Вы тут

Як міністр культуры БССР Рыгор Кісялёў у 1950-60-ых змяніў нашу краіну


Праз два месяцы пасля смерці Іосіфа Сталіна ў маі (па іншых даных — у чэрвені) 1953 года па ініцыятыве першага сакратара ЦК Кампартыі Беларусі Мікалая Патолічава міністрам культуры Беларусі быў прызначаны адказны партыйны работнік Рыгор Кісялёў. Ён заставаўся на гэтай пасадзе амаль адзінаццаць гадоў — да студзеня 1964 года. Што і як было зроблена за гэты час у нашай рэспубліцы?


Самым значным дасягненнем скуль­птараў Беларусі стаў завершаны ў 1954 годзе велічны ансамбль плошчы Перамогі ў Мінску з абеліскам-помнікам воінам Савецкай Арміі і партызанам, загінулым у баях з германскім нацызмам. Яго аўтары — скульптары Заір Азгур, Андрэй Бембель, Аляксей Глебаў, Сяргей Селіханаў, архітэктары Уладзімір Кароль і Георгій Заборскі.

Арганізатарскі талент Рыгора Якаўлевіча асабліва праявіўся ў час падрыхтоўкі і правядзення Дэкады беларускага мастацтва і літаратуры, якая праходзіла ў Маскве 11—12 лютага 1955 года. З тэатральных калектываў БССР удзельнічалі Дзяржаўны тэатр оперы і балета Беларусі, Беларускі тэатр імя Я. Купалы, Беларускі тэатр імя Я. Коласа і Дзяржаўны рускі драматычны тэатр Беларусі. У гэты час у сталіцы СССР наладжваліся цікавыя спектаклі, канцэрты, літаратурныя вечары, прагляд беларускіх кінафільмаў, абмеркаванне творчасці тэатральных калектываў.

Мала каму вядома, што па ініцыятыве Рыгора Якаўлевіча ў красавіку 1955 года Рускаму драматычнаму тэатру БССР было нададзена імя М. Горкага.

Па прадстаўленні Міністэрства культуры Беларусі 350 работнікаў мастацтва БССР былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. Артыстам Беларускага дзяржаўнага драматычнага тэатра імя Я. Купалы Уладзіміру Уладамірскаму і Лідзіі Ржэцкай было прысвоена званне народнага артыста СССР. 18 майстроў мастацтва ўдастоіліся звання народнага артыста БССР, 40 — заслужанага артыста рэспублікі.

У сярэдзіне 1950-х гадоў у Беларусі дзейнічала больш за тры з паловай тысячы калектываў мастацкай самадзейнасці, у якія ўваходзіла 80 тысяч чалавек.

У БССР пачаўся актыўны пошук сучасных тыпаў шматпрофільных устаноў культуры і баўлення вольнага часу, новых падыходаў да арганізацыі іх работы. Паўсюль пачалі стварацца цэнтры народнай творчасці, фальклору і нацыянальных культур. Атрымалі распаўсюджанне клубы-бібліятэкі, што аб’ядноўвалі ў сваёй дзейнасці адносна розныя функцыі. Адной з найбольш папулярных форм арганізацыі адпачынку і культурна-творчай дзейнасці заставаліся клубы па інтарэсах і розныя аматарскія аб’яднанні.

Да 1950 года колькасць бібліятэк і агульны кніжны фонд перавысілі даваенны ўзровень. Аднак аднаўленне фондаў бібліятэк насіла ў асноўным колькасны характар: замест страчаных сусветна вядомых беларускіх выданняў XVI—XIX стагоддзяў, каштоўных беларускіх мастацкіх і навуковых твораў у Беларусь шматтысячнымі партыямі паступалі незапатрабаваныя кнігі. Важным кірункам дзейнасці ў 1950—1960-я гады стала ўпарадкаванне сеткі бібліятэк і ўдасканаленне іх камплектавання. Былі ўведзены сацыялістычнае спаборніцтва паміж бібліятэкамі, рэспубліканскія і абласныя агляды.

