Як творчы чалавек, які і сам шмат друкуецца, з разуменнем стаўлюся да тых, хто ў публікацыях карыстаецца не толькі ўласным прозвішчам, а і псеўданімамі. Хоць, мяркую, няблага загадзя паклапаціцца, каб іх ведалі, а то можна апынуцца ў становішчы, у якое некалі трапіў Алесь Бельскі. У аўтабіяграфіі «Вытокі і прасцягі майго жыцця» ён сведчыць: «Нехта лічыць, што Алесь Бельскі, Алесь Ветах і Алесь Андруковіч — гэта розныя людзі. Аднак я выступаю адзін у гэтых трох іпастасях. Мне не хацелася, каб часам ствараўся культ аднаго аўтара. Так атрымалася, што некалькі артыкулаў, надрукаваных пад псеўданімам, пазней увайшлі ў маю кнігу “Краса і смутак”, выдадзеную пад уласным прозвішчам. Пільныя студэнты выявілі адрознасць у аўтарстве і сказалі пра гэта майму калегу-прафесару. Ён пацікавіўся пра тое, хто аўтар гэтых прац. Так я быў вымушаны раскрыць свой псеўданім Алесь Андруковіч».
Гэта было, калі Алесь Іванавіч толькі ўваходзіў у літаратуру. Сёння ж усе, хто цікавіцца яго творчасцю, ведаюць, што Андруковіч — прозвішча яго бабулі Ганны. Яна ж падказала яму і псеўданім Алесь Ветах — так «называла акраец месяца на небе ласкава — “веташок”. Гэтае слова запала ў маю памяць і, як здаецца, найлепей адлюстроўвае драму юнацкіх гадоў, калі зніклі многія ружовыя мары, ілюзіі, надзвычай балюча ўспрымаецца “проза быцця”». А прозвішча Алесь Бельскі — сапраўднае.
Радзіма яго — колішняе мястэчка, а цяперашні аграгарадок Цімкавічы Капыльскага раёна. Зямля, здаўна багатая на таленты. Тут у маленстве ў сваякоў некаторы час жыў класік яўрэйскай літаратуры Мендэле Мойхер-Сфорым. Прапісаліся Цімкавічы і ў біяграфіі класіка беларускай літаратуры Кузьмы Чорнага, пра жыццё якога нагадвае музей. Ды і імёны іншых людзей творчай прафесіі выйшлі з гэтай жыццядайнай зямлі. Таму нараджэнне 23 ліпеня 1963 года Алеся Бельскага як бы самім Усявышнім было падказана. З тым, каб прадоўжыў справу папярэднікаў. На карысць гэтаму сведчыць і тое, што рана зацікавіўся літаратурай. Ды і ніколі не парывае сувязі са сваёй малой радзімай.
У гэтым яму, праўда, прасцей, чым іншым пісьменнікам. Па сённяшніх паняццях Цімкавічы ці не побач з Мінскам. Ды і ёсць куды прыехаць. У самым цэнтры захавалася бацькоўская хата. Людзі, якія жывуць, знаёмыя з маленства. Невыпадкова родныя краявіды пазнаюцца ў асобных яго празаічных творах. Аднак «блізкасць» ці «не блізкасць» — паняцце ўмоўнае. Дакладней — тое, што звязана з адлегласцю. Больш важна іншае вымярэнне: душэўная патрэба пастаянна бачыць дарагое і блізкае з маленства ці, наадварот, забываць яго. Прыехаў ці не прыехаў — ніякай розніцы. Алесь Іванавіч не проста прыязджае. Ён нярэдка і падоўгу жыве. Таму што толькі там па-сапраўднаму добра пішацца, а добра пішацца, бо спачатку добра думаецца. Як і кожнага сапраўднага пісьменніка, яго хвалюе многае.
