Вы тут

На хвалі спёкі


 

У найбліжэйшыя пяць гадоў глабальныя тэмпературы могуць павысіцца да рэкордных узроўняў, чаму будуць спрыяць парніковыя газы і натуральная гарачая з'ява Эль-Ніньё, адзначаецца ў новым бюлетэні Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі (СМА). Як гэта закране жыхароў нашага паўшар'я і нашай краіны?


Тры месяцы на максімуме

Спачатку мы разбяромся з тым, якое нас чакае надвор'е ў бягучым сезоне. Як правіла, да такіх прадказанняў на тры месяцы, на думку экспертаў, варта ставіцца вельмі асцярожна. Значыць...

Сёлетняе лета ў Беларусі будзе гарачэйшае, чым звычайна. Пра гэта сведчаць даныя аднаго замежнага інстытута метэаралогіі і воднай гаспадаркі. Наколькі павысіцца сярэдняя тэмпература і што кажуць прагнозы метэаролагаў пра ападкі?

Дык вось, метэаралагічныя карты згаданага інстытута, апублікаваныя айчынным тэлеграм-каналам «Надвор'е», сведчаць аб тым, што ў сярэднім тэмпература летам у нашай краіне будзе на 1,5 градуса вышэй за кліматычную норму. Першы восеньскі месяц таксама парадуе цёплым надвор'ем, ён будзе ў сярэднім на 0,5 градуса цяплейшы, чым звычайна.

Што датычыцца ападкаў, то іх летам 2023 года, паводле ацэнак сіноптыкаў, будзе значна менш, чым звычайна, — у чэрвені-ліпені будзе выпадаць на 5—10 міліметраў ападкаў менш, чым у сярэднім у 1991—2020 гадах. Узровень ападкаў вернецца да нормы толькі да верасня — у пачатку восені ў цэнтральных раёнах, паводле прагнозаў, выпадзе нават на 5—10 міліметраў ападкаў больш, чым звычайна.

А што ж нашы эксперты? Яшчэ раз нагадаем, што афіцыйна айчынныя сіноптыкі не рызыкуюць прадказваць надвор'е больш як на тыдзень, таму што вялікая рызыка памыліцца.

Іншая справа — выказаць здагадку і пазначыць тэндэнцыі на аснове назіранняў апошніх гадоў, як тое робіць вядомы спецыяліст Дзмітрый Рабаў. Паводле яго інфармацыі, аналізуючы прагнастычную інфармацыю сусветных цэнтраў і інстытутаў, можна меркаваць, што лета ў Беларусі чакаецца вельмі цёплым. Тэмпературны фон прагназуецца на 1—2 градусы вышэйшы за кліматычную норму. Не абыдзецца летні перыяд і без спёкі. Яе прынясуць шырокія гарачыя антыцыклоны. «Чакаецца некалькі хваль спёкі працягласцю больш за адзін тыдзень», — папярэдзіў Дзмітрый Рабаў.

Спецыяліст лічыць, што перыяды пахаладанняў не будуць працяглымі. Сайты доўгатэрміновых прагнозаў надвор'я абяцаюць у найбліжэйшыя тры тыдні чэрвеня дзённую тэмпературу ад 18 да 25 цяпла. А ў апошняй дэкадзе — каля 25 цяпла.

Паводле айчыннай статыстыкі, сярэдняя тэмпература летняга сезона — плюс 18 градусаў. Яна ўзрастае па тэрыторыі краіны з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход і змяняецца ў межах ад плюс 16,7 градуса да плюс 19,4 градуса.

Самае халоднае лета было амаль сто гадоў таму — у 1928 годзе, тады сярэдняя тэмпература была плюс 14,6 градуса. А самае цёплае лета адзначалася ў 2010-м, з сярэдняй тэмпературай плюс 20,6 градуса.

У чэрвені—жніўні ў сярэднім адзначаецца ад 29 да 57 гарачых дзён (дзён з максімальнай тэмпературай паветра плюс 25 градусаў і вышэй). У асобныя гады дзённыя максімумы ўзнімаюцца да плюс 35 градусаў і вышэй, што з'яўляецца небяспечнай гідраметэаралагічнай з'явай, распавялі ў Белгідрамеце.

Рэкорд чэрвеньскай спякоты быў устаноўлены 23 чэрвеня 2021 года і склаў плюс 37,1 градуса. Рэкорд холаду — мінус 2,3 градуса — быў адзначаны ноччу 1 чэрвеня 2001 года на станцыі «Палеская» і 11 чэрвеня 1982 года ў Оршы.

Ліпень у Беларусі — самы цёплы і дажджлівы месяц лета. Самы гарачы ліпень быў у 2010 годзе (плюс 22,6 градуса), а самы халодны — у далёкім 1979-м (плюс 14,4 градуса).