Ужо ў 1955 годзе ў БССР налічвалася 2878 калгасных і 2955 клубных бібліятэк з кніжным фондам каля 13 млн экзэмпляраў. За гэты год бібліятэкі правялі 8073 літаратурныя вечары і чытацкія канферэнцыі, арганізавалі 28 тысяч кніжных выставак.

Развівалася і музейная справа. У 1955 годзе ў Беларусі працавалі 23 музеі, якія наведала 583 тыс. чалавек. У гарадах і раёнах рэспублікі дзейнічала 179 перасоўных выставак.

Фота Кастуся Дробава.

З сярэдзіны 1950-х гадоў у творчым асяроддзі з’явілася імкненне да асобаснага падыходу, пазбаўленага псеўдапафасу і апісальнасці ў адлюстраванні рэчаіснасці. У творчасці мастакоў у 1960-я гады ўсё выразней прасочваецца тэндэнцыя індывідуальнага прачытання падзей гісторыі і сучаснасці.

Менавіта пры непасрэдным удзеле Рыгора Кісялёва былі адкрыты Гомельскі тэатр (1954), Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача (1956), Бабруйскі тэатр (1956).

Многія літаратуразнаўцы да сённяшняга часу замоўчваюць той факт, што павелічэнню п’ес беларускіх аўтараў у рэпертуары тэатраў садзейнічаў конкурс на найлепшы драматургічны твор, які праводзіўся Саюзам пісьменнікаў і Міністэрствам культуры БССР у гонар 40-годдзя Кастрычніка. У выніку ў 1957 годзе святло рампы ўбачылі 11 п’ес беларускіх драматургаў — амаль столькі, колькі за ўсе пасляваенныя гады. У тэатры імя Я. Коласа была пастаўлена п’еса П. Глебкі «Святло з Усходу», у Рускім тэатры БССР імя М. Горкага — п’еса К. Губарэвіча — «Галоўная стаўка», у гродзенскім тэатры — п’еса П. Васілеўскага «Год здзяйсненняў», у Гомельскім — п’еса А. Маўзона «У бітве вялікай».

З імем Р. Я. Кісялёва звязана пра­вядзенне Дэкады беларускай культуры ў Польшчы (верасень-кастрычнік 1955 года), адкрыццё ў Мінску Палаца культуры прафсаюзаў (3 ліпеня 1956 года), Літаратурнага музея Я. Коласа (4 кастрычніка 1959 года), стварэнне Дзяржаўнага ансамбля танца БССР (1958), адкрыццё ў Маладзечне Мінскага абласнога краязнаўчага музея (1964).

У 1963 годзе Рыгору Якаўлевічу Кісялёву было прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча культуры БССР.

У студзені 1964 года Рыгор Кісялёў быў прызначаны міністрам асветы БССР. Пры ім адкрыліся Мінскі радыётэхнічны інстытут (1964), Віцебскі тэхналагічны інстытут лёгкай прамысловасці (1965), Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут (1966).

Пасля ХХIII з’езда КПСС (1966) у Беларусі пачаўся пераход да ўсеагульнай сярэдняй адукацыі моладзі, што з’явілася значным фактарам сацыяльна-культурнага развіцця рэспублікі. З аднаго боку, новыя праграмы, на якія перайшла школа, узнялі ўзровень адукацыі, наблізілі яго да патрабаванняў жыцця. З іншага боку, шэраг гісторыкаў адукацыі ў нашай рэспубліцы адзначае, што ў той час, калі Р. Я. Кісялёў быў міністрам асветы БССР і намеснікам Старшыні Савета Міністраў БССР, аб’ём і складанасць навучальнага матэрыялу ў школах сталі завышанымі, што прыводзіла да перагрузкі вучняў. Акрамя таго, звужалася сфера выкарыстання беларускай мовы ў сярэдняй і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, ва ўстановах вышэйшай адукацыі.

У маі 1968 года Рыгор Кісялёў стаў намеснікам Старшыні Савета Міністраў БССР, а 21 чэрвеня 1968 года Бюро ЦК КПБ зацвердзіла яго членам Прэзідыума Савета Міністраў БССР.

