Вы тут

Як беларускія навукоўцы ствараюць канкурэнтаздольную галіну


Дзякуючы навуковым прарывам у свеце біятэхналогій за апошняе дзесяцігоддзе яны па інвестыцыйнай прыцягальнасці даганяюць ІТ-індустрыю. Прадукцыя, якая атрымліваецца з дапамогай прамысловых біятэхналогій, мае выхад практычна ва ўсе галіны. У энергетыцы гэта розныя віды біяпаліва. У медыцыне — сыравіна для фармацэўтычнай прамысловасці і біяфармацэўтычныя тэхналогіі, у сельскай гаспадарцы — сродкі аховы раслін і жывёл, мікробныя ўгнаенні, кармавыя дабаўкі, у харчовай прамысловасці — ферментныя прэпараты, харчовыя дабаўкі з лячэбна-прафілактычнымі ўласцівасцямі, вугляродна-энергетычныя сумесі, заменнікі цукру і г. д. Тэмпы росту біятэхналогій у свеце неверагодна хуткія. Калі ў 2020 годзе сусветны рынак біятэхналогій ацэньваўся ў 670 мільярдаў долараў, то да 2025 года, як чакаецца, ён вырасце да 2,3 трыльёна долараў. Толькі аб'ёмы вытворчасці дыягнастычных набораў для вызначэння COVІD-19 вырастуць да 2026 года да 8 мільярдаў
долараў.


Уклад мікрабіёлагаў

У Беларусі біятэхналагічная галіна таксама інтэнсіўна развіваецца. Пра гэта расказала журналістам на прэс-канферэнцыі генеральны дырэктар ДНВА «Хімічны сінтэз і біятэхналогіі» Эмілія Каламец.

— Аб'ём вытворчасці біятэхналагічнай прадукцыі ў Беларусі ў 2021 годзе складаў 393 мільёны рублёў, а ў 2022 годзе — ужо 626 мільёнаў. Тэмп росту — 159 працэнтаў! Вялікі ўклад у гэтыя лічбы ўнесла Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя. Біятэхналогіі аднесены ў нашай краіне да прыярытэтных напрамкаў даследаванняў. Дзяржава аказвае ўсялякую падтрымку, — падкрэсліла Эмілія Каламіец. — У нас ёсць навукова-вытворчы, кадравы патэнцыял, база для падрыхтоўкі спецыялістаў, навуковыя праграмы. Ствараюцца новыя формы арганізацыі і кіравання біятэхналагічнай галіной: навукова-вытворчыя цэнтры, аб'яднанні, асацыяцыі, кластарныя структуры. ДНВА «Хімічны сінтэз і біятэхналогіі» — адзін з прыкладаў. Такія новыя формы забяспечваюць большае ўзаемадзеянне навукі і вытворчасці.

Па словах спецыяліста, біятэхналогіі знаходзяць самае шырокае прымяненне, у тым ліку ў хімічнай прамысловасці, сельскай гаспадарцы, харчовай прамысловасці, вытворчасці лекавых прэпаратаў, распрацоўцы вакцын, тэст-сістэм, метадаў лячэння, у абароне і ўзнаўленні лясных генетычных рэсурсаў, у прыродаахоўнай сферы і біяінфарматыцы.

Інстытут мікрабіялогіі НАН Беларусі валодае цэлым шэрагам апрабаваных навукова-тэхнічных распрацовак для сельскай гаспадаркі, аховы навакольнага асяроддзя, медыцыны, якія характарызуюцца высокай ступенню навізны, эфектыўнасцю і гатовыя да прамысловага ўкаранення.

Дырэктар Інстытута мікрабіялогіі НАН Беларусі Аляксандр Шэпшэлеў расказаў журналістам аб некаторых распрацоўках інстытута: «У галіне мікробных угнаенняў нашымі вучонымі быў створаны прэпарат, накіраваны на аднаўленне і падтрыманне зялёных насаджэнняў уздоўж дарог, якія апрацоўваюцца процігалалёднымі рэагентамі. Ён вельмі добра сябе зарэкамендаваў. Выпрабаванні, праведзеныя ў Першамайскім раёне сталіцы, паказалі яго эфектыўнасць. Яшчэ адна з апошніх распрацовак, якой мы ганарымся, накіравана на стварэнне кератыназы — ферменту, які расшчапляе пер'е ў птушкагадоўлі або выкарыстоўваецца ў касметалогіі для стварэння тых ці іншых касметычных сродкаў.

