Наша краіна адкрыта для супрацоўніцтва з усімі краінамі — удзельніцамі выстаўкі «Белагра-2023», заявіў намеснік прэм'ер-міністра Леанід Заяц падчас старту Беларускага аграпрамысловага тыдня.
«Мы сапраўды ганарымся тым, што ўжо ў 33-і раз арганізоўваем выстаўку «Белагра». Тут мы абагульняем міжнародны вопыт у сферы сельскагаспадарчага машынабудавання. Акрамя таго, дэманструем развіццё навукі ў Беларусі і нашы дасягненні ў харчовай прамысловасці. Падкрэслю, што мы адкрытыя для супрацоўніцтва з усімі краінамі, якія ўдзельнічаюць у гэтай выстаўцы», — сказаў Леанід Заяц.
Ён нагадаў, што першая выстаўка «Белагра» праводзілася ў 1990 годзе. «Тады ў нас не было асаблівых падстаў для гонару, а сёння наша краіна набыла зусім іншы статус. Цяпер на нашу выстаўку з'язджаецца паўкантынента. Нягледзячы на санкцыі, да нас прыязджаюць прадстаўнікі краін ЕС. Пры гэтым наша краіна дэманструе выдатныя дасягненні ў аграпрамысловым і нафтахімічным комплексах. Беларуская навука таксама ідзе ў нагу з часам, забяспечваючы нас новымі насеннем і тэхналогіямі», — заявіў віцэ-прэм'ер.
Як адзначылі ў Мінсельгасхарчы, Беларусь мае самазабеспячэнне па малочнай галіне на 263 %, а па мясной — на 134,9 %. Каментуючы гэтыя лічбы, Леанід Заяц дадаў, што па выніках работы за 4 месяцы 2023 года экспарт беларускай сельскагаспадарчай сыравіны і харчавання склаў 2,7 мільярда долараў.
Віцэ-прэм'ер адзначыў, што Беларусь цалкам забяспечыла сваю харчовую бяспеку і паспяхова прадае лішкі за мяжу. «Рэкордным у плане паставак для нас быў мінулы год. Тады рост экспарту сельскагаспадарчай сыравіны і харчавання склаў 124 %, або 1,6 мільярда долараў. Сёлета па выніках работы за 4 месяцы мы прыплюсавалі 11,2 % да аналагічнага ўзроўню мінулага года. Гэта сведчыць аб тым, што нашу прадукцыю паважаюць і плацяць за яе немалыя грошы», — падкрэсліў Леанід Заяц.
Паводле яго слоў, такія вынікі сталі магчымыя дзякуючы таму, што 15 гадоў назад у тэхнічнае і тэхналагічнае пераўзбраенне прадпрыемстваў Беларусі былі ўкладзены вялікія сродкі.
«Адзначу, што гэта не мяжа, бо намі яшчэ не да канца вывучаны рынкі Афрыкі. Таксама можна больш актыўна працаваць з Кітаем. Да таго ж мы развіваем супрацоўніцтва з Расіяй, у прыватнасці па імпартазамяшчэнні. Мы захавалі якасць нашай прадукцыі, таму яна карыстаецца вялікім попытам за мяжой», — заявіў намеснік прэм'ер-міністра. Ён таксама дадаў, што кіраўнік дзяржавы ставіць задачу перад галіной сельскай гаспадаркі давесці экспарт да 10 мільярдаў долараў за год.
Асобна спыніўся Леанід Заяц на забеспячэнні ўнутранага рынку ранняй зелянінай і іншай вітамінавай прадукцыяй. У папярэднія гады мы закуплялі гэтую прадукцыю ў заходніх краінах. У далейшым гэтага не павінна быць, лічыць віцэ-прэм'ер. «У міжсезонны перыяд 2023/2024 года нашы спажыўцы будуць есці выключна беларускія свежыя агуркі. Прымаюцца ўсе неабходныя меры таксама і па забеспячэнні таматамі, спадзяёмся да 2027/2028 года канчаткова вырашыць гэтую задачу», — падсумаваў Леанід Заяц.
А ў той жа час міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыла заявіў, што дадзеная выстаўка — гэта дэманстрацыя ўсіх тэхналагічных магчымасцяў, якія ёсць у Беларусі. «Нам не сорамна паказаць айчынныя тэхналогіі ў вытворчасці трактарнага і машыннага парка, а таксама тэхналогіі ў вытворчасці прычапной тэхнікі. Сёння мы выстаўляем высокапрадукцыйных жывёл, праводзім конкурсы, у прыватнасці, выбіраем найлепшую малочную карову краіны. Таксама на выстаўцы прадстаўлены тэхналогіі вытворчасці даільнага абсталявання і іншыя аспекты, якія ахопліваюць АПК», — сказаў Ігар Брыла.
