Вы тут

Сям’ю яднае мудрае слова. Прайшоў вечар сямейнага чытання «Бацькоўскі дар»


У Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы днямі прайшоў вечар сямейнага чытання «Бацькоўскі дар». Мерапрыемства з'явілася ў выніку ініцыятывы ГА «Беларускі саюз жанчын», які ўжо некалькі гадоў рэалізоўвае сацыяльна-творчы праект «Сямейнае чытанне» пры падтрымцы беларускіх выдавецтваў і Міністэрства адукацыі і інфармацыі.


У рамках праекта «Сямейнае чытанне» ўбачылі свет ужо шмат кніг. Сярод іх «Маміна казка», «Не сілай, а розумам», «Калядны падарунак», а таксама кніга ўспамінаў дзяцей вайны «Ніколі не забудзем». А летась напярэдадні новага свята — Дня бацькі выйшла кніга «Бацькоўскі дар» у выдавецтве «Народная асвета». У ёй змешчаны знакавыя творы народных пісьменнікаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа.

І вечар сямейнага чытання даў магчымасць яшчэ раз згадаць радкі, сюжэты вядомых і любімых твораў, каб пераасэнсаваць іх ужо па-новаму, адчуць, як напісанае адгукаецца ў рэаліях сённяшняга дня і па-ранейшаму не губляе сваёй сілы і актуальнасці. Ідэю правядзення вечара актыўна падтрымалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі, а таксама міністэрствы адукацыі, інфармацыі, культуры, працы і сацыяльнай абароны, Беларуская праваслаўная царква, найбуйнейшыя грамадскія аб'яднанні, прадстаўнікі Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь, артысты Купалаўскага тэатра. Але, акрамя вядомых у грамадскім жыцці людзей, сярод гледачоў у гэты вечар было многа сем'яў, якія прыехалі на мерапрыемства з усіх рэгіёнаў краіны.

Прысутныя змаглі акунуцца ў непаўторную атмасферу чытання на роднай мове. Як вядома, менавіта кнігі — першыя спадарожнікі нас і нашых дзяцей, дапаможнікі ў іх выхаванні. А сямейнае чытанне аб'ядноўвае старэйшых і самых маленькіх. Дапамагае дарослым праз кнігу ўплываць на фарміраванне асобы, багатага духоўнага свету дзіцяці. Асабліва тое актуальна ва ўмовах сучасных рэалій, у наш тэхналагічны час, калі дзяцей з маленства вабіць у свае сеткі інтэрнэт. Сямейнае чытанне можа стаць адной з добрых традыцый, а сумесна прачытаныя кнігі будуць перадавацца з пакалення ў пакаленне як неацэнныя сямейныя рэліквіі.

— Мне здаецца, сёння ў сценах Купалаўскага тэатра адбываецца вельмі знакавая для кожнага з нас падзея. І вельмі хочацца, каб гэтае мерапрыемства стала традыцыйным. Не буду доўга казаць пра тое, як важна захоўваць сямейныя каштоўнасці, як важна сёння выхоўваць дзяцей у любові да роднай зямлі, мовы, — звярнулася ў прывітальным слове да гасцей вечара старшыня ГА «Беларускі саюз жанчын», генеральны дырэктар прадстаўніцтва НТРК «МІР» у Рэспубліцы Беларусь Вольга Шпілеўская. — Мы — беларусы, такі асаблівы народ, мы шчырыя, добразычлівыя, а галоўнае — мы міралюбівыя. І аб гэтым неаднойчы ўсяму свету казаў кіраўнік нашай дзяржавы. Ён заўжды заклікае сабрацца за сталом перагавораў, каб словам, а не зброяй вырашаць праблемы, якія ўзнікаюць сёння ў свеце. І няхай сёння ў гэтых сценах таксама гучыць слова, наша прыгожая беларуская мова, і пануе сямейная, добрая атмасфера.