Адмысловы рацыён для... палярнікаў

Дырэктар Інстытута мяса-малочнай прамысловасці НАН Беларусі Гардзей Гусакоў паведаміў, што ў інстытута ёсць планы па стварэнні цэлай лінейкі біялагічна актыўных дабавак: «Мы цяпер вядзём актыўную работу з прадпрыемствам «Акадэмфарм». Прапрацоўваюцца розныя параметры нашых субстанцый, каб іх можна было акрэсліць як біялагічна актыўныя дабаўкі. Можа быць, яны будуць у сухім выглядзе, а можа, і ў вадкім».

Ён адзначыў, што біятэхналогіі актыўна прымяняюцца ў аграрнай сферы. Нацыянальная акадэмія навук праводзіць поўны спектр навуковых даследаванняў ва ўсім аграпрамысловым комплексе: пачынаючы ад сельскай гаспадаркі, атрымання сыравіны, заканчваючы яе перапрацоўкай і давядзеннем прадукцыі да канчатковага спажыўца. «Наш інстытут прапануе харчовай прамысловасці новыя віды перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі. У нас ёсць біятэхналагічны аддзел, які мае ў падпарадкаванні цэлую вытворчасць. Вырабляюцца закваскі для малочнай прамысловасці. У інстытуце ёсць нацыянальная калекцыя, якая ўключае каля 2,5 тысячы штамаў мікраарганізмаў і каля 300 бактэрыяфагаў. На аснове гэтай калекцыі адбываецца адбор, далей праводзяцца генетычныя, мікрабіялагічныя і біяхімічныя даследаванні. Мы маем магчымасць атрымліваць такія віды прадукцыі, як смятана, тварог, сыры, ёгурты. Працуем практычна з усімі малочнымі прадпрыемствамі, таксама пастаўляем нашу прадукцыю на экспарт, пераважна ў Расію. У нас ужо ёсць тры контрагенты, і доля экспарту пастаянна расце. Мы бачым вялікія перспектывы на расійскім рынку», — адзначыў дырэктар інстытута.

Акрамя таго, многія віды прадукцыі ўстановы прайшлі клінічныя выпрабаванні. Заяўленыя распрацоўшчыкамі ўнікальныя медыцынскія або прафілактычныя ўласцівасці знайшлі сваё практычнае пацвярджэнне.

Апроч іншага, малочнакіслыя мікраарганізмы знайшлі прымяненне ў сельскай гаспадарцы пры нарыхтоўцы кармоў. Яны дапамагаюць стрымліваць распаўсюджванне цвілі. «Біякансервант для сіласавання набірае папулярнасць, мы нарошчваем вытворчасць. Сёлета ў нас будуць рэкордныя продажы», — падкрэсліў Гардзей Гусакоў.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца харчаванню беларускіх палярнікаў — удзельнікаў антарктычных экспедыцый. Для суровых умоў Антарктыды распрацоўваецца адмысловы рацыён. «Мы даём ім з сабой нашу закваску, яны бяруць сухое малако, сухія вяршкі і могуць вырабляць у тых умовах ёгурты, смятану, тварог і іншыя ферментаваныя малочныя прадукты», — дадаў Гардзей Гусакоў.

Клетачныя тэхналогіі і вірусалогія

Дырэктар Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Андрэй Ганчароў расказаў аб распрацоўках у галіне клетачных тэхналогій і прымяненні ствалавых клетак.

Пад клетачнымі тэхналогіямі маецца на ўвазе выкарыстанне клетак чалавека для лячэння розных захворванняў. Сёння навукоўцы з усяго свету робяць стаўку ў тэрапіі на біямедыцынскі клетачны прадукт. Гэтым напрамкам інстытут і яго супрацоўнікі займаюцца з 2004 года. Ужо ў 2008 годзе былі арганізаваны першыя клінічныя выпрабаванні дэндрытных клетак для лячэння гепатыту В. На сёння інстытутам распрацавана больш за 20 метадаў лячэння розных цяжкіх захворванняў, распрацаваны і зарэгістраваны сем біямедыцынскіх клетачных прадуктаў (усяго ў краіне іх 14). «Так што можна сказаць, што наш інстытут адназначна займае ў гэтым напрамку лідзіруючыя пазіцыі», — падкрэсліў Андрэй Ганчароў.