У народзе невыпадкова кажуць: жыццё пражыць — не поле перайсці. У кожнага бываюць розныя перыяды. Нешта ладзіцца лепш, штосьці — горш. Поспехі суседнічаюць з няўдачамі. Аднак аб усім мяркуюць па выніках. Нягледзячы ні на што, Алесь Бельскі шмат дасягнуў. Доктар філалагічных навук, прафесар. Выступаючы ў розных літаратурных жанрах, нязменна дасягае поспеху. Выдаў чатыры кнігі прозы: «Ружовая знічка», «Хроніка смутку», за якую атрымаў Літаратурную прэмію імя Івана Мележа, «Сны пра дзяцінства», «Хрыстос між нас», адну паэтычную — «Між маладзіком і ветахам». А яшчэ зборнік прозы і паэзіі «Лібрэта лета».
Важкія яго дасягненні як крытыка і літаратуразнаўцы. Больш як 20 кніг і дапаможнікаў па беларускай літаратуры, звыш 700 артыкулаў і рэцэнзій. Паспяхова займаецца выкладчыцкай дзейнасцю. З’яўляецца галоўным рэдактарам часопіса «Беларуская мова і літаратура» і намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Роднае слова».
Яго даследчыцкія працы запатрабаваны чытачамі розных узростаў. З цікавасцю сустракаюць іх і выкладчыкі беларускай мовы і літаратуры, тым больш, што яны закранаюць важныя праблемы: «Жывая мова краявідаў. Пейзаж у беларускай паэзіі», «Пакуль баліць душа», «Сучасная беларуская літаратура. Станаўленне і развіццё творчых індывідуальнасцей (80—90-я гг.)», «Свет ад травы да зор. Беларуская паэзія. Сістэма вобразаў прыроды, паэтыка пейзажу», «Краса і смутак», «Сучасная літаратура Беларусі».
А якой аптымістычнай, жыццярадаснай атрымалася кніга ўспамінаў пра Алега Лойку «Чалавек з сонечнай усмешкай»! Згадкі пра выдатнага паэта, празаіка, літаратуразнаўцу і педагога напісалі тыя, хто добра яго ведаў, хто запомніў гэтага цудоўнага чалавека і пісьменніка. Пісалі па просьбе Алеся Бельскага, бо менавіта Алег Антонавіч прадвызначыў і яго даследчыцкі шлях. Ды ў чымсьці яны і падобныя: Алесь Іванавіч — таксама чалавек з сонечнай усмешкай. А трохтомнік «Скрыжалі памяці», складзены Алесем Бельскім, — гэта ў нечым і грамадзянскі подзвіг. Ніхто не склаў такое вычарпальнае выданне, дзе настолькі грунтоўна прадстаўлена творчасць пісьменнікаў, якія загінулі ў Другую сусветную вайну.
Шмат зроблена і Бельскім-краязнаўцам, радзімазнаўцам. Найвышэйшае яго дасягненне ў гэтай галіне — кнігі «Тут іх карані і выток», «Тут наша радзіма», «Тут жыцця пачатак». Атрымалася свайго роду гісторыка-краязнаўчая трылогія пра вядомых у Беларусі і свеце людзей з Капыльшчыны. Кожная частка яе — кампактная, сціслая, затое пазнавальная, багатая на фактычны матэрыял.
Некаторых яго «герояў» тыя, хто цікавіцца згаданай праблематыкай Капыльшчыны, ведалі і дагэтуль. Але звесткі пра іх удакладнены, часам прыведзены новыя. Невыпадкова кніга прысвечана аўтарам «светлай памяці брата Анатоля — гісторыка, краязнаўца, педагога». Ён, хоць і рана пайшоў з жыцця, далучыў Алеся Іванавіча да капыльскага радзімазнаўства. Працуючы дырэктарам Руднянскай базавай школы, Анатоль Бельскі «пачаў сур’ёзна вывучаць гісторыю свайго роду, збіраць радаводныя звесткі». Іх прадзед «Сільвестр Бельскі вучыўся ў Віленскім універсітэце на літаратурным факультэце ў адзін час з Адамам Міцкевічам, Ігнатам Дамейкам, Янам Сабалеўскім і іншымі славутымі філаматамі і філарэтамі». Зацікавіўся Алесь Іванавіч і лёсам, спадчынай бацькавага брата — прафесара педагогікі Фамы Бельскага, які, дарэчы, стаў адным з герояў гэтай кнігі.
