Вы тут

Што робіцца ў краіне для стымулявання выкарыстання новага транспарту


 Летась сусветны аб'ём рэалізацыі электратранспарту вырас на 55 %. Па прагнозах спецыялістаў, сёлета гэтая лічба падрасце яшчэ на 36 %. Аналагічная дынаміка назіраецца і ў Беларусі, дзе летась больш як на траціну павялічылася выкарыстанне электраэнергіі зараднымі станцыямі, якіх цяпер у краіне ўжо амаль 700. Чакаецца, што да 2025 года траціна грамадскага пасажырскага транспарту ў краіне стане электрычнай, а суперхуткія электразарадныя комплексы з'явяцца ва ўсіх абласных гарадах і на трасе М1. У 2030-м такіх комплексаў агульнай магутнасцю 600 МВт стане 85. Пра трансфармацыю транспартнага рынку Беларусі расказалі эксперты галіны.


Ад тэставых узораў да сучасных электракараў

У нашай краіне робяцца вялікія намаганні для падтрымкі і развіцця электратранспарту. Найперш гэта рашэнні кіраўніка дзяржавы па стымуляванні ўвозу электракараў у Беларусь і зніжэнне нагрузкі на яго эксплуатацыю і праграма, скіраваная на развіццё сеткі электразарадных станцый, расказаў Дзяніс Мароз, намеснік міністра энергетыкі.

— Самае галоўнае, што наша краіна забяспечана энергетычным рэсурсам, неабходным для эксплуатацыі электратранспарту, — увод у эксплуатацыю БелАЭС. А Мінэнерга забяспечвае будаўніцтва электрааналітычнай інфраструктуры для своечасовага ўводу электразарадных станцый.

Беларусы адчулі перавагі выкарыстання электрамабіляў — іх набываюць кампаніі, фізічныя асобы, службы таксі. Ды і ўвогуле першы электрамабіль з'явіўся ў нас, бо БелАЗ створаны на электрычнай хадзе. Адрозненне ад сучасных электрамабіляў толькі ў тым, што ён возіць на борце электрастанцыю, якая вырабляе ток з паліва, згадаў Сяргей Чыжык, першы намеснік старшыні прэзідыума НАН Беларусі:

— Многія яшчэ добра памятаюць і Ё-мабіль, які не пайшоў у шырокую вытворчасць, аднак быў створаны беларусамі. За апошнія гады было асвоена дзесяць тыпаў аўтамабіляў, першы з якіх дэманстраваўся ў 2019-м. Аднак гэта ўсё былі доследныя, тэставыя ўзоры. З тых часоў з'явіўся напрамак каркасных аўто, які мы лічым перспектыўным. Створаны тры ўзоры: малы — 0,5 тоны, сярэдні — 1,5 тоны і грузавікі для МАЗа — 4 тоны. Лідар на рынку электракараў сёння «Белкамунмаш», які стварае і аўтобусы, і буйнагабарытныя грузавікі да 10 тон.

Прыцэл на айчынны брэнд сусветнага ўзроўню

Навукоўцам даводзіцца чуць нараканні, чаму няма легкавога аўто, якое можна было б набыць звычайнаму беларусу. Галоўнае пытанне ў гэтай справе — шасі. Ствараць з нуля вытворчасць па вырабе кузава і шэрагу іншых кампанентаў няпроста. Аднак з дапамогай Міністэрства прамысловасці ў краіне, здаецца, ужо вызначыліся, што можа стаць базавым шасі, і Акадэмія навук атрымала даручэнне давесці гэтыя шасі да стану электрамабіля, заўважыў першы намеснік старшыні:

— Важна, што мы стваралі не толькі доследныя ўзоры, але і кампаненты. Мы гатовыя да лакалізацыі. У дастатковай колькасці на «Магілёўліфтмаш» ужо вырабляюцца сілавыя рухавікі, на Віцебскім заводзе электравымяральных прылад гатовы ў неабходным аб'ёме выпускаць кіруючую электроніку. Адносна акумулятараў усе сёння арыентуюцца на зборку з літыевых ячэек. Пры гэтым неабходна вялікая колькасць тэстаў, рассартаванне па ёмістасці ячэек, электроннае кіраванне — усё гэта таксама напрацавана.

