Вы тут

Куды рухаюцца карцінкі або Што паглядзець у кінатэатрах у чэрвені?


Класіка — гэта, канешне, добра, але што нам, у рэшце рэшт, прапануе дзень сённяшні? Вырашылі разабрацца, як рэспубліканскі кінапракат адгукаецца на падзеі апошніх тыдняў, сярод якіх галоўныя, безумоўна, — Міжнародны дзень абароны дзяцей і засведчаны ім пачатак летніх канікул, і што для заўзятых сінефілаў рыхтуе найбліжэйшы месяц. Забягаючы наперад, скажам, што відовішча знойдзецца для гледачоў як дасведчаных, так і не вельмі. Вашай увазе — гід па кіна- (і не зусім) маршрутах чэрвеня.


Кадр з мультфільма «Падарожжа на Месяц», 2020 г.

Праект «Вясёлае лета»

Вядома, летняя пара цалкам і без астатку належыць дзецям, а юны глядач — заўсёды жаданы госць у любой кіназале, асабліва ў суправаджэнні плацежаздольных дарослых. Бо малеча разумее: дзе кіно, там абавязкова і вядро папкорну, а яшчэ салодкія напоі — па бутэльцы на падлакотнік, якая-небудзь вабная цацка і напаследак — духмяны «дыжэстыў». Словам, кінатэатры сардэчна сустракаюць такіх гасцей.

Адной з нагод вярнуць дзяцей з бацькамі ў кіназалы з’яўляюцца, вядома, школьныя канікулы і іх прадвеснік — Міжнародны дзень абароны дзяцей. Традыцыйна да гэтай даты пракатныя арганізацыі па ўсёй краіне рыхтуюць адмысловыя кінаактыўнасці, на якія цягам першага летняга месяца ў рамках забаўляльна-асветніцкай праграмы школьных лагераў прыходзяць вялікія групы навучэнцаў. Задаваць трэнды ў гэтым напрамку выпала сталічнаму «Кінавідэапракату», што сёлета прываблівае публіку праектам «Вясёлае лета».

«Якія планы на летнія вакацыі ў нашых юных гледачоў? Здаецца, мы ведаем — правесці лета ярка і незабыўна! А наша сетка кінатэатраў вам у гэтым дапаможа!» — абяцаюць у прэс-службе прадпрыемства. Распачалося анімацыйнае лета паказам мультфільма «Дарога дадому», створанага рэжысёрамі Гары Крыпсам і Клэр Найт у 2021 годзе ў капрадукцыі ЗША, Аўстраліі і Канады. Сюжэт немудрагелістай карціны, знаёмы па мультыплікацыйных хітах мінулых гадоў «Мадагаскар» і «Рыа», апавядае пра жывёл, якія збеглі з тэматычнага парку, каб знайсці свой сапраўдны дом. 

Працягваецца праграма сёлетнім расійскім мультфільмам «Каты Эрмітажа» рэжысёра Васіля Равенскага пра ката Вінсента, які ўліваецца ў высакародны эрмітажны «прайд», хаваючы ад астатніх сябра — мыш. У сваю чаргу звярок кінкажу (сямейства янотавых), герой пазалеташняй амерыканскай мультыплікацыі «Віва» рэжысёраў Кіка дэ Мікі і Брэндана Джэфардса, выпраўляецца ў незабыўнае музычнае падарожжа да сваёй каханай. Гэтаксама ў пошуках дарагога чалавека — маці — у музычнае падарожжа выпраўляецца і дзяўчынка Фэй Фэй у кітайска-амерыканскай стужцы «Падарожжа на Месяц» 2020 года рэжысёраў Глена Кіна і Джона Карса. Шмат музыкі і ў мінулагодняй рэжысёрскай рабоце Фарзада і Кіянуша Далвандаў «Звералэнд» кітайска-венгерскага паходжання, якая апавядае пра аднаўленне вайны хвастатых. 

