Вы тут

Малады педагог пра свой шлях у прафесію, асаблівасці кіруючай работы


Вользе Пашковіч усяго толькі крышачку за трыццаць, а яна шмат чаго дабілася ў жыцці. У 2015 годзе маладая настаўніца 22-й сярэдняй школы Брэста выйшла пераможцай першага Брэсцкага маладзёжнага форуму педагагічных ідэй і рашэнняў «Педагагічны ФЭСТ», пасля гэтага ўвайшла ў склад Маладзёжнага савета Брэсцкай гарадской арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і за гэты час стала прыкметным чалавекам не толькі ў асяродку брэсцкай настаўніцкай грамадскасці.

Цяпер Вольга Уладзіміраўна — намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 11 Брэста, самай вялікай і самай маладой у абласным цэнтры. У школе навучаецца 3083 дзіцяці. Падтрымліваць якасны вучэбны працэс, а яшчэ займацца арганізацыйнай, навуковай, грамадскай работай, працаваць з маладымі спецыялістамі, з сем'ямі навучэнцаў, рэагаваць на ўсе выклікі часу ў плане выхавання дзяцей, плюс яшчэ дзясяткі спраў на кожны дзень пазначаны ў нататніку маладога намесніка. Аб гэтым і не толькі наша сённяшняя гутарка.


 

— Сёння прафесія педагога не вельмі папулярная ў асяродку паспяховых выпускнікоў школ, тым больш здольных у матэматыцы. Апошнія нярэдка выбіраюць работу ў ІТ. Што паўплывала на ваш выбар прафесіі? Вы з дынастыі педагогаў ці прыкладам для вас сталі вашы школьныя настаўнікі?

— Што паўплывала? Збег абставін. Я зусім не прадаўжальнік педагагічнай дынастыі, а першы чалавек у сям'і з такой прафесіяй. З дзяцінства заўважала ў сваім характары лідарскія якасці, уменне ставіць мэты і дасягаць іх, таму бачыла сябе афіцэрам Узброеных Сіл, мэтанакіравана рыхтавалася да паступлення ў Ваенную акадэмію. Але ў той год, калі я паступала, конкурс сярод дзяўчат складаў восем чалавек на адно месца. Адбор па здароўі быў не проста строгім, а вельмі строгім. Карацей, я яго не прайшла, не давялося нават здаваць іспыты. Сказаць, што засмуцілася гэтым фактам — нічога не сказаць. Была пакрыўджаная, разгубленая, расчараваная. Тады мама ўзяла справу ў свае рукі: правільней сказаць, узяла мае дакументы і прывяла мяне за руку ў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна. Мы падалі дакументы на матэматычны факультэт.

Але ж па натуры я чалавек дысцыплінаваны, спачатку выконвала ўсё на нейкім паўаўтамаце, а потым вучоба паступова захапіла. Мы вывучалі інфармацыйныя тэхналогіі, з галавой акуналіся ва ўсё новае. Я вельмі ўдзячная свайму педагогу методыкі выкладання матэматыкі Тамары Васілеўне Піваварук. Тымі ведамі, якія яна дала, карыстаюся цяпер і буду карыстацца, напэўна, усё жыццё. А дацэнт кафедры прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Алег Віктаравіч Матысік падштурхнуў да паглыбленага вывучэння прадмета, да даследчыцкай, праектнай дзейнасці літаральна з першага курса. Потым я стала актыўна ўдзельнічаць у жыцці ўніверсітэта, стала паспяховай студэнткай. Як вынік — у 2013 годзе атрымала дыплом настаўніка матэматыкі і інфарматыкі і накіраванне ў сярэднюю школу № 22 Брэста.

— Першае рабочае месца — вельмі важнае. Яно вас не расчаравала?

— Наадварот, мне з ім вельмі пашанцавала. Я трапіла ў школу са сваімі традыцыямі, з вялікімі напрацоўкамі ў плане методыкі і выхавання, прыйшла ў калектыў з добразычлівым, шэфскім стаўленнем да маладога спецыяліста. Мне дапамагалі, падказвалі, накіроўвалі. Як са мной працавалі ў маёй першай школе, так я цяпер стараюся працаваць з маладымі спецыялістамі. Выпускнікі з універсітэта адразу пасля яго заканчэння не гатовы да вырашэння праблем, да складаных, а то і канфліктных сітуацый, якія могуць узнікнуць у стасунках, напрыклад, з бацькамі вучняў. Мне заўсёды прыходзілі на дапамогу старэйшыя калегі, падказвалі, вучылі дыпламатыі ў вырашэнні такіх пытанняў.