Навукоўцы ўпэўнены, што трэба настройвацца на замену літыю, і яны ўжо спрабавалі зрабіць гэта з дапамогай графенападобных матэрыялаў, але не атрымалася. Цяпер больш перспектыўным напрамкам яны лічаць выкарыстанне натрый-іонных батарэй. Зроблена невялікая колькасць доследных узораў, аднак яны ўжо апрабоўваюцца на шэрагу малога транспарту. Такім чынам, краіна гатовая да вырабу ўласных электракараў.

Для Беларусі электракары завода «Белджы» сталі ўжо звыклымі. Задачай кампаніі было стварэнне аўтамабіля сусветнага ўзроўню — Geely Geometry C (Геаметрыя С) і атрыманне вопыту яго эксплуатацыі ў Беларусі, расказаў Генадзь Свідэрскі, дырэктар кампаніі «Белджы».

— За два гады, па водгуках спажыўцоў і ацэнках спецыялістаў, аўто паспяхова эксплуатуецца. Нам важна было паказаць пакупніку новыя машыны і даць сэрвісную падтрымку ў эксплуатацыі.

Сумесна з НАН Беларусі мяркуюць выпусціць аўто пад уласным брэндам, які выбраны для найбольш упадабанага аўтамабіля «Кулрэй». Доследны ўзор перададзены навукоўцам, якія працуюць над ацэнкай магчымасці на базе гэтай машыны стварыць электрамабіль.

Эксперты спадзяюцца знайсці спосаб атрымаць прадукт сусветнага ўзроўню па канкурэнтаздольнай цане і, разумеючы абмежаванасць айчыннага рынку, арыентавацца на рынак Саюзнай дзяржавы. У кампаніі мяркуюць, што ўжо сёлета ў краіне з'явіцца і мадэль Geely Geometry E (Геаметрыя І).

Кітайскі раз'ём суперхуткай электразарадкі

Два тыдні таму электразарадная структура Беларусі была прызнаная найлепшай на конкурсе «Зялёная Еўразія» сярод краін ЕЭК, а найбольш адзначаным стаў праект суперхуткага зараднага комплексу на вул. Напалеона Орды, дзе рэалізаваны ўсе сучасныя трэнды тэхналогій электрамабіляў: сістэма назапашвання электраэнергіі, пантограф для рэйсавага электробуса і магчымасць за 10 хвілін зарадзіць электракар на 300 кіламетраў, падзяліўся дасягненнямі Андрэй Коцік, намеснік генеральнага дырэктара па будаўніцтве і агульных пытаннях вытворчага аб'яднання «Беларуснафта»:

— Сучасныя электрамабілі ўжо маюць сярэдні прабег да 400 кіламетраў, узровень магутнасці зараду да 150 кВт. А выхад у серыю камерцыйнага грузавога транспарту фарміруе трэнд на высокія магутнасці. Пераходзяць таксама да выпуску электрамабіляў бюджэтнага цэнавага сегмента. Для Беларусі гэта важна, бо ў нас з'яўляецца шмат электракараў у каршэрынгу, таксі і камерцыйных перавозках. Больш за тое, з'яўляюцца новыя аператары зараднай структуры: Віцязь, Белтэлекам, А100.

Такі падыход для аператара электразараднай інфраструктуры, якім з'яўляецца «Беларуснафта» — сігнал для паскарэння працэсаў і адсочвання тэндэнцый рынку электракараў. Значна выраслі пастаўкі ў краіну кітайскіх электрамабіляў, таму электразарадныя сеткі актыўна дааснашчаюцца кітайскім раз'ёмам стандарту GB/T. Уведзена ў эксплуатацыю ўжо 16 станцый, дзе можна зарадзіць аўто з Кітая, а да канца года іх стане каля 200 — амаль трэць усіх зарадных станцый краіны.

Для карыстальнікаў сэрвісу «Маланка» збіраюцца запусціць модуль лаяльнасці з выдзяленнем найбольш актыўным спажыўцам зніжак, сертыфікатаў і купонаў. З'явіцца магчымасць браніравання зарадных станцый, а з часам — і новых тэхналогій, якія дазволяць электрааўто аддаваць электраэнергію ў энергасістэму. Разглядаецца і магчымасць карыстальнікам аўтарызавацца ў сістэме шляхам падключэння свайго электракара да зараднай станцыі.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».