Вы тут

Пра маленькія ножкі


Днямі я спытала ў 4-гадовага сына, ад чаго, на яго погляд, бацькам трэба абараняць сваіх дзяцей. «Ад электрычнасці, ад стрэмак, ад вялікай колькасці цукерачак і мульцікаў, ад кляшчоў, ад дрэнных слоў, ад зубных монстраў...» Пра ўсё гэта, што ляжыць на паверхні, я пісаць не буду. Спынюся на менш відавочным, але, як мне здаецца, не менш важным.


У прыватнасці, я хачу абараніць сына ад страху памылак. Бо сама ў школьныя часы так баялася памыліцца, стараючыся адпавядаць чаканням бацькоў, што ў пагоні за вечнымі «пяцёркамі» не паспявала жыць. Колькі сябе памятаю — зубру, зубру, зубру. Таму цяпер стараюся прывіць свайму сыну разуменне, што памыляцца — гэта нармальна. І што адзнакі —далёка не самае галоўнае ў жыцці.

Яшчэ я цвёрда пераканана, што дзяцей трэба абараняць ад бацькоўскай гіперапекі. Калі ўсе жаданні малечы тут жа выконваюцца ці, што яшчэ горш, навязваюцца («Хочаш гэту цацку? Хочаш фісташкавае марожанае? Хочаш яшчэ адзін мульцік?»). Не трэба дзяцей закормліваць, задарваць і ўвесь час забаўляць (не дай бог, мая крывіначка засумуе). Нічога добрага ў выніку не атрымаецца. Я згодна з псіхолагам Людмілай Петраноўскай, што няправільна і нават шкодна для дзіцяці імкнуцца зрабіць так, каб яно было заўсёды задаволеным і шчаслівым, ніколі не перажывала негатыўных эмоцый. «У жыцці ёсць месца фрустрацыі — сітуацыям, калі не ўсё ідзе так, як мы хочам. Задача бацькоў — дапамагаць напрацоўваць навыкі спраўляцца з ёй. За кошт гэтых навыкаў дарослы чалавек не будзе падаць на падлогу і рыдаць, таму што ў яго лопнуў шарык, як гэта робіць дзіця. Для дзіцяці гэта нармальна. Але хочацца, каб калі-небудзь і яно пачало па-іншаму спраўляцца з негатыўнымі эмоцыямі. Калі ж дзіця ніколі не будзе перажываць фрустрацыю, як яно навучыцца? Ніяк».

Яшчэ дзяцей вельмі важна змалку абараняць ад хлусні. А для гэтага самім трэба гаварыць толькі праўду. І ні ў якім разе не сварыцца, калі дзіця прыйшло і прызналася, што разбіла кубак, зламала цацку, атрымала дрэнную адзнаку, паранілася... Яно павінна разумець, што бацькі яго падтрымаюць у любой сітуацыі, што б ні здарылася. Бо «калі вам ваша дзіця хлусіць, гэта значыць, вы калісьці вельмі востра адрэагавалі на яго памылкі».

Яшчэ дзяцей трэба абараняць ад абыякавасці. Чытаць добрыя казкі. Заводзіць хатніх гадаванцаў. Хадзіць у паходы, наогул часцей быць на прыродзе, сустракаць світанкі і праважаць заходы сонца. Абарона пачынаецца з жадання знаходзіцца побач, цікавіцца жыццём і праблемамі дзіця, а не кідаць яго сам-насам з гаджэтамі. Прынамсі, я не разумею тых жанчын, якія прыводзяць сына з садка і даюць у рукі планшэт з мульцікам ці гульнёй — толькі б ён не замінаў. Ніякія цацкі, ежа, мульцікі не замяняць часу, праведзенага разам.

Але самае небяспечнае, што могуць учыніць бацькі дзіцяці, — зрабіць яго сэнсам свайго жыцця. Гэта непасільная ноша для любога чалавека. Таму што калі ты павінен апраўдваць сэнс чужога існавання, ты не можаш быць сабой — табе трэба адпавядаць. А адпавядаць сэнсу нерэальна. Вельмі складана. Нават невыносна. «Калі ласка, не перакладвайце такі груз адказнасці на дзяцей, яны не для таго прыйшлі ў гэты свет, — звяртаецца да бацькоў сямейны псіхолаг Карына Рыхтэрэ. — Знайдзіце для сябе іншыя сэнсы. А для тых, каго гэтыя словы раняць, простае практыкаванне. Уявіце, што вашы дзеці з'ехалі ад вас. Бо так і будзе (і чым мацней вы будзеце іх трымаць, тым хутчэй і далей яны з'едуць). Як сябе адчуваеце? Як будзеце жыць? Чым займацца? Калі адказы вам не падабаюцца — пачынайце дзейнічаць ужо цяпер».

Яшчэ мне хочацца абараніць сына ад уласных негатыўных эмоцый, накіраваных на яго. Хоць часам стрымацца вельмі няпроста: такое адчуванне, што дзеці створаны, каб выводзіць нас з сябе. Знаёмая неяк падзялілася цудоўным спосабам вяртання да міласэрнасці. Для гэтага ў момант нарастання гнеўных эмоцый трэба проста паглядзець на маленькія ножкі. Суаднесці ножкі дзіцяці са сваімі — па памеры, даўжыні. Гэта перамяшчэнне ўвагі робіць цуд: ужо не хочацца злавацца на сына, а толькі любіць і прымаць. Бо калі падумаць, то зусім няпроста быць маленькім, няпроста вучыцца жыць. Успомніце сябе ў дзяцінстве, свае ранейшыя страхі, засмучэнні, мары. І паспачувайце сваім сыночкам і дочкам. Таму што мы выраслі і сталі моцнымі. А яны пакуль цалкам залежаць ад нас. Давайце не будзем злоўжываць гэтай слабасцю і залежнасцю. Давайце памятаць, што не дзіця павінна нас разумець, а мы — дзіця. Хаця б таму, што мы былі дзецьмі, а яны яшчэ не былі дарослымі. А для шчасця насамрэч дзецям патрэбна не так шмат. Псіхолагі спыталі ў 7-гадовага хлопчыка: «Што такое шчасце?» На што той адказаў: «Шчасце — гэта калі тата прыходзіць з працы і цалуе маму».

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».