Вы тут

Якое знакавае кіно паглядзець па «Беларусь 3» і «Расія-Культура» на наступным тыдні


У праграме перадач на наступным тыдні значыцца шэраг фільмаў, якія сёлета наблізіліся да знакавых юбілейных дат, а значыць, кожны з іх ужо прайшоў выпрабаванне часам, густамі гледачоў і нават самыя розныя закадравыя перыпетыі, каб некалі з'явіцца на свет. Прапаноўваем больш падрабязна спыніцца на некаторых з такіх кінастужак.


У эфіры тэлеканала «Беларусь 3» убачым, напрыклад, адзін з любімых у аўдыторыі фільмаў, што адносіцца да класікі беларускага кінематографа, — народную камедыю «Белыя росы» (1983 г.) ад рэжысёра Ігара Дабралюбава. Хоць мы і неаднойчы згадвалі гэтую работу, пераглядаць яе — заўсёды сапраўднае задавальненне. Бо фільм — наглядны прыклад таго, як пры ўдалым супадзенні таленту многіх людзей атрымліваецца кіно на дзесяцігоддзі. Таму ніколі не лішне зноў перагледзець гісторыю, увасобленую на экране выдатнымі акцёрамі (Усевалад Санаеў, Мікалай Карачанцаў, Генадзь Гарбук, Стэфанія Станюта і іншыя), каб паразважаць над уласнымі ўзаемаадносінамі з роднымі, прыслухацца да сябе і спытаць, ці сапраўды я цяпер там, дзе мне добра і ўтульна, і ў рэшце рэшт пайсці за поклічам сэрца, даўняй мары. І калі хочацца адчуць настальгію па нечым няспраўджаным і разам з тым нотку аптымізму ды веру ў здольнасць змяняць любыя абставіны, плануйце прагляд у аўторак 6 чэрвеня.

А вось у чацвер, 8 чэрвеня, на тэлеканале «Беларусь 3» пакажуць прыгодніцкі дэтэктыў «Чорны прынц» (1973 г.). Гэты фільм з'явіўся як адказ на вялікі інтарэс аўдыторыі да першай часткі «Вяртанне «Святога Лукі» (1970 г.). Зняў яе таксама рэжысёр Анатоль Баброўскі. Сюжэт працягу прыгод палкоўніка міліцыі Зорына тут знаёміць нас з гісторыяй разблытвання чарговага злачынства, звязанага з крадзяжом каштоўнага каменя... І хоць мы ўсе помнім або здагадваемся, што зрабіць тое ў яго атрымаецца, паназіраць за гэтымі акалічнасцямі адназначна варта. Другая частка трылогіі з Усеваладам Санаевым у галоўнай ролі ў свой час у часопісе «Савецкі экран» была ацэнена так: «фільм займальны, і інтрыга яго дакладная, і дэталі вывераны». Таксама адзначылі, што кінастужка прываблівае «праўдай адлюстраванага — праўдай чалавечай, маральнай». ухвалілі кінакрытыкі і эвалюцыю вобраза галоўнага героя, які «аказваецца, зусім не пазбаўлены гумару, здольны іранізаваць», і ўвогуле што іграе акцёр Санаеў надзвычай удумліва, асэнсавана і гарманічна існуючы ў прапанаваных сюжэтам абставінах. Працяг кінааповеду выйшаў на экраны пад назвай «Версія палкоўніка Зорына» ў 1978 годзе. Зняў яе на кінастудыі «Масфільм» рэжысёр Андрэй Ладынін. Раім паглядзець таксама іншыя прыгоды любімага кінагероя.

Тыч часам тэлеканал «Расія-Культура» для прагляду ў панядзелак, 5 чэрвеня, прапаноўвае мастацкі фільм «І жыццё, і слёзы, і любоў», які з'явіўся на «Масфільме» ў 1983 годзе. Кінаработа рэжысёра Мікалая Губенкі паглыбляе гледача ў аповед пра жыццё пастаяльцаў аднаго з Дамоў ветэранаў, калі туды прыязджае новы галоўны ўрач Варвара Дзмітрыеўна (ролю выконвае Жанна Болатава). Паказваючы быццам бы звычайныя бытавыя эпізоды, стваральнікі стужкі нагадваюць кожнаму пра важнае ды вечнае: павагу, спагаду да тых, хто побач, любоў да сваёй справы і ўсведамленне, што вярнуць жаданне жыць здольныя неабыякавыя людзі... Не прапусціце глыбокі, кранальны кінааповед у панядзелак днём.

Алена ДРАПКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».