Вы тут

Што ўражвае на выставе мастацкага шкла «Асцярожна, посуд!» у Нацыянальным мастацкім музеі


У Нацыянальным мастацкім музеі працуе выстава шкляных вырабаў мінулага стагоддзя.


Уладзімір Караткевіч, калі апісваў у сваіх творах гістарычныя інтэр’еры, не забываўся дадаваць туды вырабы беларускіх гутнікаў, адметныя ад замежных келіхаў, чарак і ваз, багата аздобленых, кідкіх, «саладжавенькіх». Класік любаваўся старажытным беларускім посудам мясцовага вырабу, з замілаваннем згадваў «выдатнае Урэцкае і Налібоцкае шкло, посуд з якога зараз цэніцца ледзь не на вагу золата». Але нашчадкі беларускіх старажытных гутнікаў, якія працавалі ў ХХ-м стагоддзі, не менш таленавітыя, і беларускае шкло, нават простае, побытавае, якое куплялі ў крамах — гэтак жа адметнае. У чым можна пераканацца, наведаўшы выставу мастацкага шкла 1910–1960-х гадоў «Асцярожна, посуд!», якая праходзіць у выставачным комплексе Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Тут прадстаўлены каля 70 твораў з фондаў музея, якія з’яўляюцца ўзорамі бытавых вырабаў Барысаўскага хрустальнага завода імя Ф.Э. Дзяржынскага і шклозавода «Нёман». Збаны і графіны, сподкі і талеркі, шклянкі і келіхі, флаконы для парфумы... Здавалася б, што прыцягальнага? Але людзі прыходзяць і прыходзяць, увесь час можна пачуць настальгічнае — «О, такія чаркі былі ў маёй бабулі», «Такая ваза захоўваецца ў нас дома!». Посуд таго часу цяпер з’яўляецца папулярным аб’ектам для калекцыянавання.

Пагрузіцца ў атмасферу мінулых гадоў дапамагаюць фотаздымкі — сямейныя, з прыватных альбомаў, на якіх таксама можна заўважыць побытавыя шкляныя вырабы. Дадатковая насалода — магчымасць паглядзець кінанарыс, зроблены беларускімі кінематаграфістамі ў 1960-х, пра жыхароў аднаго з дамоў на плошчы Перамогі. Цікавыя людзі, розныя лёсы — ад фрэзероўшчыка да дырэктара завода, ад студэнта да кандыдата навук. І раптам жыхары адной з кватэр глядзяць па тэлевізары выступ паэта Пімена Панчанкі, які чытае свой верш, і ад гэтага яшчэ вастрэй адчуваецца падарожжа ў часе.

Сярод аўтараў шкляных вырабаў, прадстаўленых на выставе, — Антаніна Абрамава, Рамуальд Багінскі, Яўген Гладкоў, Галіна Ісаевіч, Людміла Мягкова, Уладзімір Мурахвер ды іншыя. Безумоўна, пасля наведвання экспазіцыі многія па-новаму ацэняць прыгажосць якой-небудзь вазы, што засталася ад бабулі, ці смешнай шкляной статуэткі. З увагі яшчэ і на тое, што гэта такія крохкія артэфакты, і мала іх пражываюць дастаткова доўга, каб стацца калекцыённай каштоўнасцю. 

Выстава будзе працаваць да 23 ліпеня.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Антывірусны «кактэйль». Якія прышчэпкі варта зрабіць восенню?

Антывірусны «кактэйль». Якія прышчэпкі варта зрабіць восенню?

Усё, што важна ведаць перад сезонам вірусных інфекцый, расказалі спецыялісты.

Культура

Як пакажуць мінулае ў кінастужцы «На другім беразе»

Як пакажуць мінулае ў кінастужцы «На другім беразе»

Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?