Вы тут

Дзесяць правілаў лічбавай бяспекі ў інтэрнэце для дзяцей


Памятку для дзяцей пра беражлівае стаўленне да сваіх і чужых асабістых даных пры размяшчэнні іх у інтэрнэце стварылі ў Нацыянальным цэнтры абароны персанальных даных. У дакуменце спецыялісты адлюстравалі дзесяць ключавых правілаў асабістай і лічбавай бяспекі, якія бацькі павінны абавязкова агучыць свайму дзіцяці.


1) Райся з дарослымі. Калі ты хочаш зарэгістравацца на сайце, стварыць профіль у сацыяльнай сетцы і размясціць там свае фотаздымкі, спачатку парайся з бацькамі. Дарослыя змогуць лепш прааналізаваць сітуацыю і зразумець, бяспечны ўпадабаны табою сайт, ці не, а таксама дапамогуць выбраць здымкі, якія можна выкладваць на агульны агляд.

2) Не ўказвай шмат інфармацыі пра сябе і сваіх блізкіх. Кшталту нумар тэлефона, адрас, нумар школы і класа, месца работы бацькоў... Не паведамляй час, калі ў кватэры няма дарослых (напрыклад, бацькі паехалі ў адпачынак). Не публікуй даныя з дакументаў і нумары банкаўскіх картак. Усе пералічаныя звесткі не павінны трапляць ў сеціва.

3) Беражліва стаўся да персанальных даных (сваіх і чужых). У анлайн-прасторы не варта рабіць тое, што непрымальнае ў рэальным жыцці. Не дазваляй нікому парушаць свае асабістыя межы і прыватнасць. Калі ты сутыкнуўся з цкаваннем, пераследам, шантажом, — не маўчы! Адразу паведамі пра гэта бацькам. Зламыснікам вельмі цяжка супрацьстаяць аднаму, таму важна звярнуцца да блізкіх людзей за падтрымкай. Самае галоўнае, калі цябе нехта крыўдзіць у інтэрнэце, — не маўчаць, не баяцца расказаць пра гэта дарослым.

4) Памятай пра бяспеку! Выкарыстоўвай ліцэнзійнае праграмнае забеспячэнне і надзейныя антывірусныя службы. Надавай належную ўвагу наладам канфідэнцыяльнасці і ўсталюй двухэтапную абарону акаунтаў у сацыяльных сетках. Не адкрывай падазроныя лісты, ігнаруй паведамленні, дасланыя незнаёмцамі, не пераходзь па спасылках, якія абяцаюць шмат цікавага бясплатна. Калі ў лісце ці паведамленні ў чаце нехта просіць у цябе дапамогі, лепш удакладніць, што здарылася, а яшчэ лепш — перазваніць бацькам, сваякам, сябрам.

5) Цані прыватнасць. Нельга перадаваць уласныя даныя і асабістыя даныя сваіх блізкіх незнаёмым людзям, у тым ліку нумары іх мабільных тэлефонаў, а таксама перасылаць фота ці копіі дакументаў незнаёмцам.

6) Будзь асцярожны! Падтрымлівай стасункі толькі з тымі людзьмі, якіх ты ведаеш і якім давяраеш. Блакуй паведамленні ад незнаёмцаў, бо такія пасланні могуць утрымліваць шпіёнскія праграмы, спам або фішынгавую спасылку. Памятай, што за акаунтам у сеціве можа хавацца хто заўгодна. Не дзяліся ў сацсетках падрабязнасцямі асабістага жыцця, якія можна будзе выкарыстаць для шантажу. Фота, відэа, твая сеткавая перапіска могуць стаць аб’ектамі супрацьпраўных дзеянняў.

7) Ствары ўнікальныя паролі для ўсіх сваіх уліковых запісаў у сацсетках. Выкарыстанне адных і тых жа ў шмат разоў памяншае іх надзейнасць.

8) Сем разоў — падумай, адзін — апублікуй. Перш, чым пакінуць каментарый у публічным чаце і зрабіць чарговую публікацыю ў сацсетцы , падумай, ці неабходна гэта рабіць. Нават калі ты потым перадумаеш і выдаліш паведамленне, нехта ўсё роўна ўжо паспее пабачыць яго, і ты не даведаешся, хто сабраў гэтую інфармацыю і што ён потым плануе з ёй зрабіць.

9) Не распаўсюджвай чужыя асабістыя даныя. Не публікуй без папярэдняй згоды фота сваіх сяброў і знаёмых, відэа і іншую асабістую інфармацыю пра іх. Згодна з заканадаўствам, распаўсюджваць такую інфармацыю можна толькі з дазволу чалавека.

10) Не дазваляй публікаваць твае асабістыя даныя і фота без тваёй згоды. Пагавары з бацькамі і сябрамі пра тваё права мець асабістую прастору.

Ірына СІДАРОК

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».