На Капыльшчыне і карані аўтара знакамітага на ўвесь свет «Чорнага квадрата». Казімір Малевіч нарадзіўся каля Капыля, да трох гадоў выхоўваўся ў гэтым мястэчку. Алесь Бельскі сабраў звесткі пра польскую пісьменніцу Міхаліну Даманскую (Фядзюшку), якая родам з колішняга маёнтка Чыжэвічы; пра капыляніна Алеся Дземідовіча — татарскага і беларускага агранома-селекцыянера. У маладосці ён пісаў вершы, друкаваў іх у газеце «Дзянніца», уваходзіў у Аршанскую філію «Маладняка». А хіба не цікава даведацца, што ў вёсцы Вуглы нарадзілася яўрэйская пісьменніца Канады Эйда Мазэ? Напісала яна і аўтабіяграфічную кнігу «Дзіна», у якой расказвае пра сваё маленства.
Ставячы апошнюю кропку ў кнізе «Тут іх карані і вытокі», Алесь Іванавіч запэўніваў: «Аднак працяг абавязкова будзе! Планую падрыхтаваць выданне біяграфій вядомых землякоў, якія жывуць і працуюць тут, на беларускай зямлі. Яны вызначыліся сваім талентам і майстэрствам, творчай працай і прафесіянальнымі дасягненнямі, а значыць, іх выдатныя здзяйсненні і справы праславілі наш родны капыльскі край». Несумненна, і ўсю Беларусь.
Працягам стала кніга «Тут наша радзіма». Прамоўленае ў пачатку яе «Бацькам, родным Цімкавічам і Капылю прысвячаю» не ў меншай ступені, чым у першай, сведчыць на карысць таго, што гэта таксама споведзь. І перад самымі блізкімі людзьмі, і перад мясцінамі, якія ніхто і ніколі не выкрасліць з сэрца. Дый не трэба лічыць гэтае сцвярджэнне пафасным, узнёслым — перад усімі, хто некалі жыў тут ці па нейкай прычыне адарваўся ад зямлі маленства.
Калі гэтая кніга чым і розніцца ад папярэдняй, то кампазіцыйнай пабудовай, а таксама шырынёй ахопу прадстаўленых імёнаў. Іх ужо не тры з нечым дзясяткі, а за сотню. Пра многіх расказваецца падрабязней, пра асобных — у некалькіх радках, а калі звестак зусім мала, то называецца прозвішча, часам і год нараджэння альбо смерці. Бывае, што і тут пэўнасці няма. Значыць, пошук звестак будзе прадоўжаны. Як няма сумнення ў тым, што знойдуцца і прадаўжальнікі.
У заключнай кнізе трылогіі «Тут жыцця пачатак» (хочацца верыць, што з цягам часу з’явіцца мінімум яшчэ адна кніга), у прадмове «Вяртанне да вытокаў» Алесь Бельскі не прамінае магчымасці зноў прызнацца ў любові да Цімкавіч: «Тут ўсё дужа знаёмае, дарагое і блізкае сэрцу. […] Кліча памяць, кліча сэрца». Гэтай поклічнай памяццю напоўнены яго згадкі пра блізкіх яму людзей, каб, адштурхнуўшыся ад іх лёсаў, іх лістоў, што слаліся з далёкіх дарог на радзіму (ёсць сярод гэтых пасланняў і даваеннае, ёсць і ваенныя — трэба ж так ашчадна ставіцца да таго, што таксама свайго кшталту гісторыя ўласнага роду!), размотваць стужку часу, прыгадваць тое, што не толькі не забываецца, але і знікнуць назаўсёды не павінна.
