Вы тут

Качанава паўдзельнічала у пасяджэнні Маладзёжнага парламента


Сёння старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава паўдзельнічала ў другім пасяджэнні Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе. Яна заклікала маладых людзей прапаноўваць заканадаўчыя ініцыятывы, больш шчыльна працаваць з мясцовымі маладзёжнымі саветамі, звярнуць увагу на пытанні, якія хвалююць моладзь і тычацца іх здароўя, дэмаграфічнай бяспекі і іншых. А таксама выказала некалькі крытычных заўваг і адказала на пытанні членаў Маладзёжнага парламента.


На пасяджэнні прысутнічалі і члены маладзёжнага савета горада Наваполацка. Спікер Савета Рэспублікі падкрэсліла, што такая практыка запрашэння маладзёжных саветаў з рэгіёнаў мусіць быць пастаяннай. 

— Гэтак жа як і вы самі ўдзельнічаеце ў нашых мерапрыемствах: пасяджэннях Савета Рэспублікі, прыёмах па асабістых пытаннях, сустрэчах — вы заўсёды з намі. Гэтак жа і побач з вамі мусяць быць члены маладзёжных саветаў з месцаў. Нягледзячы на тое, што у вас ёсць адзін прадстаўнік ад кожнага рэгіёна, запрасіць увесь маладзёжны савет з рэгіёна было правільным рашэннем. Гэта вопыт, яны мусяць чуць абмеркаванне, якое ў вас праходзіць, — выказала пажаданне Наталля Качанава. 

Таксама яна далучылася да абмеркавання пытанняў парадку дня пасяджэння і паўдзельнічала ў дыскусіі. Адзін з прадстаўнікоў Маладзёжнага парламента прапанаваў мясцовыя маладзёжныя саветы раздзяліць на дзве палаты, дзе б у ніжняй былі старэйшыя школьнікі, а студэнты і працуючая моладзь — у верхняй. Наталля Качанава выказала свае аргументы, заклікаўшы даць права мясцовым арганізацыям і рэгіянальным маладзёжным саветам займацца працай, якую яны робяць. 

— У нас сёння шмат маладзёжных арганізацый, больш за 40, і няхай яны ўсе працуюць. У Наваполацку, напрыклад, даўно працуе добрая школа лідара, іншыя структуры — і няхай працуюць. Вам не цесна, кожны мусіць займацца сваёй справай. Старшакласнікі ў ніжняй, старэйшыя ў верхняй — гэта няправільна, — выказала меркаванне Наталля Качанава. — Чаму вы не хочаце сёння ўзяць у маладзёжныя саветы старшакласнікаў? Гэта няправільна, бо ў вас не будзе пераемнасці. У першым скліканні Маладзёжнага парламента амаль усе былі школьнікамі і студэнтамі. 

Спікер Савета Рэспублікі скіравала маладых людзей да рэальных спраў, якія б прыносілі карысць людзям і дзяржаве.

— Не з гэтага трэба пачынаць: уніфікаваць, мяняць назву... Вы пакажыце сваю работу: унясіце нам прапановы, якія будуць эфектыўныя, крэатыўныя, якія дапамогуць вырашаць нам пытанні, якія ставяць перад намі людзі. Вас мусяць ацэньваць не па таму, што вы засвяціліся ў інфармацыйнай прасторы, а па тых ініцыятывах, якія вы прапануеце на карысць нашай дзяржавы і народа. 

Наталля Качанава адзначыла, што нядаўна праводзіла прыём па асабістых пытаннях, разглядала пісьмовыя звароты ў Савет Рэспублікі і сустракалася з кадэтамі Полацка. 

— І мне некалькі разоў сказалі: «Наталля Іванаўна, у Расіі прынялі законапраект аб забароне электронных цыгарэт, вэйпаў, бо гэта бяда.» А чаму няма ад вас прапаноў? Гэта не мы, а вы павінны нам падказваць, калі гэта бяда. А гэта праблема, якую, між іншым, можна ўрэгуляваць заканадаўствам, — прывяла прыклад спікер Савета Рэспублікі.