Пасля на сцэне Купалаўскага тэатра гучалі галасы ганаровых гасцей. Яны чыталі свае любімыя ўрыўкі з кнігі «Бацькоўскі дар», дзяліліся ўспамінамі, думкамі пра сваё жыццё, дзяцінства, знаёмства і выбудоўванне ўзаемаадносін з кнігамі. Распачала творчую эстафету прэс-сакратар Прэзідэнта Наталля Эйсмант.

— У часы гаджэтаў, у ХХІ стагоддзі, калі ўсе мы ў інтэрнэце і ён стаў неад'емнай часткай нашага жыцця, кніга — гэта сапраўдны дар. У кнізе заўсёды ёсць непаўторная атмасфера. Кніга была, ёсць і будзе разам з намі. З уласнага прыкладу і прыкладу сваіх знаёмых я ведаю, што чым далей развіваецца ў тэхналагічным сэнсе наша жыццё, тым часцей з настальгіяй мы вяртаемся да кнігі, — падзялілася Наталля Мікалаеўна.

Госця распавяла таксама пра тое, як у розныя перыяды па-новаму адкрывала для сябе свет мастацкай літаратуры, як мяняліся яе ўпадабанні і ўражанні ад прачытанага. А ў завяршэнне прачытала ўрывак з паэмы «Новая зямля»: «Мой родны кут, як ты мне мілы!.. // Забыць цябе не маю сілы! // Не раз утомлены дарогай, // Жыццём вясны маёй убогай, //К табе я ў думках залятаю //І там душою спачываю...»

Кожны, хто чуе гэтыя радкі, пачынае думаць пра сваё, пра тую зямлю, дзе некалі ўсё пачыналася. Пра дом, у якім і сёння чакаюць родныя людзі. І ў такія моманты якраз неяк шчымліва адчуваеш каштоўнасць таго, што маеш такія мясціны, такія ўспаміны і ўрокі, засвоеныя там.

І здабытыя там веды дапамагаюць не проста арыентавацца ў жыцці, а часам і супрацьстаяць уплыву тэхналагічнага прагрэсу, які непазбежны ў наш лічбавы час. Хоць у нечым інтэрнэт і імкнецца пацясніць друкаванае слова, а сучасныя бацькі альбо занадта занятыя побытавымі клопатамі, альбо самі занурваюцца ў гаджэты і дзецям не даюць іншага выбару, як бавіць вольны час там, кніга не губляе актуальнасці і сваіх пазіцый. Пытанні, як выхаваць у сённяшніх дзетак любоў да кнігі і як мастацкае слова можа дапамагчы ў выхаванні асобы, грамадзяніна нашай краіны, адрасавалі міністру працы і сацыяльнай абароны Ірыне Касцевіч:

— Кніга дае магчымасць пераносіцца ў атмасферу любімых сюжэтаў, абіраючы іх па стане сваёй душы. Я з дзяцінства памятаю, як ездзіла да бабулі на летнія і зімовыя канікулы. І ведаю, як важна, каб кніга была ў сям'і. Бо там часам можна знайсці адказы на тыя пытанні, якія цябе хвалююць, каб пасля па жыцці зрабіць правільны крок.

Ірына Анатолеўна згадала, як ехала штогод да бабулі зімой з сумкай кніг, а пасля чытала іх на печы пад спеў завірухі. Таксама яна распавяла, што на фарміраванне яе характару найбольшы ўплыў аказвалі кнігі пра Вялікую Айчынную вайну.

— Мы, бацькі, павінны разумець, што тое, якімі вырастуць нашы дзеці, залежыць ад нас, калі мы выхоўваем і ўдзельнічаем у іх жыцці. Таму помніце, што вельмі важна стаць для сваіх дзяцей ва ўсім эталонам і прыкладам. Дзяліцеся з імі тым, што вам блізкае і дарагое, больш размаўляйце, чытайце.