У гэтай частцы Алесь Бельскі часцей ступае па цаліку, а па цаліку, вядома, заўсёды ісці цяжка. Найперш тады, калі звестак у архівах амаль не захавалася. Нярэдка даводзілася вышукваць пэўныя факты ў шматлікіх выданнях, карыстацца многімі электроннымі рэсурсамі. Калі-нікалі да гэтага падштурхоўвала тое, што захавала яго ўласная памяць.
Здзіўляцца не трэба. Цімкаўцы — такія людзі, якія здаўна паважна ставяцца да свайго мінулага. Са сваёй памяці не выкрэсліваюць, сведкам чаго былі, здавалася б, выпадкова. Пра гэта сведчыць і такая згадка Алеся Бельскага: «[…] я, хлапчук-падлетак, часта па нядзелях раніцою бачыў на нашай Слуцкай вуліцы самавітых мужчын з георгіеўскімі крыжамі на пінжаках, і гэтыя ўзнагароды выклікалі маю цікаўнасць. Тыя мужчыны з суседніх вёсак пры поўным парадзе кіраваліся на цімкавіцкі базар, але больш за ўсё мяне ўражваў калека, чалавек без ног, які з узнагародамі на грудзях на так званай “самаходцы” рухаўся-перамяшчаўся, адштурхоўваючыся драўлянкамі ад зямлі». Калі Алесь пацікавіўся ў бацькі, хто яны такія, у адказ пачуў: «Гэта Георгіі, іх давалі за царскім часам». Пасля ўдакладніў: «За мужнасць і геройства».
Праз гады Алесю Бельскаму захацелася даведацца, а хто з яго землякоў быў удастоены такой высокай узнагароды. Высветліў, што пра «Вялікую Вайну», як у Расіі называюць Першую сусветную, надрукавана шмат кніг, гістарычных даследаванняў. Выйшаў на тэму «Першая сусветная вайна ў лёсе землякоў». Дзякуючы напружаным пошукам і адкрыў трох поўных георгіеўскіх кавалераў, якія былі родам з Капыльшчыны. Гэта Мікіта Сямёнавіч Ганчарык, Якаў Іосіфавіч Варвашэня і Навум Сямёнавіч Вярчук.
Алесь Іванавіч — з тых даследчыкаў, якія не толькі актыўна займаюцца пошукамі, а і дасягаюць значных поспехаў. Гэта відаць па яго кнізе «Цімкавіцкая сярэдняя школа імя Кузьмы Чорнага». Наўрад ці знойдзеш яшчэ столькі звестак пра адну з самых старэйшых навучальных устаноў Беларусі. Гісторыя яе пачынаецца з народнага вучылішча, адкрытага ў 1863 ці ў 1864 годзе. Але гэта быў не першы крок мясцовых дзяцей да ведаў. Царкоўнапрыходская школа працавала ўжо ў 1815 годзе. Дагэтуль заняткі праводзілі хатнія настаўнікі. Былі і яўрэйскія пачатковыя школы — хедары. Нават існаваў ешыбот — школа рабінаў.
Алесь Бельскі ў тым узросце, калі толькі займацца любімай справай. Для чалавека, які прысвяціў свой лёс літаратуры, безумоўна, гэтая справа творчая. Балазе, ён актыўнасці, як і раней, не збаўляе. Інакш і нельга. Па яго прызнанні, працуе так, каб прытрымлівацца правіла незабыўнага Кузьмы Чорнага. У яго «кожнадзённая патрэба прачынацца раніцою і працаваць».
Алесь МАРЦІНОВІЧ
Лета 2023-га ўстанавіла рэкорд за апошнія дзесяць гадоў па актыўнасці рынку нерухомасці.
У барацьбе са снегам былі задзейнічаны больш за 350 чалавек і 110 адзінак тэхнікі.