А абсалютны рэкорд дня спёкі ў Беларусі за ўвесь час назіранняў быў у жніўні. У Гомелі 8 жніўня 2010 года зафіксавалі плюс 38,9 градуса. Самы халодны быў жнівень 1966-га — мінус 3,4 градуса 30 жніўня 1966 года на станцыі «Палеская».

Будучыя рэкорды пяцігодкі

А цяпер мы прааналізуем новы бюлетэнь Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі. Пра што кажуць нам гэтыя лічбы? Верагоднасць таго, што прынамсі ў адзін з гадоў у перыяд з 2023 да 2027 года сярэднегадавая глабальная прыземная тэмпература больш чым на 1,5 градуса перавысіць даіндустрыяльныя ўзроўні 1850—1900 гадоў, складае 66 %. Верагоднасць таго, што хоць бы адзін з наступных пяці гадоў і пяцігадовы перыяд у цэлым стануць самымі цёплымі ў гісторыі назіранняў, складае 98 %.

«Гэты даклад не азначае, што мы назаўжды перавысім узровень у 1,5 градуса, названы ў Парыжскім пагадненні, якое датычыцца доўгатэрміновага пацяплення на працягу многіх гадоў. Тым не менш, СМА выказвае трывогу з нагоды таго, што частата часовых перавышэнняў узроўню ў 1,5 градуса будзе нарастаць», — заявіў генеральны сакратар метэаралагічнай арганізацыі прафесар Петэры Таалас.

«У найбліжэйшыя месяцы чакаецца гарачая з'ява Эль-Ніньё, якая ў спалучэнні з антрапагенным змяненнем клімату выведзе глабальныя тэмпературы на невядомую тэрыторыю. Гэта будзе мець далёка ідучыя наступствы для здароўя, харчовай бяспекі, кіравання воднымі рэсурсамі і навакольнага асяроддзя. Нам трэба падрыхтавацца», — сказаў Таалас.

Згодна з бюлетэнем па глабальным клімаце на перыяд ад года да дзесяцігоддзя, вядучым цэнтрам СМА па такіх прагнозах, верагоднасць таго, што сярэдні пяцігадовы паказчык перавысіць парог у 1,5 градуса, складае ўсяго 32 %.

Верагоднасць часовага перавышэння адзнакі ў 1,5 градуса пастаянна расце з 2015 года, калі яна была блізкая да нуля. У перыяд з 2017 да 2021 года верагоднасць перавышэння складала ўжо 10 %.

У гэтым дакладзе паведамляецца, што сярэдняя глабальная тэмпература паветра ў 2022 годзе была на 1,15 градуса вышэйшая, чым у сярэднім за 1850—1900 гады. Ахаладжальны эфект феномена Ла-Нінья, які крыху запаволіў доўгатэрміновую тэндэнцыю да пацяплення на працягу апошніх трох гадоў, зменшыўся летась, і дадзеная з'ява скончылася ў сакавіку 2023 года.

У найбліжэйшыя месяцы прагназуецца развіццё з'явы Эль-Ніньё, якая павышае сярэднюю глабальную тэмпературу на наступны год пасля яе пачатку, гэта значыць у 2024 годзе. Чакаецца, што да 2027 года сярэдняя глабальная тэмпература паветра ў асобныя гады будзе на 1,1—1,8 градуса вышэйшая за сярэднюю даіндустрыяльную.

Імавернасць таго, што, прынамсі, у адзін з наступных пяці гадоў будзе пабіты тэмпературны рэкорд, устаноўлены ў 2016 годзе, калі адбылася выключна моцная з'ява Эль-Ніньё, складае 98 %, паведамляюць эксперты метэаралагічнай арганізацыі.

Адхіленне ад нормы

Сіноптыкі нашай суседкі прагназуюць, што будучае лета ў Расіі можа стаць самым гарачым за апошнія 150 гадоў. Кліматолагі гэтай краіны заяўляюць, што змены клімату выкліканыя ў першую чаргу дзейнасцю чалавека, і ён жа ў стане знізіць іх тэмп.

«Тэмпературная анамалія — рэч адносная. На поўначы Расіі 28 градусаў — ужо анамалія, а ў Краснадары такой будзе, напэўна, тэмпература плюс 40 градусаў. Прычым чым далей на поўнач, тым адхіленне ад тэмпературнай нормы істотнейшае. Растлумачыць гэта можна асаблівасцю цыркуляцыі атмасферы ў эпоху глабальнага пацяплення. Уварванне паветраных мас часцей адбываецца ў мерыдыянальным кірунку. Гэта значыць халоднае паветра ідзе з поўначы або гарачае паветра ідзе з поўдня», — адзначае эксперт.

Хвалі спёкі ж, па словах кліматолага, фіксуюцца, калі анамальна высокая тэмпература трымаецца пяць і больш дзён. Такія сітуацыі небяспечныя для здароўя чалавека, яны павялічваюць рызыку сардэчна-сасудзістых ускладненняў і смяротных зыходаў. Таму трэба старацца пазбягаць працяглага ўздзеяння спякоты, выкарыстоўваць кандыцыянеры і па магчымасці з'язджаць з мегаполісаў у больш прахалодныя месцы.