Мезенхімальныя ствалавыя клеткі выкарыстоўваюцца пры лячэнні трафічных язваў, апёкаў скуры, аўтаімунных захворванняў (напрыклад сістэмнай чырвонай ваўчанкі), ковідных пнеўманій, стэнозаў трахеі і гартані. А дэндрытныя клеткі актыўна прымяняюцца для лячэння анказахворванняў. «На сёння ў большасці нашых пацыентаў зафіксаваны добры клінічны эфект. Найбольшая іх колькасць (75 чалавек) мела рак падстраўнікавай залозы. Мы ўжо можам пралічыць трох-пяцігадовую выжывальнасць такіх пацыентаў, і яна ўдвая вышэйшая, чым у тых, каго лячылі стандартнымі метадамі. Аднак для шырокага ўкаранення, уключэння клетачнай тэрапіі ў пратаколы лячэння, гэтага пакуль недастаткова, мы набіраем яшчэ больш пацыентаў. І пры атрыманні такіх жа даных на вялікай выбарцы будзем адназначна рэкамендаваць Міністэрству аховы здароўя ўключыць нашы метады лячэння ў пратаколы», — падзяліўся планамі Андрэй Ганчароў.

Інстытут не стаіць на месцы, і цяпер сумесна з арганізацыямі аховы здароўя праводзяцца 11 клінічных выпрабаванняў. «Гэта самыя новыя клетачныя прадукты, у тым ліку і зусім унікальныя не толькі для краіны, але і для свету. Яны прызначаны для лячэння самага шырокага спектра захворванняў, у тым ліку анкалагічных (раку нырак, мачавога пузыра, тоўстага кішэчніка), захворванняў сятчаткі, аўтаімунных захворванняў (цукровага дыябету першага тыпу, сістэмнага склерозу), алапецыі, — адзначыў кіраўнік інстытута. — У нас маецца сваё амбулаторнае аддзяленне клетачнай тэрапіі, дзе спецыялісты могуць лячыць пацыентаў, ёсць ліцэнзія на медыцынскую дзейнасць па самых розных напрамках».

Новы надзвычай важны напрамак — вірусалогія і распрацоўка вакцын супраць актуальных інфекцыйных захворванняў. У адпаведнасці з распараджэннем кіраўніка дзяржавы на працягу апошніх паўтара года праводзілася рэканструкцыя Цэнтра вірусалогіі, яго аснашчэнне абсталяваннем. На сёння ўсе работы завершаны, цэнтр гатовы да адкрыцця, якое адбудзецца ў найбліжэйшы час. Яго дзейнасць будзе накіравана, у першую чаргу, на распрацоўку метадаў дыягностыкі, лячэння і стварэнне самых розных вакцын. Над гэтым будзе працаваць міждысцыплінарны навуковы калектыў: спецыялісты ў вірусалогіі, імуналогіі, біятэхналогіях і біяхіміі.

Андрэй Ганчароў падкрэсліў: «Пандэмія COVІD-19, якая прайшла, — далёка не самы горшы варыянт. Існуе велізарная колькасць іншых вірусаў, якія здольныя нанесці яшчэ большую шкоду. Вірусы трэба даследаваць і ствараць супраць іх сродкі для прафілактыкі. Толькі маючы ў краіне такі цэнтр, які ў самыя кароткія тэрміны здольны распрацаваць вакцыну супраць любой інфекцыі, можна забяспечыць інфекцыйную бяспеку краіны».

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Антывірусны «кактэйль». Якія прышчэпкі варта зрабіць восенню?

Антывірусны «кактэйль». Якія прышчэпкі варта зрабіць восенню?

Усё, што важна ведаць перад сезонам вірусных інфекцый, расказалі спецыялісты.

Культура

Як пакажуць мінулае ў кінастужцы «На другім беразе»

Як пакажуць мінулае ў кінастужцы «На другім беразе»

Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?