У выкананні лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, народнай артысткі Беларусі, актрысы Купалаўскага тэатра Марыі Захарэвіч прагучаў верш «Край паэтаў» Пімена Панчанкі. А пасля на сцэне віталі міністра культуры Анатоля Маркевіча, які таксама падзяліўся сваімі думкамі пра важнасць кніжнага слова і яго ўплыў на чалавека ў любым узросце.

— Чытанне кнігі — гэта своеасаблівы свет, пачуцці, калі мы хочам сваім блізкім і самым родным людзям перадаць свае ўражанні. Кніга заўсёды нясе ў сабе тыя разважанні, якія актуальныя і важныя для кожнага пакалення: кніга вучыць жыць, дапамагаць, рабіць высновы і знаходзіць выйсце з самай цяжкай сітуацыі. І той жыццёвы вопыт, які даруецца нам праз кнігу, вельмі важны для кожнага з нас, — распавёў Анатоль Мечыслававіч. — Ведаеце, мне пашчасціла быць па жыцці з тымі людзьмі, якія паважаюць кнігу. А пачыналася ўсё з бабулі, якая чытала нам казкі, калі мы з братам заставаліся ў яе на канікулах. З кніг мы даведваліся і пра людзей, якія па-сапраўднаму любяць свой край, з павагай ставяцца да гісторыі і да нашай спадчыны.

У працяг сваіх думак міністр працытаваў радкі Янкі Купалы «Не шукай ты шчасця, долі // На чужым, далёкім полі, //… Ты ўсё знойдзеш гэта блізка, // Там, дзе маці над калыскай // Табе песні напявала, // Як малога калыхала, // Толькі ўмей шукаці блізка!..»

Мяркую, задумацца пра важнае змаглі прысутныя і пасля выступлення намесніка міністра адукацыі Аляксандра Кадлубая, які нагадаў пра тое, што навучанне заўсёды было і застаецца адной з галоўных задач у жыцці чалавека:

— Я лічу, што ў сённяшні час рэалізавацца як прафесіянал, стаць сапраўдным чалавекам без кнігі немагчыма. Падручнік сёння — гэта сродак набыцця ведаў, навігатар у сучасным свеце, каштоўнасны крытэрый, якім павінен кіравацца кожны чалавек. Кніга — гэта таксама сябар, які дазваляе назапасіць новыя веды або сістэматызаваць тое, што ўжо атрымана, і раскласці ўсё па палічках.

Надзвычай моцным акцэнтам вечара стала выступленне народнага артыста БССР, народнага артыста СССР, акцёра Купалаўскага тэатра Генадзя Аўсяннікава, калі ён прадэкламаваў верш Янкі Купалы «Мужык»: «Што я мужык, усе тут знаюць, // І, як ёсць гэты свет вялік, // З мяне смяюцца, пагарджаюць, — // Бо я мужык, дурны мужык // ...Але хоць колькі жыць тут буду, // Як будзе век тут мой вялік, // Ніколі, браткі, не забуду, // Што чалавек я, хоць мужык».

Аповеды пра характар беларусаў, наш побыт, каштоўнасці, памкненні і мары змяшчаюць творы нашых класікаў. І, перачытваючы вершы, апавяданні, аповесці, раманы, мы не проста маем магчымасць спрычыніцца да ўзораў мастацкага слова, але і згадаць мудрасць нашых продкаў, папярэднікаў, якія імкнуліся пакінуць у спадчыну, перадаць нам і будучым пакаленням найлепшае. Самым правільным будзе не разрываць гэты ланцужок і зрабіць тое ж самае, як мінімум, для нашых дзяцей.

Алена ДРАПКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Антывірусны «кактэйль». Якія прышчэпкі варта зрабіць восенню?

Антывірусны «кактэйль». Якія прышчэпкі варта зрабіць восенню?

Усё, што важна ведаць перад сезонам вірусных інфекцый, расказалі спецыялісты.

Культура

Як пакажуць мінулае ў кінастужцы «На другім беразе»

Як пакажуць мінулае ў кінастужцы «На другім беразе»

Хто здолее змяніць гісторыю ці змяніцца пад яе ўплывам?