Вы тут

Сіняўскі расказаў, на чым у цяперашні час сканцэнтравана ўвага ратавальнікаў


Аднак перш чым ахарактарызаваць аператыўную абстаноўку, міністр па надзвычайных сітуацыях уручыў узнагароды пераможцам і лаўрэатам рэспубліканскага конкурсу на найлепшае асвятленне ў СМІ дзейнасці МНС і асноў забеспячэння бяспекі жыццядзейнасці. Узнагароду з рук кіраўніка ведамства атрымала і рэдактар аддзела газеты «Звязда» Вераніка Канюта. Журналістка заняла першае месца ў намінацыі «Найлепшы аўтар».


У размове з журналістамі Вадзім Сіняўскі абазначыў ключавыя задачы, асабліва актуальныя для ведамства ў найбліжэйшы час. «Аператыўная абстаноўка ў галіне папярэджання і прафілактыкі надзвычайных сітуацый у краіне дастаткова стабільная, — адзначыў міністр. — Нам удаецца ўтрымліваць нядрэнную дынаміку скарачэння гібелі людзей на пажарах. Вельмі разлічваем, што захаваем яе на працягу ўсяго года, але для гэтага трэба вельмі актыўна працаваць».

Па словах кіраўніка ведамства, другі кірунак, на які скіравана асаблівая ўвага ратавальнікаў, — папярэджанне гібелі людзей на вадзе. «Пачынаецца купальны сезон, — удакладніў ён. — На жаль, статыстыка паказвае, што ўжо цяпер мы маем павелічэнне колькасці загінулых на 30 чалавек у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. У кожным выпадку — жыццё чалавека. Для нас самае галоўнае — выратаваць чалавека, папярэдзіць яго, каб ён не трапіў у бяду. Формы і метады ў нас тыя ж. Ужо пачалі працаваць па апавяшчэнні насельніцтва аб небяспецы знаходжання каля вадаёмаў. У хуткім часе пачнём выкарыстоўваць авіяцыйнае патруляванне месцаў масавага адпачынку людзей і правядзенне там прафілактычных мерапрыемстваў па недапушчэнні знаходжання каля вадаёмаў у стане алкагольнага ап'янення, купання ў неўстаноўленых месцах і іншае».

Вадзім Сіняўскі заўважыў, што ў лясах — фактычна ва ўсіх рэгіёнах краіны — захоўваецца высокі ўзровень пажарнай небяспекі. «Таму ў першую чаргу важнае выкананне мер бяспекі, недапушчэнне распальвання вогнішчаў і выкарыстання мангалаў у лясах, таксама трэба чуць і выконваць забароны на наведванне лясоў у пажаранебяспечны перыяд», — рэзюмаваў міністр па надзвычайных сітуацыях.

Вера АРЦЕМ'ЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».