На салодкае стваральнікі праекта «Вясёлае лета» прызапасілі некалькі шматбюджэтных хітоў сусветнага пракату. Першым з іх стане геройскі мультфільм «Супергадаванцы» 2022 года пастаноўшчыкаў Джарэда Штэрна і Сэма Лівайна. Паводле сюжэта, каманда хатніх гадаванцаў на чале з сабакам Крыптам вырашаюць дапамагчы гаспадарам-супергероям у нялёгкай справе абароны жыхароў Зямлі. У другім з іх — леташніх «Монстрах на канікулах: Трансфарманія» — «манстрыфікавальны прамень», загадкавае вынаходства Ван Хельсінга, выходзіць са строю і ператварае Дракулу і іншых монстраў у людзей, а людзей, наадварот, — у монстраў. Увенчвае кінапраграму камедыйны мультфільм «Кот у ботах 2: Апошняе жаданне» Джоэля Кроўфарда і Хануэля Мяркады — працяг знакамітай франшызы, які ўварваўся ў пракат летась.

Анімацыйная гармата

Эстафету з рук мінскага «Кінавідэапракату» прыняў Магілёў. З нагоды Міжнароднага дня абароны дзяцей экраны ўсходняй сталіцы атакавалі мультфільмы, а ў кіназалах ладзіліся адмысловыя імпрэзы. Так, прэм’ерны паказ расійскай стужкі «Маша і Мядзведзь у кіно: Скажыце „Ой!“» (рэж. Арцём Навумаў) суправаджаўся творчымі нумарамі, конкурсамі і розыгрышам падарункаў. Акрамя таго, у першы дзень лета юныя магілёўскія кінаманы змаглі бясплатна паглядзець расійскія мультфільмы «Каты Эрмітажа» і «Царства супраць разбойнікаў» (рэж. Марына Ляскова-Гакі; 2022), а таксама вынік капрадукцыі Бельгіі, Францыі і Германіі «Літл Гром» (рэж. Ксав’е Джакамеці, Тобі Генкель; 2020) пра спробы маленькага хлопчыка Якары заарканіць няўлоўнага мустанга Літла Грома. Апошні дэманстраваўся ў спецыяльным кінатэатры для гледачоў з абмежаванымі здольнасцямі па слыху і зроку.

Кадр з мультфільма «Тры разбойнікі і леў», 2023 г.

З крыху слабейшым імпэтам да справы падышлі ў іншых абласцях. Зрэшты, многія з ужо названых карцін увайшлі і ў рэгіянальныя кінаафішы. Да таго ж, у першыя чэрвеньскія дзянькі пракат у рэгіёнах прапануе гледачу свежыя анімацыйныя работы «Яга і кніга заклінанняў» (рэж. Уладзімір Сакаў; Расія), «Трыа ў пер’і 2» (рэж. Бенжамін Квобек, Метэ Танге; Германія, Бельгія, Нарвегія) і «Тры разбойнікі і леў» (рэж. Расмус А. Сівертсен; Нарвегія), а таксама ігравыя карціны «Гадаванец Юрскага перыяду. Страчаная тайна» (рэж. Раян Белгарт, Крыс Хойт; ЗША) і леташнюю «Каляндар Ма(й)я» (рэж. Вікторыя Фанасюціна; Расія) пра небяспечныя гульні падлеткаў з часам.

Мельпамена на службе кіно

Безумоўна, не дадуць засумаваць у чэрвені і даросламу гледачу — дасведчанаму і патрабавальнаму. Усе асноўныя мерапрыемствы для такой аўдыторыі канцэнтруюцца ў сталіцы. Бадай, кожны сінефіл, роўна як і тэатрал, хаця б аднойчы сутыкаўся з праектам Th eatreHD, які за некалькі гадоў свайго існавання ў кінатэатры «Цэнтральны» (у асноўным) стаў сапраўднай традыцыяй і ўжо ўспрымаецца як неад’емная частка айчыннага кіналандшафту. Асаблівым выратаваннем паўстае праект летняй парой — у час сцэнічнай засухі, калі большасць тэатральных устаноў па ўсёй краіне сыходзіць на адпачынак.

