Бярэзінскі раён, які знаходзіцца на памежжы Мінскай вобласці і Магілёўшчыны, выпеставаў таленты болей як дваццаці майстроў прыгожага пісьменства.
Бярэзінская цэнтральная раённая бібліятэка падрыхтавала новае выданне інфармацыйна-краязнаўчага даведніка «Пісьменнікі», складальнікам якога выступае В. Багадзяж. На старонках выдання змешчаны кароткія біяграфіі паэтаў, празаікаў, публіцыстаў, літаратурных крытыкаў, якія нарадзіліся ў гэтым краі альбо працавалі ў раённым цэнтры, іншых паселішчах Бярэзіншчыны, ці зараз жывуць і працуюць у раёне.
Згадаем імёны хаця б некаторых бярэзінскіх літаратараў. У вёсцы Старыя Прыборкі ў 1896 годзе нарадзіўся казачнік Павел Антонавіч Акулевіч. 13 яго казак надрукаваны ў томе «Казкі ў сучасных запісах» серыі «Беларуская народная творчасць» (кніга выдадзена ў 1989 годзе). Цікавым падаецца лёс пісьменніка Івана Бабіновіча (1891 — 1979), які друкаваўся ў 1930-я гады на старонках перыядычных выданняў «Чырвоны сейбіт», «Беларуская вёска». Нарадзіўся Іван Бабіновіч у вёсцы Падваложжа. З 1936 года настаўнічаў у Бярэзінскім раёне.
У раённай газеце «Бярэзінская панарама» працуе пісьменнік-фантаст Алесь Бычкоўскі, які нарадзіўся ў Беразіно. Літаратар з’яўляецца аўтарам кніг «Анамалія», «У пошуку шчасця», «Дабрадзеі і гардамір квантавай літаратуры» і іншых. У вёсцы Калюжыцы нарадзіўся празаік Мельхіёр Ваньковіч (1892 — 1974), у Вяшэўцы — празаік Якуб Ермаловіч (1910 — 1987), першая кніга апавяданняў якога — «Над Бярозай» — выйшла з друку ў 1960 годзе. Па праву літаратурным можна назваць паселішча Сяліба. У гэтай вёсцы нарадзіліся крытык, нарысіст, сатырык Якаў Герцовіч (1909 — 1976), празаік Рыгор Няхай (1914 — 1991), паэт Янка Туміловіч ( 1905 — 1938). Родам з вёскі Месціна паэт-сатырык, празаік, драматург Міхась Скрыпка (1907 — 1991), аўтар многіх адметных сатырычных і гумарыстычных кніг ( «Ад смеху не ўцячэш», «Пад корань», «Усяк бывае...», «Шануючы вас», «Сцеражыцеся цемрашалаў!», «Дзіва ў кошыку» і інш.). Таксама з Бярэзіншчыны і сённяшні галоўны рэдактар часопіса «Маладосць», публіцыст і перакладчыца Вольга Рацэвіч (нарадзілася ў 1985 годзе ў вёсцы Альхоўка).
Беразіно — радзіма паэтэсы Ірыны Якавец, аўтара кнігі вершаў «Монолог души», паэтэсы Алены Разумоўскай, эсэіста Таццяны Каленік. З пісьменніцкімі імёнамі звязаны паселішчы Арэшкавічы, Восава, Альхоўка, Міраслаўка, Рачыборак, іншыя прыгожыя мясціны ўнікальнага Бярэзінскага краю.
Дарэчы, у Бярэзінскім раёне ў розныя гады жылі і працавалі дзіцячыя пісьменнікі Рыгор Ігнаценка, Міхась Пазнякоў, ды шмат хто яшчэ з беларускіх літаратараў. У вёсцы Лысуха нарадзіўся рускі паэт і празаік, перакладчык (пераўвасобіў на рускую мову многія паэтычныя творы Уладзіміра Караткевіча), галоўны рэдактар часопіса «Москва» Уладзіслаў Арцёмаў. З Бярэзіншчыны — літаратуразнаўца, кнігавыдавец Сямён Ляндрэс (гэта яго сын — славуты празаік, майстар дэтэктыва Юліян Сямёнаў), яўрэйскі пісьменнік Аляксандр Хашын, паэт. Эсперантыст Ілля Ізгур, амерыканскі паэт Арон Рапапорт, пісьменнік і публіцыст Гары Рогаф...
Інфармацыйна-краязнаўчы паказальнік, які з’яўляецца адным з цэлай серыі выданняў, патрэбных дзеля стварэння выразнага краязнаўчага партрэта Бярэзіншчыны, — добры памагаты ў працы не толькі бібліятэкараў, але і школьных настаўнікаў.
Кастусь ЛЕШНІЦА
«Мадэлі жыцця грамадства мы павінны вызначаць самі ў рамках нашай духоўнай славянскай традыцыі».
Высветлілі карэспандэнты «МС».