Яна звярнула ўвагу і на пытанне дэмаграфічнай бяспекі, наркатычных пагроз, па якіх таксама хацелася б чуць меркаванне маладых людзей.

— Я нагадаю пра рашэнні шостага Усебеларускага народнага сходу і тыя задачы, якія ставіць перад намі Прэзідэнт. Адно з рашэнняў — шчаслівая сям’я, і гэта ваша поле дзейнасці. Тут вы мусіце быць ініцыятарамі, — заклікала Наталля Качанава і параіла актыўней уносіць прапановы ў дзейныя законы, у план работы над законапраектамі на наступны год. 

Засяродзіла спікер Савета Рэспублікі увагу на справядлівых адносінах да простых людзей:

— Улада ў нас народная, лавіць нас няма на чым. Што пра нас могуць прыдумаць? Нічога. Пра грошы? Дык мы адкажам: забярыце! Як паўтарае наш Прэзідэнт, як знойдзеце рахункі, мы іх адразу вам адпішам. Мы жывём як усе звычайныя людзі. Няма ў нас алігархіі. Ходзім у тыя ж магазіны, сустракаемся з людзьмі, стараемся захаваць нашу краіну такой жа камфортнай, чыстай, добраўпарадкаванай, дзе справядлівасць стаіць на першым месцы. Галоўнае — справядлівыя адносіны да людзей, а рашэнні якія прымаюцца мусяць быць на карысць дзяржавы. 

Звярнулася Наталля Качанава і да пытанняў эканомікі.

— Якія б санкцыі да нас не прымянялі, краіна жыве і працуе. Я пабывала на выставе «Белагра» — «Гомсельмаш», МАЗ, МТЗ працуюць, нарошчваюць вытворчасці, рэалізуюць сваю прадукцыю. Прадукты харчавання — якіх сёння толькі няма! Летась тройчы пенсіі павышалі, сёлета павысілі. Усе сацыяльныя гарантыі, якія былі вызначаны, выконваюцца, усе праграмы працуюць, ні адна не была згорнута. Дапамогі выплачваюцца сем’ям, якія выхоўваюць дзетак да трох гадоў. Ва Узбекістане аплачваемы водпуск па догляду за дзіця — тры месяцы, і жанчыны нараджаюць, сем’і ствараюць. А ў нас тры гады — і мы ўгаворваем нараджаць.

Пытанне, над якім варта працаваць, у тым ліку і Маладзёжнаму парламента — занятасць. 

— Вакансій у нас вялікая колькасць, а працаваць людзі не хочуць. Сёння ў Мінску 800 беспрацоўных на ўліку ў службы занятасці, а насамрэч амаль 68 тысяч — і не хочуць працаваць. Гэтыя людзі патрэбныя нам у эканоміцы. Наш урад працуе, эканоміка працуе, але усе мы павінны казаць, калі дзесьці бачым недахопы. У тым ліку і вы гэтыя пытанні мусіце бачыць і ставіць перад членамі Савета Рэспублікі, дэпутатамі абласных, гарадскіх і мясцовых саветаў, — рэзюмавала Наталля Качанава. 

Напрыканцы сустрэчы спікер Савета Рэспублікі падзякавала членам Маладзёжнага парламента за працу і у якасці крытэрыя яе паспяховасці прывяла прыклад, што ў рэгіёнах маладыя людзі заўсёды цікавяцца, як трапіць у гэту арганізацыю, значыць карысць ад яе ёсць.

Алена КРАВЕЦ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На што пры апрацоўцы персанальных даных скардзяцца беларусы

На што пры апрацоўцы персанальных даных скардзяцца беларусы

Відэаназіранне, празмерныя запыты, публічнае распаўсюджванне.