У першы ж год я стала класным кіраўніком, разумела, што на мне ляжыць адказнасць за гэтых дзяцей, задавалася пытаннем, ці атрымаецца. Цяпер часам думаю: у многім таму, што засталася ў прафесіі, я абавязана сваім першым вучням. Таму што адчула зваротную сувязь, аддачу ад работы, убачыла свой першы поспех, а самае галоўнае — шчырую ўдзячнасць ад маіх вучняў і іх бацькоў, з многімі з іх мы дагэтуль на сувязі.

Што тут утойваць, як і многія мае аднакурснікі, спачатку думала: адпрацую свае абавязковыя два гады, а потым найду што-небудзь больш прэстыжнае, больш грашовае, больш спакойнае. Але тыя поспехі і надзвычай добры калектыў падштурхнулі не спяшацца ў прыняцці рашэнняў. Потым з галавой акунулася ў грамадскую дзейнасць, у праекты, конкурсы. Мне было цікава распрацоўваць сваё, абагульняць свой, няхай невялікі, вопыт, спасцігаць новае. Менавіта са сваімі ідэямі і напрацоўкамі выступіла на першым «Педагагічным ФЭСЦе» ў 2015 годзе. Тая перамога пэўным чынам акрыліла мяне, стала стымулам для далейшага развіцця, самаадукацыі, пошукаў і знаходак. Далей я прыняла ўдзел у праектах «Малады настаўнік Брэстчыны» і «Настаўнік года». Школа станавілася мне ўсё больш цікавай, я зразумела, што ў адукацыі можна цалкам рэалізаваць сябе. Вялікую радасць прыносілі дасягненні маіх навучэнцаў на алімпіядах і конкурсах, у гэтыя моманты я разумела, што займаюся сваёй справай. Пэўны вынік работы тут бачыш адразу, але разумееш, што ён мае эфект назапашвання, ну вось як у той вельмі старой песні: «Летят путями звездными, плывут морями грозными любимые твои ученики»...

У 2019 годзе ў новым мікрараёне адкрывалі сярэднюю школу, і мне прапанавалі перайсці сюды. У ёй я была не толькі настаўнікам, класным кіраўніком, але і старшынёй пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў адукацыі і навукі.

З моманту адкрыцця школы на чале стаіць выдатны кіраўнік Людміла Васілеўна Кудзей. Менавіта яна паверыла ў мае сілы, дала магчымасць далей рэалізаваць сябе ў педагагічнай і грамадскай дзейнасці, стала маім настаўнікам, падтрымлівае, накіроўвае ў працы. Я і дагэтуль чэрпаю веды і досвед у яе, бо, як кажа народная мудрасць, разам любую справу адолееш.

— Вашу цяперашнюю школу пабудавалі ў рамках падрыхтоўкі Брэста да тысячагоддзя ў ліку 25 значных аб'ектаў. Яна вельмі вялікая і знаходзіцца ў густанаселеным мікрараёне. Як гэта спецыфіка адбіваецца на жыцці школы?

— Установа адукацыі стала сапраўдным падарункам маладому мікрараёну, які імкліва рос, і працягвае расці і адчуваць дэфіцыт вучнёўскіх месцаў. Калі яна адкрывалася, у нас было 18 першых класаў. Сёння першых набіраем пад дзясятак, а ўсяго ў школе займаецца 115 класаў. Навучанне ідзе ў дзве змены. Асобны пласт работы — гэта навучанне асаблівых дзяцей. У школе рэалізоўваецца прынцып інклюзіі. Мы маем 13 інтэграваных класаў, два спецыяльныя, дзе навучаюцца дзеці з праблемамі апорна-рухальнай сістэмы, адзін — з цяжкімі парушэннямі маўлення. Пакуль нам цяжка ў гэтай рабоце. У настаўнікаў невялікі яе вопыт. Даводзіцца вучыцца ў працэсе, педагогі павышаюць свой прафесійны ўзровень на курсах у Мінску, праходзяць стажыроўкі ў спецыялізаваных установах, запрашаем спецыялістаў да нас для правядзення семінараў. Складанасць не толькі ў тым, што асаблівыя дзеці, напрыклад, нярэдка рэагуюць на любы шум, такі вучань можа расплакацца падчас урока, і трэба ўмець правільна паводзіць сябе, прадухіляць падобныя сітуацыі. Кожны дзень узнікаюць новыя праблемы, якія даводзіцца вырашаць. Адным словам, нягледзячы на цяжкасці, інклюзіўны падыход у адукацыі паступова ўкараняецца ў нашай школе ў адпаведнасці з сусветным адукацыйным стандартам, мы робім акцэнт на індывідуальны падыход і рэалізацыю патэнцыялу кожнага дзіцяці.

