Вы тут

Сергеенка ў Віцебску абмеркаваў з педагогамі пытанні адукацыі


Вынікі ўступнай кампаніі ў арганізацыйным плане, ці трэба вяртаць вусны экзамен, у якія дні лепш праводзіць ЦЭ — такія пытанні абмеркаваў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Ігар Сергеенка з педагогамі на сустрэчы ў Віцебску, перадае БелТА.


Фота: БелТА

Перш за ўсё кіраўніка адміністрацыі цікавіла пытанне, як настаўнікі паставіліся да новаўвядзення цяперашняй выпускной кампаніі, а менавіта да правядзення цэнтралізаванага экзамену (ЦЭ). У цэлым педагогі адзначылі, што такая сістэма значна разгрузіла выпускнікоў школ і дазволіла засяродзіцца на мэтанакіраванай падрыхтоўцы да сумешчаных іспытаў. Таксама ўзрасла і матываванасць рабят у выбары канкрэтнай прафесіі.

У ліку прапаноў па ўдасканаленні сістэмы выпускных іспытаў віцебскія настаўнікі прапанавалі праводзіць ЦЭ з разбежкай не на тыдзень, а ў 2-3 дні і ў будні. Школьныя настаўнікі, якія сёлета на трэць складалі камісіі на ЦЭ, былі вымушаныя працаваць без выхадных на працягу ўсіх экзаменаў. У той жа час начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома распавёў, што ў гарадах, дзе такія іспыты праводзіліся ў ВНУ, арганізаваць ЦЭ ў будні будзе праблематычна, бо там таксама ідзе свой навучальны працэс. Ігар Сергеенка адзначыў, што гэтае пытанне варта разгледзець дэталёва і паспрабаваць знайсці прымальнае рашэнне.

Што датычыцца вяртання вусных экзаменаў, пра якія гаварыў кіраўнік дзяржавы на адным з пасяджэнняў, то педагогі лічаць мэтазгодным праводзіць іх як мінімум па замежных мовах, бо потым у ВНУ першакурснікі, якія рыхтаваліся да тэставых заданняў, сутыкаюцца з праблемай актыўнага маўлення. Да таго ж пры дыялогу з абітурыентам бачны яго ўзровень падрыхтоўкі і камунікатыўныя навыкі. У дачыненні да ЦЭ настаўнікі выказваліся станоўча з пункту гледжання яго бесстароннасці і аб’ектыўнасці ацэнкі.

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта таксама пацікавіўся, як ідзе мэтавая падрыхтоўка ў школах Віцебскай вобласці, наколькі навучэнцы з педагагічных, агракласаў матываваныя да паступлення ў ВНУ па абранай спецыялізацыі. Дзмітрый Хома распавёў, што ў большасці выпадкаў навучэнцы такіх спецыялізаваных класаў нацэлены на паступленне па профілі. Таксама ён нагадаў, што маладым спецыялістам — заатэхнікам і ветурачам — аблвыканкам даплачвае Br1000 да заробку. Кіраўнік упраўлення падкрэсліў, што гэтая мера падтрымкі, якая была нацэлена на ўмацаванне прэстыжу аграрных прафесій. Аднак у галіне спецыялістаў дадзенага профілю пакуль больш не стала.

Вучні, якія ідуць у 10-я класы ў Віцебскай вобласці, складаюць палову ад тых, хто выпускаўся з 9-га класа. Як правіла, дзеці з невысокім сярэднім балам пасведчання аб базавай адукацыі выбіраюць установы сярэдняй спецыяльнай і прафтэхадукацыі. Тыя, што засталіся ў школах, як паведаміў Дзмітрый Хома, у асноўным нацэленыя на паступленне ў ВНУ.

Таксама ў аўдыторыі абмеркавалі пытанні здачы асобных прадметаў пасля 9-га і 11-га класаў. Педагогі выказаліся, напрыклад, з нагоды гісторыі Беларусі. З аднаго боку, дзевяцікласнікі, якія паступаюць у ССНУ, будуць здаваць там экзамен па гэтым прадмеце, і для іх ён усё роўна застанецца сярод важных і ў каледжы. Выпускнікі сярэдняй школы, на думку настаўнікаў, павінны ў якасці абавязковай здаваць гісторыю Беларусі, бо потым у ВНУ ў іх будзе толькі заліковы курс, а пры здачы экзаменаў яны падыходзяць да падрыхтоўкі больш сур’ёзна і лепш ведаюць гісторыю роднай краіны, што з’яўляецца важным элементам патрыятычнага выхавання.

Ігар Сергеенка адзначыў, што спектр узнятых віцебскімі педагогамі пытанняў быў вельмі шырокі і дазволіў абмаляваць сітуацыю ў сферы адукацыі ў паўночным рэгіёне.

Выбар рэдакцыі

Жыллё

У сталіцы любяць аднапакаёўкі. А Брэст, Гомель і Гродна аддаюць перавагу двухпакаёваму жыллю

У сталіцы любяць аднапакаёўкі. А Брэст, Гомель і Гродна аддаюць перавагу двухпакаёваму жыллю

Лета 2023-га ўстанавіла рэкорд за апошнія дзесяць гадоў па актыўнасці рынку нерухомасці.

Рэгіёны

Як жыхары і службы Віцебска змагаюцца са снежнай стыхіяй

Як жыхары і службы Віцебска змагаюцца са снежнай стыхіяй

У барацьбе са снегам былі задзейнічаны больш за 350 чалавек і 110 адзінак тэхнікі.