Вы тут

У Віцебску прайшоў абласны фестываль


Фестываль стартаваў у Міжнародны дзень абароны дзяцей з дыялогавых пляцовак студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў паўночнага рэгіёна з кіраўніцтвам Віцебшчыны.


Пасля ўдзельнікі мерапрыемства накіраваліся на плошчу Перамогі, дзе прайшоў мітынг-рэквіем «Беларусь памятае. Моладзь памятае» каля Мемарыяльнага комплексу ў гонар савецкіх воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны.

«Назва фестывалю сугучная галоўнаму імкненню пакалення пераможцаў, памяць аб якім захоўвае гэтае сакральнае месца, якое сведчыць аб велічы подзвігу савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, — адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама Вячаслаў Дурноў. — Ні адны дакументы і кінахронікі не могуць перадаць тое, што тады прыйшлося выпрабаваць нашаму народу. Велізарнай упартасцю і небывалым гераізмам стрымліваўся націск ворагаў, за што яны жорстка помсцілі. У рэгіёне было спалена больш за 3 тыс. гарадоў і вёсак, вобласць страціла кожнага трэцяга жыхара. Любоў да сваёй зямлі, народнае адзінства сталі галоўным пераможным шчытом. Няхай гэтая акцыя служыць для нас напамінам аб неабходнасці абараняць родную зямлю, годна захоўваць памяць аб мінулым».

Пасля ўскладання кветак да Вечнага агню моладзь вялікім і гучным шэсцем (пад гукі барабанаў гурта BaraBand) прайшла да Летняга амфітэатра. У святочнай калоне са сцягамі і дзяржаўнымі сімваламі ішлі байцы студатрадаў вобласці, лепшыя прадстаўнікі піянерыі і БРСМ, спартыўныя і творчыя надзеі Віцебшчыны, працоўная моладзь, кадэты — абласны фестываль сабраў сёлета каля 7 тысяч удзельнікаў.

Перад Летнім амфітэатрам свае інтэрактыўныя пляцоўкі разгарнулі прадстаўнікі МНС, ДАІ, газавай службы. Там жа можна было не толькі зрабіць яркія фота на памяць, але і зазірнуць у дымакамеру, намаляваць аквагрым і паглядзець шоу мыльных бурбалак. Для самых маленькіх наведвальнікаў ратавальнікі правялі традыцыйны забег у паўзунках, за званне самага хуткага змагаліся 14 малышоў з Віцебску.

Святочным акордам фестывалю стаў канцэрт на галоўнай культурнай пляцоўцы вобласці, дзе тэрытарыяльным штабам і камандзірам студатрадаў уручылі каля 40 пуцёвак у трэці працоўны семестр. Спецыяльным музычным госцем стала Алена Ланская. У гэтым годзе больш за 6 тысяч прадстаўнікоў навучэнскай моладзі з Віцебскай вобласці змогуць папрацаваць падчас летніх канікулаў. Студатрадаўскі рух набірае ўсё большую папулярнасць, і штогод расце колькасць маладых людзей, якія імкнуцца правесці лета з карысцю для сябе і сваёй краіны.

Статус абласной будоўлі на Віцебшчыне сёлета атрымала паліклініка ў Оршы. Туды таксама адправяцца студатрадаўцы, каб дапамагчы ўзвесці важны для райцэнтра аб’ект, бо ён з’явіцца ў новым мікрараёне горада, дзе ва ўстанове аховы здароўя так маюць патрэбу.

— Студатрадаўскі рух — гэта адно з самых лепшых, што БРСМ узяў ад камсамола. Традыцыі і наватарства — гэта два апорныя крылы маладзёжнага руху Віцебскай вобласці. Студатрад для многіх хлопчыкаў і дзяўчынак становіцца сапраўднай школай жыцця, фарміруючы задаткі лідара, актыўную грамадзянскую пазіцыю і сапраўдных патрыётаў. Жадаю вам і далей актыўна развіваць валанцёрскія праграмы, удзельнічаць у стварэнні і рэалізацыі праектаў, звязаных з уладкаваннем гарадоў і вёсак, ствараць у імя грамадска карыснай справы. Няхай гэтае лета прынясе вам радасць і натхненне, — павіншаваў моладзь старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».