магла стаць княжацкай ключніцай дзяўчына з народных нізоў. Таму і пераважае думка, што Малуша была ўсё ж дачкой князя Мала. І нарадзілася яна на той тэрыторыі, якая сёння адносіцца да Беларусі.
Алесь МАРЦІНОВІЧ
Лета 2023-га ўстанавіла рэкорд за апошнія дзесяць гадоў па актыўнасці рынку нерухомасці.
У барацьбе са снегам былі задзейнічаны больш за 350 чалавек і 110 адзінак тэхнікі.