Вы тут

Надвор'е: Балтыка прынясе дажджы і пахаладанне. Але не надоўга


На гэтым тыдні досыць хутка наступіла доўгачаканае цёплае лета. Літаральна дзень-два і сонца нагрэла паветра да тэмператур нават больш за кліматычную норму. А вось дэфіцыт вільгаці захоўваецца. Але ўжо ў пятніцу і ў суботу добрыя дажджы прынясе атмасферны фронт, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


Фота: pixabay.com

У пятніцу раніцай і днём месцамі па краіне, а па паўднёва-ўсходняй палове на большай частцы тэрыторыі чакаюцца дажджы рознай інтэнсіўнасці. У дзённыя гадзіны месцамі ў паўднёвых раёнах дажджы будуць дасягаць крытэрыяў моцных, месцамі па краіне прагрымяць навальніцы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах будзе згушчацца слабы туман. Тэмпература паветра ўначы складзе 9—15 градусаў, месцамі — 6—8 градусаў. Днём паветра прагрэецца да 24—29 градусаў, месцамі па поўначы — да 20—23 градусаў. На гэтым суперцёплыя дзянькі ў нас зробяць перапынак.

Паводле інфармацыі сіноптыкаў, у суботу ініцыятыву ў надвор'і перахопіць атмасферны фронт з Балтыкі. Ссоўваючыся праз тэрыторыю нашай краіны, франтальны раздзел абумовіць кароткачасовыя дажджы ўжо ў большасці раёнаў краіны, пры гэтым асноўная порцыя ападкаў і верагоднасць навальніцы прыйдзецца на паўднёвы ўсход Беларусі. Тэмпература паветра ўначы будзе ў межах ад 7 градусаў па поўначы да 16 градусаў па поўдні. Днём прагназуецца 16—23 градусы, а па захадзе — да 25 градусаў.

У нядзелю зона ападкаў будзе размяшчацца па поўдні краіны, на астатняй частцы тэрыторыі з ростам атмасфернага ціску істотных ападкаў не чакаецца. Разам з тым у Беларусь пачне паступаць больш халодная паветраная маса, і тэмпературны фон панізіцца. У дзённыя гадзіны месцамі будзе ўзмацненне ветру парывамі да 15—18 м/с. Уначы слупок тэрмометра пакажа 5—11 градусаў, на поўдні — да 13 градусаў. Днём тэмпература стане плюс 15—22 градусаў.

Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, з пачаткам наступнага тыдня ўлада над надвор'ем зноў пяройдзе да вобласці павышанага атмасфернага ціску, дзякуючы чаму ў большасці раёнаў будзе нават бясхмарна. Толькі па поўдні і паўднёвым захадзе краіны пры лакальным развіцці дажджавой воблачнасці пройдуць летнія навальнічныя дажджы.

Прагназуецца, што ў панядзелак чакаецца пераважна без ападкаў, толькі па поўдні краіны месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы і прагрымяць навальніцы. Тэмпература паветра ўначы будзе вагацца ад плюс 2 градусаў (гэта даволі холадна) па поўначы да 12 градусаў па поўдні краіны. Днём тэмпература павысіцца да 18—24 градусаў.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.