— Пэўны адбітак на работу школы накладвае спецыфіка паўднёва-заходняга мікрараёна, дзе размешчана навучальная ўстанова. Тут актыўна ўзводзяць жыллё для шматдзетных сем'яў. Відаць, многія вашы вучні растуць менавіта ў такіх?

— Так, большасць нашых вучняў выхоўваюцца ў шматдзетных сем'ях, такіх на сёння 1670 чалавек. У нас у кожным класе па 18—20 чалавек са шматдзетных сем'яў. Усе розныя, і класным кіраўнікам не надта проста працаваць. Таму асобныя маладыя спецыялісты, а іх у нас сёння працуе 44, не вельмі ахвотна згаджаюцца на класнае кіраўніцтва. Але ж мы ім усяляк дапамагаем, не пакідаем сам-насам з праблемамі. У школе функцыянуе творчая група «Праблемы адаптацыі маладых класных кіраўнікоў у сучаснай школе», кіраўніком якой з'яўляецца вопытны настаўнік Наталля Васілеўна Буйко. Таму ўсё атрымліваецца.

На жаль, дзеці з 16 сем'яў рашэннем камісіі прызнаны ў сацыяльна небяспечным становішчы. З такімі сем'ямі праводзім карпатлівую работу. З асаблівай адказнасцю супрацоўнічаюць з сем'ямі і непаўналетнімі сацыяльныя педагогі, педагогі-псіхолагі, класныя кіраўнікі, якія ў такіх сем'ях пастаянныя наведвальнікі. Не застаюцца без увагі і тыя, хто выклікае трывогу, што накіравана на папярэджанне такога становішча.

Усяляк стараемся адгарадзіць дзяцей ад негатыўнага і дэструктыўнага ўплыву. У раёне яшчэ не вельмі развітая інфраструктура, нямнога месцаў для культурнага адпачынку. Падлеткі любяць збірацца вакол гандлёвага цэнтра. А ў пачатку сакавіка, калі памятаеце, праз сацсеткі дзяцей заклікалі на зборы аматары субкультуры «ЧВК Рэдан». Нашым вучням таксама прыходзілі запрашэнні збірацца каля гандлёвых цэнтраў, але ўвесь педагагічны калектыў аператыўна зрэагаваў і папярэдзіў ад магчымых непрыемнасцяў. Пазней на класных гадзінах мы абмеркавалі і растлумачылі сітуацыю вучням. Вельмі важна накіраваць іх энергію і цікаўнасць у правільнае рэчышча.

— Наколькі гэта ўдаецца?

— Спадзяёмся, што ўдаецца. Цяпер, як вядома, у школах вялікая ўвага ўдзяляецца грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню вучняў. Пры падтрымцы пракуратуры мы адкрылі выставачную экспазіцыю «Без тэрміну даўнасці» пра генацыд беларускага народа ў час Вялікай Айчыннай вайны. Выстаўку наведалі ўсе вучні школы разам з педагогамі ў рамках класных, інфармацыйных гадзін, мерапрыемстваў тэматычнай накіраванасці. Мы актыўна ўдзельнічаем у розных праектах па грамадзянска-патрыятычным выхаванні. На абласным конкурсе наш праект «Не гасне памяці свечка» атрымаў дыплом пераможцы. Традыцыйна ў школе праводзяцца ўрокі мужнасці, на якіх прысутнічаюць супрацоўнікі вайсковых часцей, Следчага камітэта, ветэраны вайны. Дзеці наведваюць вайсковыя часткі.

У выніку такога ўзаемадзеяння шэсць нашых выпускнікоў выказалі жаданне паступаць сёлета ва ўстановы адукацыі МУС.

З улікам нашай спецыфікі асаблівая ўвага ўдзяляецца прапагандзе здаровага ладу жыцця. І гэта не толькі конкурсы малюнкаў, плакатаў, тэматычныя, гульнявыя праграмы, выстаўкі літаратуры ў бібліятэцы. Гэта, галоўным чынам, практычныя заняткі: спартыўныя святы і дні здароўя, розныя трэнінгі і заняткі са спецыялістамі. Праект «Здаровае харчаванне з дзяцінства — дабрабыт у будучыні» быў адзначаны дыпломам на абласным этапе. Але галоўнае, што мы актыўна і на ўсіх узроўнях у школе прапагандуем ідэю культуры і навыкаў здаровага харчавання.