На гэтай пасадзе Рыгор Якаўлевіч курыраваў пытанні адукацыі, навукі і культуры, аховы здароўя і іншыя сферы. За два апошнія гады яго жыцця было зроблена шмат станоўчага, што садзейнічала развіццю культуры, навукі, адукацыі, аховы здароўя Беларусі.

Так, у 1969 годзе на базе Гомельскага педінстытута, выпускніком якога быў ён сам, стварылі Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт, які носіць цяпер імя Ф. Скарыны. Ажыццяўляліся меры па развіцці матэрыяльнай базы працоўнага навучання. Значная работа праводзілася па стварэнні навучальных кабінетаў. Калі ў 1960/1961 навучальным годзе іх налічвалася 2053, то ў 1969/1970 — 7772.

Пэўную ролю ў паляпшэнні навучальнага і выхаваўчага працэсу адыгрывалі факультэты грамадскіх прафесій. Кожны год каля 30 тысяч студэнтаў БССР у час летніх канікул прымалі ўдзел у студэнцкіх будаўнічых атрадах.

Імя дзяржаўнага дзеяча БССР Р. Я. Кісялёва станавілася ўсё больш папулярным у нашай рэспубліцы.

Перагортваем старонкі яго асабістай справы ў фондах Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, знаёмімся з характарыстыкамі.

Так, сакратар ЦК КП(б)Б М. Зімянін у 1948 годзе пісаў:

«…Цэнтральным камітэтам КП(б) Беларусі тав. Кісялёў Рыгор Якаўлевіч зацверджаны загадчыкам аддзела кадраў навуковых і культурных устаноў упраўлення кадраў ЦК КП(б)Б. Тав. Кісялёў мае неабходныя палітычныя і дзелавыя якасці для выканання даручанай яму работы... Праявіў сябе работнікам, здольным правільна ажыццяўляць дырэктывы партыі ў даручанай яму справе, валодае добрымі арганізатарскімі здольнасцямі. Патрабавальны да апарату, старанны, сціплы і тактоўны, валодае вытрымкай. Тав. Кісялёў вельмі перспектыўны як партыйны работнік, здольны хутка асвоіць даручаную справу, а надалей працаваць на высокай самастойнай пасадзе».

Праз 20 гадоў — 5 мая 1968 года — сакратар ЦК КП(б)Б Ф. Сурганаў адзначаў:

«…Тав. Кісялёў Р. Я. мае вялікі вопыт педагагічнай, партыйнай і савецкай работы, валодае добрымі арганізатарскімі здольнасцямі, умее працаваць з людзьмі, карыстаецца аўтарытэтам у партыйнай арганізацыі рэспублікі».

Шчыра кажучы, Рыгор Якаўлевіч быў таленавітым вучоным-гісторыкам. З пазіцый сённяшняга дня можна знайсці недахопы ў яго кандыдацкай дысертацыі. Але для свайго часу яна была актуальнай і даволі каштоўнай. Акрамя таго, ён быў аўтарам шэрагу цікавых навуковых і навукова-папулярных работ. Людзі, якія ведалі яго, у гутарках з аўтарам гэтых радкоў сведчылі, што свае даклады да адказных мерапрыемстваў ён пісаў сам.

Р. Я. Кісялёў з’яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1951—1970), членам ЦК КПБ (1952—1970). Ён быў узнагароджаны ордэнамі — Леніна, Чырвонай Зоркі і «Знак Пашаны».

Дзіўна і вельмі шкада, што такія аўтарытэтныя выданні, як 6-томная «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі» і 18-томная «Беларуская энцыклапедыя», не далі аб ім нават кароткай біяграфічнай даведкі.

Рыгор Кісялёў загінуў у выніку аўтамабільнай катастрофы 10 красавіка 1970 года. Яму ішоў 57-ы год. Пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках.

Імем Рыгора Якаўлевіча Кісялёва названа вуліца ў Гомелі і сярэдняя школа ў яго роднай вёсцы. У гэтай школе створаны прысвечаны яму музей.

Эмануіл ІОФЕ, прафесар, доктар гістарычных навук

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».