Кадр з дакументальнага фільма «Сальвадор Далі: У пошуках бяссмерця», 2018 г.

Чэрвеньская афіша Th eatreHD радуе разнастайнасцю. Ад канцэртных фільмаў да опер, ад драматычных спектакляў да балетаў — арганізатары праекта ўводзяць гледачоў у свет выканальніцкіх мастацтваў. У рэпертуары: першая пастаноўка «Ганны Балейн» Гаэтана Даніцэці ў Венскай оперы 2011 года з Ганнай Нятрэбкай на галоўнай партыі; канцэрт аркестра musicAeterna пад кіраўніцтвам грэка-расійскага дырыжора Тэадора Курэнтзіса «Курэнтзіс: Моцарт» 2021 года; складанае механіка-піратэхнічнае відовішча 2011 года «Доктар Фаўст» наўпрост са сцэны Шэкспіраўскага тэатра «Глобус» у Вялікабрытаніі; балет «Рамэа і Джульета» (2017), які стаў візітоўкай Тэатра оперы і балета Екацярынбурга; дакументальны фільм «Сальвадор Далі: У пошуках бяссмерця», створаны пяць гадоў таму, а таксама многае іншае.

Безумоўная класіка

Прывычнае для слыху айчынных аматараў рухомых карцінак і замежнае слова Cinemascope. Так называецца адзін з найбольш паважаных і вядомых кінапраектаў у Беларусі, чыя дзейнасць не абмяжоўваецца аднымі фільмапаказамі, а ўключае таксама і правядзенне канцэртаў, лекцый. У найбліжэйшым месяцы Cinemascope падрыхтаваў для сваёй аўдыторыі адразу некалькі цікавых імпрэз. Перш за ўсё звяртаем вашу ўвагу на штотыднёвы кінаклуб «Анталогія», у рамках якога сёння ў Скульптурнай зале Музея-майстэрні Заіра Азгура ў Мінску з выкарыстаннем бесправадных навушнікаў пройдзе паказ класічнага фільма «Уладар мух», пастаўленага брытанцам Пітэрам Брукам у 1963-м паводле нашумелага рамана Уільяма Голдынга.

Кадр з фільма «Берлін. Сімфонія вялікага горада», 1927 г.

Акрамя таго, ужо заўтра паказам стужкі «Той, хто бяжыць па лязе» 1982 года выпуску ў арт-прасторы «Манахром», што размясцілася ў былых заводскіх памяшканнях па вуліцы Кастрычніцкай у Мінску, завершыцца рэтраспектыва фільмаў Новага Галівуда. Думаецца, легендарны фільм Рыдлі Скота ў прадстаўленнях патрэбы не мае. Як не мае такой патрэбы карціна 1986 года «Ханна і яе сёстры» рэжысёра Вудзі Алена, якую можна будзе ўбачыць там жа ў сераду 7 чэрвеня ў рамках вялікай рэтраспектывы жывога класіка. Наперадзе гледачоў чакаюць 14 чэрвеня «Злачынствы і праступкі» (1989) і 21 чэрвеня — «Кулі над Брадвеем» (1994) — яскравыя ўзоры інтэлектуальнай камедыі.

Найбольшай жа ўвагі вартая новая сінтэтычная праграма «Сімфонія вялікага горада» ў прасторы «Манахром» — рэтраспектыва фільмаў пра Берлін, горад з трагічным лёсам, чым і прываблівае да сябе ўвагу кінематаграфістаў з усяго свету. Яна адкрыецца ў нядзелю, 4 чэрвеня, нямым фільмам 1927 года «Берлін. Сімфонія вялікага горада» (рэж. Вальтэр Рутман) з жывым музычным суправаджэннем ад Аляксандра Музыкантава (фартэпіяна) і Аляксандра Ганькова (марымба) і пасля чатырох паказаў завершыцца 1 ліпеня дэбютнай карцінай Яна Оле Герштэра «Простыя цяжкасці Ніка Фішэра» (2012).

Каміла НАВІНКІНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?