Вы тут

Зварот у рэдакцыю. Як правільна наводзіць чысціню ў метро?


Напэўна, кожны пасажыр нашага метрапалітэна бачыў, як прыбіральшчыцы сухім венікам падмятаюць прыступкі і падлогу пераходаў, падымаюць у паветра пыл, — піша пенсіянер Леанід Мялешка. — Гэта робіцца днём і ўвечары, нават сярод натоўпу. Між тым эксперты выявілі, што дробныя часціцы пылу, якія прысутнічаюць у паветры «падземкі», адрозніваюцца па сваім складзе ад пылу ў іншых месцах. Яны больш «багатыя» металамі, асабліва жалезам і меддзю.


Па меркаванні спецыялістаў, як паведамляе спадар Мялешка (у мінулым, дарэчы, урач прафілактычнай медыцыны Мінскага гарадскога клінічнага цэнтра псіхіятрыі і псіхатэрапіі), пыл метрапалітэна небяспечны для здароўя, паколькі яго таксічныя часцінкі здольныя пранікаць у арганізм, пашкоджваючы не толькі дыхальныя шляхі, але і лёгкія, печань, ныркі, мозг. Вялікая колькасць пылу, якая доўга носіцца ў паветры і не асядае, можа стаць прычынай астматычных і алергічных захворванняў. Думаю, гэтых довадаў дастаткова для таго, каб не разганяць пыл сухім венікам, каб ліквідаваць гэты «рэлікт» з нашага цудоўнага метро.

Для прыборкі чытач прапануе выкарыстоўваць малагабарытныя, аўтамабільныя, ранцавыя пыласосы з аўтаномным сілкаваннем.

Па каментарый да звароту мы звярнуліся ў ДП «Мінскі метрапалітэн». Як паведамляецца ў афіцыйным адказе за подпісам намесніка дырэктара па эксплуатацыі Вадзіма Палішчука, санітарна-гігіенічныя патрабаванні да ўтрымання ўсяго комплексу станцыйных збудаванняў метрапалітэна вызначаны санітарнымі нормамі, правіламі і гігіенічнымі нарматывамі «Гігіенічныя патрабаванні да ўмоў працы работнікаў і эксплуатацыі метрапалітэнаў», зацверджанымі пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 19.10.2010 № 135. «У адпаведнасці з патрабаваннямі санітарных нормаў для кожнай станцыі метрапалітэна распрацаваны тэхналагічны працэс работы станцыі, у якім устаноўлены парадак, перыядычнасць і спосабы яе прыбірання. У прыватнасці, у начны час ажыццяўляецца асноўнае прыбіранне, у тым ліку вільготнае, пасажырскіх зон (платформы, вестыбюлі, тэрыторыі, прылеглыя да ўваходаў на станцыі, пешаходныя пераходы, маршавыя лесвіцы і калідоры), а ў дзённы час — падтрымлівальнае прыбіранне. У сувязі з гэтым дзяжурным персаналам днём з пэўнай перыядычнасцю ажыццяўляецца абход станцыі з мэтай выяўлення недахопаў і падтрымання неабходнага санітарнага стану.

У дзённы час вільготнае прыбіранне маршавых лесвіц, а таксама падземных пешаходных пераходаў немагчыма з прычыны пастаяннага патоку пасажыраў метрапалітэна або іншых грамадзян (людзі могуць паслізнуцца на вільготнай падлозе і атрымаць траўму), таму выконваецца толькі сухое прыбіранне з дапамогай веніка. Сухое прыбіранне маршавых лесвіц ажыццяўляецца падчас мінімальнага пасажырапатоку на станцыях метрапалітэна. Аднак на перасадачных станцыях «Купалаўская» і «Кастрычніцкая» прыбіранне абцяжарана з прычыны значнага пасажырапатоку.

У Мінскім метрапалітэне была таксама разгледжана магчымасць правядзення сухога прыбірання з дапамогай пераносных пыласосаў. Вывучаліся характарыстыкі акумулятарных, таму што пры наяўнасці руху грамадзян небяспечна працаваць пыласосам ад электрычнай сеткі. Асноўны мінус пераноснага акумулятарнага пыласоса — непрацяглы час работы акумулятара. Для яго падзарадкі патрабуецца пэўны час, а ў выпадку неабходнасці правядзення тэрміновага прыбірання скарыстацца пыласосам будзе немагчыма.

Варта адзначыць, што для правядзення прыбірання тэрыторыі станцый неабходна выкарыстоўваць пыласосы з высокай магутнасцю ўсмоктвання. Дадзеныя мадэлі досыць шумныя і маюць значныя габарыты.

А інструкцыяй па эксплуатацыі рэкамендавана выконваць асаблівую асцярожнасць, працуючы на лесвіцы, каб выключыць траўміраванне пасажыраў або іншых грамадзян, а таксама саміх прыбіральшчыц, сярод якіх, у тым ліку, і пажылыя жанчыны. Габарыты вышэйназванага абсталявання могуць выклікаць цяжкасць у перамяшчэнні людзей, а шум ад пыласоса — скажонасць і недакладнасць атрымання інфармацыйнага тэксту пасажырамі ад работнікаў метрапалітэна. Таму ў цяперашні час падтрымліваць санітарны стан пасажырскіх зон у дзённы час іншым спосабам не ўяўляецца магчымым».

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».