Вы тут

Спецыялісты ДП «Віцебскі зелянбуд» сёлета падрыхтавалі ў падарунак гораду звыш мільёна кветак


Крыху больш за месяц застаецца да галоўнай культурнай падзеі краіны — ХХХІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Горад на Дзвіне кожны дзень жыве ў клопатах, рыхтуе новы фестывальны ўбор для жыхароў і гасцей паўночнага рэгіёна. За яго стракатасць і духмянасць адказваюць спецыялісты ДП «Віцебскі зелянбуд», якія сёлета падрыхтавалі ў падарунак гораду звыш мільёна кветак.


Майстар ДП «Віцебскі зелянбуд» Таццяна Масквіна

Ужо з надыходам першага цяпла ў пачатку красавіка віцебскія рабочыя зялёнага будаўніцтва выйшлі на вуліцы культурнай сталіцы, каб пачаць ствараць каляровыя квяцістыя дываны. І гэта ў іх атрымліваецца на ўра, бо нездарма Віцебск лічыцца адным з самых квітнеючых гарадоў нашай краіны. З запланаванага мільёна раслін, якія дагэтуль беражліва вырошчвалі ў цяпліцах прадпрыемства, на сённяшні дзень вуліцы ўпрыгожвае больш за 500 тысяч кветак.

«Надвор'е ў бягучым сезоне падрыхтавала для нашых спецыялістаў падарунак. Прычым больш нават не падарунак, а праверку на трываласць: тэмпература днём узнімаецца да 20 градусаў цяпла, ноччу — апускаецца да 5-6. Нам, людзям, цяжка вытрымліваць такія кліматычныя ўмовы, а раслінам — удвая. Таму некаторыя з культур сёлета паводзяць сябе капрызна, але мы знаходзім да іх падыход. Планы, якія былі пастаўлены на сённяшні дзень, выкананы», — адзначае намеснік дырэктара ДП «Віцебскі зелянбуд» Валянціна Шэндзюкова.

Распачалі гэты водарны марафон цынерарыі і гарэзлівыя газаніі, цяпер спецыялісты высаджваюць аксаміткі, агератум, сальвію. Петуніі і бягоніі пакуль чакаюць свайго часу — кветкі баяцца начнога холаду, які паўночны рэгіён у чэрвені не пакідае. Але куставыя і ампельныя петуніі абавязкова з'явяцца на праспектах Чарняхоўскага і Маскоўскім у рамках праектаў па вертыкальным азеляненні, якое для спецыялістаў зелянбуда сёлета выходзіць на новы ўзровень. Летась «рэчка» з кашпо ўпрыгожвала плошчу Свабоды. Прадпрыемства атрымала вялікі пазітыўны водгук ад гараджан і гасцей, таму цяпер было вырашана разбавіць жывымі фарбамі раздзяляльныя зоны праспектаў.

Увагі заслугоўвае кожная клумба горада — з вышыні птушынага палёту там можна разгледзець элементы арнаменту, кветкі з раслін, каласы. У гэтым годзе спецыялісты распрацавалі каля 70 новых дызайнаў, на адну клумбу часам прыходзіцца па некалькі праектаў. Але найбольш багатая на кветкавыя пахі і колеры, вядома, тэрыторыя каля Летняга амфітэатра — тут чырванее назва фестывалю і бягуць па адхоне ноты са скрыпічным ключом. Акцэнт у сваіх кампазіцыях майстры «Віцебскага зелянбуда» робяць на Год міру і стваральнай працы, таму і чарговы сюрпрыз для горада будзе адпаведны тэме.

«Сімвал міру — голуб, таму мы распрацавалі кветкавую кампазіцыю, прысвечаную Году міру і стваральнай працы ў выглядзе гэтай белай птушкі. У аснову клумбы, якая будзе размешчана каля галоўнай пляцоўкі фестывалю мастацтваў, закладзены цынерарыі і агератум», — расказвае дырэктар прадпрыемства Алег Сянькоў і дадае, што работы па афармленні пачнуцца ў канцы чэрвеня.

Цяпер рабочыя зялёнага будаўніцтва працуюць амаль без выхадных, штодзень на вуліцы горада выходзяць каля 40 спецыялістаў і сем адзінак тэхнікі. У ліку тых, хто доўгі час стаіць на варце гарадской прыгажосці, — майстар Таццяна Масквіна. Гэтая «сяўба» будзе ў яе біяграфіі сёмай па ліку: аграном па спецыяльнасці і творчая асоба па жыцці, Таццяна Уладзіміраўна паспяхова сумяшчае гаспадарчы клопат кіравання цэлай брыгадай і рэалізацыю палётаў фантазіі на зямлі. Разам з кіраўніцтвам прадпрыемства яна распрацоўвае дызайн-праекты будучых кветкавых дываноў, а натхненне чэрпае ва ўсім, што бачыць навокал: ва ўзоры тратуарнай пліткі, жалезным вензелі на лаўцы... «Летні перыяд не толькі самы цяжкі, але і самы цікавы. Я люблю сваю прафесію, людзей, якія дапамагаюць увасабляць прыгожыя малюнкі ў клумбы. Гэта складана, але большасць маіх калег — апантаныя любоўю да навакольнага свету і да сваёй работы людзі, якія шчыруюць на карысць роднага горада і агульнага добрага настрою. Бывае, вядома, калі наша праца абясцэньваецца некаторымі гараджанамі, але пераважна мы атрымліваем ад людзей эмоцыі захаплення. Гэта наш галоўны стымул рухацца наперад», — дзеліцца Таццяна Масквіна.

Сімвал Міжнароднага фестывалю мастацтваў — валошка. Я пацікавілася, чаму дагэтуль у Віцебску не было блакітнай клумбы з гэтай кветкай. На прадпрыемстве расказалі, што такую ідэю ўжо спрабавалі ажыццявіць, але палявая валошка не прыжываецца ва ўмовах гарадской загазаванасці і забруджанасці глебы. Магчыма, калісьці ў сэрцы горада заззяе гэтая сціплая, але не менш прыгожая за ўсе астатнія кветка, а пакуль культурная сталіца зіхаціць мільёнам іншых фарбаў.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».