Вучні нашай школы рыхтуюцца да рэалізацыі праекта «Лета ў горадзе». Гэта заняткі для тых, хто застаецца падчас яго ў ваколіцах школы, каб напоўніць вольны час карыснымі, пазнавальнымі, актыўнымі мерапрыемствамі.

— У такой вялікай школе намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце мае каласальную нагрузку, гэта відавочна. Але ж вы настаўнік матэматыкі і маеце гадзіны па сваім прадмеце. Па-ранейшаму любіце матэматыку? З ахвотай праводзіце ўрокі? Ці кіруючая работа больш захоплівае?

— Я люблю матэматыку, інфарматыку. З задавальненнем іду на ўрокі ў свае 10 і 11 класы. Многія выпускнікі ведаюць, што ім давядзецца здаваць іспыты па матэматыцы, вучні матываваныя і старанна рыхтуюцца да ўрокаў. І нават для тых, хто да вучобы ставіцца з пэўнай прахалодай, у нас ёсць спосабы для матывацыі.

— Якія?

— Ну, напрыклад, развіццё тэхналогій 3D-друку. У самым пачатку пандэміі COVІD-19 наша школа далучылася да ініцыятывы па аказанні дапамогі медыкам у забеспячэнні іх сродкамі індывідуальнай абароны. Нашы настаўнікі інфарматыкі на 3D-прынтарах друкавалі ахоўныя экраны — камплектуючыя для антывіруснай экіпіроўкі. Тады ж узнікла ідэя далучыцца да рэспубліканскага праекта па выпрабаванні варыянтаў выкарыстання 3D-прынтараў у адукацыйным працэсе. На факультатыўных занятках па матэматыцы і інфарматыцы мы працуем з 3D-прынтарам і ўжо заўважаем, што тэхналогія 3D-друку выхоўвае вучняў-стваральнікаў. У працэсе навучання развіваецца прасторавае мысленне, уменне праектаваць і рэалізоўваць задуманае. Мы ўжо бачым, што доступ да 3D-тэхналогіі становіцца спосабам матываваць школьнікаў, асабліва тых з іх, хто марыць стаць ІТ-спецыялістам.

І нават калі першая спроба аказваецца няўдалай, дзеці вучацца разумець, што памылка — гэта частка навукова-практычнай дзейнасці, яе трэба ўмець выпраўляць і рухацца далей. Гэта вельмі важна.

— Я так разумею, што са сваімі старшакласнікамі вы на адной хвалі ў сэнсе выкарыстання сацыяльных сетак, новых тэхналогій, гэта дапамагае ў рабоце?

— Так, стараюся за ўсім сачыць. Часам яны здзіўляюцца: «О, дык вы ў трэндзе!?» Але зрэдку здараецца, што яны апярэджваюць. Тады я кажу: «Я такога не ведала...» У гэтым сэнсе, напэўна, малады настаўнік ім больш цікавы. На сваіх занятках выкарыстоўваю відэаролікі, прэзентацыі, розныя інфармацыйныя рэсурсы, платформы. Але ж традыцыйныя ўрокі, класіку выкладання, дошку з крэйдай, няхай сабе інтэрактыўную, ніхто не адмяняў.

— Вы строгая настаўніца?

— У першыя гады выкладання была больш строгай. Цяпер мой стыль выкладання становіцца больш дэмакратычным, на ўроках мы з вучнямі гутарым, абмяркоўваем, часта выкарыстоўваю метад крытычнага мыслення, мазгавы штурм. Але ж дысцыпліна — гэта ўмова паспяховага ўрока. А яшчэ як матэматык я люблю дакладнасць.

— У стасунках з калегамі вы які кіраўнік?

— Я адкрыта ў стасунках, маю сацыяльны стыль камунікацыі. Найбольшай сваёй перамогай лічу, калі ўдаецца пераканаць альбо ў ходзе дыскусіі прыйсці да адзінага пункту гледжання, да агульнага назоўніка, кажучы матэматычнай мовай.

— А дома хто галава вашай сям'і?

— Галава, вядома, муж. Ён таксама педагог па адукацыі, пэўны час працаваў у школе. Таму мяне разумее і ва ўсім падтрымлівае.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота з архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Антывірусны «кактэйль». Якія прышчэпкі варта зрабіць восенню?

Антывірусны «кактэйль». Якія прышчэпкі варта зрабіць восенню?

Усё, што важна ведаць перад сезонам вірусных інфекцый, расказалі спецыялісты.

Культура

Як пакажуць мінулае ў кінастужцы «На другім беразе»

Як пакажуць мінулае ў кінастужцы «На другім беразе»

Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?