Вы тут

Урачыстыя цырымоніі ІІ Гульняў краін СНД прыме «Мінск-Арэна»


У традыцыйным аглядзе — самыя цікавыя спартыўныя навіны.


Героі тыдня. У Баку прайшоў чэмпіянат свету па таэквандо, на які пад нейтральным сцягам дапушчаны беларускія спартсмены. У спаборніцтвах у вагавой катэгорыі да 58 кілаграмаў беларус Георгій Гурцыеў стаў сярэбраным прызёрам. Для беларускага таэквандо гэта першы медаль чэмпіянату свету з 2015 года. У вагавой катэгорыі да 87 кілаграм беларускі спартсмен Арцём Плоніс стаў бронзавым прызёрам чэмпіянату свету.

Перамогі тыдня. У Маскве завяршыўся трэці этап міжнародных спаборніцтваў па сучасным пяціборстве «Кубак Паўла Ляднёва» з удзелам наймацнейшых беларускіх і расійскіх спартсменаў. У фінале жаночага індывідуальнага турніру роўных не было беларускам. На першым месцы — Анастасія Пракапенка, на другім — Ірына Прасянцова, на трэцім — Марыя Гнедчык. У фінале мужчынскага турніру пераможцам стаў лідар беларускай зборнай Ілья Палазкоў. Такім чынам, на трэцім этапе Кубка Паўла Ляднёва нашы спартсмены заваявалі чатыры ўзнагароды з шасці магчымых. Фінальны этап міжнародных спаборніцтваў па сучасным пяціборстве пройдзе з 16 да 21 жніўня ў Мінску.

Аб'ява тыдня. Урачыстыя цырымоніі адкрыцця і закрыцця ІІ Гульняў краін СНД пройдуць 5 і 14 жніўня на пляцоўцы «Мінск-Арэны». Падрыхтоўкай цырымоній займаецца Міністэрства культуры. Для забеспячэння паспяховай падрыхтоўкі да правядзення Гульняў СНД Міністэрствам спорту і турызму створаны аператыўна-каардынацыйны штаб на базе БДУФК. Распараджэннем старшыні Мінгарвыканкама створаны таксама аператыўны штаб па правядзенні Гульняў на тэрыторыі Мінска. Акрамя таго, стартавалі тэставыя спаборніцтвы да ІІ Гульняў краін СНД. У Салігорску прайшлі спаборніцтвы па барацьбе. Тэставыя турніры па стральбе з лука і каратэ пачаліся ў Магілёве. Гродна ў гэтыя дні прымае спаборніцтвы па хакеі на траве і цяжкай атлетыцы.

Падзея тыдня. Беларускія спартсмены ўзялі ўдзел у Міжнародным форуме юных алімпійцаў, які адкрыўся ў Маскве. Асноўныя падзеі форуму прайшлі на галоўнай спартыўнай арэне Расіі — стадыёне «Лужнікі». Падчас інтэрактыўнай панэльнай дыскусіі юныя спартсмены змаглі паразмаўляць з некалькімі алімпійскімі чэмпіёнамі, сярод якіх быў і беларус Іван Літвіновіч. Ён расказаў пра свае трэніровачныя будні і перамогу на Гульнях у Токіа. Разам з новымі сябрамі беларускія спартсмены паўдзельнічалі ў розных семінарах, а таксама пратэсціравалі сябе на сучасных апаратах. У склад беларускай дэлегацыі ўвайшлі ўдзельнікі гульняў «Дзеці Азіі», будучыя зоркі мастацкай гімнастыкі, сучаснага пяціборства, барацьбы і плавання. Акрамя беларусаў, арганізатары форуму запрасілі гасцей з Арменіі, Эсваціні, Сірыі, Гамбіі, Намібіі, Малі, Узбекістана і Лаоса.

Лічба тыдня. 50 узнагарод заваявалі беларускія весляры на 62-й Вялікай маскоўскай рэгаце. Сярод россыпу ўзнагарод у скарбонцы беларусаў — 26 залатых медалёў, 14 сярэбраных і дзесяць бронзавых. Усяго ў турніры ўзяло ўдзел больш за 1300 спартсменаў з Беларусі, Расіі, Узбекістана, Казахстана, Сербіі, Ірана і Арменіі. За тры дні яны разыгралі 69 камплектаў узнагарод у розных класах суднаў.

Поспех тыдня. У Сочы завяршыўся Кубак Расіі па мнагаборстве, удзельнічалі ў якім беларускія лёгкаатлеты. Сярэбраны медаль у мужчынскім дзесяціборстве заваяваў беларус Максім Андралойць. Яго вынік у 8057 балаў уваходзіць у топ-10 сусветнага рэйтынгу цяперашняга сезона. Надоечы выступленні на спаборніцтвах у Сочы завяршылі прадстаўнікі ўзроставай катэгорыі да 18 гадоў. Перамогу ў юніёрскім турніры атрымаў беларус Дзмітрый Мірончык, які набраў 6852 балы, «серабро» дасталася яшчэ аднаму прадстаўніку нашай краіны — Арцёму Траўкіну (6607 ачкоў).

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.