Ён адзначыў, што «Белагра» добра ведаюць ва ўсім свеце, і кожны год выстаўку наведвае ўсё больш кампаній. «Тут прадстаўлена каля 450 кампаній — для нас гэта вялікі крок, асабліва ў параўнанні з мінулым годам. Прысутнічаюць каля 16 дэлегацый з розных краін. Дастаткова актыўна ўдзельнічае Расійская Федэрацыя, ад якой прадстаўлена 14 стэндаў з розных рэгіёнаў гэтай вялікай дзяржавы. Упэўнены: у нас атрымаецца добры і прадукцыйны дыялог з усімі ўдзельнікамі», — падкрэсліў міністр.
На адкрыцці выстаўкі ў якасці ганаровага госця быў намеснік міністра сельскай гаспадаркі Расійскай Федэрацыі Іван Лебедзеў. Ён адзначыў, што паміж Беларуссю і Расіяй сфарміравана правільная партнёрская палітыка. «Пра гэта гавораць лічбы ўзаемнага гандлю. Так, у 2022 годзе дасягнуты рэкордныя паказчыкі па колькасці прадукцыі, якая пастаўляецца, і грашовым эквіваленце. Мы ўжо фіксуем дынаміку і рост, таму ў цэлым па годзе чакаем добрых паказчыкаў. Так, за першы квартал гэтага года прырост па ўзаемным гандлі паміж Беларуссю і Расіяй у галіне сельскай гаспадаркі склаў 25 % у адносінах да аналагічнага перыяду мінулага года. Мы працуем і глядзім на ўсе напрамкі сумесна. Упэўнены, разам дасягнём яшчэ большых вынікаў», — сказаў Іван Лебедзеў.
Выстаўка арганізавана ў ходзе правядзення Беларускага аграпрамысловага тыдня з 6 да 11 чэрвеня ў выставачным цэнтры індустрыяльнага парка «Вялікі камень». Гэты аграрны форум знаёміць усіх удзельнікаў з перадавымі напрамкамі ў развіцці раслінаводства, жывёлагадоўлі, птушкагадоўлі і з сучаснымі тэхналогіямі перапрацоўкі. Аграпрамысловы тыдзень уключае не толькі «Белагра-2023», але і выстаўкі «Белферма», «Белпрадукт» і «Харчовая індустрыя».
Аграрны форум традыцыйна збірае разам не толькі беларускіх аграрыяў і работнікаў харчовай і перапрацоўчай прамысловасці, але і іх замежных калег і партнёраў. Сёлета ўдзел бяруць сотні кампаній з Беларусі, Расіі, Кітая, Пакістана, Турцыі, В'етнама, Германіі, Італіі, Індыі, Палесціны. Таксама выстаўку наведаюць дэлегацыі краін далёкага замежжа, сярод якіх Зімбабвэ, Егіпет, Іран, Кенія, Куба, Манголія, Сірыя, Уганда, ПАР.
Калектыўныя экспазіцыі сфарміравалі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі, Міністэрства прамысловасці, Нацыянальная акадэмія навук, канцэрн «Белдзяржхарчпрам», «Белкаапсаюз», а таксама ўсе вобласці Беларусі.
Штогод «Белагра» становіцца адной з галоўных пляцовак для дзелавых перагавораў. Шырокае кола пытанняў па забеспячэнні канкурэнтаздольнасці сельгаспрадукцыі, выкарыстанні зямельных рэсурсаў з пункту гледжання экалагічнай і эканамічнай эфектыўнасці, перспектывы супрацоўніцтва Беларусі з краінамі блізкага і далёкага замежжа ў сферы вытворчасці інавацыйных тэхналогій у галіне сельскай гаспадаркі, а таксама іншыя актуальныя пытанні можна будзе абмеркаваць у ходзе тэматычных канферэнцый і семінараў.
Міжнародная спецыялізаваная выстаўка адкрыта для свабоднага наведвання з 10.00 да 18.00 да нядзелі ўключна. З Мінска да месца правядзення мерапрыемства арганізаваны бясплатныя транспартныя маршруты ад станцыі метро «Магілёўская».
Сяргей КУРКАЧ
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА
Мноства пытанняў паўстае перад кожным маладым педагогам.
Усё, што важна ведаць перад сезонам вірусных інфекцый, расказалі спецыялісты.
Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?