«Мы павінны быць гатовыя да таго, што частата небяспечных з'яў, у тым ліку хваль спёкі, вырасце разы ў тры. Але будзем спадзявацца, што не ў дзесяць. Таму што сусветная супольнасць — усе краіны: і Расія, і Кітай, і ЗША — заявіла пра намер дасягнуць вугляроднай нейтральнасці да канца стагоддзя, у 2060—2070-я гады. Гэта значыць зменшыць выкіды, а тыя, што засталіся, кампенсаваць за кошт паглынання лясамі», — заявіў кліматолаг.

Спецыялісты мяркуюць, што частата небяспечных метэаралагічных з'яў узрасце ўдвая да сярэдзіны стагоддзя. Хвалі спёкі будуць большыя і мацнейшыя, ападкі пачнуць выпадаць больш нераўнамерна: калі пэўная колькасць ападкаў выпадала за дзве гадзіны, то цяпер — за 20 хвілін, а снегападаў стане мала, але яны будуць вельмі моцнымі.

«Лячэнне праблем клімату — беражлівае стаўленне да рэсурсаў: да вады, да электраэнергіі, да прадуктаў харчавання, — адзначае эксперт. — Гэта вельмі правільны шлях, ён вядзе да зніжэння выкідаў парніковых газаў. Тут палягае галоўны фактар, якім чалавек уплывае на клімат».

Праблема вялікага горада

Анамальная спякота вельмі цяжка пераносіцца ў мегаполісах. Як лічаць расійскія эксперты, самае небяспечнае — яе наступствы. Вядома, што гарачыня ўплывае на здароўе людзей. Прычым не маладых і здаровых, а, як правіла, пажылых або тых, якія маюць сардэчна-сасудзістыя захворванні. Наогул само паняцце «хваля спякоты» — шмат у чым медыцынскае. Галоўная геафізічная абсерваторыя ў Пецярбургу лічыць хвалі спёкі, калі максімальная тэмпература днём перавышае нейкае значэнне на працягу пяці і больш дзён. Таму што да гэтага наш арганізм трымаецца, а пасля пачынае ламацца. На жаль, колькасць смяротных зыходаў большае нават не падчас хвалі спякоты, а калі яна ўжо скончылася.

Мегаполіс — гэта, вядома, чорны распалены асфальт. Калі ў прыгарадах ці дзесьці ў дачнай мясцовасці тэмпература 30 градусаў, то ў цэнтры мегаполіса будзе мінімум 35 градусаў. Зразумела, што там людзям значна цяжэй.

Пацяпленне ўплывае і на інфекцыйныя захворванні — іх пераносчыкі выдатна сябе адчуваюць пры больш цёплых тэмпературах. У прыродзе могуць быць і паводкі, і засухі, і лясныя пажары, і праблемы для інфраструктуры на вечнай мерзлаце. Якая, на жаль, растае, кожнае лета ўсё глыбей.

Ледніковы перыяд будзе, але няхутка

Натуральныя змены клімату заўсёды былі, ёсць і будуць. Але яны вельмі доўгатэрміновыя. Мы рухаемся ад аднаго ледніковага перыяду да наступнага. Цяпер мы ў цёплым прамежку, ён звычайна доўжыцца каля 20 тысяч гадоў, а прыкладна 80 тысяч гадоў — халодны перыяд. Вядома, праз нейкую колькасць тысячагоддзяў мы паступова будзем уваходзіць у халодны перыяд, але гэта гіганцкі маштаб.

Цяпер паглядзім, што адбываецца кожны год і як залежыць клімат ад варыяцый акіянскіх плыняў. Ёсць такія з'явы ў Ціхім акіяне, як Эль-Ніньё і Ла-Нінья. Супрацьлеглыя фазы, якія залежаць ад цыклаў сонца. Усё гэта вельмі моцна ўплывае на тэмпературу ў канкрэтны год. У прамежкавым маштабе 50—100 гадоў галоўным фактарам будзе ўзмацненне чалавекам парніковага эфекту. Ёсць і іншыя эфекты ад чалавека, якія накладаюцца на натуральныя варыяцыі і з'яўляюцца дамінуючымі. Будзем спадзявацца, што чалавецтва з усім гэтым справіцца, а нашы далёкія нашчадкі проста забудуць пра тое, што быў такі казус у гісторыі Зямлі. Будзем спадзявацца, што мы выйдзем з сітуацыі з мінімумам страт.

Сяргей КУРКАЧ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Антывірусны «кактэйль». Якія прышчэпкі варта зрабіць восенню?

Антывірусны «кактэйль». Якія прышчэпкі варта зрабіць восенню?

Усё, што важна ведаць перад сезонам вірусных інфекцый, расказалі спецыялісты.

Культура

Як пакажуць мінулае ў кінастужцы «На другім беразе»

Як пакажуць мінулае ў кінастужцы «На другім беразе»

Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?